Аднародныя члены сказа




Дата канвертавання26.10.2017
Памер109.29 Kb.

Апорны канспект па тэме “Аднародныя члены сказа”



АДНАРОДНЫЯ ЧЛЕНЫ СКАЗА



Аднародныя

Не з’яўляюцца аднароднымі

1. Адносяцца да аднаго і таго ж слова.

1. Ускладненыя простыя дзеяслоўныя выказнікі, якія абазначаюць рух і яго мэту і вымаўляюцца без інтанацыі пералічэння (тыпу пайду пагляджу, схадзі запытайся, збегай купі, сядзь напішы).

2. Адказваюць на адно і тое ж пытанне.

2. Спалучэнне двух сінанімічных або блізкіх слоў, якія цесна звязаны зместам і выражаюць адно паняцце. Гусі-лебедзі, сцежкі-дарожкі, жылі-былі, хлеб-соль.

3. З’яўляюцца адным і тым жа членам сказа.

3. Устойлівыя выразы, у якіх ёсць паўторныя злучнікі: і смех і грэх, і так і сяк, ні жывы ні мёртвы, ні за што ні пра што, ні кала ні двара, ні свет ні зара, ні даць ні ўзяць, то бокам то скокам, то там то сям і інш.

4. Звязаны злучальнымі

злучнікамі і інтанацыяй пералічэння або толькі

інтанацыяй пералічэння.


4. Спалучэнні двух аднолькавых слоў з адмоўнай часціцай НЕ перад другім словам тыпу спеў не спеў, гранне не гранне, прасі не прасі, верце не верце.



ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ ПРЫ АДНАРОДНЫХ ЧЛЕНАХ СКАЗА




КОСКА СТАВІЦЦА

КОСКА НЕ СТАВІЦЦА

1. Звязаны адзіночнымі супраціўнымі злучнікамі а, але, ды (у знач. “але”), аднак, затое.

Дзень быў хмурны, але даволі цёплы.

1. Звязаны адзіночнымі спалучаль-

нымі або размеркавальным злучнікамі і, ды (у знач. “і”), ці, або і інш.



Антось зварочвае направа ды ідзе на станцыю рухава.

2. Перад 2-й, 3-й і г. д. часткай паўторных і парных злучнікаў як ... так і; хоць і ... але; і – і; то – то; або – або; ці – ці і інш.

Я рад і сонцу, і дажджу, і вясне.

АЛЕ: Я рад сонцу, і дажджу, і вясне.

2. Перад злучнікам і, які паўтараецца, але звязвае аднародныя члены розных радоў.

Мянушкі ў нас давалі малым і старым дужа проста і хутка.

3. Паміж парамі аднародных членаў, звязаных спалучальным злучнікам і:

Нас пакараюць моры і рэкі, горы і нетры зямлі.

3. Паміж аднароднымі членамі, звязанымі неаднолькавымі злучнікамі:

У кожнага партызана была вінтоўка або аўтамат ці пісталет.




АДНАРОДНЫЯ І НЕАДНАРОДНЫЯ АЗНАЧЭННІ




Азначэнні аднародныя

і раздзяляюцца коскамі



Прыклады

1. Называюць адметныя, характэрныя прыметы прадмета

У агародчыку цвілі ружовыя, цёмна-чырвоныя, бурачковыя вяргіні.

2. Абазначаюць розныя прыметы аднаго і таго ж прадмета, характарызуючы яго з аднаго боку (знешні выгляд, форма, якасць і інш.).

У канцы ліпеня роўны, акуратны, глыбокі канал ляжаў паміж Гнілым балотам і рэчкаю (характарызуюць знешні выгляд).

Эх, акунуцца б у сцюдзёную ваду, а пасля паляжаць на духмяным, зялёным беразе. (аб’ядноўваюцца паняццем “прывабны”).



3. Калі адно з азначэнняў дапасаванае, а другое недапасаванае.

Адразу з боку грэбелькі млела зманліва зялёная, з буйной травой дрыгва.

Вецер варушыў яго густыя, з глянцаватым водбліскам валасы.



4. Калі адно з азначэнняў выражана прыметнікам, а другое – дзеепрыметнікам.

У поцемку лесу нізкія елачкі трымалі празрыстыя, заледзянелыя пацеркі расы...

5. Калі азначэнні – эпітэты.

(Эпітэт – мастацкае азначэнне, якое вобразна характарызуе прадмет ці з’яву: капрызная вясна, маўклівы гушчар)

Выглянула вясёлае, ласкавае сонейка.

Шэпчуць нешта сарамлівыя, нясмелыя бярозы.



6. Калі стаяць пасля азначаемага слова

Надышла першая ваенная зіма, марозная, снежная.


ЗАПОМНІ! Аднародныя азначэнні аднолькава адносяцца да азначаемага слова. У такім выпадку яны вымаўляюцца з інтанацыяй пералічэння і паміж імі можна паставіць злучнікі і; не толькі, але і; на пісьме яны раздзяляюцца коскай:

Буйное, густое зарадзіла жыта.

Буйное і густое зарадзіла жыта.

Не толькі буйное, але і густое зарадзіла жыта.


Азначэнні неаднародныя і

не раздзяляюцца коскай



Прыклады

1. Калі характарызуюць прадмет з розных бакоў

Дарога ішла па старым казённым лесе.

Збоку ўсё нагадвала вялікі цыганскі табар.



2. Калі на першым месцы стаіць азначэнне развітае, а адзіночнае размешчана за ім.

Праз лес нас вяла заросшая травою нешырокая дарога.

Міхась спыніўся каля прыгожа афарбаванага высокага будынка.



Заданні па тэме “Знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі”
Заданне 1 . Спішыце, падкрэсліце аднародныя члены сказа ў адпаведнасці з іх сінтаксічнай функцыяй. Вызначце спосаб выражэння аднародных членаў. Растлумачце знакі прыпынку.

Павее ад нашых палёў залатых не казкай, а шчасцем сапраўдным. На платах і агародах гарланілі і лапаталі крыламі пеўні. Манатонна, жаласліва і сумна птушка свішча ў гушчары альховым. І чаруе, і варожыць шаўкавістая трава. Навальніца насоўвалася павольна, ды станоўка і настырна.


Заданне 2. Спішыце сказы, падкрэсліце аднародныя члены ў адпаведнасці з іх сінтаксічнай функцыяй. Пастаўце знакі прыпынку.

У спеве жупана можна пачуць і стракатанне сарокі і цвырканне вераб’я і шчабятанне ластаўкі і меладычны свіст івалгі. Рака то супакойвалася на момант то зноў уздрыгвала маршчынілася. Ганна прывыкла таіцца хаваць у душы пакутны боль і тугу і надзеі.


Заданне3. Перабудуйце сказ У лесе пахне хвояй, смалой, мохам, грыбамі так, каб аднародныя члены ў ім спалучаліся, як паказана на схемах:

1. [ і 0, і 0, і 0, і 0 ]. 2. [ 0 і 0, 0 і 0].


Заданне 4. Прачытайце сказы і растлумачце, чаму азначэнні аднародныя ці неаднародныя.

1. Жоўтыя, даспелыя антонаўкі здымаюць з яблыняў позняй восенню. 2. На шырокім прынёманскім прасторы прачнуўся світальны ветрык. 3. Заходзіла сонца – вялікае, барвовае, спакойнае. 4. Адразу за вёскай пачаліся нізкія, з сухімі паламанымі ніжнімі галінамі вербы. 5. З мора коцяцца ўзнятыя ветрам зялёныя хвалі. 6. Дарогу перагарадзіла вузенькая, уся ў алешніку і лазе рачулка. 7. Наташа была ў простым, акуратна пашытым паўкажушку, у цёплай белай хустцы. 8. Неба на захадзе пакрыта агромністай цёмнай хмарай. 9. Люсіны вочы прамянелі ціхім, сарамлівым шчасцем. 10. На глыбокім, бязмежным небе стаяла адно толькі сонца.



Заданне 5. Спішыце, пастаўце знакі прыпынку. Падкрэсліце аднародныя азначэнні адной хвалістай рыскай, а неаднародныя – дзвюма.

1. Тут падавалі бульбяны грыбны гарохавы фасолевы супы грэчневую пярловую рысавую кашы. 2. Здавалася, што ў старэнькім неважнецкім на выгляд баяне схаваны цэлы аркестр. 3. Гэта была зграбная маладая жанчына ў сціплым але прыгожым адзенні са спакойнымі ўраўнаважанымі рухамі. 4. Пасля дажджу вярнулася галасістая зычная вясна. 5. На паляну выбегла чорная вёрткая куніца. 6. Кароткі летні адпачынак хацелася правесці дзе-небудзь на цёплым пяшчотным поўдні, каб пахвасталі ласкавыя чарнаморскія хвалі. 7. Пакой быў падзелены на дзве часткі тонкай фанернай перагародкай. 8. У жылістых учэпістых руках старога ўгадвалася немалая сіла. 9. Падзьмуў рэзкі паўночны вецер. 10. З-за лесу выкацілася сонца, іскрыстае цёплае. 11. Домік стаіць на складзеным з каменю высокім падмурку і зухавата пазірае вялікімі да бляску вымытымі вокнамі на пасёлак. 12. З кабінкі вылез прысадзісты з чырвоным тварам чалавек, апрануты ў жоўты вайсковага фасону фрэнч. 13. Сідарук адмерваў крокі па ўмёрзлай шчыльна ўтаптанай зямлі пляца. 14. У мокрую бліскучую асфальтаваную дарогу, нібы ў люстэрка, глядзелася вымытае дажджом вясёлае сонейка.


Тэставыя заданні па тэме “Аднародныя і неаднародныя азначэнні”

1. Адзначце сказы, у якіх набраныя курсівам азначэнні аднародныя і раздзяляюцца коскай (коскамі) на пісьме.

а) Ясныя _ прыветныя вочкі Аленкі глядзяць на Сцёпку.

б) На высокай _ маладой бярозцы спяваў веснавую песню шпак.

в) Патрэсквалі сухія _ яловыя лапкі.

г) Займаўся лагодны _ зусім не па-восеньску цёплы ранак.

д) Мы падышлі да маленькага _ прыгожага _ двухпавярховага будынка.


2. Няма аднародных азначэнняў у сказе (знакі прыпынку не прастаўлены).

а) Зямлю парэзалі вузкія сялянскія дарогі.

б) У букеціку былі белыя чырвоныя сінія і жоўтыя кветкі.

в) Хатка пакрыта новымі зрэзанымі нядаўна палкамі.

г) Дружбы шмат сардэчнай на свеце ў людзей, шчырай слаўнай і прыгожай.
3. Неаднародныя азначэнні ў сказе (знакі прыпынку не прастаўлены):

а) Нітуюць неба струны павуціння ў сонечных праменнях, чыстых залатых.

б) Цёплая летняя ноч павольна апускалася на зямлю.

в) На станцыі замільгалі белыя чырвоныя зялёныя агеньчыкі.

г) Акуратны карэктны працавіты Зорык бездакорна выконваў свае абавязкі.
4. Адзначце сказы з аднароднымі азначэннямі.

а) У агародчыку былі ружовыя цёмна-чырвоныя бурачковыя вяргіні.

б) Вучні спявалі вясёлую бадзёрую песню.

в) Патрэсквалі сухія яловыя лапкі.

г) На высокай маладой бярозцы спяваў веснавую песню шпак.

д) Вясёлы дружны шум уварваўся ў школу.


5. Адзначце сказы з неаднароднымі азначэннямі.

а) Вясёлы радасны узбуджаны Лабановіч злучыўся з натоўпам і згубіўся ў ім.

б) За далёкай даллю бачылася Ганне вольная гарэзлівая маладосць.

в) На месцы руін узняліся новыя прыгожыя шматпавярховыя дамы.

г) Дружная працоўная сям’я выйшла ў поле.

д) Маці прынесла сыну з магазіна новы чорны касцюм.



Трэніровачны комплекс тэставых заданняў па тэме “Сказы з аднароднымі членамі”

  1. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропускаў трэба паставіць коскі:

  1. Дождж прыходзіў звычайна ці пад вечар __ ці ў вячэрняй цемры.

  2. І няхай сабе на дварэ гаспадарыць маленькі __ элегічна настроены ветрык.

  3. Я люблю ўсходы нашых палеткаў __ і спавітыя ў зелень лугі, і шум бору, пануры, глухі, і шаптанне крынічнае ўлетку.

  4. У вясеннія дні __ або летнія раніцы манастыр выступае яшчэ больш выразна ў сваіх абрысах.

  5. На шыбе ўсё __ чароты, краскі, траў нямала.




  1. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропускаў трэба паставіць коскі:

  1. Бруснічнік рос на старых __ зялёных ад моху пнях.

  2. Як паехаў Алесь, дык ні слыху __ ні дыху.

  3. Становішча наша не безнадзейнае __ хоць і цяжкае, няпэўнае.

  4. Старыя гандляркі на ўсе галасы расхвальвалі свой тавар __ іголкі, ніткі, іншую дробязь.

  5. За якую гадзіну мы з бацькам нарэзалі крамяных, бурштынавых __ адзін у адзін баравікоў.




  1. Адзначце нумары сказаў, у якіх перад злучнікам (на месцы пропуску) трэба ставіць коску:

  1. Гняды імкнецца дастаць канюшыны __ або сена з чужога воза, нібы не еў тры дні.

  2. Убранства пакоя дапаўняла ці то карціна __ ці то фатаграфія старога мінскага дворыка.

  3. Люблю ліпнёвы грыбасей __ і ціш палёў, і водар мяты.

  4. Час суровы, ты быў __ і крылаты, і пакутлівы, і дарагі.

  5. Туман __ як лёг з раніцы, так і трымаўся праз увесь дзень.




  1. Адзначце нумары сказаў, у якіх на месцы пропуску трэба ставіць двукроп’е:

  1. Быццам аднекуль здалёк прыляталі __ абрыўкі слоў, паспешлівыя крокі людзей.

  2. Узрадаваныя вераб’і ў той жа дзень перабраліся з-пад страхі ў шпакоўню, перацягнуўшы туды ўсе свае небагатыя пажыткі __ пер’е, салому ды шматкі анучак.

  3. Тут былі __ і яркія, з вялікімі дзюбамі тушканы, і стракатыя папугаі, і рознакаляровыя галубы.

  4. Усюды закладае свае гнёзды птаства __ на зямлі, на кустах, на дрэвах.

  5. Па баках сцежкі раслі __ рамонкі, званочкі, валошкі.




  1. Адзначце сказы з прапушчанымі знакамі прыпынку:

  1. Усё, што ўбачыў Слышэня, не толькі ўсхвалявала яго, але і змяніла настрой.

  2. Вазьмі ў сваё сэрца на схову дрымоту маўклівых ракіт і поле, і луг каляровы, і родны блакіт.

  3. Як дзень, так і ноч палыхае ў домнах агонь.

  4. Часам халодны вецер прыносіў ці то з дрымучых вёсак ці то з цёмных лясоў многа шуму.

  5. На досвітку Кірыл збегаў да дубоў, паглядзеў на іх ды паслухаў шум іх маладога лісця.




  1. Адзначце сказы з аднароднымі членамі, пры якіх знакі прыпынку пастаўлены правільна:

  1. Маланкі нагадвалі белыя шаблі і блакітныя стрэлы, і розныя зігзагі.

  2. Ласі, алені і казулі выкопваюць з-пад снегу леташнюю траву, мох і карэнне і аб’ядаюць галінкі кустоў.

  3. За ціхім сасновым лесам паказалася вялікае, бульбяное поле.

  4. Гукі песень змяняліся новымі, яшчэ болей пявучымі ды радаснымі.

  5. Ён бачыў: ёсць здольныя, з творчым розумам камандзіры.




  1. Адзначце нумары сказаў, у якіх дапушчаны пунктуацыйныя памылкі.

  1. Над балотцам за палеткамі, то кружылі, то ключом адплывалі гусі, ды лебедзі.

  2. Думаў Дзям’ян пра розныя рэчы: пра зямлю, якую песціў і любіў, пра свой дом, пабудаваны перад самай вайной.

  3. Усюды: на пажоўклай траве, і на сцяне, і на падаконніку трапяталіся сонечныя плямы.

  4. Сярод птушак, насякомых у сухой траве і нават у паветры – паўсюль адчувалася набліжэнне восені.

  5. Клікалі да сябе, вабілі спакусаю: чыстая нёманская вада, жоўты пясочак на дне, прыгожы беражок.




  1. Адзначце сказы, у якіх трэба паставіць дзве коскі:

  1. Вараніцкі хоць і хваляваўся але вырашыў маўчаць.

  2. Меркаванні былі розныя, але ўсе яны былі або недасканалыя або фантастычныя.

  3. Любілі мы ў адліжныя дні і паваляцца ў снезе ды пашпурляць адзін у аднаго сняжкамі.

  4. Многа бачыў я потым адвагі і баязлівасці геройства і панічнага страху.

  5. Быў бацька і за кур’ера і за швейцара і за вартаўніка.




  1. Адзначце сказы, у якіх некалькі радоў аднародных членаў:

  1. Зачэпіцца вецер настылым небам за сосны, з шалёным свістам закруціць агні і сцягі.

  2. Восень уварвалася ў наш край хоць і своечасова, аднак неяк раптоўна і нахабна.

  3. Марозны вечар расшыў зоркамі бяздоннае неба, вытрусіў з цёмнага рукава залаты рог маладзіка, звонкай імглой захутаў горад.

  4. У маленькай, цеснай дзяжурцы было цёпла, утульна.

  5. Цясляр узяўся перарабляць то адну сцяну, то другую, то вымаць падваліны, то прасякаць новыя дзверы.




  1. Адзначце сказы з некалькімі радамі аднародных членаў:

  1. Люблю і беларускае Палессе, і казачна мяккую Навагрудчыну, і адзіную ў свеце Белавежу, і суровую прыгажосць паўночнага азёрнага краю.

  2. З агародаў, дзе, як аблітыя малаком, цвілі вішні і яблыні, плыла сюды, на бераг, вабная духмянасць.

  3. Хлопец у чоўне, смуглявы і рослы, прагна глядзіць і плыве ўдалячынь.

  4. Шмат неверагодна цікавага і карыснага могуць сказаць нам пра веру продкаў, іх глыбокую сувязь з прыродай старыя звычаі і прыкметы.

  5. Многія якасці беларуса, яго адметныя этнічныя рысы, адшліфаваныя стагоддзямі, захаваліся да нашых дзён.




  1. Знайдзіце аднародныя члены сказа. Вызначце іх сінтаксічную ролю. Адказ запішыце.

Пчаліны рой ляціць то бурлівым клубам, то шумлівай завірухай.

Адказы да тэста па тэме “Сказы з аднароднымі членамі”

    1. 1, 2, 3

    2. 1, 3, 5.

    3. 2, 3

    4. 2, 4.

    5. 2, 4

    6. 2, 4, 5

    7. 1, 3, 5

    8. 5.

    9. 1, 4, 5

    10. 3, 4

    11. акалічнасць


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка