11 класс (12-годка) Гісторыя Беларусі




Дата канвертавання08.11.2017
Памер114.18 Kb.
11 класс (12-годка)

Гісторыя Беларусі.

Тэма § 25. Асноўныя тэндэнцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця

Заходняя Еўропа на зломе двух эпох. XIII—XVI стст. у заходнееўрапейскай гісторыі — час пераходу ад Сярэдневякоўя да Новага часу, ад феадальнай сістэмы гаспадарання да капіталістычнай вытворчасці, ад феадальнага стану грамадства да буржуазнага. Пераходныя перыяды ў гісторыі чалавецтва ніколі не былі простымі. Яны заўсёды праходзілі бурліва і супя-рэчліва. Не стаў выключэннем і згаданы час. Ён увабраў у сябе жудасны па маштабах голад, вынішчальныя эпідэміі, разбуральныя войны і сацыяльныя канфлікты. Разам з тым гэта быў час грандыёзных тэхнічных вынаходніцтваў, пераасэнсоўвання чалавечай існасці на Зямлі, час з'яўлення сусветна значных мастацкіх здабыткаў. Супярэчлівасць — заўсёдны спадарожнік барацьбы новага са старым, што ўжо аджыла свой век. А новае, як правіла, нараджаецца пакутліва. Менавіта такімі пакутніцкімі для Заходняй Еўропы былі XIII—XIV стст. Дробная нату-ральная феадальная гаспадарка з яе нізкім узроўнем тэхналогіі працы, асабістай залежнасцю селяніна ад феадала ўжо не давала магчымасці забяспечыць сродкі для належнага існавання вытворцы-земляроба.

Сялянская гаспадарка не развівалася, таму што ўсе прыбыткі прысвойваліся землеўладальнікам, які скарыстоўваў іх для задавальнення ўласных і далёка не разумных патрэб. Такім чынам, селянін — галоўны вытворца феадальнай эпохі — не быу зацікаўлены ў эканамічным прагрэсе.

Такое становішча не магло не прывесці феадальную сістэму да крызісу. Першым штуршком да яго стала кліматычнае пахаладанне ў другой палове XIII ст. Яно выклікала неўраджаі, а значыць, голад, які ахапіў большасць заходнееўрапейскіх краіч і працягваўся некалькі дзесяцігоддзяў. Галодны смерч з сярэдзіны XIV ст. дапоўніўся «чорнай смерцю» — эпідэміяй чумы. Гарады і вёскі абязлюдзелі, ворыўныя землі былі закіну-ты, назіраўся паўсюдны падзеж жывёлы, прадукцыя сельскай гаспадаркі рэзка падаражала. У такой сітуацыі прыбыткі землеўладальніка з сялянскіх гаспадарак не пакрывалі нават і часткі яго звыклых патрэбнасцей.

Выхад з аграрнага крызісу быў знойдзены ў карэннай перабудове сельскай гаспадаркі. Характэрнымі яе рысамі з'яўляліся: паглыбленне падзелу працы паміж горадам і вёскай, як следства — пашырэнне таварнасці"сельскай гаспадаркі, новая арганізацыя землекарыстання і працы ў маёнтках. Паступова ў большасці заходнееўрапейскіх краін пашырэнне таварна-грашовых адносін прыводзіла да паслаблення, а потым і ліквідацыі асабістай феадальнай залежнасці селяніна ад землеўладальніка. Усё часцей у Англіі, Францыі, Германіі, Нідэрландах практыкавалася здольшчына, калі зямельны ўласнік аддаваў сваю зямлю ў арэнду на ўмовах разліку за яе карыстанне пэўнай часткай ураджаю. 3 цягам часу ў шэрагу краін (Англія, Нідэрланды) здольшчына пачала саступаць месца фермерству, калі прадпрымальнік-фермер арандаваў на пэўны тэрмін зямлю за папярэдне вызначаную грашовую плату, але правоў на валоданне зямлёй не меў. Пры гэтым у арандатара былі свой інвентар, насенне, пры неабходнасці ён наймаў рабочую сілу. З'яўленне фермерства сведчыла аб пранікненні капіталістычных пачаткаў у еўрапейскую сельскую гаспадарку. Праўда, працэс гэты ў параўнанні з пераўтварэннямі ў прамысловай і фінансава-гандлёвай сферах быў запаволеным і працяглым па часе.

У XIV—XV стст. у заходнееўрапейскіх краінах дасягнула параўнальна высокага ўзроўню вытворчая тэхніка, асабліва ў тэкстыльнай, горнай справах, металургіі. У гэты час з'яўляюцца механічныя прыстасаванні: крывашыпныя механізмы, зубчастыя перадачы, колавыя дамкраты, пад'ёмныя краны, якія значна павышалі прадукцыйнасць працы. Будуюцца першыя Домны па вырабу чыгуну, з'яўляюцца цэмент, стальныя іглы, папера. 1440 г. лічыцца годам адкрыцця кнігадрукавання. Сапраўдную рэвалюцыю ў ваеннай справе здзейсніла вынаходніцтва агнястрэльнай зброі. Ствараюцца новыя тыпы марскіх суднаў, а таксама ўскладняецца іх аснастка. У XV ст. у Заходняй Еўропе ўжо выраблялі кіслоты, солі, шчолачы, аміяк, шкіпінар, аліфу, эфірнае масла. Складаліся трактаты-дапаможнікі для адпаведных рамёстваў і промыслаў, што вылучала навуку ў самастойны від дзейнасці.

Паступова цэхавая арганізацыя рамеснай працы прыходзіла ў заняпад. У XV ст. яна апынулася ў стане глыбокага крызісу. На змену цэху ішла капіталістычная мануфактура.

Новыя формы вытворчасці і арганізацыі змянялі гаспадарчы характар гарадоў, якія паступова развітваліся са сваім паўаграрным мінулым і ўсё болып станавіліся месцам канцэнтрацыі прамысловасці і гандлю.

Паглыбленне падзелу працы паміж вёскай і горадам, патрэба ў прыроднай сыравіне для прамысловай вытворчасці значна павялічвала тавараабарот паміж тэрыторыямі. Гэта, у сваю чаргу, мела на ўвазе развіццё безнаяўнага разліку ў гандлі і крэдытавання дзейнасці гандляроў. Таму ў XV—XVI стст. у гарадах Заходняй Еўропы значна павялічваецца колькасць гандлёва-банкаўскіх дамоў, з дапамогай якіх вырашаюцца пра-блемы гандлёвых узаемаразлікаў. Крэдытныя лісткі і вэксалі ліквідуюць для купцоў былую клапатлівую практыку перавозу вялікіх грашовых сум.

Такім чынам, у Заходняй Еўропе на працягу XIV—XVI стст. была створана аснова для прамысловай рэвалюцыі і пераходу ад мануфактурнай да машыннай (фабрычнай) вытворчасці. Тым самым у прамысловым развіцці заходнееўрапейскія краіны значна апярэдзілі сваіх усходнееўрапейскіх суседзяў, якія ў XV—XVIII стст. у міжнародным падзеле працы сталі адыгрываць ролю аграрна-сыравіннага прыдатку Захаду.

Развіццё вытворчасці ў Вялікім княстве Літоўскім. Сацыяль-на-эканамічныя працэсы ў Заходняй Еўропе непасрэдным чы-нам уплывалі на эканамічны стан краін Цэнтральнай і Усход-няй Еўропы, у тым ліку Вялікага княства Літоўскага. Многія з іх знайшлі сваё паўтарэнне на вялізных абшарах ВКЛ.

Для велікакняжацкай гаспадаркі ў XV—XVI стст. было характэрна далейшае паглыбленне грамадскага падзелу працы. Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў значным росце гарадскіх пасяленняў. У канцы XVI ст. на беларускіх землях налічвалася каля 30 гарадоў і сотні мястэчак. Жыццё ў большасці з іх будавалася па заходнееўрапейскаму ўзору, згодна з Магдэбургскім правам.

(Прынамсі, для Маскоўскай, а затым Расійскай дзяржавы гарадское самакіраванне не было ўласціва.)

У беларускіх гарадах вытворцы-рамеснікі аб'ядноўваліся на заходні манер у цэхавыя арганізацыі. 3 цягам часу — бліжэй да XVIII ст.— у Беларусі дзе-нідзе пачала з'яўляцца мануфактур-ная вытворчасць.

Аднолькавыя працэсы сацыяльна-эканамічнага развіцця ВКЛ мелі падабенства з заходнееўрапейскімі галоўным чынам па форме, але значна розніліся па свайму зместу і далёка не супадалі па часе. Калі, як адзначалася вышэй, у Заходняй Еўропе цэхавая арганізацыя працы ў канцы XV ст. знаходзілася ўжо ў стане крызісу, то ў беларускіх землях яна ў гэты час толькі зараджалася. Калі мануфактура ў заходнееўрапейскіх краінах стала пануючай у XVI ст., а ў канцы XVIII ст. ужо зжывала сябе, то ў беларускіх землях мануфактурная вытворчасць пачала па-сапраўднаму развівацца якраз у XVIII ст.

Станаўленне фальваркова-паншчыннай гаспадаркі. У другой палове XV—XVI ст. перад краінамі Захаду паўстала збожжавая праблема. Вялікія зямельныя абшары тут былі заняты пад гадоўлю авечак і развядзенне вінаграднай лазы. 3-за гэтага сялян зганялі з зямлі, і яны папаўнялі гарадское насельніцтва. У дадзенай сітуацыі попыт і цэны на хлеб сталі хутка ўзрастаць. Напрыклад, у Гданьску — буйным партовым горадзе на Балтыцы, адкуль экспартавалася збожжа на Захад,— кошт жыта на працягу першай паловы XVI ст. узрос у 5 разоў. Гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй на заходнім рынку станавіўся ўсё больш і больш прыбытковым.

Што тычыцца гаспадаркі феадала ў Вялікім княстве Літоўскім у XIV—XV стст., то яна не была прыстасавана да атрымання лішкаў збожжавай прадукцыі, якая магла б экспар-тавацца. Панскі двор задавальняў патрэбы толькі свайго ўладальніка. Асноўным жа падаткам для сялян быў грашовы чынш і натуральная даніна. Аднак узрастанне попыту на хлеб у краі-нах Заходняй Еўропы і магчымасць атрымання вялікіх прыбыткаў ад продажу прымусіла ўласнікаў зямлі ў ВКЛ перабу-доўваць сваю гаспадарку. Яны пачынаюць ствараць прадпрыемствы па вытворчасці збожжа. Але для гэтага трэба было:


  • па-першае, пашырыць плошчу панскан ворнай зямлі,

  • па-другое, прымусіць сялян працаваць на ёй.

Таму распачынаецца рэарга-нізацыя панскага двара ў фальварак. Фальварак — гэта феадальная гаспадарка, у якую ўваходзілі гаспадарскі двор з рознымі пабудовамі, а таксама ворыўныя землі і сельскагаспадарчыя ўгоддзі, заснаваныя на працы феадальна-залежных сялян. Першыя фальваркі ў ВКЛ з'явіліся ў XV ст. Але асаблівае пашырэнне фальваркі атрымалі з сярэдзіны XVI ст. у сувязі з правядзеннем аграрнай рэформы. Найбольшы рост фальваркаў назіраўся ў Панямонні і Падзвінні.

Фальварковая гаспадарка мела ўжо таварны характар. Гэта значыць прадукцыя, якая выраблялася ў фальварку, ішла на продаж. Засноўвалася яна па-ранейшаму на працы прыгонных сялян. Але цяпер уласнікі зямлі за карыстанне надзелам пачалі патрабаваць з іх не грашовага чыншу і натуральнай даніны, а працы на панскіх землях — выканання паншчыны.

Развіццё фальваркова-паншчыннай сістэмы паскарала працэс прымацавання сялян да зямлі. Дзяржава ж заканадаўчымі нормамі задавальняла імкненне феадалаў зрабіць земляроба ўласнасцю землеўладальніка. Прывілей вялікага князя Казіміра 1447 г. паклаў пачатак юрыдычнаму запрыгоньванню сялянства. У Статутах Вялікага княства Літоўскага 1529 г., 1566 г. нормы прыгоннага права былі замацаваны. А апошні са Статутаў (1588 г.) юрыдычна паставіў кропку ў гэтым працэсе.

Стабільна высокі попыт на заходнееўрапейскім рынку на сельскагаспадарчую прадукцыю вызначыў аграрны характар эканомікі ВКЛ, а фальварак зрабіў вызначальным паказчыкам эканамічнага развіцця Беларусі аж да канца XVIII ст. Нават пасля спусташальных ваенных ліхалеццяў сярэдзіны XVII — пачатку XVIII стст. фальварак хутка адбудаваўся і зноў заняў сваё цэнтральнае становішча ў гаспадарчай сістэме ВКЛ.

Такім чынам, галоўнай асаблівасцю эканамічнага развіцця Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVIII стст. стала ўзнікненне фальварковай гаспадаркі, якая хоць і была заснавана на выкарыстанні працы прыгонных сялян, але ўжо насіла таварны характар і працавала галоўным чынам на знешні рынак.

Унутраны гандаль і знешнеэканамічныя сувязі
Фарміраванне ўнутранага рынку. Лдыход ад натуральнай гаспадаркі, развіццё таварна-грашовых адносін у Беларусі ў XV — першай палове XVI ст. садзейнічалі фарміраванню ўнутранага рынку, выводзілі беларускага селяніна, рамесніка, купца за межы воласці, прымушалі да асвойвання гандлёвых плошчаў як суседніх зямель, так і аддаленага замежжа. Рынкі гарадоў усё больш трывала звязвалі паміж сабою ўсе рэгіёны Вялікага княства Літоўскага. Гэтую сувязь забяспечвалі га-радскія гандляры, якіх у той час называлі «прасоламі».

Ва ўсіх гарадах і мястэчках у вызначаныя дні, звычайна раздва на тыдзень, адбываліся таргі. Для іх правядзення былі адведзены спецыяльныя месцы — рынкі. У буйных гарадах рын-кі займалі даволі вялікую плошчу. Так, у Магілёве яна складала больш чым 2 гектары, на якіх размяшчалася 400 лавак гандляроў. У гэтых лаўках можна было набыць самыя розныя тавары: футры, жалеза, дрот, грабяні, прыправы, іголкі, ртуць, бялілы, акуляры, серу, гузікі, струны, воўну, паперу, хусткі, медзь, рукавіцы, розныя тканіны і інш.

Асноўным транспартным сродкам для перавозкі тавараў былі сялянскія фурманкі. Неабходнасць мець грошы для выпла-ты чыншу ці патрабаванне землеўласніка даставіць сабраны ў фальварку ўраджай да прыстані ці буйнога порта прымушалі селяніна адпраўляцца часам у няблізкі шлях. Так, падданыя ўладання Спіравічы Менскага ваяводства ў 1646 г. павінны былі рабіць адну паездку ў год у Вільню, адну — у Менск. У маёнтку Каменка Наваградскага ваяводства ў 1643 г. «кожны падданы, які мае каня, у кожны год абавязаны быў адправіць да Вільні дзве фуры». Фурманоў з беларускіх вёсак можна было сустрэць у Варшаве, Гданьску, Рызе. Напрыклад, у 1784 г. з Друйскага графства было выпраўлена ў Рыгу 60 фурманак. Аднак найчасцей земляроб збываў сваю прадукцыю сам ці з дапамогай перакупшчыка на мясцовым бліжэйшым рынку. Так паступова паміж вёскамі, гарадамі і мястэчкамі пракладваліся шляхі-«гасцінцы», якія звязвалі рынкі гарадоў усёй Рэчы Паспалі-тай. Дакумент 1619 г. самым «Вялікім галоўкым гасцінцам, што ідзе з Вялікага княства Літоўскага да Любліна, па якім буйныя купцы з цяжкімі таварамі часта праязджаюць», называе шлях ад Оршы праз Коханава, Талачын, Бобр, Начу, Барысаў, Менск, Койданава, Мікалаеўшчыну, Нясвіж, Мір, Цырын, Моўчадзь, Слонім, Ражаную, Новы Двор, Шарашова, Камянец і Берасце.

Менш загружанымі купецкімі фурманкамі, але дастаткова накатанымі былі мясцовыя шляхі зносін. Так, Клецк быў звяза-ны гандлёвымі шляхамі з Ляхавічамі, Мірам, Стваловічамі, Мышшу, Слуцкам, Слонімам. «Шлях Гомельскі» згадваецца ў дакументах Гомельскага староства за 40-я гг. XVII ст. У сярэ-дзіне XVII ст. тэрыторыю Беларусі з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень праразалі не менш чым два дзесяткі буйных сухапутных шляхоў, якія, быццам капілярамі, былі злучаны прасёлачнымі грунтоўкамі.

Цераз кожныя 5—10 міль (каля 40—80 км) на шляхах гэтых паўставалі гарады і мястэчкі, на іх буйных плошчах ішоў бойкі гандаль. Тут абменьваліся сваімі таварамі гандляры адна-го рэгіёну з другім, паколькі на беларускіх землях у XVII — XVIII стст. намецілася пэўная тэрытарыяльная вытворчая спе-цыялізацыя. Так, кушнерскае рамяство (апрацоўка аўчын) было найбольш развіта ў Магілёве, слуцкія рамеснікі ў гэты час спе-цыялізаваліся на выпрацоўцы скур, а пераважная большасць рамеснікаў Капыля займалася ткацтвам і вырабам адзення. На гарадскім рынку таксама ішоў абмен прадукцыяй паміж вёскай і горадам. Селянін і гараджанін былі на ім як прадаўцамі, так і пакупнікамі.

Такім чынам, падзел працы паміж горадам і вёскай, узрас-таючая спецыялізацыя асобных рэгіёнаў Беларусі абумовілі ўстанаўленне паміж імі трывалых эканамічных сувязей, а гэта ў сваю чаргу садзейнічала кансалідацыі шматэтнічнага і шмат-рэлігійнага грамадства, якое пражывала на тэрыторыі Бела-русі.

Знешнеэканамічныя сувязі. Замежным гандлем у беларускіх гарадах у XV—XVIII стст. займаліся багатыя вярхі гарадскога купецтва. Іх называлі «гасцямі». Яны складалі значную праслой-ку гарадскога насельніцтва.

Напрамкі гандлёвай актыўнасці купцоў-«гасцей» былі скіра-ваны ва ўсе бакі свету. У вызначаны час амаль 900 купцоў звязвалі ніцямі гандлёвага абмену каля 70 гарадоў Беларусі, Польшчы, Літвы, Расійскай дзяржавы.

Беларускія купцы куплялі ў Кракаве, Любліне, Гнезна, Познані вялікімі партыямі сукны, палотны, жалеза, свінец, волава і прадавалі іх у беларускіх гарадах. Асаблівым попытам у беларускіх землях карысталіся гатовыя вырабы, набытыя купцамі ў Польшчы: папера, цвікі, косы, сярпы, нажы, галан-тарэя.

На знешнім рынку беларускія купцы пераважна прадавалі вырабы мясцовага рамяства. Буйнымі партыямі вывозіліся ў Польшчу, Прыбалтыку і рускія гарады сырыя і вырабленыя скуры, мыла, футравыя і рымарскія вырабы, тавары ганчарнай вытворчасці.

Беларускія- купцы падтрымлівалі актыўныя гандлёвыя сувязі з Масквой, Цвер'ю, Смаленскам, Псковам і іншымі рускімі гарадамі. У гэтых гарадах закупляліся абутак, рукавіцы, сярмя-гі, грэбні, ніткі, футры. Частымі наведвальнікамі ўкраінскіх рынкаў былі купцы Магілёва, Віцебска, Слуцка, Менска, Пінска. Дакументальна зафіксавана іх заява ў судзе горада Луцка: «Завсегды есмо тут ездчалн».

Беларускія землі падтрымлівалі цесныя гандлёвыя сувязі з краінамі Заходняй Еўропы. Важнейшай воднай артэрыяй для такога гандлю служыла, як і ў часы Полацкага княства, Заход-няя Дзвіна. Па Заходняй Дзвіне і Балтыйскаму мору ажыццяўляўся гандаль з Даніяй, Швецыяй, Свяшчэннай Рымскай імпе-рыяй і іншымі дзяржавамі. У адным з дакументаў таго часу занатавана: па Дзвіне «з Літвы вывозяцца цвёрдыя, сплаўленыя агнём кавалкі яловага, вязавага, ліпавага і вербнага попелу (паташу), на які вялікі попыт сярод суконшчыкаў і мылавараў, каровы і добрага вырабу скуры, пшаніца, смала, каноплі, лён, мёд, воск, сала і розныя каштоўныя футры — усё гэта дзеліцца паміж прусакамі, шведамі, датчанамі і немцамі. А прывозіць рака Дзвіна ў Літву і Маскву соль, віно, цэльныя залатыя і сярэбраныя яхімкі (манеты XVII ст.)».

У сувязі з развіццём фальварковай гаспадаркі ў знешні гандаль, акрамя купцоў, пачынаюць актыўна ўключацца і феадалы. Валодаючы шматлікімі фальваркамі і багацейшымі ляс-нымі абшарамі, яны праз сваіх аканомаў, упраўляючых і аран-датараў наладжваюць гандлёвыя сувязі з многімі еўрапейскімі дзяржавамі. Па Бугу, Нёмане, Заходняй Дзвіне караваны рач-ных суднаў перавозяць жыта, ячмень, пшаніцу, попел, абчэса-ную драўніну, клёпкі. Асабліва вялікім быў попыт на збожжа і попел. Так, у 1605 г. праз Віцебск і Рыгу было вывезена і збы-та каля 33 тыс. пудоў попелу. Для таго каб здабыць такую колькасць попелу, патрэбна было спаліць не менш чым 3 млн пудоў драўніны.

Такім чынам, у Сярэдневякоўі і ў пачатку Новага часу землі Вялікага княства Літоўскага, як і іншыя ўсходнееўрапейскія, былі сыравінным прыдаткам прамыслова развітага Захаду. Аб гэтым яскрава сведчыць, напрыклад, экспартна-імпартны баланс Вялікага княства Літоўскага ў канцы XVIII ст.: вываз прадуктаў сельскай і лясной гаспадарак складваў 96 % экспарту з гэтай краіны, а ў імпарце — 95 % прыходзілася на прамыс-ловую прадукцыю. Сялянская гаспадарка і сельска-гарадское рамяство ў гэты час забяспечвалі ў асноўным унутраныя патрэ-бы ў сельскагаспадарчай прадукцыі, прыладах працы, таварах штодзённага попыту, а фальварак працаваў галоўным чынам на знешні рынак.



Купцы-«госці» з беларускіх гарадоў, кантактуючы з насельніцтвам іншых зямель і краін, неслі яму інфармацыю аб сваёй мове, звычаях, традыцыях беларусаў. У той жа час па вяртанні ў свае родныя мясціны яны расказвалі аб іншаземным жыцці і тым самым замацоўвалі ў беларусаў пачуццё іх этнічнай своеасаблівасці.






База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка