А. Ю. Гарбачоў (Мінск) паэзія в. Гадулькі




Дата канвертавання01.01.2017
Памер93 Kb.
А. Ю. Гарбачоў (Мінск)
ПАЭЗІЯ В. ГАДУЛЬКІ
Творчасць мастака з’яўляецца вобразным увасабленнем яго светапогляду. Форма, праз якую перадаецца светапогляд творцы, адлюстроўвае яго псіхалагічны стан, або, дакладней кажучы, якасць яго светаадчування. Светаадчуванне Васіля Гадулькі, калі гаварыць пра яго без канкрэтызуючых нюансаў, было трагічным. У беларускай літаратуры Гадулька з яго амаль нязменнай і чыстай нотай роспачы існуе паасобку. Ён адзінокі тут, якім быў і пры жыцці. І першае памкненне даследчыка – паспачуваць гаротнаму паэту. Без гэтага нельга: сапраўдны даследчык не бывае бяздушным, але нельга і абмяжоўвацца пачатковым крокам, каб не патрапіць у пастку усепаглынальнага і таму бяздумнага трагізму, куды нас міжволі запрашае Гадулькава лірыка.

Паэзія ёсць стыхія пачуццяў, у якой сэнсу ніколі не адводзіцца галоўная роля. Аднак сказанае не азначае, быццам паэзія наогул пазбаўлена змястоўнасці. Не, гаворка ідзе толькі пра меру наяўнасці сэнсу ў лірычным тэксце, меру, якая ў кожнага творцы свая, індывідуальная. Гэтая заканамернасць вымушае нас звярнуць увагу на тое значэнне, якое надае сэнсаваму складніку паэзіі менавіта Васіль Гадулька. У яго лірыцы прысутнічае яскрава выражаны філасофскі аспект. Так, у вершы «Годзе мудраваць: дачка хлусні...» паэта абурае «канчатковай ісціны бясспрэчнасць» [1, с. 103], таму ён скептычна ставіцца да розуму і магчымасцяў пазнання: «Розум! Ён жа першы б’е ў званы: // адкрыццё зрабіў. А гэта значыць – // цудаў стала менш. Але ж яны // побач з ім! Ды розум іх не бачыць» [тамсама].

Звужаючы пазнавальны рэсурс да ўзроўню лакальных адкрыццяў, Гадулька разам з тым прыпісвае розуму гнасеалагічную блізарукасць. Што ж – у разнастайных формах (ад тактоўна-адхіленай да сатырычнай або горка-іранічнай, як у нашым выпадку) трэціраваць пазнанне і яго інструмент сярод паэтаў заўсёды хапала ахвотнікаў. Але асаблівую цікавасць выклікае пытанне аб іх канструктыўнай праграме, аб альтэрнатыве, якую яны супрацьпастаўляюць відавочнай для іх недасканаласці розуму і пазнання.

Гадулькава версія строга містычная і паэтычная; яна добра знаёмая і не прэтэндуе на філасофскую вышыню: «Праўду знаюць толькі камяні. // Ім аб ёй напамінае Вечнасць» [тамсама]. Акрамя таго, сфармуляваная гэтая максіма так, што незразумела, хто валодае праўдай: камяні ці Вечнасць? паасобку ці разам? А вось яе ўдакладняючы працяг: «Мозг у чалавека не такі: // згустак болю – кожная ў ім жылка» [тамсама].

У прыведзеных радках выразна вызначана светапоглядная пазіцыя В. Гадулькі: чалавек не ведае праўды, ён гнасеалагічна бяссільны, ён – перш-наперш істота для перажывання пакуты. У цэлым такую пазіцыю можна ахарактарызаваць як экзістэнцыялісцкую, але гэтая выснова ўсё ж даволі павярхоўная, бо яна дазваляе выявіць спецыфіку гадулькаўскай творчасці толькі ў самых агульных рысах.

Дададзім яшчэ адзін штрых, які тычыцца стаўлення мастакоў да гнасеалагічнай праблематыкі. Якасць гэтага стаўлення з’яўляецца фундаментальнай, бо ёю ўрэшцерэшт вызначаецца мастацкая вартасць творчасці. За пагарджанне «праклятымі пытаннямі» і за недастаткова глыбокія адказы на іх паэт плаціць тым, дзеля чаго піша, і роўна ў той меры, у якой яго светапогляд недасканалы.

Васіль Гадулька лічыць выратавальным ірацыянальны спосаб існавання і пераканана адстойвае яго гегемонію: «Няведанне ратуе нас – // дае нам жыць і спадзявацца...» [1, с. 88]. Такім чынам сродкамі культуры – арсеналам паэзіі і разважаннямі на філасофскія тэмы – аснова культуры адсоўваецца на перыферыю чалавечага быцця. А што ўзамен? На гэтае пытанне дае адказ ужо працытаваны верш «Чорная госця». У ім аўтар, выкарыстаўшы фабульную канву балады амерыканскага паэта Эдгара По «Крумкач», прыходзіць да ўласнай высновы: «...няма куды дзявацца // ад жудаснага адкрыцця, // калі знянацку – таямнічы // ў тваіх вачах – падман жыцця // ў пачварным паўстае абліччы» [тамсама]. Тут праўда паэта лакальная, таму што пазнанне звязана з адкрыццём не толькі змрочных, але і светлых бакоў быцця. Аднак Гадульку мала цікавяць апошнія; ён – пясняр роспачы і носьбіт апакаліптычнага светаўспрымання.

Гадулька бліскуча валодае майстэрствам увасаблення трагічнага зместу, і ў гэтым яму дапамагае крыштальная шчырасць інтанацыі. Для яго «Памяць сэрца – крыніца пакут невычэрпных, // успамінаў аб страчаным шчасці нясцерпных» [1, с. 91]. І нават калі паэт пачынае распавядаць пра штосьці светлае, кожны, хто знаёмы з яго творчасцю, ужо чакае пераходу да адценняў цемры і амаль ніколі не памыляецца. Верш «Люба мне, калі ў прыціхлым садзе...», у якім чуецца адгалосак ясенінскага смутку, – паказальны прыклад лірычных разважанняў В. Гадулькі. Пачатак – урачыста-элегічны. Такая інтанацыя характэрна для стылю паэта, ёю прасякнута лепшае з яго творчай спадчыны: «Люба мне, калі ў прыціхлым садзе // ў кронах дрэў не згас яшчэ агонь. // Ліст пажоўклы прыляціць і сядзе // матыльком на золкую далонь» [1, с. 49].

Аднак у другой страфе адбываецца інтанацыйны пералом і змена настрою. Аўтар уздымаецца да паэтычнага абагульнення, у якім выяўляецца прыхільнасць да апакаліптычнага светаўспрымання: «Ветрык з ім свае спыняе гульні... // Ці не для таго, каб нагадаць: // усяго жывога лёс агульны – // пакрысе мярцвець і ападаць?» [тамсама]. «Ласкавае» слова «ветрык» узмацняе сэнсавы кантраст паміж зместам пачатковай і наступных строфаў. Нельга сказаць, што Гадулька радыкальна не заўважае светлых фарбаў жыцця, але з яго пункту гледжання «час цвіцення – лічаныя дні» [тамсама] і ніяк інакш. На такой падставе ў вершы праводзіцца паралель паміж знікненнем апалых лісцяў («...пад гоман маладой лістоты // леташняй не ўспомняць карані» [тамсама]) і незайздроснай будучыняй лірычнага героя («я ў сваіх нашчадках не ўваскрэсну: // кожны з нас – апошні на Зямлі» [тамсама]). Праніклівая афарыстычнасць – яшчэ адна грань таленту паэта – узмацняе эмацыйнае ўздзеянне яго меркаванняў.

Творчае крэда В. Гадулькі, канешне ж, паходзіць ад яго светапогляду і таксама абумоўлена песімізмам (у паэта і пейзаж – пераважна начны і асенні). Нават прыгожы верш з аднайменнага твора «...ўспыхнуў і згарэў // феерверкам асляпляльных промняў // і нікому сэрца не сагрэў, // і ніхто нічога не запомніў» [1, с. 122]. Тут відавочна расчараванне рамантыка ў неабходнасці паэзіі. Прыгажосць, якая паводле Шылера павінна была ратаваць свет, у Гадулькі марна знікае ў агні. Вядома, што рамантык – гэта зачараваны цынік, а цынік – расчараваны рамантык. Але Гадулька пры ўсіх яго расчараваннях ніколі не спакушаецца ступіць на тэрыторыю цынізму. І гэта ратуе душу паэта ад самавынішчэння і дорыць яго лірыцы непадробленую празрыстасць. Але да яе Гадулька рухаецца складанымі шляхамі.

У вершы «Да крытыкаў» заклік да аб’ектыўнасці («Не дагаджайце. Патрабуйце, // каб песня песняю была...» [1, с. 48]) змяняе затоеная скарга на нялёгкую долю паэта, якая гучыць быццам «А вы могли бы?» Маякоўскага на беларускі лад: «А лепей самі паспрабуйце // вырошчваць кветкі – без святла» [тамсама]. Варта ўвагі тое, што ў гэтых словах перададзены не толькі вядомая і чаканая аўтарская ўстаноўка на творчае пакутніцва, але і пратэст супраць цемры. Нават жывучы ў змроку, паэт не згодзен ні на які іншы занятак, апроч культывавання прыгажосці. Трагічная муза Васіля Гадулькі імкнецца да святла.

Насамрэч гадулькаўская трагедыйнасць, нягледзячы на яе распаўсюджанасць, не з’яўляецца інфернальнай. Яе зброя – ваяўнічасць і інвектыўнасць – прымяняецца не вельмі часта, хаця і трапна. Гадулька ўражвае і сваёй магутнай роспаччу, і сваімі выпадамі супраць вяршыцеляў зла. Ім ён адмаўляе калі не ў праве «людзьмі звацца», то ва ўласнай паэтычнай прыхільнасці (верш «Неспакой»): «Мне б свой край апяваць. // Ад Заходняй Дзвіны і да Брэстчыны // мне б прайсці і з надзеяй // заглянуць у кожны куток, // а я бачу вялізны натоўп // прагавітых, нахабных, разбэшчаных // і ласкавага слова для іх не знайду // і не ўцісну ў радок» [1, с. 60]. У вершаванай алегорыі «Шахматы і жыццё», відавочна напісанай Гадулькам пад уражаннем песень Высоцкага «Честь шахматной короны» і «Баллады о короткой шее», берасцейскі паэт бязлітасна ганіць злыдняў, жыццёвая тактыка якіх нагадвае яму зігзагі шахматнага каня. Гэты персанаж «...заўжды гатовы // па загаду з пенай на губе // і сягаць наўпрост цераз галовы, // і таптаць слабейшых за сябе» [1, с. 107].

Аднак часам гадулькаўская інвектыўнасць амаль губляе мяжу паміж дабром і злом, і тады паэт рызыкуе скаціцца ў небяспечную бездань. У вершы «Самагубцы» ён, на першы погляд, дыскрэдытуе прагу да жыцця і ўсхваляе смерць як збавіцельку ад пакут: «У проціборстве сіл дабра і зла // тупы інстынкт цярплівасці жывёльнай // не спрацаваў – душа перамагла, // і суджана ёй стаць, як птушцы, вольнай» [1, с. 106]. Сімптаматычна, што ў прыведзеных радках перамога душы (мацнейшай аказалася яна, а не нібыта абмежваны розум) не становіцца перамогай дабра. Але зыходны аўтарскі намер не быў злавесным, і Гадулька пацвярждае гэта фінальнымі радкамі, у якіх дасягаецца галоўная мэта верша, аснова яго мастацкай сілы, – рамантызацыя пакутнікаў лёсу: «Уцеклых не ў выратавальны сон, // а ў Вечнасць, у якой свае законы, // іх возьме Ноч пад зорны парасон // і зберажэ ад глуму іх імёны» [тамсама].

Матыў спачування ахвярам людзей і лёсу – скразны ў творчасці Гадулькі і спалучаецца з уласцівым мастаку пачуццём справядлівасці («…не для ўсіх прыносіць радасць сонца, // калі яно ўзыходзіць не для ўсіх» («Ранак у лесе») [1, с. 101]), а таксама з той наіўнасцю светапогляду, якая характарызуе людзей чулых і незласлівых. Паэт спачувае жывым істотам («Чорны кот», «Смерць») і нават «...звычайнай пешцы, // што заўжды трапляе ў лік ахвяр...» («Шахматы і жыццё») [1, с. 107]. Але ўсё гэта – праекцыя адносін да людзей, бо праз сэрца паэта праходзіць усё чалавечы боль. І такая ўспрымальнасць часта выклікае трагічныя наступствы. Вострае перажыванне паўсюднай несправядлівасці адмоўна ўплывае на настрой паэта. Таму не дзіўна, што стан спліну вельмі добра знаёмы паэзіі Гадулькі («Крытычны ўзрост», «Вецер вішчыць, як паранены вепр...», «Зноў з-за хмаркі выплыў месяц...»). Іншы раз нават пейзажныя замалёўкі ў яго становяцца змрочна-пагрознымі. Месяц, які выпраменьвае халоднае святло, успрымаецца паэтам як сімвал сусветнай адчужанасці і таму выклікае жахлівае параўнанне («Начны трыпціх»): «Месяц угары – нібы тапелец, // што з глыбокай чорнай прорвы выплыў» [1, с. 52].

У цяжкія хвіліны жыцця лірычны герой В. Гадулькі горка наракае на сваю долю, аднак пры гэтым нікому не пасылае папрок («Зноў душу апякае ўспамінам...»): «...маю тут свой куток і ў кутку тым // мушу, сын шматпакутнай зямлі, // зноў і зноў заставацца – прыкуты // лёсам продкаў да чорнай раллі» [1, с. 81]. Вельмі важныя для разумення трагедыйнасці гадулькаўскага светаадчування матывы нездзяйсняльнасці і падманлівасці кахання, ключавыя ў інтымнай лірыцы паэта («Рака», «Не выдумляй, што для цябе я не памру...», «Ноч пакінула цёмны закутак...», «Вэртумн і Памона», «Гамер і Гелена», «Зорка радасці»). Ён лічыць: «Каханне – гэта светлы сон душы» («Санет II») [1, с. 96] – і пераносіць сваю мару аб гэтым пачуцці ў трансцэндэнтную сферу («Сустрэнемся мы ў іншым тым жыцці, // дзе нас з табой нішто ўжо не разлучыць» («Развітанне») [1, с. 51]). І ўсё ж паэтава душа жыве надзеяй на каханне («На хвалях пяшчоты...», «Усміхніся»), а яго прага пульсуе ў хвалююча-эратычным вершы «Спёка».

Магістральную сувязь з жыццём самотны лірычны герой Гадулькі падтрымлівае праз любоў да Радзімы. Ён не афішуе свае патрыятычныя пачуцці, а проста жыве на роднай зямлі і дыхае родным паветрам. Пра многае сведчаць арганічная злітнасць яго душы з беларускай прыродай і клапатлівая дэталёвасць, з якой у Гадулькавых вершах абмаляваны лясны і раўнінны берасцейскі пейзаж. Пра запаветнае – пра сваю непарыўную сувязь з Радзімай – паэт гаворыць у звыклай для сябе алегарычнай манеры: «...хай кропелькай сонца згублюся ў траве – // мне ў памяці жыць, покуль дрэва жыве» («Роднае дрэва») [1, с. 50]. І хаця ён расчараваны ў магчымасці асабістага шчасця, аднак верыць у годную будучыню свайго народа: «Пачакай: яшчэ сонца выгляне. // Сонца выгляне – будзем жыць» («Па-над хатамі, па-над гумнамі...») [1, с. 51].

Безумоўна, у лірыцы Васіля Гадулькі ёсць і недахопы. У яго крыху прамалінейна і прастадушна ўвасобленыя грамадзянскія матывы («Голас», «Па-над хатамі, па-над гумнамі…», «Неспакой»), не заўсёды ўдалым бачыцца пераасэнсаванне «вечных тэм» і вядомых сюжэтаў («Вертэр, Ева і Дон Жуан», «Ранкам клён зялёны на маім падворку…»). Не на вышыні свайго таленту паэт і ў творы буйнага жанру – «Паэме без назвы». Аднак пералічаныя хібы не фатальныя. Яны – знакі неўсталяванасці паэтычнага майстэрства, а не творчай нямогласці. Няма сэнсу засяроджвацца і на недасканаласці стылю некаторых вершаў Гадулькі: гэта не столькі індывідуальны, колькі аб’ектыўны недахоп, бо ў прыватнасці такім чынам на літаратуры адбіваецца незавершанасць станаўлення мовы і нацыі.

Што ж тычыцца песімізму, эмацыйнай квінтэсенцыі Гадулькавай паэзіі, то ён – таксама з’ява пераважна агульнага плана, дакладней, характарыстыка самаадчування беларуса. Дарэчы, цёзка берасцейскага паэта Быкаў – чалавек і пісьменнік сонечнай душы, якога тым не менш цяжка назваць аптымістам. Але галоўнае, што аб’ядноўвае такіх розных творцаў – празаіка Васіля Быкава і паэта Васіля Гадульку – гэта тое, што, кожны па-свойму, яны прыкмецілі ў беларускім менталітэце яго станоўчую рысу: глыбока затоеную («партызанскую») цягу да святла ва ўмовах навакольнага змроку. Своеасабліва гэты момант адлюстраваны ў вершы «Увосень», адным з лепшых узораў Гадулькавай лірыкі. Абраны аўтарам энергічна-працяжны пяцістопны анапест дакладна адпавядае высокаму ладу паэзіі. Гарманічны па зместу і форме, верш «Увосень» вылучаецца сваёй пранікнёнай канцоўкай: «Крывяню сабе вусны // калінавай ягадай спелаю. // П’ю ляснога паветра // духмяны смалісты настой. // І ўплятае мне восень // яшчэ адну нітачку белую – // урачыстага смутку – // у мой жураўліны настрой» [1, с. 105].

Ёсць такое імя ў беларускай літаратуры – Васіль Гадулька. І яно – адметнае. Творчасць паэта кранае чулае сэрца, а беларусам, акрамя іншага, нагадвае пра іх духоўную непаўторнасць. У айчыннай паэзіі застанецца каштоўны здабытак Гадулькавай музы – светлая ўрачыста-элегічная нота, прысвечаная любай Радзіме.

______________________________



1. Гадулька, В. Голас / В. Гадулька; уклад. Л. М. Голубовіча. – Мінск, 2004.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка