Аднаактовыя п’есы максіма гарэцкага віленскага перыяду як прыклад аб’ектыўнага ўвасаблення нацыянальнага жыцця




Дата канвертавання05.03.2017
Памер60.6 Kb.
А. В. Шышко

Мінск
АДНААКТОВЫЯ П’ЕСЫ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА ВІЛЕНСКАГА

ПЕРЫЯДУ ЯК ПРЫКЛАД АБ’ЕКТЫЎНАГА ЎВАСАБЛЕННЯ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
The dramatic works by M. Harecki “Muterka” (1920), “The secular man” (1922), “The mourning comedy” (1922), where the main social and cultural tendencies of the Belarusian life of the 1920th are appeared, are examined in the article.
Агульнавядома, што М. Гарэцкі пасля кастрычніцкай рэвалюцыі падзяляў яе арыенціры, але, трапіўшы ў лютым 1920 г. у Вільню, ён перагледзеў сваю палітычную пазіцыю. Віленскі перыяд творчасці з’яўляецца найбольш плённым для М. Гарэцкага. Адразу назіраецца своеасаблівы «выбух» малафарматнай драматургіі пісьменніка («Мутэрка» (1920), «Свецкі чалавек» (1922), «Не адной веры» (1922), «Каменацёс» (1922), «Жалобная камедыя» (1922) і інш.). Гэта вельмі паказальна. У той час, калі гісторыя на першы план выводзіць пытанне нацыянальнага самавызначэння, пісьменнікі імкнуцца найбольш аператыўна і аб’ектыўна адгукнуцца на гэта, і, «пакуль вялікая драматургія асэнсоўвала і прымервалася, малая ўжо дзейнічала» [3, 4].

Нягледзячы на тое, што новы час, які наступіў пасля кастрычніцкай рэвалюцыі, патрабаваў ад літаратуры новага героя, змагара, рэвалюцыянера, М. Гарэцкі ў сваіх творах адлюстроўвае рэальны стан падзей у краіне. Драматургія пісьменніка 1920-х гадоў вельмі паказальная ў плане адлюстравання асноўных грамадска-культурных тэндэнцый савецкай пары. У той час, калі ідэолагі «пралетарскай літаратуры» імкнуліся скіраваць мастакоў слова на шлях стварэння вобраза «новага чалавека», узгадаванага рэвалюцыяй, выхадца з народа, які пазбавіўся старых поглядаў, догмаў, традыцый, М. Гарэцкі яскрава выяўляе ў сваіх «абразках» падобных «выхадцаў».

Паказальным у гэтым плане з’яўляецца «абразок з натуры» М. Гарэцкага «Мутэрка». Галоўны герой гэтага твора - Даніла Мутэрка - працуе рэпетытарам у мястэчку. Раней ён быў загадчыкам двухкласнай школы. Каб найлепш уладкавацца ў жыцці, ён становіцца палюбоўнікам багатай местачковай крамніцы Блюмы Ліпскай. Але праз некаторы час хоча парваць з ёй, бо ўпадабаў яе дачку Соню. Свае ранейшыя непрыстойныя паводзіны і цяперашні ўчынак Мутэрка хавае за гучнымі дэмагагічнымі фразамі тыпу «... мадам Ліпская <...> тут ёсць яшчэ адна высокая ідэя - грамадская павіннасць чалавека перад сваім краем і народам» [1, 285]. Галоўны герой імкнецца выглядаць добрапрыстойным грамадзянінам, сумленным чалавекам: «...я перш-наперш ёсць сумленны чалавек, а потым ужо чалавек такой-та нацыі, такой-та веры і гэтак далей» [1, 287], «...я не хочу быць зладзеем і мець нячыстае сумленне» [1, 288]. Ён пераканаўча разыгрывае перад крамніцай і яе дачкой раскайванне, кажа пра тое, што парывае свае адносіны з Ліпскай, кіруючыся ідэйнымі, маральнымі, патрыятычнымі прынцыпамі, бо сувязь з жанчынай «буржуазнага складу думак» [1, 292], з жанчынай, якая «ў наш крывава-чырвоны час пужаецца самага маленькага знаку чырвонасці» [1, 292], перашкаджае яму, «прынцыповаму праціўніку ўсякіх ланцугоў» [1, 291], выканаць свой абавязак перад народам. Але, як адзначае М. Мушынскі, «на самой жа справе былы настаўнік служыць народу не збіраецца, тым больш беларускаму, бо фактычна даўно ўжо адцураўся ад нацыянальнай ідэі...» [2, 250].

У драматычных творах М. Гарэцкага пачатку 1920-х гадоў перад намі праходзіць цэлая галерэя падобных вобразаў і характараў. Кожны з герояў гэтых твораў жыве сваімі дробнымі побытавымі інтарэсамі. Пісьменнік канцэнтруе ўвагу на такіх героях, якія не з’яўляюцца прыкладам для пераймання. Ён адбірае для сваіх п’ес падкрэслена нестаноўчыя вобразы. Але галоўнае для аўтара - перадаць праўду жыцця. Безумоўна, М. Гарэцкі мэтанакіравана падыходзіць да адбору жыццёвых з’яў. Значыць, на яго думку, тыя сітуацыі, нацыянальныя вобразы, якія ён ставіць у цэнтр сваіх твораў, найбольш паказальныя для асэнсавання праблемы «новага чалавека» савецкіх 20-х гадоў. М. Гарэцкі спрабуе поўна і аб’ектыўна выканаць пастаўленую задачу. У нацыянальным характары ён бачыць не толькі такія рысы, якімі можна ганарыцца.

Тую небяспеку, якая насоўвалася на Беларусь, калі разбураўся традыцыйны, сялянскі ўклад яе жыцця, вельмі яскрава М. Гарэцкі выявіў у «Свецкім чалавеку» - «драматычным абразку з дарэвалюцыйнага часу». Галоўны герой твора Мікола Муха набыў пасаду швейцара ў горадзе, дарваўся да прыгожага жыцця: «даволі я быў дурнем, капаўся некалі, як жук у гнаі. Цяпер мы можам пажыць і дзеля свае прыемнасці» [1, 302]. Прыехаўшы да бацькоў у вёску, каб «пашпарт выбраць», ён з вялікім задавальненнем здзекуецца з бацькі, з маці, з іх мужыцкай гаворкі, каб сцвердзіць сваю перавагу: «...а ты быў муха з кучкі гною і здохнеш мухаю, як лапацон дурны. Мужык мужыком век-вяком - ведаеш?.. <...> Ты ераплянт бачыў? На грамахвоне іграў? Не? Ну дык і маўчы» [1, 304]. Перад намі паўстае вобраз, які пярэчыў ідэалагізаваным устаноўкам паказу станоўчага героя ў «пралетарскай літаратуры». Тым не менш, М. Гарэцкі вельмі выразна прадказвае тыя наступствы, да якіх можа прывесці адыход ад традыцыйна-сялянскага жыццёвага ладу беларусаў, здзейснены нігілістычна і радыкальна. Пісьменнік як бы намячае, дае накід мрыеўскаму Самсону Самасую, які, прыкрываючыся сваім мужыцкім паходжаннем, са здзіўляючай хуткасцю ўздымаецца па службовай лесвіцы, нягледзячы на тое, што не толькі «не мае карэння», але таксама і прафесіі.

Гаворачы пра сацыяльную прыналежнасць галоўных герояў аднаактовак М. Гарэцкага, М. Мушынскі адзначае, што «... гэта пераважна гарадскія жыхары або нядаўнія вяскоўцы, якія набылі пэўны вопыт жыцця ў горадзе, сталі «свецкімі людзьмі». Дадзены сацыяльны пласт, напэўна, цікавіў пісьменніка ў плане перспектыў нацыянальнага адраджэння і ролі ў ім гарадскога мяшчанства. Высновы, зробленыя М. Гарэцкім у працэсе даследавання праблемы адаптацыі селяніна да гарадскіх умоў на пачатку 1920-х гг., на жаль, несуцяшальныя: учарашнія вяскоўцы адарваліся ад родных каранёў, але новай культуры не засвоілі» [2, 252].

Драматычны твор М. Гарэцкага «Жалобная камедыя» сваім пафасам вельмі блізкі да «Мутэркі». У ім пісьменнік паказвае, як прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацый збіраюцца на могілкі, каб справіць трэцюю гадавіну па памерлай настаўніцы Агаце Невядомскай. Яны ўсе характарызуюць нябожчыцу як выдатнага дзеяча ў справе культурнага адраджэння. Тым не менш, калі яна «ляжала ў больніцы на смяротным ложку <...> усе, апроч роднае мамачкі, кінулі, забыліся, не маюць часу...» [1, 342]. Нават Літаратар, «што кахаў нябожчыцу» [1, 342], калі адведваў яе ў бальніцы, «...прыйшоў <…> толькі дзеля цікавасці <...> сядзеў зводдаль на стульчыку і з жывёльным страхам думаў: «Каб не набрацца хваробы» [1, 342]. Калі адзін з герояў уносіць прапанову «зрабіць пасільны збор на папраўку магілкі і на падтрыманне маткі нябожчыцы...» [1, 350], то ўдзельнікі жалобных памінак і ўсе, хто выступаў з узнёслымі прамовамі, адразу паказваюць сваё рэальнае аблічча: «- Ат, навошта ён гэта кажа тут <...> знявага для нябожчыцы й для маткі <...> будзьма ўжо разыходзіцца <...> я сёнейка градкі свае канчаю <...> і я дзеля паненкі-нябожчыцы ляху сваю кінула <...> ай, мяне ж даўна ўжо ўся работка чакае...» [1, 350], а Старшыня нацыянальнага камітэта адзначае, што «збор мы зробім пасля, адпаведным часам і ў іншым месцы, а цяпер <…> разойдземся да штодзённай працы...» [1, 350]. У гэтым творы М. Гарэцкі выяўляе адносіны шараговага, «звычайнага» чалавека да праблем нацыянальнага адраджэння, уздымаючы пытанне самаўсведамлення народа, пытанне маральнай адказнасці інтэлігенцыі за адраджэнне беларусаў. М. Гарэцкі паказвае тыпова беларускі выбар асноўнай масы так званай інтэлігенцыі. І, як ні дзіўна, падобныя «інтэлігенты» з’яўляліся цэлым сацыяльным пластом у грамадстве, а такіх, як, напрыклад, коласаўскі Андрэй Лабановіч, былі адзінкі. Дадзены парадокс (вядома, гістарычна абумоўлены) вельмі яскрава выявіў М. Гарэцкі. Для пісьменніка галоўным з’яўляецца аб’ектыўнае даследаванне рэчаіснасці, выклікае цікавасць сам працэс гэтага даследавання, калі ўвага звяртаецца на разнастайныя бакі жыцця, не ў апошнюю чаргу - і негатыўныя.

Такім чынам, драматычныя творы М. Гарэцкага пачатку 1920-х гадоў выявілі аб’ектыўны падыход да характарыстыкі тагачасных падзей і выяўлення нацыянальных адметнасцей. Знаходзячыся ў Вільні, пісьменнік быў у пэўнай ступені пазбаўлены ідэалагічных і палітычных уплываў савецкай Беларусі, меў магчымасць ацэньваць тое, што адбывалася ў краіне, назіраючы як бы збоку. Малафарматная драматургія дазволіла М. Гарэцкаму адлюстраваць паказальныя, тыповыя жыццёвыя сітуацыі, паводзіны, характар людзей у дадзеных сітуацыях. Лакальныя, эскізныя, фрагментарныя п’есы пісьменніка разам з усёй яго класічнай творчай спадчынай можна скласці ў агульную аб’ектыўную карціну нацыянальнага жыцця Беларусі.
Літаратура:

1. Гарэцкі, М. Збор твораў. У 4-х т. Т.2. Аповесці. Драматычныя абразкі / М. Гарэцкі. - Мінск: Маст. літ., 1985. - 416 с.

2. Мушынскі, М. Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі: жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага / М. Мушынскі; навук. рэд. А. М. Макарэвіч. - Мінск: Беларус. навука, 2008. - 510 с.

3. Советская одноактная драматургия. - М.: Искусство, 1982. - 454 с.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка