Агратурыстычны комплекс «Каробчыцы» музей пад адкрытым небам, размешчаны за пяць кіламетраў ад Гродна. Тут можна выдатна адпачыць ад гарадской мітусні і палюбавацца прыгажосцю беларускай прыроды




Дата канвертавання24.02.2017
Памер24.61 Kb.
«Каробчыцы»
Агратурыстычны комплекс «Каробчыцы» – музей пад адкрытым небам, размешчаны за пяць кіламетраў ад Гродна. Тут можна выдатна адпачыць ад гарадской мітусні і палюбавацца прыгажосцю беларускай прыроды.

Турыстычны комплекс стылізаваны пад старадаўнюю сядзібу дзевятнаццатага стагоддзя. На яго тэрыторыі размяшчаецца больш за трыццаць аб’ектаў рознага прызначэння, якія арганічна ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе. «Каробчыцы» займаюць тэрыторыю ў шаснаццаць гектараў, дзе хапае месца як прыродным ландшафтам, так і аб’ектам забаўляльнага і пазнавальнага характару.

Цэнтральным элементам «Каробчыц» з’яўляецца рэстаран «Замак Зяваны», пабудаваны ў найлепшых традыцыях беларускага народнага дойлідства. Масіўныя вежы з каменя, арнамент у выглядзе вінаградных гронак, фантан у цэнтры, паляўнічыя трафеі ствараюць атмасферу спакою і камфорту. Адну са сцен замка ўпрыгожвае дзевяціметровы вітраж з выявай гаспадыні сядзібы – славянскай багіні палявання Зяваны. У самім жа замку-рэстаране шануюць беларускія гастранамічныя традыцыі.

Побач з замкам – постаць міфічнага цара беларускіх лясоў Святабора. За некалькі метраў ад яго размешчаны сквер «Усмешка» – месца для самых маленькіх наведвальнікаў комплексу. Перад замкам знаходзіцца адкрытая рыцарская пляцоўка, складзеная з бярвення. На гэтай своеасаблівай сярэднявечнай сцэне праводзяцца рыцарскія турніры, конкурсы, выступаюць музычныя і танцавальныя калектывы.

Неад’емнай часткай «Каробчыц» з’яўляюцца майстэрні народных умельцаў. Назіраючы, напрыклад, за працай разьбяра па дрэве, можна ўбачыць, як звычайны кавалак дрэва ператвараецца ў казачную жывёліну або міфічную істоту ці фантастычную постаць. Некаторыя з іх з усіх бакоў ахоўваюць сядзібу. З-пад молата каваля выходзяць не толькі падковы, але і жалезныя карункі, сувенірныя манеты. Пры гэтым кожны з умельцаў з радасцю дзеліцца сакрэтамі майстэрства з турыстамі.

Палова тэрыторыі сядзібы – запаведная зона. Тут усё як у дзікім лесе: паваленыя дрэвы, зараснікі кустоў, ручаі і крыніцы. А сапраўдныя гаспадары гэтага кутка – дзікія кабаны, плямістыя алені, казулі, ласі. Гуляючы па парку, можна сустрэць важных паўлінаў, яркіх фазанаў, цікаўных страусаў, а таксама хатніх экзатычных жывёл: курачак, качак, гусей, трусоў, в’етнамскіх свінак. Ёсць у «Каробчыцах» і «дзіцячы садок» для нядаўна народжаных жывёл. Каб пазнаёміцца з царствам жывёл, трэба сесці ў дыліжанс ці карэту і ў суправаджэнні фурмана адправіцца ў захапляльнае падарожжа.

У паркавай зоне створана пяць штучных сажалак, дзе водзяцца карп, акунь, шчупак, стронга, белы амур, таўсталобік, нёманскі сом.

Гонар «Каробчыц» – стайня, якая з’яўляецца часткай коннага спартыўнага комплексу «Амадэус». У стайні знаходзіцца каля сарака коней розных парод. Стайня пабудавана з такім разлікам, каб наезнік па старой традыцыі мог правесці ноч перад заездам побач са сваім канём. Для гэтага на другім паверсе прадугледжаны спецыяльныя пакоі. На прасторным манежы гасцям прапануюць паспрабаваць сябе ў ролі наезнікаў, атрымаць кваліфікаваныя ўрокі верхавой язды. А ў кавярні «Алюр» можна пакаштаваць беларускія скваркі, падрумяненыя каўбаскі і шашлыкі, якія на свежым паветры набываюць непаўторны смак.



Агратурыстычны комплекс «Каробчыцы» – месца, куды з задавальненнем прыязджаюць не толькі беларусы, але і замежныя турысты, якія выбралі адпачынак на Гродзеншчыне. Утульныя альтанкі на беразе возера звычайна не пустуюць. Мабыць, яшчэ не было ў «Каробчыцах» такога госця, якому не захацелася б вярнуцца ў гэты чароўны куток беларускай прыроды, рупліва захаванай чалавекам.

Паводле інтэрнэт-рэсураў.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка