Аб некаторых прынцыпах словаўтваральнага аналізу лексікі помнікаў пісьменства




Дата канвертавання08.05.2017
Памер106.47 Kb.

powerpluswatermarkobject83958398


АБ НЕКАТОРЫХ ПРЫНЦЫПАХ СЛОВАЎТВАРАЛЬНАГА

АНАЛІЗУ ЛЕКСІКІ ПОМНІКАЎ ПІСЬМЕНСТВА

Найбольш распаўсюджаныя, агульнапрынятыя ў лінгвістыцы паняцці і прынцыпы словаўтварэння (дэрываталогіі) у сучасным мовазнаўстве часам інтэрпрэтуюцца неадназначна і абумоўліваюць некалькі рознае тлумачэнне таго ці іншага фактычнага матэрыялу. Асабліва такая з’ява характэрная для гістарычнага (дыяхранічнага) словаўтварэння. Пры словаўтваральным аналізе лексікі помнікаў пісьменства ўзнікаюць пэўныя праблемы, звязаныя з падыходамі да такога аналізу.

Апісанне сістэмы словаўтварэння, як вядома, грунтуецца на выдзяленні і характарыстыцы словаўтваральных (дэрывацыйных) тыпаў, якія з’яўляюцца “асноўным, цэнтральным паняццем словаўтварэння, асноўнай яго “ячэйкай” [2, с. 5], “асноўнай, важнейшай адзінкай словаўтваральнай сістэмы, ядром яго вывучэння” [9, с. 143]. Вядомыя шматлікія азначэнні словаўтваральнага тыпу (А.А.Земская, В.М.Хахлачова, В.М.Немчанка, Л.М.Шакун, П.П.Шуба і інш.) абагулены У.У.Лапаціным і І.С.Улуханавым у выданні “Русская грамматика”: “Гэта схема пабудовы слоў пэўнай часціны мовы, абстрагаванай ад канкрэтных лексічных адзінак, якія характарызуюцца: а) агульнасцю часціны мовы непасрэдна матывуючых слоў і б) фармантам, тоесным у матэрыяльных і семантычных адносінах” [10, с. 135]. Такое азначэнне сыходзіць перш за ўсё са спецыфікі найбольш распаўсюджанага ў мове афіксальнага (марфемнага) словаўтварэння, на што справядліва ўказваюць некаторыя даследчыкі ў спецыяльнай літаратуры [11, с. 17]. Паколькі пры аналізе вытворных часцей за ўсё прыходзіцца мець справу з афіксальнымі ўтварэннямі, паняцце словаўтваральнага тыпу не выпадкова набывае значэнне асноўнага цэнтральнага паняцця словаўтварэння ў цэлым.

Здавалася, выпрацаванае на паслядоўна навуковай аснове паняцце словаўтваральнага (дэрывацыйнага) тыпу павінна было б выключыць розныя разыходжанні пры непасрэднай класіфікацыі (дыферэнцыяцыі) вытворных. На практыцы, аднак, атрымліваецца некалькі інакш па прычыне таго, што да гэтага часу існуюць некаторыя разыходжанні ў разуменні словаўтваральнага значэння, яго ўзаемаадносін з лексічным і граматычным значэннямі [6, с. 198]. Г.С.Зянкоў у сваёй рабоце, прысвечанай пытанням тэорыі словаўтварэння, зазначае: “Адсутнасць строгіх крытэрыяў для адмежавання словаўтваральнага значэння ад лексічнага на практыцы прыводзіла да адвольнага выдзялення велізарнай колькасці структурна-семантычных “тыпаў”, якія ўзводзіліся ў ранг словаўтваральных адзінак”. І далей, спасылаючыся на Н.Д.Аруцюнаву, ён працягвае: “Словаўтваральная канструкцыя змяшчае ў сабе толькі абагуленую семантыку ўтвараемага слова” [4, с. 35-36]. З такім разуменнем словаўтваральнага значэння, відаць, нельга не пагадзіцца. Аднак, калі яго разумець даволі шырока, то ў адзін словаўтваральны тып можна будзе ўключыць вельмі далёкія паводле сваёй семантыкі вытворныя: марак, рыбак, дзівак і туляк, сібірак, пермяк або вядзьмак, а таксама вятрак, смаляк, мядзяк, вапняк і пад. Шматлікія даследчыкі лічаць мэтазгодным выдзяляць словаўтваральныя тыпы з улікам больш канкрэтных значэнняў. На гэта звяртае ўвагу, у прыватнасці, У.І.Максімаў, які заўважае: “З вялікай доляй пэўнасці можна вылучыць наступныя дэрывацыйныя значэнні ў старажытнага суф.


-ин(а), які спалучаецца з прыметнікамі: прадметнае, рэчыўнае, прасторавае, адцягненай прыкметы, падатку, зборнае. З кожным з гэтых значэнняў ён утварае асобны словаўтваральны тып” [8, с. 60]. Падобнае меркаванне знаходзім і ў манаграфіі П.У.Сцяцко: “Напрыклад, услед за іншымі даследчыкамі мы лічым неапраўданым уключаць у адзін словаўтваральны тып семантычна разнародныя дэрываты, аб’ядноўваючы іх надта агульным значэннем” [12, с. 12]. На неабходнасць улічваць прыватныя словаўтваральныя значэнні ўказваюць таксама А.Д.Звераў пры класіфікацыі прыметнікаў [3, с. 35] і некаторыя іншыя. На наш погляд, улічваць прыватныя словаўтваральныя значэнні неабходна, але нельга атаясамліваць іх з агульнымі словаўтваральнымі значэннямі і на падставе гэтага выдзяляць вялікую колькасць дэрывацыйных тыпаў. Пры вызначэнні словаўтваральнага тыпу, відаць, неабходна кіравацца ні прыватнымі (блізкімі да лексічнага) значэннямі, ні дастаткова шырокімі семантычнымі рамкамі. Напрыклад, у адпаведнасці з прыватнымі значэннямі ‘прыналежнасць асобы іншай асобе паводле падпарадкаванасці (слуга Мамоничов) і паводле сваяцтва (Ондреев сын)’ адрозніваюць семантычныя падтыпы ў межах аднаго словаўтваральнага тыпу. Аднак, нельга ўключаць у адзін словаўтваральны тып адсубстантыўныя прыметнікі, аб’яднаныя шырокім агульным значэннем адноснасці: железный, сермяжный і бронный, збройный. Тут могуць быць выдзелены словаўтваральныя значэнні ‘які складаецца, зроблены з таго, што названа матывуючым словам’ і ‘які ўтрымлівае, мае тое, валодае тым, што названа матывуючай асновай’, і адпаведна два словаўтваральныя тыпы. Апісанне субстантыўнага словаўтварэння заснавана перш за ўсё на строгім размежаванні асабовых і неасабовых назоўнікаў з далейшай іх структурна-семантычнай дыферэнцыяцыяй. Такім чынам, мы поўнасцю падзяляем думку П.У.Сцяцко: “Калі групы структурна аднародных слоў даюць магчымасць вылучыць розныя словаўтваральныя значэнні, то гэта можа быць падставай для прызнання асобных словаўтваральных тыпаў” [12, с. 12]. Тым не менш, пры выдзяленні словаўтваральных тыпаў не заўсёды ўдаецца пазбегнуць суб’ектывізму, паколькі межы паміж тыпамі і падтыпамі часам бываюць невыразныя.

З улікам марфаналагічных з’яў на марфемным шве ў межах словаўтваральных тыпаў выдзяляюцца структурныя мадэлі, хоць часам і цяжка ўстанавіць дакладную дэрывацыйную мадэль. Адной з прычын гэтага з’яўляецца тое, што не заўсёды ўдаецца вызначыць утваральную аснову на тым ці іншым сінхронным зрэзе. Перш за ўсё гэта выпадкі з так званай двайной і больш суаднесенасцю (множнасцю словаўтваральнай матывацыі, множнасцю словаўтваральнай структуры, шматвытворнасцю), г.зн. выпадкі, калі вытворнае слова з адным і тым самым значэннем можа быць суаднесена і паводле формы і сваім зместам з рознымі ўтваральнымі асновамі. Множнасць словаўтваральнай матывацыі, паводле назіранняў даследчыкаў, дастаткова шырокая з’ява ў мове і тлумачыцца яна тым, што “слова звычайна ўваходзіць у сістэму разнастайных фармальна-семантычных суадносін” [7, с 13]. Аднак, наўрад ці справядліва прыпісваць усім падобным словам множнасць словаўтваральнай структуры як пастаянную ўласцівасць незалежна ад канкрэтных ужыванняў. Бо не трэба забывацца аб полісеміі і аманіміі вытворных. Пры аманіміі мы маем справу з рознымі словамі, кожнае з якіх у плане зместу мае сваю дэрывацыйную структуру, свой шлях словаўтварэння. Пры гэтым няма сэнсу гаварыць пра варыянты афіксаў. Тут – розныя афіксы, якія адлюстроўваюць не розны марфемны склад слова, а розныя шляхі дэрывацыі. Як зазначае П.У.Сцяцко, упершыню ў рускім мовазнаўстве на аманімію словаўтваральнай структуры (формы) звярнуў увагу Р.В.Вінакур і праілюстраваў яе на прыкладзе слова учительство. Ён вызначыў структуру слова ў залежнасці ад значэння дваяка: учи-тельство (абазначае занятак і суадносіцца з дзеясловам учить) і учитель-ство (выступае са зборным значэннем і суадносіцца з назоўнікам учитель) [12, с. 16]. М.М.Шанскі пры аналізе слова стяжательство таксама ў залежнасці ад значэння суадносіць яго то з дзеясловам, то з назоўнікам і адпаведна гэтаму выдзяляе ў ім структурныя часткі стяжа-тельств(о) і стяжа-тель-ств(о) [13, с. 21-22]. Аднак У.У.Лапацін і І.С.Улуханаў наконт дваістасці словаўтваральнай структуры паказанага слова выказваюць некалькі іншы пункт гледжання, які таксама мае важкія падставы. Яны заўважаюць: “Рашэнне пытання, відавочна, такое: не “або тое, або іншае чляненне”, а “і тое, і іншае адначасова” [7, с. 13]. Аналагічную структуру вытворных можна вылучыць і ў іншых падобных словах.

Розныя крытэрыі аналізу, такім чынам, прыводзяць да розных вынікаў. Прычым апошні пункт гледжання, відаць, правамерны толькі пры сінхронна-дыяхронным падыходзе да пытання. Мы прытрымліваемся думкі тых даследчыкаў, якія лічаць, што сінхроннае апісанне словаўтварэння павінна дапускаць адзінкавасць матывацыі, аднавытворнасць. “Уяўленне аб шматвытворнасці асобных дэрыватаў вызываецца, па-першае, недастатковай глыбінёй словаўтваральнага аналізу, па-другое, адначасовым прымяненнем сінхроннага і дыяхроннага падыходаў да ўстанаўлення накірунку вытворнасці” [11, с. 11]. Аднак і ў такіх выпадках узнікаюць цяжкасці. Як вядома, пакуль яшчэ недастаткова зроблена для выпрацоўкі методыкі (крытэрыя) вызначэння накірунку вытворнасці, не распрацаваны агульныя асновы гэтай методыкі. Яе выпрацоўцы і садзейнічае выяўленне прыватных заканамернасцей выражэння накірунку вытворнасці ў розных тыпах словаўтваральных карэляцый. Спробу сфармуляваць агульныя правілы вызначэння накірунку сінхроннай словаўтваральнай вытворнасці для магчымых тыпаў дэрывацыйных пар зрабіў, у прыватнасці, В.М.Немчанка: “Сінхранічна вытворным лічыцца той член словаўтваральнай пары, які адпавядае наступным умовам: з’яўляецца больш складаным (матываваным) як у фармальным, так і ў семантычных адносінах…; з’яўляецца больш складаным (матываваным) у фармальных адносінах пры роўнай семантычнай складанасці (узаемнай семантычнай матываванасці)…; з’яўляецца больш складаным (матываваным) у семантычных адносінах пры аднолькавай фармальнай складанасці… У словаўтваральных парах, члены якіх валодаюць аднолькавай фармальнай і семантычнай складанасцю, сінхранічна вытворным лічацца абодва члены” [9, с. 111]. Аднак і гэтыя правілы не ў стане ахапіць усіх магчымых узаемаадносін паміж суадноснымі словаўтваральнымі парамі.

Пры ўстанаўленні накірунку вытворнасці неабходна перш за ўсё ўлічваць месца гэтага дэрывата ў шэрагу аднатыпных яму паводле структуры ўтварэнняў, г.зн. структурную аналогію, семантычную матываванасць і фармальны паказчык вытворнасці. У выпадку разыходжання семантычнай і фармальнай вытворнасці, калі фармальны і семантычны крытэрыі супярэчаць адзін аднаму, на пярэдні план павінна выходзіць структурная аналогія дэрывата. Пры патэнцыяльнай магчымасці поліматывацыі перавагу неабходна аддаваць адной якой-небудзь матывацыі, улічвацца найбольш тыповыя фармальна-семантычныя суадносіны вытворнага слова з утваральным. Магчымасць іншых суадносін павінна агаворвацца.

Для вызначэння вытворнасці, словаўтваральнай члянімасці слоў дастатковым крытэрыем з’яўляецца правіла Р.А.Вінакура аб тым, што слова можа лічыцца вытворным, пакуль з ім суадносіцца слова невытворнае, г.зн. пакуль яно суадносіцца са словам, ад якога ўтворана. Часам, аднак, бывае цяжка ўстанавіць, ці захоўваюцца яшчэ сувязі паміж вытворным і ўтваральным або яны ўжо страчаны, паколькі са словамі з цягам часу адбываюцца розныя змяненні з семантыкай, фаналагічнай і марфемнай будовай, словаўтваральнай структурай. Ілюстрацыяй такіх змяненняў, напрыклад, могуць быць словаўтваральныя сувязі лексемы дар: “…агульнаславянская лексема дар на працягу станаўлення сваёй дэрывацыйнай структуры прайшла некалькі этапаў. Прыкладна да канца ХVІ ст. яна ўваходзіла ў словаўтваральны ланцужок як вытворная і ўтваральная: Да-(Ти) → Да-р-ъ → Дар-и-(Ти), з канца ХVІ ст. – выступае толькі ў якасці ўтваральнай: Дар-ъ → Дар-и-(Ти), а ў сучаснай беларускай мове пасля змены накірунку дэрывацыйнай матывацыі зноў стала вытворнай: дар/ы/-(ць) → дар-ø-” [5, с. 401]. Таму непасрэдны аналіз структуры слова не заўсёды дазваляе паслядоўна прытрымлівацца прынцыпу сінхроннага апісання словаўтварэння, прыходзіцца звяртацца і да гісторыі слова.

Зварот да сінхраніі і дыяхраніі пры аналізе будовы слова, на жаль, не дазваляе пазбегнуць змяшэння словаўтваральнага і марфемнага аналізаў, бо сціраюцца межы іх прымянення. З цягам часу асобныя словы становяцца невытворнымі, але яшчэ члянімымі на марфемы. Дакладную мяжу паміж невытворнасцю, але члянімасцю слова правесці не заўсёды ўдаецца. Прыходзіцца спецыяльна агаворваць такія выпадкі (напрыклад: дар, знак, отец і пад.). Гэта адносіцца таксама і да слоў са звязанымі каранямі і ўнікальнымі марфемамі – карнявымі, афіксальнымі тыпу кажух і пад.

З пэўным колам праблем прыходзіцца сутыкацца і пры дэрывацыйным аналізе запазычаных слоў. Тут таксама не заўсёды ўдаецца размежаваць вытворныя, якія ўтвораны непасрэдна ў старабеларускай мове на базе запазычаных слоў, і вытворныя, запазычаныя ў гатовым выглядзе. Першыя з іх з’яўляюцца неад’емнай часткай словатворчасці ў беларускай мове, другія ўключаюцца ў яе словаўтваральную сістэму толькі пры пэўных умовах, г.зн. у выпадку іх адаптацыі. Таму ўзнікае пытанне аб тым, як праводзіць словаўтваральны аналіз запазычаных слоў, якія складаюць неаднародныя паводле ступені засвоенасці старабеларускай мовай групы. Сярод іх адрозніваюцца: а) запазычанні, якія поўнасцю прыстасаваліся да фанетычнай і граматычнай сістэмы старабеларускай мовы і адрозніваюцца высокай ступенню семантычнай асіміляцыі, выконваюць, як і спрадвечна беларускія словы, аднолькава актыўную камунікатыўную функцыю; б) запазычанні, якія ўзніклі на базе агульнаславянскага карняслова, але адрозніваюцца няпоўнай граматычнай адаптацыяй; в) запазычанні з характэрнымі для мовы-крыніцы фанетычнымі асаблівасцямі; г) так званыя семантычныя запазычанні.

Пры словаўтваральным аналізе запазычанняў, як правіла, не выклікаюць складанасцей толькі поўнасцю засвоеныя словы, што ўключаны ў агульную дэрывацыйную сістэму старабеларускай мовы. Усе астатнія запазычанні патрабуюць, на наш погляд, індывідуальнага падыходу. У кожным канкрэтным выпадку прыходзіцца ўлічваць: 1) наяўнасць, ужыванне ў старабеларускай мове непасрэдна ўтваральнага слова; 2) магчымасць выкарыстання той або іншай дэрывацыйнай мадэлі для ўтварэння новых слоў на ўласна беларускім моўным матэрыяле.

Улік гэтых умоў дазваляе, напрыклад, разглядаць запазычанае вытворнае назвиско як факт дэрывацыйнай сістэмы старабеларускай мовы. Такі вывад заснаваны на тым, што ў адным шэрагу з гэтым вытворным ужывалася слова назва, а само вытворнае ўзнікла па вядомай у той час мадэлі “назоўнік + суфікс -иск-”. Як адзначае А.М.Булыка, гэта словаўтваральная мадэль была выкарыстана старабеларускімі кніжнікамі і пры ўтварэнні назоўніка сукманиско (ад сукманъ) [1, с. 243].

Словаўтваральны аналіз варта праводзіць і для тых запазычаных вытворных, якія зафіксаваны ў беларускім пісьменстве раней, чым іх утваральныя, а таксама тыя, якія не мелі ў беларускай мове ўтваральных асноў, магчыма, у сувязі з адсутнасцю ў старабеларускіх пісьмовых крыніцах адпаведнага кантэксту. Акрамя таго, мы лічым мэтазгодным гаварыць аб словаўтваральнай структуры ўсіх астатніх запазычанняў, аднак не ўключаць іх у дэрывацыйную сістэму старабеларускай мовы (гэта адносіцца ў першую чаргу вытворных з унікальнымі марфемамі). Улік і такіх утварэнняў дазваляе вызначыць у цэлым месца вытворных у тым ці іншым помніку пісьменства.



Такім чынам, дыяхронны падыход да словаўтваральнага аналізу дае магчымасць выявіць паслядоўнасць структурна-семантычных змяненняў слоўнікавага запасу, прасачыць функцыянаванне слоў на працягу ўсяго гістарычнага развіцця мовы, растлумачыць шматлікія факты сучаснай мовы.

Літаратура

  1. Булыка, А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове ХVІ – ХVІІІ стст. / А.М.Булыка. – Мінск: Навука і тэхніка, 1980. – 256 с.

  2. Васілеўскі, М.С. Дзеяслоўнае словаўтварэнне. Адыменныя суфіксальныя лексемы / М.С. Васілеўскі. – Мінск: Навука і тэхніка, 1985. – 248 с.

  3. Зверев, А.Д. Словообразование в современных восточнославянских языках / А.Д.Зверев. – М: Высшая школа, 1981. – 206 с.

  4. Зенков, Г.С. Вопросы теории словообразования / Г.С. Зенков. – Фрунзе: Киргиз. гос. ун-т, 1969. – 165 с.

  5. Круталевіч, М.М. Да словаўтваральных сувязей лексемы дар / М.М. Круталевіч. // Пісьменнік – Мова – Стыль: Матэрыялы ІІ Міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння прафесара Л.М.Шакуна (Мінск, 15 – 16 лістапада 2001 г.) / Рэд. кал.: М.Р. Прыгодзіч [і інш.]: у 2 т. – Мінск: РІВШ БДУ, 2002. – Т. 2. – С. 397–402.

  6. Круталевіч, М.М. Некаторыя праблемы словаўтваральнай аманіміі / М.М. Круталевіч, Ф.С. Шумчык. // Сёмыя Танкаўскія чытанні: да 95-годдзя БДПУ: зб. навук. арт. / БДПУ; рэдкал.: Г.Я.Адамовіч, Д.В.Дзятко, А.У.Жардзецкая і інш.; адк. рэд. Ф.С.Шумчык. – Мінск: Выд-ва БДПУ, 2010. – С. 197–200.

  7. Лопатин, В.В. О принципах словообразовательного анализа и классификации морфов / В.В. Лопатин, И.С. Улуханов. // Русский язык в национальной школе. – 1969. – № 5. – С. 10–16.

  8. Максимов, В.И. Суффиксальное образование имен существительных в русском языке / В.И. Максимов. – Л.: Изд-во Ленингр. ун-та, 1975. – 224 с.

  9. Немченко, В.Н. Современный русский язык. Словообразование / В.Н.Немченко. – М.: Высшая школа, 1984. – 255 с.

  10. Русская грамматика: в 2 т. / редкол.: Н.Ю.Шведова (гл. ред.) [ и др.]. – М.: Наука, 1980. – Т. 1. – С. 133–333.

  11. Сигалов, П.С. Вопросы теории русского исторического словообразования: автореф. дис. ... д-ра филол. наук / П.С.Сигалов. – Л., 1977. – 45 с.

  12. Сцяцко, П.У. Беларускае народнае словаўтварэнне: афіксальныя назоўнікі / П.У.Сцяцко. – Мінск: Навука і тэхніка, 1977. – 320 с.

  13. Шанский, Н.М. Очерки по русскому словообразованию и лексикологии / Н.М.Шанский. – М.: Учпедгиз, 1959. – С. 5–144.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка