А. У. Сузько (Мазыр) да праблемы рэцэпцыі м. Танкам антычнай філасофскай І тэарэтыка-літаратурнай думкі




Дата канвертавання18.01.2017
Памер81.11 Kb.
А. У. Сузько (Мазыр)
ДА ПРАБЛЕМЫ РЭЦЭПЦЫІ М. ТАНКАМ АНТЫЧНАЙ ФІЛАСОФСКАЙ І ТЭАРЭТЫКА-ЛІТАРАТУРНАЙ ДУМКІ
Ужо з самага пачатку дыяпазон творчых арыенціраў М. Танка пашыраўся і ўзбагачаўся за кошт яго звароту да сусветнага мастацкага вопыту. Менавіта польская культура і літаратура, на думку А. Лойкі, паспрыялі творчаму росту маладога паэта: “Паэтам высокай культуры еўрапейскага маштабу... М. Танк стаў праз сваю далучанасць да польскай паэзіі ХХ стагоддзя, праз сваю любоў да яе і запрыязненасць з яе творцамі” [1, с. 160]. Слыннымі настаўнікамі, аднадумцамі, а часам і апанентамі для творцы становяцца і славутыя асобы Антычнасці: Гамер, Платон, Арыстоцель, Дыяген, Авідзій, Гарацый і іншыя. Дзеля ўласнага творчага сталення, выпрацоўкі ўласнай мастацкай праграмы, жыццёвага крэда варта было прыслухацца да мудрай даўніны, бо “ўсвядомленыя пераклічкі з сучаснікамі і папярэднікамі – своеасаблівая форма праяўлення арыгінальнасці паэтычнага мыслення, а значыць, і спасціжэння наватарства” [2, с. 258]. У танкаўскіх узаемадачыненнях са светам агульначалавечых духоўных пошукаў рэалізуецца “ідэя культурнай, мастацка-эстэтычнай агульнасці літаратур” [3, с. 258].

Танкаўскі зварот да вопыту папярэднікаў Д. Бугаёў трактуе наступным чынам: “М. Танк актывізуе поле выразнасці беларускай паэзіі. Тое ж можна сказаць і пра нярэдкія ў паэта вершы, створаныя на аснове біблейскіх выслоўяў або адштурхоўвання ад іх, на аснове філасофскіх і не толькі філасофскіх сентэнцый антычных аўтараў, нечым адметных выказванняў многіх літаратараў пазнейшых часоў і іншых рэалій самага разнастайнага характару, якія дае сучасная культура, цывілізацыя ў распараджэнне вельмі ўдумлівага, надзвычай цікаўнага і дасведчанага чалавека, надзеленага здольнасцю з усяго здабываць сапраўдную паэзію” [4, с. 256].



Разважаючы пра спецыфіку мастацкай творчасці, месца і ролю паэта ў грамадстве, М. Танк неаднаразова звяртаўся да вопыту і філасофскіх высноў Платона. Як сведчаць даследчыкі, “у юнацтве Платон займаўся паэзіяй” [5, с. 377], пакуль не напаткаў Сакрата, што прывабіў яго апантанымі пошукамі ісціны. У творчай спадчыне Платона з’яўляецца філасофскае абгрунтаванне неабходнасці і спецыфікі паэтычнай дзейнасці. Выключнай патрабавальнасцю да паэзіі як да своеасаблівай формы прамаўлення ісціны вызначаецца асоба М. Танка. Высокі сэнс паэзіі патрабуе ад мастака напружанай працы, духоўнага і фізічнага самаахвяравання. Творцу ніколі не задавальняў нізкі мастацкі ўзровень паэзіі. Таму яго заўсёды турбавала становішча, калі паэтаў-пачаткоўцаў, што авалодалі толькі чыста механічнымі навыкамі вершаскладання, называлі класікамі, геніямі. Такую сітуацыю назіраў М. Танк ва ўмовах заходнебеларускай рэчаіснасці, калі крытыкі фармальна ставіліся да ацэнкі паэтычных вопытаў сучаснікаў маладога паэта, ацэньвалі іх па “мясцовых” мерках, у лакальным маштабе – па-за кантэкстам сусветнай літаратуры. Свой роздум паэт занатаваў на старонках “Лісткоў календара”: “Наш засцянковы патрыятызм узвёў у стан святых і геніяў вельмі шмат пасрэдных вершаплётаў, даўшы іх творам завышаныя ацэнкі, гучна спраўляючы 5-10-20-годдзі іх “плённай” літаратурнай дзейнасці. Мо таму “не разумеюць” нас і мала цікавяцца намі на шырокім свеце. Amicus Plato...” [6, с. 158]. Невыпадкова паэт у пошуках падтрымкі сваім перакананням прывёў афарызм, дзе згадваецца Платон. Выкарыстоўваючы пачатак славутага выказвання Арыстоцеля аб прыярытэце, перавазе ісціны нават над сяброўствам, М. Танк падкрэслівае сваю заклапочанасць станам сучаснай заходнебеларускай літаратуры. У свой час антычны філосаф-мастак выступіў супраць прапагандаванай сафістамі тэорыі навучання мастацтву. Даволі часта, як лічыць Платон, блытаюць творчасць з вядомым тэхнічным ці фармальным спрытам, што складае адну з умоў творчасці, але яшчэ не атаясамліваецца з самой творчасцю. Менавіта на гэтай блытаніне засноўваецца, па Платону, памылковая думка пра магчымасць навучання творчасці. Тут магчымасць навучання вядомым тэхнічным дзеянням памылкова прымаецца за магчымасць навучання самому мастацтву – як творчасці. Гэтае адрозненне Платон вызначае ў сваім дыялогу “Федр”. Так, разважаючы пра далікатнасць прызнаных майстроў справы ў дачыненні да ацэнкі спробаў пачаткоўцаў ці звычайных дылетантаў, Платон вуснамі Сакрата гаворыць: “Так знаўца музыкі пры сустрэчы з чалавекам, які лічыць сябе дасведчаным у гармоніі толькі таму, што ён здольны настройваць струну то вышэй, то ніжэй, не скажа груба: “Бядак, ты, напэўна, з’ехаў з глузду”, – а, наадварот, вельмі мякка, як належыць чалавеку, што мае дачыненне да музыкі: “Паважаны, канешне, і гэтым неабходна валодаць таму, хто збіраецца займацца гармоніяй. Аднак такому, як ты, няведанне гармоніі ніколькі не перашкаджае: у цябе ёсць неабходныя папярэднія звесткі па гармоніі, але самой гармоніі ты не ведаеш” [7, с. 240]. Вось такой аб’ектыўнай, сумленнай ацэнкі бракуе творам так званых “класікаў”. М. Танк бярэ як зыходны тэзіс Платона, тым абапіраючыся на Антычнасць, паказваючы шырыню свайго яе ведання. Таму так самаўпэўнена і нахрапіста імкнуцца яны дасягнуць вяршыні літаратурнага Парнаса, дыскрэдытуючы ў вачах свету нацыю і паэзію як асаблівую сферу духоўнай дзейнасці. Боль за здзек з жывога паэтычнага слова ўласцівы М. Танку ад першых вершаваных паэтычных вопытаў і да апошняга радка (“Парады”, “Пачатак оды”, “Эпітафія” і інш.). Дарэчы, такой жа строгасцю і патрабавальнасцю вызначаецца М. Танк у ацэнцы ўласнага даробку. Слушна даводзіць Г. Тычка: “Здаецца, сёння ніводзін з самых прыдзірлівых спецыялістаў-даследчыкаў не быў такім строгім літаратурным суддзёй паэта, як сам М. Танк” [8, с. 6]. Такім чынам, як і Платон, вызначальнымі для сапраўднай паэтычнай творчасці беларускі мастак лічыў талент і напружаную працу пры спасціжэнні законаў і таямніц мастацтва.

Думкі і развагі Платона – сярод творчых арыенціраў М. Танка. Яны даволі часта выступаюць у ролі фундамента або структурных кампанентаў універсальнага мастацкага мыслення паэта. Так, у запісной кніжцы маладога Танка, паводле “Лісткоў календара”, была занатавана наступная цытата з Платона: “Перад вялікім паэтам станем на калені, як перад з’явай рэдкай, светлай і цудоўнай, але не дазволім яму застацца сярод нас” [9, с. 143].

“Дысідэнтамі”, выгнаннікамі становяцца паэты ў ідэальнай дзяржаве, вобраз якой створаны Платонам у яго філасофскіх трактатах “Дзяржава” і “Законы”. Паводле яго вучэння, існуе свет вечных нязменных ідэй, якія праліваюць сваю энергію на матэрыяльны свет. Аднак свет матэрыяльнага не можа быць дасканалым, паколькі ідэі, з’яўляючыся ідэалам для яго, увасабляюцца ў мностве рэчаў заўсёды паасобку, часткова. Адсюль уяўленне філосафа пра пачуццёва ўспрымальны свет як пра слабое адлюстраванне вышэйшага абсалютнага ідэалу, які ён называе дабром, дэміургам. Калі матэрыяльны свет ёсць толькі адлюстраванне свету ідэальнага, а мастак і паэт у сваіх творах імкнуцца пераймаць рэчы, узнаўляць іх як можна больш жыццёва, то іх майстэрства фальшывае, бо пераймае тое, што само з’яўляецца толькі прыблізнай копіяй вышэйшых ідэй. Мастацтва павінна быць большым, чым копія. Але глыбокая праўда не патрэбна “неідэальным” уладарам звычайнай дзяржавы. Яны гоняць паэтаў, таму нават вялікі Гамер павінен быць выгнаны за сцены горада, якім кіруюць філосафы. Дарэчы, сам Платон ледзь не стаў ахвярай свайго праекта, спрабуючы рэалізаваць яго пры двары сіракузскіх тыранаў Дыянісія Старэйшага і Дыянісія Малодшага. Па загаду аднаго з іх філосафа прадалі ў рабства.

Філасофскія высновы грэчаскага мысляра М. Танк праецыруе на сучаснасць: “Па тым, што нас, паэтаў, // Не выганяюць, а нат запрашаюць // На розныя фэсты, // Урачыстасці, юбілеі, // Мяркую, паводлуг Платона, // Што мы яшчэ жывём // Не ў ідэальнай дзяржаве” [10, с. 252].

Ідэальная дзяржава, распазнаўшы сапраўдны сэнс творчасці паэтаў (і М. Танка, і яго паплечнікаў), выгнала б іх. Значыць, дзяржава, як апарат падаўлення індывідуальнай волі, варожая паэтычнай дзейнасці. Верш прымушае паразважаць пра маральны статус творчага чалавека. Раз запрашаюць – значыць, мы хлусім, ліслівім, ману выдаем за праўду. Крывадушша садзейнічае стварэнню літаратуры нізкага мастацкага ўзроўню, дыскрымінацыі высокага прызначэння творчай дзейнасці.

Усведамленне М. Танкам балючасці праблемы ўзаемаадносінаў творчага чалавека і ўлады кіруюць паэтам пры асэнсаванні трагічнага лёсу польскага паэта ХІХ стагоддзя Ц. Норвіда, які быў непрызнаны пры жыцці і атрымаў славу пасля смерці. Невыпадкова М. Танк праводзіць гістарычную паралель з Сакратам, які быў пакараны смерцю за крытыку традыцыйнай рэлігіі і “шкоднае” ўздзеянне на моладзь. Справа не толькі “ў падабенстве лёсаў, а яшчэ і ў агульным сацыяльна-палітычным фоне для творчасці” [11, с. 26]. Аказваецца, дзеля таго, каб атрымаць прызнанне на радзіме, трэба прайсці праз вялікія пакуты і загінуць: “Чым ты, Сакраце, Афіны праславіў, // Што залаты бюст табе люд паставіў, // Перш атруціўшы?..” [12: Т.4: 671]. Мёртвы мастак-прарок ужо не ўяўляе пагрозы для рэжыму, сістэмы, а таму – хто хоча, ушаноўвай!

Адна з самых вялікіх трагедый ХХ стагоддзя адлюстравана М. Танкам у вершы “Калі эсэсаўцы расстрэльвалі Венгерку...”. Крушэнне чалавечай веры суадносіцца з антычнай трагедыяй, тэорыю якой распрацаваў Арыстоцель як тэорыю катарсісу. Катарсіс, што з’яўляўся адначасова і канчатковай мэтай трагедыі і яе спецыфічнай функцыяй, разумеўся філосафам як ачышчэнне праз эмоцыі шляхам іх абуджэння. Выклікаць адпаведныя эмоцыі абавязана была фабула. Да найбольш “трагічных” тэм, на думку мысляра, належалі апавяданні пра пакуты з няшчасным фіналам, дзе ўсё адбываецца нечакана для дзеючых асоб, дзе бяда ўзнікае як вынік чалавечай памылкі, а не звычайнага выпадку. Антычны матыў “трагічнай памылкі”, калі вытокі памылковых паводзінаў героя знаходзяцца не ў яго амаральнасці, а ў няведанні, абыгрываецца і ў танкаўскім творы. Арыстоцелеўская эстэтыка спрыяе актуалізацыі праблемы расчалавечвання чалавека, а таксама страты ім веры, душэўнай апоры ў ХХ стагоддзі. Трагічна памыляўся Венгерка, калі спадзяваўся, што “сумленне катам не дасць спакою, будзе іх трывожыць, як хор у старажытнай грэчаскай камедыі” [13: Т.3: 196]. Фашызм, што ў сваіх мэтах выкарыстаў ідэю Ніцшэ пра Звышчалавека, закрэсліў мараль увогуле, тым больш такія этыка-філасофскія катэгорыі, як сумленне, міласэрнасць, суперажыванне. Бескантрольнасць з боку Бога, права на забойства сталі нормай жыцця. Злачынства фашыстаў было агрэсіяй супраць усёй гуманістычнай культуры, выпрацаванай чалавецтвам на працягу тысячагоддзяў. Таму і “расстраляны ўсе харысты Сафокла, Эўрыпіда...” [14: Т.3: 196]. Такім чынам, М. Танк апелюе да глыбока гуманістычнай культуры Антычнасці з мэтай абароны чалавечнасці, пошукаў і сцвярджэння чалавечага ў чалавеку.

У эпоху элінізму побач з абагаўленнем царскай улады адбываўся працэс самасцвярджэння асобы. Так, філасофская школа кінікаў, самым яркім прадстаўніком якой з’яўляўся Дыяген, выступала з пропаведдзю жыццёвага аскетызму, што выхоўваў незалежнасць і сілу духу. Дзеянні і ўчынкі Дыягена былі, па сутнасці, “выклікам, кінутым бязлікаму натоўпу” [15, с. 80]. Гуманістычнае сцвярджэнне чалавечай асобы, самаахвяраванне ў пошуках чалавечнага ў чалавеку прываблівае М. Танка ў асобе Дыягена (“Дыялог з Дыягенам”). Дэфіцыт чалавечнасці, халоднасць часу, калі хрушчоўская “адліга” змянілася жорсткімі, антыгуманнымі “маразамі”, вымагалі апеляцыі і М. Танка да гуманістычнай культуры Антычнасці. Дзеля надання характару Дыягена драматургічнай выразнасці ён шырока карыстаецца дыялогам. Пошукі чалавека з ліхтаром пры дзённым святле закончыліся для антычнага філосафа трагічна, выгнаннем з радзімы. Думкі аб ненармальнасці грамадства, што трымае чалавека “у турме пад стражай”, аб супрацьстаянні ўлады і творчага чалавека, аб незапатрабаванасці сапраўднага таленту ў сваёй краіне заўсёды актуальныя.

Такім чынам, М. Танк творча выкарыстоўваў вопыт антычных філосафаў і тэарэтыкаў літаратуры.

___________________________________

1. Лойка А. У Максіма Танка ёсць усё // Лойка А. Галгофа / А. Лойка. – Слонім: Слонім. друк., 2001.



  1. Івашын В. У кантэксце мастацкіх культур / В. Івашын. // Полымя. – 1998. –№ 12.

  2. Тамсама.

  3. Бугаёў Д. Паэзія Максіма Танка. – 2-е выд., дап. і перапрац / Д. Бугаёў. – Мн.: Бел. навука, 2003.

  4. Радциг С. История древнегреческой литературы. – 3-е изд. / С. Радциг. – М.: Высш. шк., 1969.

6. Танк М. Лісткі календара / М. Танк. – Мн., Беларусь, 1970.

  1. Платон. Избранные диалоги. / Пер. с древнегреч. / Под общей ред. С. Апта, М. Грабарь-Пассек, Ф. Петровского. – М.: Худ. лит., 1965.

  2. Тычка Г. Сум па добрых вершах: Максім Танк пра літаратуру / Г. Тычка. // ЛіМ. – 1998.

9. Танк М. Лісткі календара / М. Танк. – Мн., Беларусь, 1970.

10. Танк М. Збор калосся: Вершы / М. Танк. – Мн.: Маст. літ., 1989.



  1. Лявонава Е. “За рубеж чалавечага слова”: Вытокі эстэтычнага універсалізму Уладзіміра Жылкі // Лявонава Е. Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і еўрапейскі літаратурны вопыт: Дапаможнік для студэнтаў філал.фак. / Е. Лявонава. – Мн., БДУ, 2002.

12. Танк М. Збор твораў: У 6 Т. / М. Танк. – Мн.: Маст. літ., 1978 – 1984. – Т. 4.: Вершы. 1964– 1976. – 1979.

13. Танк М. Збор твораў: У 6 Т. / М. Танк. – Мн: Маст. літ., 1978 – 1984. – Т. 3.: Вершы. 1954– 1964. – 1979.



14. Танк М. Збор твораў: У 6 Т. / М. Танк. – Мінск: Маст. літ., 1978 – 1984. – Т. 3.: Вершы. 1954– 1964. – 1979.

  1. Голосовкер Я. Логика мифа / Я. Глосовкер. – М.: Наука, 1986.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка