Ах, якую вы спадчыну маеце!




Дата канвертавання07.08.2017
Памер212.91 Kb.
УО «Навамышскі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці»

Літаратурная вечарына



Ах, якую вы спадчыну маеце!..”

(да 85-годдзе з дня нараджэння Н.Гілевіча)

Распрацавала

Кабушка З.М., бібліятэкар

Новая Мыш, 2016

Хай будуць душы ўсякія,

Апроч нялюдскіх душ!

Н.Гілевіч
Мэта: праз мастацкае слова, тэатральнае дзейства фарміраваць лепшыя чалавечыя якасці гледачоў.

Задачы:


  • ушанаваць памяць знакамітага паэта;

  • узнавіць старонкі творчасці Н.Гілевіча, паказаць яе жыццесцвярджальны пафас;

  • выхоўваць:

─ непрымірымасць да бесчалавечнасці, хабарніцтва,крывадушнасці,махлярства, сквапнасці;

─ любоў да роднай спадчыны, роднага слова праз дэманстрацыю шматграннасці мастацтва слова і дзеі.


Удзельнікі: навучэнцы ліцэя, бібліятэкар.

Вядучыя: навучэнцы ліцэя, бібліятэкар.

Гучыць песня на верш Н. Гілевіча “Вы шуміце, шуміце…”

( па ходу мерапрыемства гучаць мелодыі айчынных і сусветна вядомых аўтараў)

Слайд 1.

Вядучая. Знаемая песня? Здагадаліся, напэўна, хто аўтар гэтых радкоў? Так, Ніл Сымонавіч Гілевіч, 85-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася 29 кастрычніка. А пагаварыць з вамі пра гэтага цудоўнага чалавека і паэта мы вырашылі зараз, падчас правядзення Нядзелі сацыяльна-гуманітарных навук.

Хтосьці мудры сказаў, што пра любога пісьменніка найлепшым чынам раскажа яго творчасць… І мы вырашылі пайсці менавіта гэтым шляхам і звярнуліся толькі да адной кнігі Ніла Сымонавіча “Наканаванае” (а іх толькі ў 2000 годзе , мне помніцца, было больш за 75) і … разгубіліся: нам выдзелена не так і многа часу, а тут столькі мудрасці, цяпла душэўнага, эрудыцыі, што не ведаеш на чым спыніцца, а хочацца, каб вы пачулі хоць па радочку з кожнага твора… Але ж гэта немагчыма…

Таму і пастараліся выбраць тыя, што, на нашу думку, змогуць найбольш глыбока і пранікнёна раскрыць хоць часцінку таленавітай, надзвычай тактоўнай і добрай душы Яго Вялікасці Паэта і Чалавека…

Ніла Сымонавіча Гілевіча…

Слайд 2. Ніл Сымонавіч Гілевіч – родам з Лагойшчыны, прыгожага ляснога куточка беларускай зямлі, якая ўзрасціла талент Купалы і навечна прапісала памяць і боль спаленых беларускіх вёсак.

Слайды 3,4,5.

Чытальніца 1. Тут Хатынь, жалобныя званы якой не даюць забыцца на жудасную трагедыю. Каму прыйшлося пабываць у Хатыні, напэўна, звярнулі ўвагу на словы, выбітыя на мемарыяльным вянцы – яны належаць Нілу Гілевічу:

(голас за сцэнай)

Людзі добрыя, помніце!

Мы любілі жыццё і Радзіму,

І Вас, дарагія,

Мы згарэлі жывымі ў агні.

Наша просьба да ўсіх:

Хай жалоба і смутак

Абернуцца ў мужнасць і сілу,

Каб змаглі ўвекавечыць вы

Мір і спакой на зямлі…

Слайд 6.

Чытальніца 2. Лагер смерці… Заснаваны 22 сакавіка 1933 года ў Дахау, недалёка ад Мюнхена.

У час вайны Дахау набыў антыгуманную вядомасць як адзін з самых пачварных лагераў смерці, дзе праводзілі жудасныя эксперыменты над людзьмі. Мэта медыцынскіх эксперыментаў ─ вывучэнне магчымасцей уздзеяння на паводзіны чалавека.

У адносінах да славянскай расы планы былі наступныя: 70% знішчыць (у крэматорыях, у газавых камерах, масавымі расстрэламі), а астатнія 30% пераўтварыць у зомбі: ніякіх іншых жаданняў: карыта - праца, карыта - праца.

А яшчэ ─ пачварныя генетычныя эксперыменты : і вось вам на экране - іх вынікі.
Слайд 7.
Чытальнік 3. Таму і спапяляе душу “споведзь смяротная”пакутнікаў турмы, з якой адпраўлялі прама ў Дахау:


Амаль што не кожная споведзь смяротная ─

Найшчырая споведзь без Бога і храма ─

З адных жа і тых пачынаецца слоў:
Бывай, мая мамачка! Матанька родная!

Даруй мне, матулька!

Не плач па мне, мама”,

Матуленька, дзе ты? Ці ўбачымся зноў?!.”



Былая турма ў Бягуні

Слайд 8.

Чытальніца 1. Тысячы матуль так і не знайшлі месца апошняга прытулку сваіх сыноў І паэт не можа не сказаць пра той невыносны боль у вачах матуль ля магіл Невядомага салдата:.
А вочы ў кожнай – як у Маткі Боскай:

Усё той жа крык, няўчуты праз вякі:

Калі ж, калі, вялікі род людскі,

Ты станеш жыць без войнаў і забойстваў?

Ля магілы

беларускіх партызан

на Беласточчыне

Слайд 9.

Чытальніца 2. А, каб зразумець тое, пра што зараз пойдзе гаворка, вы павінны ведаць значэнне слоў “драўляны пранік “і “скроня”. Пранік − гэта драўляны брускок, шырынёй сантыметраў 15, даўжынёй з паўметра з ручкай ( у вашых бабуль яны павінны яшчэ захавацца). Раней , калі прасаў (утюгов) не было, жанчы ім адбівалі - “прасавалі” бялізну, абмалочвалі лён. А скроня − ў перакладзе на рускую мову “висок”.


Вядучая.Дык вось, адзін раз і сам Ніл Сымонавіч ледзь не загінуў. А адбылося вось што. Бацька – партызан просіць яго аднойчы”… прабрацца ў вёску цішком: даведацца “што там у іх стане?..” Натрапіўшы на фашыста, ён атрымлівае ўдары драўляным “пранікам” па галаве, траціць прытомнасць, і тады

Чытальнік 3. Тым часам і я ўжо амаль дзяцюк:

Не дзесяць ужо, а трынаццаць,

І ведаю: Гітлеру скора каюк,

Нядоўга яму ўжо трымацца.

Пад вечар пасём на паляне кароў,

А ў вёсцы – заслон варожы.

Бачу: выходзіць бацька з кустоў,

Худы, як пасля хваробы.

Ён падзывае мяне кіўком

І шэптам дае заданне:

Трэба прабрацца ў вёску цішком:

Што там у іхнім стане?..”


Чытальніца 1. За хмызам віднеюцца стрэхі хат

І нават шпакоўня на жэрдцы.

Бяруся кустоўем. І раптам: “Хальт!”

Аж ёкнула нешта ў сэрцы.

Тоўсты, мардаты, яшчэ не стары,

Гранатамі падперазаны,

Ён робіць насустрач крокі са тры

І гаркае: “Дзе партызаны?”

Наіўна паказваю кмену снапок

І паціскаю плачыма,

І − нібы клубок, адлятаю ўбок:

Толькі кругі пад вачыма.

Не даланя − а пранік цяжкі,

Вялізарны пранік драўляны.


Вядучая. “Аўфштэен!” − і зноў казыраць бялкі

І гаркае: “Дзе партызаны?”

І зноў паціскаю плячыма ў адказ:

Не знаю. Не бачыў. Не знаю”.



І зноў пад гучны “праніка” пляск

Далёка ў траву адлятаю.

А потым яшчэ, і яшчэ, і яшчэ!

А потым …ляжу нерухома.
Гарачы струменьчык на губы цячэ,

На вейках − ліпучая стома.

Хачу іх расплюшчыць, адплюшчыць хачу!

Чаму ўсё імглой ахінула?

Сплывае імгла, і я нема крычу:

У вочы мне цэліцца дула!

Пасля паднялося, хіснулася ўбок −

Хай куля пабудзе ў патроне.

Лепей без стрэлу. З падкоўкамі ж бот!

На шчасце − чуць вышай скроні.



Гарыць, гарыць мая Лагойшчына
Чытальніца 2. Прамахнуўся, на шчасце, пракляты фашыст, не трапіў у скроню, куды цэліўся цяжкім каваным ботам… Збярог нам лёс будучага паэта …

Слайд 10.

Чытальнік 3. У час вайны Нілу Гілевічу было ўсяго 10-13 гадоў, але ўражлівая душа хлопчыка запомніла ўсю бязмежнасць чалавечага гора і пакут. І з усім запалам збалелага сэрца паэт заклікае нас з вамі:
Вядучая. Часцей, часцей прыпамінайце

Імёны паўшых смерцю храбрых

За родны край, наш мілы край,−

Каб над зямлей, што млела ў ранах,

Плыў гэты сіні-сіні ранак,

Цвіў гэты белы-белы май, −

Часцей, мой друг, прыпамінай!..

Часцей, часцей прыпамінай

І шчыра жадае:
Чытальніца 1. Хай жа ў кроплях світальнай расы

Ціха падаюць зоркі на дол.

Хай ўвосень страсаюць лясы

Дождж ігліцы і град жалудоў.

Хай на звонкіх арэлях вясны

Сонца гушкае мары дзяўчат.
Чытальніца 2. Хай ад чорнай, як смоль, баразны

Будзе сейбіту светла ў вачах.

Хай пускаюць на плынь ручая

Папяровы свой флот хлапчукі.

Хай пацешнае скача шчанятка,

Каб дастаць да дзіцячай рукі…
Вядучая. Столькі зведаўшы гора, нягод,

Столькі слез, і крыві, і агню –

Ты ,Радзіма, на тысячы год

Заслужыла сабе цішыню.

Ні пра што не забыўшы ад той

Гераічнай і грознай пары, −

Больш за ўсё ты вартуеш спакой,

Больш заўсё цэніш міру дары…

А раніцы ужо не было


Слайд 11.

Чытальнік 3. Прайшло ваеннае ліхалецце, якое прынесла многа няшчасця, і, здавалася, непапраўна зруйнавала душу хлопчыка. Але творы наступных гадоў сведчаць: ён змог захаваць і цеплыню, і дабрыню, і тактоўнасць, і мяккасць душэўную: пяшчоты, любові хапае яго лірычнаму герою нават на галінку грушы, якую навальніца адарвала ад роднага ствала…

Чытальніца 1. І яшчэ не ўспела груша

Гора выплакаць слязой,−

Па галінцы хтось бяздушна

Пераехаў калясом.

Утаптаў у жвір халодны

Дробны ліст, пахучы цвет…


Прыпыніўся я ля дрэўца,

Паглядзеў і гавару:

Пацярпі крыху: здаецца,



Я прыйшоў яшчэ ў пару.

Будзеш ты ізноў прыгожай!

Страшны боль твой я ўніму…

Пры дароз пыльнай, шумнай…

Чытальніца 2. І падвязаў зламаную галінку, і пазней атрымліваў невыказную асалоду ад таго, што яна ажыла, зазелянела…

Скажыце, паклаўшы руку на сэрца, ці многія з нас зрабілі б так?
Слайд 12.

Вядучая. Паэт разумее, што мы ўсе розныя, са сваімі поглядамі на чалавечыя праблемы, на жыццё ўвогуле ─ і гэта цудоўна. Ён згаджаецца з гэтым фактам , толькі просіць, моліць нас…

Хай будуць душы розныя,

Як нашы рэчкі родныя:

І з хвалямі бруістымі,

І з плёсамі празрыстымі,

З нябачнымі крыніцамі,

З вірамі –таямніцамі,

З вадзяніком, русалкамі…

Стандартам іх не руш!

………………………………



Хай будуць душы ўсякія,

Апроч нялюдскіх душ!

Раўняюць хлопцы рэчку


Слайд 13.

Чытальнік 3. А наступная інфармацыя зацікавіць нашых дзяўчынак.

У вершы “Лісце трыпутніку” аўтар расказвае пра той факт, што раней дзяўчаты варажылі на лістах трыпутніка. Ішлі вечарам на луг, зубамі (так патрабавала традыцыя) зрывалі лісточак падарожніка (трыпутніка), лажылі яго пад падушку ─ і бачылі шчаслівыя сны, якія вельмі часта збываюцца…

зусім не дзеля забавы

(Дыктаваў рытуал абраднасці)

Адрывалі лісток зубамі

І дамоў яго неслі

Ў радасці,

Пад падушку сабе лажылі

І на сон малады загадвалі ─

Пра свой лёс яны

Варажылі.

О, як многа тады ім

Снілася

Таго шчасця,

Якое пазнілася…

Лісце трыпутніку

Вядучая. Яму хочацца “па-язычніцку ” пакланіцца…і набрынялым пупышкам, і “кожнай яблыні… ”, бо гэта ўсё прыкметы Свята Міру і Зямлі:

Набрынялыя пупышкі,

Раскалоўшыся ад грому,

Прыбіраюць цветам пышным

Кожнай яблыні карону…

Свята зямлі

Адчуваеце, колькі любові, пяшчоты да ўсяго існага, жывога… Колькі ўпэўненасці ў вечнасці гэтай прыгажосці!!!



А гэта ж, згадзіцеся, залежыць ад кожнага з нас…
Слайд 14.

Чытальніца 1. Радочкі гэтыя напісаны ў 1960 годзе. Прайшло ўсяго нейкіх 20 гадоў і ў рамане ў вершах “Родныя дзеці” аўтар ужо ўсклікае:
Зямля! Твой люд цябе вякамі

Бярог! Любіў − не памірай!

Жыві, карміцелька-зямліца!

Радзі! Пладзі! Святкуй жніво!

І дзень і ноч гатоў маліцца

Я за здароўе за тваё!

……………………………………



Ды што малітва! Тут патрэбен

Разумны, рупны гаспадар…
Чытальніца 2. Чаму, як вы думаеце, так змянілася інтанацыя і думкі паэта?

Ад безгаспадарчасці, ад таго, што травім зямельку злачынна –непамернай колькасцю ўгнаенняў, хімікатаў; разбурылі бяздумнай меліярацыяй… А ўратаваць яе можа “разумны, рупны гаспадар”…г.зн., кожны, хто мае хоць якія адносіны да “карміцелькі-зямліцы!”, а ў першую чаргу вы, будучыя спецыялісты… Задумайцеся над гэтым…



Вядучая. А мы не проста так ўспомнілі пра раман ў вершах “Родныя дзеці”: я думаю, многім з вас знаёмы наступныя радочкі?
Што наша закусь у пашане

У знатакоў застольных страў ─

Аб гэтым хораша ў Варшаве

Адзін наш сябар напісаў.

……………………………………


Таму дастойна, без эфекту

Прымай падзяку-пахвалу−

І беларускаму палетку,

І беларускаму сталу!
Чытальнік 3. Па-першае, настаўніца задавала вам вывучыць урывак з лірычнага адступленя “Кулінарнае” з гэтага вершаванага рамана (дарэчы, першага ў гісторыі беларускай літаратуры)
Слайд 15.

Вядучая. Па-другое, з вялікім гонарам паведамляем вам, што Ніл Сымонавіч Гілевіч быў госцем нашага ліцэя (тады яшчэ вучылішча). І быў надзвычай удзячны сустрэчы з намі і захоплены тым імправізаваным спектаклем тэатра “На Мышанцы”, які быў арганізаваны па матывах яго рамана ““Родныя дзеці”” ў рамках Нядзелі “Кулінарыя”.
І зараз запрашаем вас паглядзець эпізоды з відэафільма пра тыя незабыўныя імгненні .


  • Прагляд відэафільма


Слайд 16.

Вядучая. Ну а зараз парады вам, маладым чытачам.Як часта ў вашым узросце не хапае вопыту для вырашэння розных жыццёвых пытанняў. А ў наступных радочках мудры аўтар падказвае,што ужо заўтра, а то можа,нават і сёння вы пачнеце набірацца гэтага вопыту, атрымліваючы пры гэтым нямала асалоды і радасці ад сустрэчы з Яго Вялікасцю Словам.
Парады маладымьчытачам
Чытальніца 1. Вам , маладым будаўнікам і творцам,

Каб меншыя цярпець няўдачы-страты,

У наш вучоны век я раю моцна:

Чытайце казкі, хлопцы і дзяўчаты!
Чытальніца 2.Так, так, старыя казачкі чытайце.

Не думайце, што вы, маўляў, даўно ўжо

З іх выраслі, як з вопраткі дзіцячай,

Асвоіўшыся з кніжнасцю найноўшай.
Чытальнік 3.І з кожнай фабулы, зусім нядоўгай,

Вы зразумееце шмат мудрых ісцін:

Чаму лісе не трэба верыць дохлай,

Як гэта дзед адзін зрабіў калісьці;
Вядучая. Чаму ваўку не трэба камізэлька

З двума радамі гузікаў на бруху;

Чаму царэвіч там, дзе ўпала стрэлка,

Узяў за жонку брыдкую рапуху;
Чытальніца 1. Чаму быў вымушаны памірыцца

Музыка з яшчаркай, як гора ўспала;

Чаму пабыўшы ўжо царом з царыцай,

Дзед стаў зноў дзедам, баба ─ бабай стала…
Чытальнік 3. Навукі мудрай ─ край там непачаты!

Таму й кажу вам: у жыцця на старце ─

Чытайце казкі, хлопцы і дзяўчаты!

Старыя казачкі часцей чытайце!

Вядучая. А зараз вышай увазе прадстаўляецца інсцэніроўка адной з мудрых казак Ніла Гілевіча так называемая, ланцужковая казка “Кантора” ў выкананні акцёраў нашага тэатра “На Мышанцы”. Пастаноўка Д. Патапавай.

А вывады зрабіце самі…


Літаратура

1.Гілевіч Н. Наканаванае: Вершы, паэмы, раман у вершах: Для ст. шк. узросту. ─ Мн.: Полымя, 1998. ─ 462с. іл.

Дадатак 1.

Кантора

Сучасная ланцужковая казка
Прыбягае воўк.

— Хто ў гэтай рукавічцы жыве?

— Я — Мышка-нарушка!

— Я — Жабка-квакушка!

— Я — Рак-тарабун!

— Я — Па бярэзнічку прыгун!

А ты хто?

— А я — З-за куста хапун.

Ці можна мне к вам?

— Лезь!


З беларускай ланцужковай казкі

"Дзедава рукавічка"
Жыў Патап — Вялікі хап,

Што схапіў — не вырвеш з лап!

Шмат хапаў, а — не хапала,

І стагнаў Патап, што мала!

Лёс панёс Патапа ўгору —

І Патап прыняў кантору —

Адчынілі акурат.

"Падбірай,— сказалі,— штат".

Сеў Патап, расклаў паперы —

Нехта грукаецца ў дзверы:

— Хто ў канторы? Назавіся!

— Я — Патап — Вялікі хап,

Што схаплю — не вырвеш з лап!

А ты хто такі з'явіўся?

— Я — Аўдзей — Скубі з людзей,

Каб жылося саладзей!

Ці няма пасады-месца?

— Месца ёсць. Заходзь, Аўдзей!

Праз хвіліну — дайце веры —

Нехта зноў грукоча ў дзверы:

— Хто ў канторы?

Хто каторы?

— Я — Патап — Вялікі хап!

— Я — Аўдзей — Скубі з людзей!

А ты хто?

— Я — Мікола — Круці кола,

Раскручу — дым-гром наўкола!

Ці няма ў канторы месца?

— Месца ёсць. Заходзь, Мікола!

Праз хвіліну — дайце веры —

Зноў грукоча нехта ў дзверы:

— Хто ў канторы?

Хто каторы?

— Я — Патап — Вялікі хап!

— Я — Аўдзей — Скубі з людзей!

— Я — Мікола — Круці кола!

А ты хто?

— Я — Мікіта — Шыта-крыта,

Вельмі спрытны ля карыта!

Ці няма ў канторы месца

— Месца ёсць. Заходзь, Мікіта!

Неўзабаве — дайце веры —

Нехта зноў грукоча ў дзверы:

— Хто ў канторы?

Хто каторы?

— Я — Патап — Вялікі хап!

— Я — Аўдзей — Скубі з людзей!

— Я — Мікола — Круці кола!

— Я — Мікіта — ІІІыта-крыта!

А ты хто?

— Я — Параска — Калі ласка.

Без падмазкі — дрэнь каляска!

Ці няма ў канторы месца?

— Як няма! Заходзь, Параска!

"Ну,— сказаў сабе Патап,—

Тут таксама будзе хап!

Не вярблюд, не перастарка —

Чым жа мне не сакратарка?"

Неўзабаве — дайце веры —

Зноў пастукаліся ў дзверы:

— Хто ў канторы?

Хто каторы?

— Я — Патап — Вялікі хап!

— Я — Аўдзей — Скубі з людзей!

— Я — Мікола — Круці кола!

— Я — Мікіта — Шыта-крыта!

— Я — Параска — Калі ласка!

А ты хто?

— Я — Абросім — Колькі просім!

Два на два — бывае й восем!

Ці няма ў канторы месца?

— Як няма! Заходзь, Абросім!

"Гэта ж ён,— рашыў Патап,—

Збалансуе ўсякі хап!

Як з'явіліся касіры

І бухгалтары — спакон:

Два на два было чатыры.

Нам чатыры — не закон!"

Праз хвіліну — дайце веры —

Зноў пастукаў нехта ў дзверы:

— Хто ў канторы?

Хто каторы?

— Я — Патап — Вялікі хап!

— Я — Аўдзей — Скубі з людзей!

— Я — Мікола — Круці кола!

— Я — Мікіта — Шыта-крыта!

— Я — Параска — Калі ласка!

— Я — Абросім — Колькі просім!

А ты хто?

— Я — Міхалка-Папіхалка,

Не патрэбны кій і палка!

Ці не знойдзецца ў вас месца?

— Месца ёсць! Заходзь, Міхалка!

"Гэта ж скарб! — рашыў Патап.—

Во, як трэба мне такія,

Каб без палкі і без кія

Шчыравалі мне на хап!"

Неўзабаве — дайце веры —

Разам двое пруцца ў дзверы:

— Хто ў канторы?

Хто каторы!

— Я — Патап — Вялікі хап!

— Я — Аўдзей — Скубі з людзей

— Я — Мікола — Круці кола!

— Я — Мікіта — Шыта-крыта!

— Я — Параска — Калі ласка!

— Я — Абросім — Колькі просім!

— Я — Міхалка-Папіхалка,

А вы хто такія?

— Мы?


Мачыляпа й Мачыморда —

Раз у месяц ходзім цвёрда!

Ці не знойдзецца ў вас месца?

Абязгрошалі абодва!

Тут Аўдзей шапнуў Патапу:

"Можа... толькі Мачыляпу?

Ці патрэбны нам дуэты?"

"Не бяда! Хай будзе й гэты!

Дый гучыць дуэтам горда:

Мачы-ляпа! Мачы-морда!.."

Неўзабаве — дайце веры —

Зноў пастукаў нехта ў дзверы:

— Хто ў канторы?

Хто каторы?

— Я — Патап — Вялікі хап!

— Я — Аўдзей — Скубі з людзей!

— Я — Мікола — Круці кола!

— Я — Мікіта — Шыта-крыта!

— Я — Параска — Калі ласка!

— Я — Абросім — Колькі просім!

— Я — Міхалка-Папіхалка,

— Мы — бязгрошыя абодва —

Мачыляпа й Мачыморда!

А ты хто?

— Я — Парфір — Ні ў пір ні ў вір,

Пераведзен на кефір.

Ці няма ў канторы месца?

— Пачакай, пастой, Парфір!..—

Як пачуў Патап — скрывіўся.

Першы раз ён усумніўся:

"А навошта нам Парфір,

Калі ён ні ў пір ні ў вір?"

Але тут своечасова

Мачыляпа ўставіў слова:

— Трэба месца даць Парфіру,

Каб было відаць усім,

Што бутэлькі з-пад кефіру

Мы здаём у магазін.

Ну, нарэшце — поўны штат,

І Патап бясконца рад:

Падабралася кагорта —

Каб і лепей, дык на чорта!

І пайшла гудзець кантора —

Безупынку, без затора!

Гэй, Патап — Вялікі хап,

Заграбай у дзесяць лап!

Гэй, Аўдзей, скубі з людзей,

Каб жылося саладзей!

Гэй, Мікола, круці кола,

Каб аж дым ды гром наўкола!

Гэй, Мікіта — Шыта-крыта,

Варушыся ля карыта!

Гэй!..

Чакайце: што за ліха?



Што так раптам стала ціха?

Нечакана — дайце веры

Зноў загрукаў нехта ў дзверы:

Анямелі дружбакі.

— Хто грукоча? Хто такі?

— Я — Кандрат — Не будзеш рад

І са мною мой атрад:

Харытон — Пільнуй закон!

А Язэп — За шкірку цэп!

А Юстын — На ўвесь аршын!

А Адась — Яшчэ й дадась!

Адчыняй без угавора —

Ліквідуецца кантора!

Ох і меў народ забаву,

Як паселі ўсе на лаву:

І Патап — Вялікі хап,

І Аўдзей — Скубі з людзей,

І Мікола — Круці кола,

І Мікіта — Шыта-крыта,

І Параска — Калі ласка,

І Абросім — Колькі просім,

І Міхалка-Папіхалка,

Мачыляпа й Мачыморда

І Парфір — Ні ў пір ні ў вір!

Быў усім адзін дубец —

Тут і казачцы канец!



1970


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка