Адметнасці фарміравання семантыкі каранёвых марфем у складзе заходнеславянскіх дыялектных фітонімаў




Дата канвертавання18.02.2017
Памер80.56 Kb.
АДМЕТНАСЦІ ФАРМІРАВАННЯ СЕМАНТЫКІ

КАРАНЁВЫХ МАРФЕМ У СКЛАДЗЕ

ЗАХОДНЕСЛАВЯНСКІХ ДЫЯЛЕКТНЫХ ФІТОНІМАЎ
Л.С. Падпорынава (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт)
Адной з самых шматлікіх груп заходнеславянскай дыялектнай фітанімікі з’яўляецца група назваў раслін, утвораных ад назваў жывёл. Каранёвыя марфемы ў іх складзе аб’ядноўваюць вялікія групы фітонімаў, якія адпавядаюць самым разнастайным раслінам. Так, корань *koz- аб’ядноўвае 34 фітонімы – назвы 17 раслін, корань *kon’- аб’ядноўвае 25 фітонімаў (18 раслін), корань *kot- прысутнічае ў 32 фітонімах (17 раслін), корань *kuk- у 18 фітонімах (12 раслін) і г.д.

Адной з самых выразных заканамернасцяў, уласцівых заходнеславянскай фітаніміцы, з’яўляецца зменнасць матывацыйных прыкмет фітонімаў, актуальных для носьбітаў дыялектаў на розных этапах, пры захаванні першапачаткова абранай каранёвай марфемы фітонімаў.

Прычына такой устойлівасці некаторых каранёў у назвах раслін бачыцца ў тым, што іх семантычны склад на розных этапах функцыянавання фітонімаў адпавядаў розным намінацыйным патрэбам і даваў магчымасць увасаблення розных уласцівасцяў раслін, якія станавіліся матывацыйнымі прыкметамі.

Так, напрыклад, на сённяшні дзень для пераважнай большасці фітонімаў, у складзе якіх прысутнічае корань *koz-, матывацыйныя прыкметы знайшлі ўвасабленне ў семе ‘казіны’ дадзенага кораня.

Карані раслін з роду Doronicum (пол. kozi korzeń, kozłowiec), напрыклад, ахвотна з’ядаюцца козамі [7, c. 134]. Кару раслін з роду Salіx (пол. koźlina, каш. kozlёna, kozlinka), козы таксама ахвотна ядуць. У сваю чаргу, расліны з роду Anemone (пол. koziagryźć, kozieparstwo, каш. kozogrёsc, kozёgrёska, kozogrёst, kozogrosc, kozogroščka, чэш. kozí dřist) з’яўляюцца для коз атрутнымі [2, с. 34].

Суквецці раслін Delphinium (пол. koziołki, ніжнялуж. kóza broda, kózyna broda) складаюцца з белых кветак, колер якіх супадае з колерам поўсці маладых казлянят, а таксама паводле сваёй формы яны нагадваюць казіную бараду. Падобным чынам увасабленне ў семе ‘казіны’ кораня *koz- атрымаў белы колер кветак расліны Menyanthes trifoliata (ніжнялуж. kózlik). Кветкі расліны Eryngium campestre (ніжнялуж. kózyna broda), маюць мягкія вырасты, якія нагадваюць казіны пух. Кветкі расліны Tragopogon pratensis (каш. kozå barda, kozå broda, kozå brȯdka, kozanka, kozёχa, kozuχlёna, чэш. kozica, kozí brada) пасля квітнення робяцца пушыстымі і нагадваюць казіную бараду. Форма кветак расліны Barbarea vulgaris (чэш. kozí vymeno) робіць іх падобнымі да казінага вымені.

У семе ‘казіны’ кораня *koz- увасабляецца таксама такая ўласцівасць некаторых раслін, як інтэнсіўны пах, які традыцыйна прыпісваецца козам (пол. śmierdzieć jak kozioł, каш. sḿerȝёc jak kozeł, чэш. smrdět jako kozel, бел. смярдзець як казёл, рус. вонять козлом). Інтэнсіўны пах уласцівы раслінам Valeriana (пол. koziołek, kozłek, чэш. kozelec), Apium graveolens (ніжнялуж. kozaměrik i kózyměrik) і Aethusa cynapium (ніжнялуж. kozaměrik, kózyměrik, kózy měrik).

Асобнай увагі сярод фітонімаў з коранем *koz- патрабуе пол. kozie mydło (Saponaria officinalis). У кампаненце mydło увасабляецца магчымасць выкарыстання каранёў расліны ў якасці замяняльніка мыла. Кампанент kozie, у сваю чаргу, увасабляе несапраўднасць, сурагатнасць такога моючага сродку, як адвар каранёў Saponaria officinalis, у параўнанні з сапраўдным мылам. Фітонім kozie mydło, такім чынам, уяўляе сабой прыклад антропацэнтрызму ў намінацыі раслін, пры якім ключавой рысай семантыкі кораня *koz- з’яўляецца яго прыналежнасць да так званых звярыных, не-чалавечых.

Як відаць, на сённяшні дзень семантыка кораня *koz-, прадстаўленая семай ‘казіны’, дазваляе лёгка ўсталёўваць сувязь паміж рознымі якасцямі раслін (з’яданне козамі, знешняе падабенства, інтэнсіўны пах і інш.) і іх назвамі.

Магчымасць растлумачыць матывацыйную сувязь лексічных адзінак на падставе толькі сучаснага матэрыялу з’яўляецца цалкам натуральнай, матываванасць у сінхранічным успрыняцці, па сутнасці, з’яўляецца адной з гарантый захавання семантыкі і формы лексічных адзінак, так як развіццё мовы немагчыма без пераемнасці.

Аднак матываванасць лексічных адзінак, якая мае месца на сучасным этапе, толькі часткова адпавядае тым адносінам, якія ўзнікалі паміж матывуючымі і матываванымі словамі на працягу стагоддзяў функцыянавання дыялектаў. Меркаванне пра нязменнасць матывацыйных адносін паміж лексічнымі адзінкамі супярэчыла б самому паняццю развіцця, дынамікі.

Маючы дачыненні з трывала прысутнай у фітонімах каранёвай марфемай *koz-, неабходна, такім чынам, звярнуць увагу на тыя якасці, якія, з аднаго боку, з’яўляюцца агульнымі для шэрагу раслін, а з другога боку, маглі б на папярэдніх этапах функцыянавання дыялектаў увасобіцца ў семантыцы кораня *koz-.

Такой якасцю з’яўляецца ўласцівая 8 з 17 названых раслін (Anemone nemorosa, Anemone sylvestris, Doronicum clusii, Doronicum scorpioides, Delphinium, Valeriana, Eryngium campestre, Menyanthes trifoliata) здольнасць уплываць на нервовую сістэму чалавека: супакойваць пры бяссоні, пярэпалаху, эпілепсіі ці наадварот узбуджаць [2, с. 35, 46, 124, 137, 273; 3, с. 158, 272, 383].

Неспакойныя паводзіны, упарстасць, нервовасць і непрадказальнасць, уласцівыя козам, у мове пераносяцца таксама і на чалавека, пра што сведачаць такія лексемы, як пол. koza ‘дзяўчына з жывым характарам’, fikać koziołki ‘сваволіць’, каш. kozeł ‘пляткар’, kozłovati ‘непрыстойны’, kozełk ‘фігляр, жартаўнік’, kozlёсa ‘ветраная, жывая дзяўчына-падлетак’, kozlёc są ‘смяяцца, рагатаць’, kozёbål ‘жартун, фігляр, псотнік’, чэш. kozłovat‘скакаць, свавольнічаць’, ніжнялуж. kózliś se ‘свавольнічаць’ і інш.

Кампанент ‘неспакойны/нервовы’ сёння не з’яўляецца паўнавартаснай семай кораня *koz-, не ўтварае, карыстаючыся тэрміналогіяй В. Абаева, яго тэхнічную семантыку – той абавязковы мінімум сэнсавых функцый, які вызначае сучаснае камунікатыўнае ўжыванне слова [1, с. 68]. Аднак, як вынікае з аналізу фітонімаў, на папярэдніх этапах функцыянавання дыялектаў ён быў адным з цэнтральных складнікаў яго значэння. Гэта дазволіла пры стварэнні такіх фітонімаў, як пол. koziagryźć, kozi korzeń, kozłek, каш. kozogrёsc, чэш. kozelec, kozí dřist, ніжнялуж. kózlik, kózyna broda і інш. увасобіць у семантыцы кораня *koz- такую якасць раслін, як здольнасць уплываць на нервовую сістэму.

Статус семантычнага кампанента ‘неспакойны/нервовы’ на сённяшні дзень можна ахарактарызаваць як кампанент ідэасемантыкі, кампанент цэлага комплексу пазнаваўчых і эмацыянальных уяўленняў, у якіх адлюстроўваецца жыццё слова ў мінулым і яго сённяшнее жыццё [1, с. 68].



Такім чынам, развіццё семаныткі кораня *koz- адпавядае апісанаму В. Абаевым працэсу тэхнізацыі, які заключаецца ў пераходзе ад ідэалагічнай семантыкі да семантыкі тэхнічнай, у перасоўванні семантычнага цэнтру ад ідэасемантычнай абалонкі (як гэта ёсць у момант надання назвы) да ядра ў выніку спецыялізацыі (рэдукцыі, звужэння). У выніку гэтага ў штодзённай маўленчай практыцы тыя абалонкавыя, ідэалагічныя ўяўленні і асацыяцыі, з якімі было звязана ўзнікненне назвы (у выпадку кораня *koz- асацыіраванне жывёлы і характару паводзінаў), перастаюць усведамляцца [1, с. 67 – 83].


  1. Абаев, В.И. Избранные работы: в 2 т. / В.И. Абаев. – Владикавказ, 1990 – 1995. – т. 2.

  2. Анненков, Н.И. Ботанический словарь / Н.И. Анненков. – СПб., 1878.

  3. Лекарственные растения и их применение / ред. И. Юркевич (и др.). – Мн., 1975.

  4. Мука, Э. Словарь нижне-лужицкаго языка: в 2 т. / Э. Мука. – Петроград – Прага, 1921 – 1926.

  5. Bartoš F. Dialektický slovník moravský. / F. Bartoš. – Praha, 1906.

  6. Karłowicz J. Słownik gwar polskich: w 6 t. / J. Karłowicz. – Kraków, 1900 – 1911.

  7. Radwańska-Paryska Z. Rośliny tatrzańskie. / Z. Radwańska-Paryska. – Warszawa, 1961.

  8. Sychta, B. Słownik gwar kaszubskich na tle kultury ludowej: w 7 t. / B- Sychta. – Wrocław – Warszawa – Kraków, 1967 – 1976.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка