Адзіеўская В. А. Сімволіка кола ў рамане Л. М. Сілка




Дата канвертавання15.03.2017
Памер34.46 Kb.
Радзіеўская В. А.

Сімволіка кола ў рамане Л. М. Сілка «Абрад»

Раман Леслі Марман Сілка (Leslie Marmon Silko, 1948) «Абрад» (Ceremony, 1977) з’яўляецца прыкладам этнічнай літаратуры ЗША, якая адрозніваецца адметнай формай і зместам ад класічнай плыні амерыканскай літаратуры. Асноўнай характарыстыкай сучаснай індзейскай літаратуры ёсць выкарыстанне традыцыйных тэм і паэтыкі этнічнай культуры карэнных амерыканцаў: частага звароту да міфалагічных і фальклорных вобразаў і сімвалаў, арганізацыі тэксту ў адпаведнасці з прыёмам расповеду (storytelling), прысутнасці вершаванай формы ў творах празаічных жанраў і г.д. Адпаведна пабудаваны раман Л. М. Сілка – у ім нелінейна спалучаюцца дзве часткі: вершаваная, складзеная з традыцыйных гісторый племені пуэбла пра вяртанне на зямлю дажджавых аблокаў міфічнымі героямі Калібры і Сонца, і празаічная – пра індзейца змешанага паходжання Таё, які вяртаецца з Другой сусветнай вайны ў рэзервацыю і імкнецца праз лячэбны абрад шамана Бетані аднавіць душэўна-псіхалагічную гармонію, каб знайсці сваё месца ў свеце.

Адным з асноўных традыцыйных вобразаў-сімвалаў культуры індзейцаў з’яўляецца кола. Гэты сімвал прысутнічае ў большасці вядомых традыцый чалавецтва і перш за ўсё выяўляецца ў вучэннях пра цыклы, у разуменні цыклічнасці рытму існавання чалавека і космасу, неперарыўнасці развіцця светабудовы, цэласнасці: «кола Фартуны» (антычная заходняя традыцыя), «малітоўныя колы» (японская, кельцкая, старажытна-егіпецкая традыцыі), «кола Сансары» (індуісцкая традыцыя), кола мандалы, астранамічныя колы (усходняя, індзейская традыцыі) і інш.

У індзейскай традыцыі сімволіка кола выяўляецца ў двух узаемазвязаных паняццях: сімвал светабудовы (салярны сімвал, сімвал цыклічнасці) і магічнае кола (medicine wheel) або рытуальны абруч (sacred hoop) як асобная праява сімвалу светабудовы. Гэтыя два аспекты сімволікі кола адлюстраваныя ў рамане Л. М. Сілка «Абрад».



1) сімвал светабудовы. Кола з’яўляецца не толькі салярным сімвалам, але перш за ўсё сімвалам усёй светабудовы, а ў сімвале акружнасці сцвярджаецца ўвасабленне цыклу праяўлення [1, с.287]. Сімволіка кола або цыклу – цэнтральнае паняцце ў традыцыі індзейцаў: час разумеецца цыклічна, прастора (зямля, неба) маюць форму кола, жыццё чалавека – гэта цыкл змянення фазаў. Кампазіцыйна ў рамане цыклічнасць выяўляецца ў вобразна-зместавай адпаведнасці сюжэтных блокаў вершаванай і празаічнай частак; у рамкавай канструкцыі: раман пачынаецца і сканчваецца вершанай формай, зваротам да сонца; у спалучэнні розных часавых і прасторавых пластоў (старажытнага і сучаснага, успамінаў і падзей, паўтора месцаў дзеяння). Зместава кола як салярны сімвал выяўляецца ў рамане ў міфалагічным вобразе Сонца, які вызваляе аблокі (у вершаванай частцы), і ў пастаяннай сувязі сонца з этапамі праходжання абрада (у празаічнай). Кампазіцыйна салярная цыклічнасць выяўляецца ў рамкавай канструкцыі – звароце да сонца ў пачатку і канцы рамана, а таксама ў вобразнай адпаведнасці галоўнага героя празаічнай часткі – Таё з героем вершаванай – Сонцам.

2) магічнае кола (medicine wheel) або рытуальны абруч (sacred hoop). З’яўляючыся ўвасабленнем асноўных каштоўнасцяў у індзейскай традыцыі, «магічнае кола» першапачаткова ўяўляла сабой колавую каменную канструкцыю і было звязана з паляваннем і медычна-магічнымі практыкамі. Праз кола сцвярджалася збалансаванае і гарманічнае існаванне свету і ўсіх яго элементаў, таму лекаванне з дапамогай такой каменнай канструкцыі адбывалася праз гарманізацыю чалавечага духу, які ёсць крыніцай фізічнага і духоўнага стану чалавека. Галоўная ідэя, якія ўвасабляецца ў гэтым сімвале – узаемасувязь чалавека і прыроды, матэрыяльнага і духоўнага [3]. Магічнае каменнае кола выўляецца ў індзейскай ківе – месцы адпраўлення рытуалаў. Так, у рамане падчас абрада шамана Куоша ў ківе Таё разумее містычную сувязь сваёй каханай Tseh з багіняй Amooooh [2, с.256-257]. Выкарыстанне рытуальных абручоў апісваецца ў рамане ў межах абрада шамана Бетані – Таё мусіў прайсці праз адпаведныя абручы, якія разам з сімволікай колеру намаляваных гор і мядзьвежых слядоў (чорны, блакітны, жоўты, белы) абазначалі бакі свету. Абручы былі зробленыя з розных дрэваў у суаднесенасці са старажытным абрадам. Такое спалучэнне свету мінералаў (горы), жывёл (мядзьведзь), раслін (дрэвы) падкрэслівае асноўную ідэю індзейскай духоўнай філасофіі: аднаўленне псіхалагічнай гармоніі магчыма толькі праз разуменне асноўнага аспекта сімволікі кола – узаемасувязі чалавека з іншымі людзьмі, прыродай, універсам, продкамі, Абсалютам.

Літаратура:

  1. Генон, Р. Очерки о традиции и метафизике. – СПб.: Издательская Группа «Азбука-классика», 2010. - 320 с.

  2. Silko, L. M. Ceremony. – New York: Penguin Books, 1986. – 262 p.

  3. Wakau-Villagomez, L. A Native American approach to Teaching and Learning [Electronic resource]. – Mode of access: http://www.edchange.org/multicultural/papers/ medicinewheel.html. - Date of access: 01.04.2011.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка