А. А. Васілевіч (Мінск) тыпалогія мастацкага міфалагізму




Дата канвертавання10.04.2017
Памер77.5 Kb.
А. А.  Васілевіч (Мінск)
ТЫПАЛОГІЯ МАСТАЦКАГА МІФАЛАГІЗМУ

Ў СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ПРОЗЕ

У літаратуразнаўчых працах апошніх гадоў прадпрымаліся спробы класіфікаваць розныя формы выкарыстання міфа ў літаратурных творах. Да гэтага часу склалася некалькі тэорый (пераважна ў расейскім літаратуразнаўстве), якія прынцыпова паміж сабой не разыходзяцца. Найбольшае распаўсюджанне атрымалі класіфікацыя М. Эпштэйна [1, с. 225] і класіфікацыя Е. Меляцінскага, Ю. Лотмана і З. Мінц [2, с. 62 – 65]; менш вядомая класіфікацыя, распрацаваная Д. Нізаміддзінавым [3, с. 38 – 41]. Існуе класіфікацыя, зробленая У. Тапаровым у кн. “Неомифологизм в русской литературе начала XX века”, выдадзенай у Вене ў 1990 г. (на жаль, мы не здолелі знайсці першакрыніцу, таму спасылаемся на яе па кн. Н. Осіпавай [4, с. 4]). Гэтая класіфікацыя адрозніваецца ад згаданых вышэй тым, што абапіраецца на спосаб успрыняцця міфалагізму ў індывідуальнай мастацкай творчасці. Згадаем і ўжо агульнавядомую міфалагізацыю рэальна існуючых асобаў, штодзённых з’яваў, міфалагізацыю гістарычнага мінулага (да якой часта звяртаецца беларуская гістарычная літаратура), а таксама адносна новы тып – сацыяльную міфатворчасць. Абапіраючыся на згаданыя класіфікацыі, прапануем уласны погляд на асаблівасці мастацкага міфалагізму і яго тыпалогію ў сучаснай беларускай прозе.

Сучасная беларуская проза вызначаецца актыўным і шматузроўневым зваротам да фальклорна-міфалагічнай спадчыны, што абумоўлена шэрагам прычын, як агульных для сусветнага мастацтва (развіццё і крызіс тэхнагеннай цывілізацыі, узнікненне глабальных праблем і спробы іх асэнсавання, уплыў ідэй экзістэнцыялізму, пошукі новых мастацкіх форм і сродкаў), так і звязаных з асаблівасцямі развіцця ўласна беларускай гісторыі і літаратуры. Актыўнае, пераважна свядомае і мэтанакіраванае выкарыстанне міфалагічных матываў і вобразаў у сучаснай беларускай літаратуры абумоўлена яшчэ і тым, яна дазваляе адчуць і сцвердзіць прыналежнасць да свайго роду, сваёй нацыі. Зварот да фальклорна-міфалагічнай спадчыны, устойлівых і вечных міфалагічных мадэляў дазваляе не толькі ствараць нацыянальныя культурныя мадэлі і адметныя мастацкія сюжэты, але і захоўваць, і ў значнай ступені папулярызаваць беларускую культуру. Гэта, безумоўна, звязана і з агульным уздымам цікавасці да нацыянальнай гісторыі і культуры на пачатку 90-х г.г. XX ст., і з асаблівасцямі гістарычнага развіцця Беларусі (у тым ліку і літаратуры), асабліва на працягу XІX – XX стст.

У творчасці сучасных беларускіх літаратараў праяўляюцца розныя больш-менш акрэсленыя тыпы мастацкага міфалагізму. Найбольш пашыраным з’яўляецца выкарыстанне асобных міфалагічных матываў і вобразаў (як у аснове рэалістычнага сюжэта, так і ў аповедзе, што грунтуецца на фальклорна-міфалагічным ці містычным падмурку). Прычым назіраецца як інтэрпрэтацыя, так і трансфармацыя міфалагічных матываў і вобразаў. Зварот да міфалогіі праяўляецца не толькі на ўзроўні літаратурнага прыёма, адбываецца і праяўленне (свядомае і бессвядомае) элементаў міфалагічнага мыслення. Да прыкладу, гэты тып міфалагізму выяўляецца ў творчасці Я. Сіпакова (міфалагізаваныя філасофскія развагі-прытчы ў зборніку “Тыя, што ідуць”, новыя апавяданні “Вяселле”, “Русалка”), прычым у новых навелах пісьменніка назіраецца міфалагізацыя сямейных аповедаў, фактычна стварэнне сямейнай легенды-хронікі. Згадаем і творчасць А.Казлова, міфалагізм у прозе якога праяўляецца найперш праз актыўны зварот да народнай дэманалогіі і міфалагічнай сімволікі (зборнік аповесцей “Незламаная свечка”, а ў аповесці “Раздарожаны саракоўнік” назіраецца заўважнае паглыбленне міфалагізму, які працінае ўвесь твор і ёсць знітаваным з мысленнем самога аўтара). Гэта і аповесць А.Бароўскага “Сцеражыся майго гневу”, дзе аўтар у сучасны цалкам рэалістычны сюжэт уводзіць асобных міфалагічных персанажаў і надзяляе іх пэўнымі міфалагічнымі функцыямі, і аповесць А. Федарэнкі “Сінія кветкі”, у сюжэт якой уведзеныя фальклорна-міфалагічныя матывы з дамешкамі фантастычнай умоўнасці. Часта гэты тып праяўляецца ў асобных апавяданнях (“Лесуны” Я. Конева, “Русалка” А. Трафімчыка, “Крушня”, “Варажбіт”, аповесць “Створаныя першым Трыглавам” Г. Навасельцавай), дзе міфалагізм з’яўляецца мэтанакіраваным мастацкім прыёмам пераважна для стварэння займальнага сюжэта.

Лірычна-філасофскі роздум-аповед, часам глыбока-псіхалагічнай ці прытчавай скіраванасці, арыентаваны на першапачатковыя, архетыпічныя канстанты існавання чалавека і прыроды (шлях, дарога, дом, хата, выбар, каханне, дзяцінства, памяць, ушанаванне продкаў, адраджэнне і абнаўленне жыцця і інш.) – яшчэ адзін тып мастацкага міфалагізму, які вылучаецца найперш у творчасці В.Казько (аповесць “Прахожы”, раман “Бунт незапатрабаванага праху”) і У. Клімовіча (апавяданні са зборнікаў “Той, хто будуе горад” і “Лаліта і кактус”), а таксама ў значнай ступені ў Я. Сіпакова, Ю. Станкевіча (зборнік “Любіць ноч – права пацукоў”) і А. Асташонка (зборнік “Фарбы душы”, апавяданне “Лёс”).

Спроба рэканструкцыі міфалагічных сюжэтаў і міфалагічная стылізацыя знаходзяць выяўленне ў рамане “Кола Сварога” З. Дудзюк і ў “Старасвецкіх міфах горада Б*” Л. Рублеўскай. Раман З. Дудзюк з’яўляецца своеасаблівай рэканструкцяй (асвечанай аўтарскай фантазіяй) старажытных міфалагічных сюжэтаў і вобразаў, якія ўзыходзяць не толькі да нацыянальнай міфалогіі, але і да сусветнай. “Кола Сварога” можна разглядаць не толькі як раман-рэканструкцыю, але і як спробу уласнай міфатворчасці пісьменніцы, хоць часам аўтарка і збіваецца на аднастайнасць, не хапае ёй мастацка-псіхалагічнага майстэрства, а таму раман успрымаецца неадназначна. Тым не меней, відавочна вылучаецца аўтарская трансфармацыя вядомых міфалагічных сюжэтаў і функцый міфалагічных вобразаў (як вышэйшай, так і ніжэйшай міфалогіі), так і ўласная трактоўка і пераасэнсаванне фальклорна-міфалагічнага матэрыялу. У рамане назіраецца тэндэнцыя да спалучэння розных тыпаў мастацкага міфалагізму. Адметнай з’явай у сучаснай беларускай літаратуры з’яўляецца цыкл невялічкіх, але змястоўных аповедаў Л. Рублеўскай “Старасвецкія міфы горада Б*”. У адрозненне ад большасці сучасных празаікаў аўтарка звяртаецца не да беларускай ці славянскай міфалогіі, а да класічнай антычнай міфалогіі, да старажытных грэчаскіх міфаў, прычым асноўны змест некаторых з іх яна падае ў эпіграфе да кожнага апавядання, якое, уласна кажучы, і стылізуецца пад міф, і мае назву грэчаскага міфа. Сюжэты антычных грэчаскіх міфаў фактычна праецыруюцца на сучасную рэчаіснасць, у якой даволі лёгка пазнаюцца сённяшнія беларускія рэаліі. У сваіх “міфах” Л. Рублеўская стварае сапраўдны летапіс жыцця невялікага правінцыйнага гарадка і ягоных насельнікаў, з іх маленькімі (часам камічнымі) драмамі і сапраўднымі жыццёвымі трагедыямі.

Адной з адметных рыс мастацкага міфалагізму ў сучаснай беларускай прозе сталася відавочнае ўзнаўленне такіх пластоў нацыянальнага быцця і народнай свядомасці, дзе яшчэ жывыя не толькі элементы фальклорна-міфалагічнага светасузірання і светаўспрыняцця, але і вера ў іх цалкам рэальнае існаванне. Прычым такое ўзнаўленне пераплятаецца з інтэлектуальнасцю і філасафічнасцю прозы некаторых мастакоў – яшчэ адна адметная рыса гэтага тыпу міфалагізму, які праяўляецца ў творчасці большасці сучасных празаікаў (найперш, гэта ўжо згаданыя творы В. Казько, А. Казлова, А. Наварыча, Я. Сіпакова, “Паганскія экспрэсіі” Г. Багданавай). Вядомы расейскі даследчык М. А. Анастасьеў пры вызначэнні асаблівасці міфалагізму лаціна-амерыканскіх і афра-азіяцкіх раманаў звяртаў увагу на тое, што ў гэтых літаратурах архаічная фальклорная традыцыя і фальклорна-міфалагічная свядомасць, хоць бы і ў перажытай, пераасэнсаванай форме, могуць існаваць побач з мадэрнісцкім інтэлектам чыста еўрапейскага тыпу. (Класічным прыкладам з’яўляецца раман Г. Г. Маркеса “Сто год адзіноты”). У беларускай літаратуры суіснаванне і ўзаемапранікненне гэтых двух тыпаў мастацкага мыслення (крыху ў меншай ступені і адпаведна з нацыянальнай спецыфікай) можа быць абумоўлена не толькі паскораным развіццём літаратуры, але і асаблівасцямі нацыянальнага менталітэту, і багаццем і захаванасцю фальклорна-міфалагічнай спадчыны.

У прозе В. Казько (аповесць “Прахожы” і раман “Бунт незапатрабаванага праху”) назіраецца імкненне і да яшчэ аднаго тыпу мастацкага міфалагізму – узнаўлення глыбінных міфасінкрэтычных структур мыслення, што, відаць, грунтуецца не толькі на захаванні рэшткаў міфалагічнага светаўспрыняцця ў аўтара (яскрава праяўляецца ў ягонай творчасці), але і характэрнай для яго манерай пісьма, якая можа быць абумоўлена як свядомым эксперыментаваннем і зваротам да адпаведнай тэхнікі, асаблівасцямі таленту, так і падсвядомым “уплывам” міфалагічных мысленчых структур. Так, у прыватнасці можна выдзеліць наступныя рысы, характэрныя як для творчай манеры В. Казько, так і для міфалагічнага аповеду: сумяшчэнне і напластаванне розных часоў і прастораў, частковае парушэнне прычынна-выніковых сувязей, лагічных для сучаснай свядомасці, пэўная абрывістасць думак, двайніцтва персанажаў, а таксама падабенства структуры аповеду да тэхнікі плыні свядомасці.

Аўтарская міфатворчасць, тэндэнцыя да сінтэзу розных тыпаў мастацкага міфалагізму найбольш арганічна і цэласна выяўляюцца ў прозе В. Казько. Становіцца відавочным, што гэта пісьменнік з яскравай арыентацыяй на міфалагічны тып мыслення, якое праяўляецца ў яго творчасці (як на свядомым, так і на падсвядомым узроўнях), дзякуючы найперш рэшткам міфалагічнага светасузірання і светаўспрыняцця, якія ў значнай ступені захаваліся ў свядомасці самога аўтара. В. Казько – творца глыбока-інтэлектуальнага, філасофскага складу, таму міфалагізм праяўляецца найперш у яго вобразнасці абагульняльна-сімвалічным значэннем, у арыентацыі на архетыпічныя канстанты існавання чалавека і прыроды, ва ўзнаўленні яшчэ жывых фальклорна-міфалагічных уяўленняў, якія захаваліся ў народнай свядомасці. Прычым глыбока-міфалагічны пласт цалкам натуральна паяднаны з рэальнасцю. Па сутнасці, В. Казько распрацоўвае асноўнае для міфалогіі – адчуванне цэласнасці свету, які жыве (ці павінен жыць) па адзіных і непарушных законах Космасу і Хаосу, як у самых дробязных праявах, так і ў глабальным маштабе універсуму. У яго творчасці відавочна вымалёўваецца міфалагічная ў сваёй аснове мадэль свету, дзе ўсё павінна быць узаемазвязана і ўзаемазалежна, дзе існаванне чалавека і прыроды немагчыма адзін без аднога, а гармонія павінна была б панаваць як ва ўнутраным свеце асобнага чалавека, так і паміж чалавекам і Сусветам. Адпаведна, міфалагізм мае пераважна інтуітыўны, падсвядомы характар і вызначаецца як уласцівасць паэтычнага светаадчування творцы (міфалагізм “арганічны” – тэрмін У. Тапарова).

Такім чынам, сучасныя празаікі імкнуцца да актуалізацыі архетыпаў і міфалагем, узнаўлення элементаў міфалагічнага мыслення, якое ў рознай ступені праяўляецца ў мастацкай творчасці, выкарыстання (свядомага ці на інтуітыўным, падсвядомым узроўні) міфалагічных матываў і вобразаў. Творцы спрабуюць таксама пераасэнсоўваць міфалагемы, імкнуцца выходзіць на ўзровень уласнай міфатворчасці, што, безумоўна, раскрывае перад нацыянальнай літаратурай новыя магчымасці, дазваляе шукаць новыя формы і сродкі адлюстравання рэчаіснасці і стварэння вобразаў, спрыяе спасціжэнню рэальнасці ва ўсіх уласцівых ёй складаных экзістэнцыйных супярэчнасцях. Прычым у сучаснай беларускай прозе не толькі выяўляецца некалькі тыпаў мастацкага міфалагізму, але ў пераважнай большасці твораў назіраецца тэндэнцыя да іх сінтэзу, аб’яднання, што з’яўляецца адной з характэрных прыкмет сучаснай міфалагізаванай літаратуры ў свеце.



___________________________________

  1. Эпштейн М. Н. Мифологизм в литературе XX в. // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М.Кожевникова, П.А.Николаева; Редкол.: Л. Г.Андреев, Н. И. Балашов, А. Г. Бочаров и др. – М.: Сов. энциклопедия, 1987.

  2. Лотман Ю. М., Минц З. Г., Мелетинский Е. М. Литература и мифы // Мифы народов мира: Энциклопедия / Гл. ред. С. А. Токарев. – 2-е изд. – М.: Рос. энцикл.: Олимп, 1997. – Т. 2.

  3. Низамиддинов Д.Н. Мифологическая культура: Учеб. Пособие / Д.Н. Низамиддинов – М.: Гелиос, 1993.

  4. Осипова Н. О. Творчество М. И. Цветаевой в контексте культурной мифологии Серебряного века / Н.О. Осипова. – Киров: Изд-во ВГПУ, 2000.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка