1 жніўня 2018 г. – 95 гадоў з дня нараджэння Міколы (Мікалая Міхайлавіча) Грынчыка (1923–1999), літаратуразнаўца, крытыка, фалькларыста, педагога, заслужанага дзеяча навукі Беларусі




Дата канвертавання24.09.2018
Памер30.47 Kb.
1 жніўня 2018 г. – 95 гадоў з дня нараджэння Міколы (Мікалая Міхайлавіча) Грынчыка (1923–1999), літаратуразнаўца, крытыка, фалькларыста, педагога, заслужанага дзеяча навукі Беларусі

Мікалай Міхайлавіч Грынчык нарадзіўся 1 жніўня 1923 г. у мястэчку Быцень Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер в. Быцень Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у вялікай сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе, як лепшага вучня яго паслалі вучыцца ў Варшаву. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР вучыўся ў Слонімскай беларускай школе № 1, а затым перавёўся ў Косаўскую сярэднюю школу.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі разгарнулася актыўнае супраціўленне ворагу. Мікола Грынчык прымкнуў да адной з партызанскіх груп, выконваў яе даручэнні па зборы трафейнай зброі, зборы інфармацыі, агітацыйнай рабоце сярод насельніцтва. Узначальваў групу Мікалай Аляксандравіч Саленік, які пазней стаў сакратаром раённага антыфашысцкага камітэта. Камандаваннем атрада «Савецкая Беларусь» Мікола Грынчык быў скіраваны на разведвальную работу і выконваў канкрэтныя баявыя даручэнні па сваёй партызанскай зоне (Слонім – Баранавічы – Косава).

Пасля вызвалення Беларусі ў ліпені 1944 г. Мікола Грынчык быў абраны сакратаром Быценскага сельскага Савета, але неўзабаве добраахвотна пайшоў на фронт. Пад Варшавай атрымаў цяжкае раненне ў галаву, год лячыўся ў шпіталі і вярнуўся інвалідам I групы. З канца 1945 г. працаваў пэўны час загадчыкам аддзела сацыяльнага забеспячэння Быценскага райвыканкама, затым экстэрнам здаў экзамены за сярэднюю школу і ў 1948 г. паступіў на філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. Пасля яго заканчэння (1952) атрымаў рэкамендацыю ў аспірантуру, аднак па матэрыяльных прычынах два гады працаваў у Вялікабераставіцкай СШ Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.

У 1954 г. М. М. Грынчык паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры АН БССР, а ў канцы 1958 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. Па матэрыялах дысертацыі выйшла манаграфія «Максім Багдановіч і народная паэзія» (1963), якая стала яго першым сур’ёзным даследаваннем. Навуковая дзейнасць захапіла маладога беларускага крытыка і літаратуразнаўца. Працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1957–1970), загадчыкам кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1970–1980), з 1980 г. – загадчыкам кафедры літаратуры Мінскага інстытута культуры, які з 1992 г. стаў Беларускім універсітэтам культуры. Студэнты слухалі яго лекцыі з велізарнай цікавасцю, захапляліся яго разуменнем сутнасці беларускага нацыянальнага духу, спецыфікі роднай песні, філасофіі айчыннай казкі.

М. М. Грынчык актыўна выступаў у друку, займаўся праблемамі народнасці літаратуры, яе ўзаемасувязі з фальклорам, вывучаў творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Пятра Глебкі і іншых пісьменнікаў. Вынікам працы сталі кнігі «Аркадзь Куляшоў: крытыка-біяграфічны нарыс» (1964), «Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі» (1969), «Шляхі беларускага вершаскладання» (1973). Быў адным з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1966), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977), падручнікаў для студэнтаў філалагічных факультэтаў педінстытутаў «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры 1917–1940 гг.» (1981), «Гісторыя беларускай літаратуры. XIX – пачатак XX ст.» (1982) і «Гісторыі беларускай літаратуры. Старажытны перыяд» (1985).

Доўгі час Мікалай Міхайлавіч быў каардынатарам літаратуразнаўчых і фалькларыстычных даследаванняў ў рэгіёне і краіне. З’яўляўся галоўным рэдактарам міжведамаснага зборніка «Беларуская літаратура» (1973–1983), тады самага аўтарытэтнага часопіса літаратуразнаўчага профілю ў краіне. У ім друкаваліся артыкулы прафесараў і аспірантаў, галоўным крытэрыем былі наватарства і арыгінальнасць аўтарскай канцэпцыі. М. М. Грынчык быў сярод стваральнікаў канцэпцыі энцыклапедычнага слоўніка «Янка Купала» (1986), для якога напісаў некалькі соцень артыкулаў.

Плённая навуковая дзейнасць нашага земляка была высока ацэнена ў рэспубліцы. Мікалай Міхайлавіч Грынчык – доктар філалагічных навук (1970), прафесар (1971), член Саюза пісьменнікаў Беларусі (з 1971), заслужаны дзеяч навукі БССР (1977). Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені і медалямі.

М. М. Грынчык памёр 11 кастрычніка 1999 года, пахаваны на могілках у в. Быцень поруч з роднымі і блізкімі людзьмі. 1 жніўня 2008 г. на доме, дзе жыў пісьменнік у Быцені, адкрыта мемарыяльная дошка. Яго імем названа вуліца ў Быцені. Яго сын, Мікалай Мікалаевіч Грынчык (нар. у 1950 г.), доктар фізіка-матэматычных навук (1994), вучоны ў вобласці цеплафізікі і малекулярнай фізікі, прафесар кафедры камп’ютарных тэхналогій і сістэм факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ.

Вазнішчык Вольга Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі



Тэлефон для даведак: 9-14-24


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка