А. А. Зімнеў (Мінск) "крытыка крытыкі", або метадычна накіраваны агляд рэцэнзій навучэнцаў




Дата канвертавання15.12.2018
Памер45.52 Kb.
А. А. Зімнеў (Мінск)
"КРЫТЫКА КРЫТЫКІ", АБО МЕТАДЫЧНА НАКІРАВАНЫ АГЛЯД РЭЦЭНЗІЙ НАВУЧЭНЦАЎ
"Заўважыць памылку ў справе – яшчэ не значыць даказаць марнасць самой справы", – так сказаў знакаміты ў гісторыі рускай літаратуры крытык ХIХ стагоддзя Вісарыён Рыгоравіч Бялінскі, і з гэтым нельга не пагадзіцца. У дадзенай працы мы звярнуліся да жанру навучальна-аналітычнай крытыкі і прааналізавалі дадатныя і адмоўныя бакі напісаных студэнтамі філалагічнага профілю рэцэнзій на навуковыя (у тым ліку вучэбныя і навукова-папулярныя) кнігі. Прачытаўшы значную колькасць твораў гэтага жанру, мы прыйшлі да высновы, што не ўсе навучэнцы дакладна ведаюць, што сабой павінна ўяўляць рэцэнзія. Таму спачатку сцісла спынімся на азначэнні рэцэнзіі і правілах яе напісання. Такім чынам, рэцэнзія – гэта жанр навуковай творчасці, журналістыкі і мастацкай крытыкі. Рэцэнзія інфармуе аб новым творы, утрымлівае яго кароткі аналіз і ацэнку. У перакладзе з лацінскага "recensio" азначае ‘прагляд, паведамленне, ацэнка, водгук аб чым-небудзь’. Рэцэнзія – гэта жанр, аснову якога складае водгук (перш за ўсё – крытычны) аб творы мастацкай літаратуры, мастацтва ўвогуле, навукі, журналістыкі і да т.п. У прыватнасці, вядомы даследчык А. Цертычны ў кнізе "Жанры перыядычнага друку" разглядае рэцэнзію як адзін з адметных і вядучых публіцыстычных жанраў журналістыкі. Разам з тым, асобнай разнавіднасцю рэцэнзіі з'яўляецца навуковая рэцэнзія, або рэцэнзія на навуковую працу. Прадметам рэцэнзіі выступаюць розныя інфармацыйныя з'явы – кнігі, брашуры, спектаклі, кінафільмы, тэлеперадачы і г. д.

Да жанравых асаблівасцяў рэцэнзіі можна аднесці наступныя: часцей за ўсё, хоць і не абавязкова, рэцэнзія прысвечана аднаму твору. Аб'ём рэцэнзіі – сярэдні або маленькі. Вялікая рэцэнзія можа перарастаць ў крытычны артыкул, вялікая зборная рэцэнзія – у агляд.

Прадметам аналізу ў рэцэнзіі з'яўляецца адлюстраваная рэчаіснасць, гэта значыць рэальнасць, якая ўжо знайшла адлюстраванне ў адпаведных творах: навукі, публіцыстыкі і да т. п. Таму аўтар заўсёды суадносіць свой погляд на навакольны свет з тым, як гэты свет паказаны ў творы. Галоўныя задачы рэцэнзента – арыентацыя аўдыторыі ў тых праблемах, пра якія кажуць стваральнікі кнігі, спектакля або жывапіснага палатна, фарміраванне ў чытача навуковых ці эстэтычных уяўленняў пра рэчаіснасць, тлумачэнне сутнасці пазнавальнага альбо творчага працэсу.

Улічваючы ўсе асаблівасці гэтага жанру, мы разгледзелі ў якасным плане рэцэнзіі студэнтаў-філолагаў трэцяга курса на прачытаныя імі кнігі, вылучылі шэраг дадатных і адмоўных рысаў і стварылі, такім чынам, своеасаблівую "крытыку на крытыку". Вынікі працы могуць быць карыснымі пры выкладанні курса рыторыкі (засваенні студэнтамі спецыфікі пераканальных прамоў) ці для ўліку пры школьным навучанні ацэначным тэкстам. Далей мы спынімся на тым, што ў нас атрымалася.

Па-першае,трэба адзначыць,што прапанаваныя рэцэнзіі ў большасці сваёй дастаткова добрыя. Аўтарамі выкарыстана даволі шмат прафесійных прыёмаў, згадаем найбольш удалыя і неабходныя для рэцэнзіі:

1. Ва ўступнай частцы вельмі часта выкарыстоўваецца прыём пастаноўкі пытання (звычайна як часткі пытальна-адказавага ходу):



Не ведаеце, з чаго пачаць выступленне? Як авалодаць рытарычным майстэрствам і захапіць слухача?

2. Уступная частка навуковай рэцэнзіі змяшчае інфармацыю пра факт з’яўлення кнігі:



Прадстаўленая кніга выйшла з друку ў Мінску у 2007 годзе. Была створана аўтарам-навукоўцам – дацэнтам, кандыдатам філалагічных навук.

3. Даецца характарыстыка практычнай каштоўнасці выдання:



Карыснай і для нас, студэнтаў, яна будзе тым, што дапамагае падрыхтавацца да практычных заняткаў, узнавіць веды і сістэматызаваць іх.

4. У рэцэнзіі прысутнічае меркаванне аб ступені дасягнення пастаўленай мэты:



Такім чынам, падручнік "Рыторыка" адпавядае пастаўленым аўтарам задачам і дазваляе ў працэсе навучання авалодаць дадзенай дысцыплінай.

5. Падкрэсліваецца актуальнасць прааналізаванай кнігі:



І таму вельмі важна стварыць якасны вучэбны дапаможнік, па якім студэнты маглі б авалодаць дысцыплінай у поўнай меры сваіх здольнасцей.

6. У некаторых рэцэнзіях яскрава прасочваецца асобасны падыход рэцэнзента:



Адзінае, што мне асабіста не вельмі падабаецца, – гэта тое, што пакуль няма выдання гэтага падручніка на беларускай мове.

А зараз хацелася б звярнуцца і да недахопаў, якія, на жаль, часам таксама былі даволі заўважнымі. Назавем найбольш распаўсюджаныя хібы:



  1. Празмерна згорнуты ўступ:

Пасля знаёмства з дадзеным дапаможнікам у мяне склаліся добрыя ўражанні адносна тэматычнай разнастайнасці раздзелаў.

2) Стылістычна недасканалыя з-за сваёй граматычнай заблытанасці і двухсэнсоўнасці сказы:



Мы можам добра навучыцца размаўляць, дзякуючы рыторыцы, я даведалася, як, на самой справе, павінен паводзіць сябе аратар, калі выступае на публіцы.

3) Залішняе ўжыванне аднатыпных моўных сродкаў, абмежаваная разнастайнасць лексікі:



шаноўны чытач, а можа, чытач пажадае, мудры чытач…;

ды вабіць, ды расказаць пра гэта, ды проста дабразычлівага амерыканца, ды смела, ды пільным (тэкст атрымліваецца не вельмі мілагучным, калі прачытаць рэцэнзію ўголас і хутка).

5) Не заўжды дарэчныя для строга навуковых рэцензій звароты:



шаноўны дружа, мудры чытач.

6) Былі вынайдзены розныя варыянты напісання слова матэрыял:



матэр’ял, мацерыял.

7) І наогул у чымсьці "шэдэўральныя" сказы:



Часам здаецца, што ты ўсё гэта ведаеш, прычым інтуітыўна (так як там апісаны чалавечыя эмоцыі, іх прырода, "сімптомы" і "што з імі рабіць"), але, калі падумаць, нехта ж павінен быў апісаць і катэгарызаваць усе тыя з’явы ў літаратуры і красамоўстве, якія мы лічым зразумелымі і ўспрымаем як нешта само сабой якое разумеемае.

А гэтак жа невялікі савет, які хацеў бы даць асабіста ад сябе: раю чытаць гэтую кнігу ў цішыні. Так будзе лягчэй зразумець і засвоіць яе матэрыял.

Магчыма, адзначаныя недахопы звязаныя, перш за ўсё, з няведаннем усіх асаблівасцей гэтага жанру, а таксама з недахопам вопыту ў напісанні рэцэнзій. Хочацца падзякаваць аўтарам за іх творы і пажадаць далейшай плённай працы. Бо, як казаў "бацька рускай крытыкі" В. Бялінскі, "заўважыць памылку ў справе – яшчэ не значыць даказаць марнасць самой справы" (малюнак 2). Так, мы знайшлі пэўныя памылкі, але не для таго, каб даказаць марнасць самой справы, а для таго, каб навучыцца правільна ствараць рэцэнзіі, захоўваючы ўсе іх асаблівасці. Бо хто, як ні філолагі, павінны гэта ўмець.




Малюнак 2
З афарыстыкі знакамітага літаратурнага крытыка В. Р. Бялінскага


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка