Агляд «Слова для яго форма жыцця душы»




Дата канвертавання03.09.2018
Памер27.72 Kb.
Агляд «Слова для яго – форма жыцця душы»
Нарадзіўся 10 кастрычніка 1957 года ў працоўнай сям’і ў горадзе Давыд-Гарадок Столінскага раёну Берасцейскай вобласці. Прырода шчыра адарыла юнака талентам, адчуваннем і разуменнем спецыфікі мастацкага слова, здольнасці эстэтычнага ўспрымання свету. Ад маці Леанід яшчэ да школы пачуў вершы Я.Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, а таксама творы рускіх класікаў. Немалую ролю на паэта аказаў і бацька. Неадольнаму жаданню пісаць, згадвае Л. Дранько-Майсюк, паспрыялі яго настаўнікі.

У 1974 годзе будучы паэт скончыў Давыд-Гарадоцкую сярэднюю школу, працаваў на мясцовым заводзе слясарна-мантажных інструмэнтаў. У 1975 паступіў на завочнае аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытуту імя М. Горкага ў Маскве. Першыя вершы надрукаваў у столінскай раённай газеце «Навіны Палесся» ў 1972 годзе. У 1974 годзе выступіў упершыню ў рэспубліканскім друку (газета «Чырвоная змена»).

У 1976-1978 гадах служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі перавёўся на стацыянарнае аддзяленне Літынстытуту, які скончыў у 1982. Да выхаду ў 1984 годзе першага зборніка пад рамантычнай назвай «Вандроўнік» Л.Дранько-Майсюк друкаваўся на старонках часопісаў «Полымя», «Маладосць», газеты «Літаратура і мастацтва», зборнікаў «Дзень паэзіі», «Тверской бульвар, 25». Змест першай кнігі Леаніда Дранько-Майсюка склалі вершы пра родны край і яго гісторыю, сяброўства і працу. Паэт сцвярджае, што свет маленькай вёскі, як і свет вялікага горада, заўсёды будзе хвалююча блізкім чалавечай душы. Для раскрыцця ідэйнай задумы твора аўтар карыстаецца арыгінальнымі мастацкімі вобразамі, паэтычнымі сродкамі:

Гэта цень мой вярнуўся дамоў,

Выпіў кварту халоднай вады,

Узышоў на вяршыні дубоў,

Абтрасаючы жалуды.

Для паэта першачарговае значэнне маюць здольнасці ўмець назіраць жыццё, у звычайным бачыць незвычайнае, адметнае,слухаць прыроду, людзей, сваё сэрца, тварыць у цішыні. Дранько-Майсюк любіць і ўмее слухаць цішыню:

Я чуў салоўку зблізку,

Я дзякаваў вясне,

Што прылятала пліска

На ганак да мяне,

Што гром услед ёй дыхаў,

Рака, як бор гула

І ў клетку майго слыху

Залётвала пчала.


Зборнік «Вандроўнік» уяўляе сабой своеасаблівыя замалёўкі з натуры, паэтычныя старонкі роднага гарадка. Аўтар як бы вандруе па знаёмых куточках малой радзімы і пераносіць іх у свае вершы: «Хата мая, дзе павоі цвітуць…», «Змярканне, спакой і трывога.Да возера Чаква дарога…» і г.д.

Другі зборнік з даволі своеасаблівай назвай «Над пляцам» выйшаў у 1986 годзе. Лейтматывам усяго зборніка сталі родная хата, падворак, сямейны быт і звязаныя з усім гэтым эстэтычныя асацыяцыі. У першых зборніках Леаніда Дранько-Майсюка абазначыўся адзін з вельмі характэрных элементаў яго аўтарскай стылістыкі: лёгкі, дасціпны гумар,заснаваны на апісанні незвычайнай падзеі ці здарэння, суадноснасці камічных вобразаў.

З 1982 года паэт з’яўляецца рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1984 года – член СП СССР. У 1990 годзе Леанід Дранько-Майсюк выдаў трэцюю кнігу пад кароткай назвай «Тут». У зборніку, акрамя вершаў, змешчаны паэмы і эсэ. Вершы, паэмы, эстэтычныя мініяцюры: аб’ядноўвае дамінанта аўтарскага інтэлекту. Рацыянальнае і эмацыянальнае ў творах не проста суседнічаюць – яны часта спаборнічаюць паміж сабой. Зборнік «Акропаль» быў выдадзены ў 1994 годзе і стаў своеасаблівай вяршынай рамантычнай творчасці Леаніда Дранько-Майсюка.

Аўтар спалучае ў зборніку творчы вымысел і рэальныя малюнкі жыцця, узвышанае і будзёнае.Яго філасофскія высновы грунтуюцца на паэтычнай фантазіі: лірычны герой, ператвараючыся ў незвычайную птушку, заключае, што «чалавек на зямлі і чалавек ў небе – розныя істоты; на зямлі – ён гаспадар, у небе госць». У 1998 годзе ў «Залатой серыі» выйшаў зборнік выбранага Леаніда Дранько-Майсюка «Гаспода». У анатацыі да яго паведамляецца: «Узвысіцца над будзённасцю, звыкласцю – вось да чаго імкнецца Леанід Дранько-Майсюк, складаючы вершы для першых зборнікаў. Гэтае імкненне засталося з паэтам назаўсёды. Яно прывяло да важнай тэмы хараства, да акропальскага ўзвышэння, да радаснай трагедыі жыць у гасподзе беларускай паэзіі».



Агляд падрыхтаваны і.а. галоўнага бібліятэкара ЦГБ імя А.С.Пушкіна Рышчук Ю.В.

03.10.2012 г.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка