4. дзяржаўна-палітычны лад асноўныя прынцыпы




Дата канвертавання08.05.2017
Памер53.81 Kb.
4. ДЗЯРЖАЎНА-ПАЛІТЫЧНЫ ЛАД
4.1. Асноўныя прынцыпы
Беларусь павінна быць незалежнай нацыянальнай і дэмакратычнай дзяржавай.
У грамадска-палітычным жыцці БХД спавядае асноватворны прынцып размеркавання адказнасці і паўнамоцтваў, прынцып субсідыярнасці. Так, рашэнні павінны прымацца на тым узроўні, на якім яны найбольш эфэктыўна выконваюцца. Мы выступаем за абмежаванне паўнамоцтваў дзяржавы, за кампактны ўрад і моцнае мясцовае самакіраванне.
4.2. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
Па дзяржаўнаму ўладкаванню Беларусь мусіць заставацца ўнітарнай дзяржавай.
Мы выступаем за рэальнае існаванне і адасабленне двух тыпаў улады ў Беларусі: дзяржаўнай і муніцыпальнай.
БХД лічыць неабходным правесці адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу і скасаваць існуючы сёння ў Беларусі адміністрацыйны падзел на 118 раёнаў і 6 абласцей. З пункту гледжання аптымізацыі дзяржаўнага кіравання мэтазгодна ўвесці адміністрацыйны падзел на 23 паветы. Рэформа адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Беларусі скароціць колькасць бюракратычных узроўняў – замест 6 абласных і 118 раённых дзяржаўна-бюракратычных устаноў розных галінаў і ведамстваў дзяржаўнага кіравання будзе 23. Такім шляхам мы знізім выдаткі на ўтрыманне чыноўнікаў, якіх стане значна менш, і павысім якасць кіравання дзяржавай з перадачай істотных паўнамоцтваў у рэгіёны і на месцы – у паветы і муніцыпалітэты.
Павятовымі цэнтрамі стануць Брэст, Кобрын, Пінск, Жыткавічы, Мазыр, Рэчыца, Гомель, Крычаў, Бабруйск, Магілёў, Орша, Віцебск, Полацк, Глыбокае, Барысаў, Менск, Маладэчна, Ліда, Гродна, Смаргонь, Баранавічы, Слуцк, Ваўкавыск.
4.3. Арганізацыя рэспубліканскай улады
Галоўным прынцыпам у вызначэнні кіруючых асоб усіх узроўняў будзе выбарнасць.
Найбольш прымальнай формай дзяржаўнага ладу для Беларусі з’яўляецца змешаная прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка. Уладныя паўнамоцтвы павінны быць размеркаваны паміж галінамі ўлады такім чынам, каб адна галіна кантралявала другую і паміж імі быў баланс. Мы зыходзім з пазіцыі, што ў Беларусі павінна паўстаць такая сістэма, каб больш ніколі ў гісторыі не ўзнікла дыктатура на нашай зямлі, уся паўната дзяржаўнай улады ня можа быць засяроджана ў адных руках.
Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і кіраўніком выканаўчай улады, абіраецца ўсенародным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў і не больш чым на 2 тэрміны. Прэзідэнт вызначае знешнюю палітыку, валодае пытаннямі знешняй абароны, сілавых структур, з’яўляецца гарантам Канстытуцыі. Прэзідэнту належаць прадстаўнічыя функцыі, а менавіта прадстаўніцтва Беларусі на міжнароднай арэне і акрэдытацыя дыпламатычных місіяў. Прэзідэнт можа старшынстваваць на паседжаннях ураду. Прэзідэнт падпісвае законапраекты, якія становяцца законамі пасля яго подпісу. Прэзідэнт можа накласці вета на законапраект, але Сойм і Сенат могуць пераадоліць вета Прэзідэнта 2/3 галасоў. Прэзідэнт валодае правам заканадаўчай ініцыятывы. Прэзідэнт уносіць кандыдатуры суддзяў вышэйшых судовых інстанцыяў, вышэйшых вайсковых камандзіраў і іншых вышэйшых дзяржаўных службоўцаў для зацвярджэння іх Сенатам Рэспублікі.
Прэм’ер-міністр узначальвае ўрад. Прэм’ер-міністр вызначае са згоды Сойма палітыку па сацыяльна-эканамічным і унутрыпалітычным пытанням. Кандыдатуру прэм’ер-міністра прапаноўвае на зацвярджэнне Сойму Прэзідэнт. Вызначэнне прэм’ер-міністра і фармаванне ўрада залежыць ад растаноўкі палітычных сіл у Сойме. Прэм’ер-міністр прызначае міністраў і падае спіс на абавязковае зацвярджэнне Прэзідэнту. Урад у сваёй дзейнасці падсправаздачны Прэзідэнту і Сойму.
Мы лічым мэтазгодным, каб Парламент Беларусі складаўся з дзвюх палат: ніжняй палаты – Сойма і верхняй палаты – Сената.
Сойм абіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 4 гады па прапарцыйнай выбарчай сістэме. Для праходжання ў Сойм будзе ўведзены 4% электаральны бар’ер, каб забяспечыць стабільнасць палітычнага прадстаўніцтва. Колькасць дэпутатаў Сойма павінна складаць 200 дэпутатаў. Найважнымі функцыямі Сойма павінны стаць прыняцце законаў, вызначэнне прэм’ер-міністра, зыходзячы з палітычнай растаноўкі сіл у Сойме, кантроль за ўрадам. БХД выступае за тое, каб перадаць Сойму права кантролю за спецыяльнымі службамі, сілавымі структурамі і арміяй.

Сенат будзе складацца з 46 дэпутатаў: па 2 сенатара ад кожнага павета, якія будуць абірацца на прамых выбарах насельніцтвам павета на 5 гадоў. Гэты інстытут палітычнай сістэмы дазволіць паветам прымаць удзел у вызначэнні дзяржаўнай палітыкі і ажыццяўленні дзяржаўнай улады на рэспубліканскім узроўні. Усе рэспубліканскія законапраекты павінны прайсці адабрэнне ў Сенаце, каб стаць законамі. Тым самым, будуць забяспечаны інтарэсы паветаў. Сенат будзе зацвярджаць на пасадах суддзяў вышэйшых судовых інстанцыяў, вышэйшых вайсковых камандзіраў і кандыдатуры на іншыя дзяржаўныя пасады. Сенату павінна належыць выключная роля ў ратыфікацыі міжнародных пагадненняў і дамоваў, якія тычацца пытанняў суверэнітэту і нацыянальнай бяспецы.


4.4. Арганізацыя дзяржаўнай улады на павятовым узроўні
БХД лічыць неабходным перадаць у паветы істотныя ўладныя паўнамоцтвы, якія будуць падзелены паміж выканаўчай і прадстаўнічай уладамі павета.
Выканаўчая ўлада ў павеце належыць павятоваму Старасце, які абіраецца непасрэдна насельніцтвам павета тэрмінам на 4 гады. Павятовы стараста ажыццяўляе непасрэднае кіраўніцтва паветам, ён падсправаздачны зямельнаму органу прадстаўнічай улады – павятовай Асамблеі.
Павятовая Асамблея – орган прадстаўнічай улады павета, які абіраецца насельніцтвам павета на прамых выбарах па мажарытарнай сістэме простай большасці тэрмінам на 4 гады. З ліку дэпутатаў абіраецца спікер Асамблеі. Павятовая Асамблея надзеленая заканадаўчай ініцыятывай, кантралюе дзейнасць адміністрацыі павятовага старасты, ўводзіць рэгіянальныя падаткі і зборы і выконвае іншыя функцыі.


4.5. Мясцовае самакіраванне
Муніцыпальныя традыцыі ў Беларусі маюць даўнюю гісторыю яшчэ з часоў станаўлення дзяржаўнасці на беларускіх землях. Асаблівае значэнне ў гісторыі Беларусі часоў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай мела еўрапейская традыцыя самакіравання – Магдэбурскае права. Мы, беларускія хрысціянскія дэмакраты, лічым неабходным адрадзіць муніцыпальныя традыцыі ў Беларусі, бо мясцовае самакіраванне з’яўляецца самым лепшым і самым эфектыўным інструментам вырашэння праблем і пытанняў мясцовага значэння. Мясцовыя органы ўлады павінны мець дастаткова паўнамоцтваў і рэсурсаў для вырашэння такіх пытанняў.
Голоўнымі адзінкамі мясцовага самакіравання павінны стаць гарадскія пасяленні і воласці (муніцыпальныя адзінкі ў сельскай мясцовасці). Прычым гэтыя муніцыпальныя адзінкі супадаюць па тэрыторыі з выбарчымі акругамі, у якіх адбываецца вызначэнне дэпутатаў у прадстаўнічыя органы дзяржаўнага кіравання павятовага ўзроўню (павятовыя Асамблеі). Муніцыпальныя адзінкі будуць узначальваць мясцовыя рады, якія будуць вырашаць усе пытанні мясцовага значэння. Кожны населены пункт павінен мець свайго мэра. Залежнасць кіраўніцтва муніцыпалітэтаў ад мясцовага насельніцтва ёсць галоўны прынцып функцыянавання дадзенага інстытута. Муніцыпальныя рады і мэры населеных пунктаў павінны абірацца мясцовым насельніцтвам тэрмінам на 2 гады.
Буйныя населеныя пункты неабходна падзяліць на патрэбную колькасць муніцыпалітэтаў.
БХД, кіруючыся прынцыпамі і духам Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання і прынцыпам субсідыярнасці, лічыць неабходным надзяліць муніцыпалітэты шырокай аўтаноміяй. Органы мясцовага самакіравання павінны самастойна вызначаць сваю структуру, мець магчымасць супрацоўніцтва, у тым ліку, у межах міжмуніцыпальных асацыяцыяў, мець фінансавую самастойнасць, распараджацца муніцыпальнай уласнасцю, уводзіць мясцовыя зборы і падаткі, часткова вырашаць пытанні сацыяльнай падтрымкі насельніцтва.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка