А адбываецца вось што




Дата канвертавання11.03.2017
Памер37.08 Kb.
Псіхалагічны аналіз у літаратуры– гэта раскрыццё псіхалогіі чалавека ў літаратурным творы. Асабліва паслядоўна праяўляецца ў рэалістычнай літаратуры, дзе чалавек паказваецца глыбока і шматбакова, у разнастайных сувязях з асяроддзем і абставінамі, трактуецца як мастацкі характар.

Асноўны трагедыйны пафас рамана “Пошукі будучыні” Кузьмы Чорнага – украдзенае маленства, украдзеная будучыня. Прасочым, як мастак-псіхолаг раскрывае пафас рамана праз дзіцячую псіхалогію.

Можа, ні ў адным сваім творы К. Чорны не змог так апаэтызаваць само званне чалавека, як гэта зрабіў ён у вобразах “маленькай Волечкі” і Кастуся ў “Пошуках будучыні”.

Героі рамана “Пошукі будучыні” – дзеці Волечка і Кастусь – жыхары беларускай вёскі Сумлічы. Старонкі, прысвечаныя дзіцячым гадам гэтых герояў асветленыя ўсмешкай.

Кузьма Чорны піша пра гэта так, што чытачу зразумела тое, што адбываецца ў душах Волечкі і Кастуся.

А адбываецца вось што.

Выгнанніцкі лёс прывёў хлопчыка Кастуся ў чужую вёску (час дзеяння – першая сусветная вайна). “Гэта быў хлапчук год шаснаццаці. З усяго відно было, што ён гаспадар каня і воза.” (12; 8) З’явіўся ён тут дзіўна і незвычайна: седзячы на труне. Ён вёз бацьку, які памёр па дарозе. На другім канцы труны сядзеў палонны нямецкі салдат. За імі ішоў рускі салдат-канвойны.

Так праз хвілін дзесяць гэтая дзіўная працесія спынілася каля местачковых могілак, за якімі пачыналіся ўжо местачковыя хаты. Хлапчук саскочыў з воза і скамандаваў:



  • Прынясіце рыдлёвак.

Выгляд у яго быў такі, як быццам ён быў вялікі спецыяліст хаваць такім парадкам нябожчыкаў.” (12; 9)

Так праз знешняе дзеянне пісьменнік-псіхолаг выяўляе ўнутраны стан Кастуся: ён застаўся адзін, значыць павінен паводзіць сябе, як дарослы. Цяпер ён павінен аддаць апошнюю даніну памяці свайму бацьку. Хлопец, які рана пасталеў. Рана стаць дарослым яго прымусіла вайна, гэты “страшны злодзей”, які ўкраў у дзяцей маленства, а ў бацькоў дзяцей.

І вось малыя сяляне Волечка і Кастусь гаспадараць.

“ – Давай у два цапы, - сказала Волечка.



  • Куды ты, малая! Нашто табе таміцца! Колькі тут той работы! Глядзі лепш хаты.

Браткі мае, што гэта быў за тон! Можна было падумаць, што ён век яе ведаў і быў блізак ёй. І як гэты тон быў падобен на тон самога Нявады, бацькі, калі, бывала, ён з ласкай загадваў ёй што-небудзь! Апанованая одумам, Волечка і сапраўды пайшла ў хату. Да самага адвячорка яна чула ў хаце, як роўна стукаў на таку цэп.” (12; 23)

А потым яны елі з адной міскі, і абодва не заўважалі, ўто хлеб, няўмела спечаны маленькай гаспадыняй, сыры і кіслы. Гэта дзеці, але гэта і сяляне, усё самае лепшае, што ёсць у чалавека працы, па-дзіцячы наіўна і поўна праяўляецца ў іх.

Кузьма Чорны нездарма выдатны пісьменнік-псіхолаг. Узяць хоць бы сцэну з рамана, дзе Волечка і Кастусь спажываюць кавалак цудам ацалелай на гарышчы каўбасы. Паказаны паводзіны ўжо не дзяцей, але пакуль што і не дарослых людзей… Вось Кастусь, намалаціўшыся да стомы, ідзе ў хату, садзіцца на лаву, бачыць на стале спакуслівую каўбасу, якую яму перад гэтым Волечка прапаноўвала з’есці і ад якой ён адмовіўся, зіркае ў акно – ці няма яе дзе паблізу, адрывае маленькі кавалачак і смакуе. Як паслядоўна, спакойна, запаволена разгортваецца ў гэтым эпізодзе дзеянне! Лагічны і апраўданы ход думак героя. І раптам апаноўвае яго збянтэжанасць, сорам: “Што гэта ён робіць? Яна заўважыць і брыдка будзе перад ёю.” (12; 25) Гэтаксама паводзіць сябе і Волечка. І ёй таксама хочацца есці! І такі ж самы святы сорам агортвае дзяўчо: а што скажа “гаспадар”, мужчына, малацьбіт, што ён пра яе падумае.

Цэлую гаму перажыванняў рана пасталелых, пазбаўленых нармальнага дзяцінства і юнацтва ці то дзяцей, ці то дарослых паказвае пісьменнік. Ён засяроджваецца на адлюстраванні найдрабнейшых рысаў паводзін герояў, дэталяў побыту – стараецца ў кроплі ўбачыць цэлы свет. І ўвесь свет сатканы менавіта з такіх каларытных, псіхалагізаваных сцэн.

Золата графа Паліводскага, якое праз палоннага немца трапіла да Волечкі і Катуся, так і засталося сярод усякіх непатрэбных дробязей у хаце побач са старой вілкай, цвікамі і рознымі анучамі. Тое, вакол чаго дробныя і злыя душы спраўляюць дзікі танец зайздрасці і жорсткасці, не мае ніякой каштоўнасці для Волечкі і Кастуся. “Залатыя гадзіннікі , пярсцёнкі і крыжык ляжалі на стале, і двое маладых людзей, якія стаялі яшчэ перад векам сваім і толькі што выходзілі яшчэ са свайго маленства, не ведалі, што рабіць з гэтым золатам. Можна сказаць, што яны не ведалі і цаны яму.” (12; 22) Іх не мучылі ні зайздрасць, ні злое незадавальненне, ні пачуццё таго, што ім усяго мала. І яны былі шчаслівымі ў гэтым першазданным жыцці. “Праца ўраўнаважвала яго [Кастуся] душу. …Чалавек меў радасць ад усяго таго, што рабіў кожны дзень. Так гартавалася яго дужасць.” (12; 41) “А хіба яна ці не хацела быць гаспадыняй? Яна жыла так як жылося. Яны абое належалі да таго пакалення, якое не ведала сапраўднага маленства. Але перад імі стаяла ўжо іхняя маладосць.” (12; 41)

Так Кастусь І Волечка па-свойску робяць выбар будучыні, якой яна павінна быць на іх думку.



У герояў рамана жыццё не вельмі багатае на знешнія радасці, так як многа для іх у жыцці неўладкаванасці. Тым больш багатыя яны на ўнутраныя адчуванні. Няхай яны датычацца побыту (радасць ад працы, ад жадання быць патрэбным тут, блізкаму чалавеку), але яны даюць паўнацэннае адчуванне жыцця.

Вобразы падлеткаў Кастуся і Волечкі напісаны з такой замілаванасцю, іх псіхалогія раскрыта настолькі шматгранна, што яны могуць стаць побач з вядомымі мастацкімі тыпамі, створанымі ў літаратуры.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка