Алена Марчанка




Дата канвертавання28.12.2016
Памер150.99 Kb.
Алена Марчанка КОЛЕРАВЫ ЭЛЕМЕНТ У НАРАТЫЎНЫХ ХАРАКТАРЫСТЫКАХ (МУЖЧЫНСКІЯ ПАРТРЭТЫ Ў ТРЫЛОГІІ ЯКУБА КОЛАСА "НА РОСТАНЯХ")

Жыццё ў мастацкі вобраз вельмі часта "ўдыхае" колер. Гэта натуральна: немагчыма ўявіць свет без яго колеравага аздаблення. Кожны аўтар падбірае сваю гаму фарбаў для апісання персанажаў і характарыстыкі прадметаў. Праз выкарыстанне той ці іншай колеравай палітры можна адчуць і аўтарскае стаўленне да пэўнай асобы ці рэчы: павагу, захапленне, шчырую сімпатыю або агіду, кплівасць, адчуджэнне. Як прызнаны майстар слова- жывапісец, Якуб Колас рупліва падбірае кожнае колераапісанне, шукае найбольш прыдатнае колеравае адценне для ўвасаблення пэўных якасцей і характарыстык мастацкага вобраза. Прычым пісьменнік робіць гэта настолькі дакладна, што можа адным словам, як адным мазком пэндзля, перадаць і падкрэсліць найбольш адметную рысу вобраза.

Даследчыкамі ў розных галінах навукі (літаратуразнаўцамі, псіхолагамі, фізікамі, мастацтвазнаўцамі) неаднаразова падкрэсліваліся вялікія выяўленчыя магчымасці колераў. Сапраўдныя майстры слова, да якіх справядліва адносяць і Якуба Коласа, ніколі выпадкова ніякі колер не выкарыстоўваюць. Ведаючы, якую багатую сэнсавую і эмацыйную насычанасць убіраюць у сябе колерабазначэнні, аўтар з вялікай адказнасцю падыходзіць да іх ўжывання ў працэсе стварэння цэлай галерэі галоўных і эпізадычных персанажаў. Колас як мастак і псіхолаг, безумоўна, адчувае, наколькі вялікім выяўленчым патэнцыялам валодаюць колеры і наколькі важным пры характарыстыцы вобразаў можа быць трапнае, удала падабранае азначэнне.

Артыкул прысвечаны аналізу колеравай характарыстыкі героя трылогіі ў раскрыцці яго натуры, светаадчування, а таксама ўжыванню Якубам Коласам пэўных колераў пры характарыстыцы персанажаў. Нас будзе цікавіць і тое, як праз асноўныя колеравыя азначэнні выяўляецца аўтарскае стаўленне да таго ці іншага героя.

У трылогіі партрэт літаратурнага героя - гэта апісанне яго знешнасці: цялесных, прыродных і, у прыватнасці, узроставых якасцей (рыс твару, колеру вачэй і валасоў), а таксама і таго ў знешнім выглядзе чалавека, што сфармавана сацыяльным асяроддзем, культурнай традыцыяй, індывідуальнай ініцыятывай (вопратка, упрыгожанні, прычоска) [6, с. 182]. Колеравым характарыстыкам партрэта ў такім выпадку адведзена не тое, што не апошняя, а ледзь не галоўная роля. У трылогіі пісьменнікам створаны цэлы шэраг адметных мужчынскіх характараў. Адны з іх выклікаюць асаблівую сімпатыю, другія - відавочную агіду і непрыязнасць, трэція - шчыры гумар.

Партрэту Колас адводзіць важнае месца. У жанчынах пісьменніка найбольш вабіць тое, чым надзяліла іх прырода, іх натуральная прыгажосць. Ён цалкам імі захоплены і раствораны ў іх. Мужчын Колас апісвае больш стрымана, найперш яго цікавіць спалучэнне знешняга і ўнутранага і тое, наколькі ўнутранае - духоўнае жыццё - праяўляецца ў адпаведнасці са знешнім.

У літаратурных партрэтах увага аўтара нярэдка засяроджваецца на фігурах, вачах і тварах, як на "жывапіснай дадзенасці", на тым, якое ўражанне яны пакідаюць, якія думкі і пачуцці выклікаюць [6, с. 182]. Пры стварэнні партрэтаў мужчын Якуб Колас звяртае ўвагу на такія прыкметы, як колер вачэй і валасоў. Пры апісанні чалавека пад увагу таксама бярэцца "форма твару і носа, колер, велічыня і форма барады, вусаў... ", а абазначэнне колеру дасягаецца "за кошт перадачы самых разнастайных адценняў..." [4, с. 81].

Неад'емная частка характарыстыкі асобы - вочы. Колас здольны дастаткова прафесійна перадаваць зменлівасць рэальнага жыцця, адлюстраванага ў глыбіні вачэй. Для гэтага вельмі прыдатны складаныя колераабазначэнні. Пры іх дапамозе аўтар выяўляе сваё стаўленне да персанажа. Пры характарыстыцы мужчынскіх вобразаў пісьменнік часцей выкарыстоўвае якраз складаныя колераабазначэнні. Такі колеравы вобраз найлепш успрымаецца, "калі ўдакладнены адценнямі, разам з тым канкрэтызуецца і семантычная характарыстыка апісанай аўтарам з'явы" [3, с. 53]. Сярод характарыстыкі вачэй сустракаем у Коласа наступныя азначэнні: светла-шэрыя, светла-сінія, цёмна-шэрыя, жаўтавата-карыя, сінявата-шэрыя і інш. Прычым, побач з найбольш традыцыйнымі і звыклымі колерамі, такімі, як карыя, сінія, блакітныя, шэрыя, мы заўважаем і ўласна аўтарскія характарыстыкі.

Калі мы возьмем такія азначэнні, як светла-шэрыя і цёмна-шэрыя, то заўважым, што гэта так званыя "колерава-светлыя" азначэнні, якія складаюцца з колера- і святлоабазначальнага элементаў [5, с. 37]. Адна частка выяўляе якраз колер, а другая - ступень светласці гэтага колеру. Прычым, гэтая частка (светла-шэрыя і цёмна-шэрыя вочы) дае магчымасць пісьменніку ўдала "ўпісаць" вочы ў партрэт чалавека. Апісваючы прадмет увагі Андрэя Лабановіча - селяніна-палешука - Колас засяроджвае ўвагу на яго русых валасах (хоць яны і цёмна-русыя, але ўсё ж русы - светлы колер, а ў дадзеным выпадку - проста цямнейшы сярод светлых), шырокіх плячах, сур'ёзным выразе твару. Андрэй Лабановіч, які з цікавасцю разглядае селяніна, мяркуе, што менавіта светла-шэрыя вочы ўдала дапаўняюць воблік асобы. Такі твар, такая постаць адпавядаюць палескім краявідам: "Доўгія, як у папа, цёмна-русыя валасы, светла-шэрыя вочы, сярэдні рост, шырокія плечы, павольнасць руху і нейкая сур'ёзнасць выразу твару як не трэба лепей стасаваліся з агульным малюнкам палескай прыроды" [1, с. 19].

Апісваючы айца Кірыла, Якуб Колас заўважае, што вочы ў яго былі цёмна-шэрыя, жывыя, але крыху неспакойныя. Гэтыя азначэнні - цёмна-шэрыя, неспакойныя - накладаюць адбітак нейкай пакуты на твар святара. Нягледзячы на тое, што айцец Кірыл імкнецца здавацца вясёлым, гэта яму мала ўдаецца, і як толькі ён сціхае, "зараз жа цень смутку лёг на яго твар" [1, с. 30].

Само па сабе значэнне колеру можа быць і нейтральным. Таму, каб даць аўтарскую адзнаку вачам персанажа і найбольш дакладна ахарактарызаваць яго натуру, пісьменнік выкарыстоўвае ў кантэксце іншыя азначэнні. Напрыклад, каб паказаць непрыязнае стаўленне галоўнага героя трылогіі да Сухаварава, Колас заўважае, што вочы яго былі памаўзлівымі, у іх затойвалася нейкае насмяханне: "... зірнуў на настаўніка сваімі шэрымі памаўзлівымі вачамі з выяўным насмяханнем. Настаўнік у сваю чаргу паглядзеў яму ў вочы. Не падабаўся яму гэты твар самазадаволенага самца" [1, с. 70]. Спалучэнне шэрыя і памаўзлівыя ў дадзеным выпадку ўтвараюць, на нашу думку, негатыўнае спалучэнне, і шэры колер вачэй набывае адмоўную семантыку.

Такое ж непрыемнае адчуванне пакідаюць і светла-сінія, пранізлівыя вочы пісара Дулебы. Па-за кантэкстам светла-сіні колер вачэй у нашай свядомасці выклікае станоўчае ўражанне, ствараючы нават ідэалізаваны вобраз чалавека. Але намаляваны Коласам пісар адштурхоўвае ад сябе. На гэтым агідным твары губляюцца і вочы, якія здаюцца пранізлівымі: "Ён нават і падобен да старавера. З першага погляду яго бараду можна было б назваць рыжаю, але яна была не рыжая, а так сабе светлаватая. Гледзячы на бараду, растуць і бровы, грозна навісаючы над светла-сінімі, пранізлівымі, як у дзеда Піліпа, вачамі. Ад стыку брывей пачынаецца яго нос з усімі адзнакамі носа- волата" [1, с. 334].

Назіранні над тэкстам трылогіі паказваюць, што пры стварэнні некаторых мужчынскіх вобразаў, пры апісанні іх вачэй аўтар выкарыстоўвае і блакітны колер. Прычым вочы такога колеру не могуць быць не прыгожымі. Ужо само азначэнне блакітны нясе на сабе адзнаку прывабнасці: "... і падняў на настаўніка свае блакітныя, досыць прыгожыя вочы" [34, с. 404]. Такая пэўная ідэалізацыя блакітнага колеру ў народных уяўленнях захоўваецца на падсвядомым узроўні.

Цёмныя вочы (менавіта - цёмныя), без дакладнага ўказання іх колеру, успрымаюцца як станоўчая характарыстыка персанажа, напрыклад, цёмныя вочы ў самога Андрэя Лабановіча: "Галава яго крыху схілілася набок, цёмныя вочы, у якіх часта адбівалася нейкая затоеная думка, пазіралі, не міргаючы, у кут пакоіка. Але нічога не бачылі, яны як бы пазіралі на тую думку, якая цяпер заварушылася ў яго галаве" [1, с. 10]. І ўжо з відавочнай сімпатыяй Колас піша пра Якуба - малодшага брата Андрэя Лабановіча: "Пахвалены Якуб - яму было гадоў шэсць - паказаў галаву з-пад коўдры, бліснуў на брата цёмнымі вочкамі, усміхнуўся ды зноў схаваўся" [1, с. 240]. На нашу думку, пісьменнік невыпадкова звяртаецца да такіх колераапісанняў. Справа ў тым, што на Палессі сапраўды шмат цёмнавокіх і цёмнавалосых людзей. Акрамя таго, у народзе цёмныя (чорныя) вочы, бровы, валасы заўсёды былі прыкметамі прыгажосці (таксама як і пяшчотныя блакітныя, сінія вочы і льняныя валасы)" [2 ,с. 37].

Назіранні паказваюць, што прыметнікі са значэннем колеру, якія рэалізуюць свае канатацыйныя магчымасці ў межах пэўнага кантэксту, "звычайна не ўдзельнічаюць у перадачы галоўных мастацкіх ідэй пісьменніка, хоць і адыгрываюць сваю ролю ва ўзнаўленні аўтарскага бачання свету" [2, с. 36]. Яны пераважна дапамагаюць у стварэнні запамінальных эпізадычных вобразаў-персанажаў.

Так, напрыклад, канатацыйна значным аказваецца ўжыванне азначэння жоўты / жаўтаваты і вытворных ад іх характарыстык, напрыклад, пажаўцець і інш., калі адсутнічаюць якія-небудзь сэнсавыя зрухі. Часта Колас звяртаецца да гэтага колеру пры апісанні вачэй. Само колеравае значэнне слова ўзбагачаецца эмацыйна-сэнсавымі асацыяцыямі: "жоўты" - які мае афарбоўку аднаго з колераў спектра, сярэдні паміж аранжавым і зялёным" і "непрыемны, такі, які выклікае агіду". Паколькі людзей з вачыма жоўтага колеру ў прыродзе не існуе, пісьменнік надае ім характарыстыку жаўтаватыя. Гэтым ён стварае адценне асноўнага колеру, які часта не ўказваецца, паколькі сэнсавая нагрузка ў дадзеным выпадку надаецца менавіта адценню: "Бабініч зусім асалавеў. Вочы яго пажаўцелі і варочаліся, як тачыла ў руках няздольнага каваля. Яго плявузгота ўжо не рабіла ніякага ўражання" [1, с. 63]. Агіднае стаўленне выклікае і настаўнік Саханюк: "Колькі хвілін Лабановіч узіраўся ў Саханюка. Саханюк таксама глядзеў на калегу. У яго жаўтаватых вачах блукаў нявінны смех" [1, с. 98]. Нават не проста жаўтаватыя, а жаўтавата-карыя вочы (як удакладняе Колас) псавалі дастаткова прыгожы твар Саханюка, паколькі найперш увагу звярталі на іх (асабліва гэта заўважыў Лабановіч): "Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі" [1, с. 24]. Колеравы нюанс становіцца той маленькай падрабязнасцю, дэталлю, што дапамагае раскрыць не фізічны, а духоўны бруд чалавека, які імкнуўся нажыцца на цяжкасцях іншых, яго філасофію жыцця.

Апісваючы каларытную знешнасць Захара Лемеша, пісьменнік звяртае ўвагу на яго зеленаватыя вочы - даволі рэдкі колер у чалавечай прыродзе. Зялёны колер у Коласа не мае адмоўнага значэння. Аўтар з пэўнай сімпатыяй ставіцца да старшыні, калі меркаваць па тых разгорнутых апісаннях, што пададзены ў тэксце трылогіі, і па тых заўвагах, што Захар Лемеш быў чалавек не злы. Усё ж пісьменнік адзначае, што вочы незвычайнага зеленаватага колеру могуць быць строгімі і нават злымі, у залежнасці ад сітуацыі, хаця гэта іх не псуе, таму што не з'яўляецца іх сталай адзнакай: "Зеленаватыя вочы ўмеюць быць злымі і строгімі, хоць сам старшыня чалавек не злы" [1, с. 276].

Звернем увагу на тое, што, характарызуючы герояў, Колас ужывае паралельна словы "вочы" і "вочкі". Вочы - значыць, вялікія або нармальнага памеру. Адмоўным персанажа робіць не форма, а, перадусім, колер вачэй. Слова "вочкі" мае дваістае значэнне. Па-першае, яно можа выклікаць непрыемнае стаўленне ў дачыненні да пэўнага персанажа. Напрыклад, памочнік пісара "зусім малады бязвусы хлапчук з маленькімі шэрымі вочкамі, хітрымі і трохі насмешлівымі. Белая манішка і прылізаныя валасы казалі аб яго зухаватасці, а хітрыя вочкі і жулікаватая ўсмешка сведчылі аб здольнасцях вывуджваць грыўні з паляшуцкіх кішэняў" [1, с. 271]. У гэтым выпадку шэрыя вочкі прайдзісвета гавораць пра яго няшчырасць, нікчэмнасць і мізэрнасць. Не хавае свайго непрыемнага стаўлення пісьменнік да Хрыпача: "Цяпер ён быў проста падвыпіўшы. Не даходзячы трох крокаў, Хрыпач зняў кепку і галантна пакланіўся настаўнікам. Гэта быў ужо стараваты чалавечак невысокага росту, сінявата-шэрыя вочкі яго бегалі, як у злодзея... Апроч свае работы на пасадзе памочніка пісара, Хрыпач пісаў розныя прашэнні, скаргі, што складала значны прыбытак у бюджэце валаснога прапойцы" [1, с. 475]. Па-другое, слова "вочкі" мае станоўчы сэнс, памяншальна-ласкальнае значэнне ў апісанні знешнасці тых персанажаў, якія выклікаюць у пісьменніка сімпатыю, напрыклад, брат Лабановіча - Якуб - хлопчык з цёмнымі вочкамі або селянін-паляшук, што трапіўся

Андрэю на станцыі па дарозе ў Верхань: "Як толькі Лабановіч узяў свае чамаданчыкі, каб ісці на станцыю, да яго зараз жа падбег рухавы чалавек сярэдніх год у ільнянай сярмяжцы, з-пад якой выбіваўся такі ж паношаны кажушок. Дапытлівыя шэрыя вочкі селяніна на момант запыніліся на Лабановічу. І выраз твару і ўся постаць селяніна сведчылі аб тым, што ён гатовы зрабіць паслугу добраму чалавеку" [1, с. 391].

Характарызуючы знешнасць сваіх герояў (колер валасоў, вусы, бароды), Колас найперш выкарыстоўвае чорны, рыжы і белы (светлы, бялявы) колеры.

У трылогіі "На ростанях" рыжы колер таксама становіцца адной з дамінант партрэтных характарыстык шэрагу персанажаў. Ён служыць сродкам характарыстыкі пераважна адмоўных герояў. І невыпадкова. Паводле легенд, адзін з прыслужнікаў сатаны быў рыжы, у фальклоры чэрці звычайна маюць рыжы колер валасоў [2, с. 37]. Негатыўнае стаўленне да рыжых адлюстравалася ў розных жанрах вуснай народнай творчасці: у прыказках, прымаўках і інш. (напрыклад: А я хіба рыжы ці цялё ўкраў!). Безумоўна, ідучы ўслед за гэтай народнай традыцыяй, насмешліва апісвае Колас непрыемнага стацкага саветніка Акаронку, трапна параўнанага са званковым каралём: "А тое, што я пасмяяўся са званковага караля, дык ты махні рукою - рыжы бамбіза змрочнага выгляду! Я толькі падумаў: хто ж з высокага начальства ўвасобіўся ў вобраз званковага караля? І сам сабе адказаў: гэта наш дырэктар народных школ, стацкі саветнік, барадаты Акаронка. І сапраўды, у яго падабенства ёсць са званковым каралём: абодва барадатыя, абодва гарбаносыя, абодва панурыя. А ўсё разам - абодва дурні" [1, с. 518].

Мы ўжо адзначалі, што ў колеравай характарыстыцы сваіх персанажаў пісьменнік нешматслоўны, але дакладны. Ён удала падбірае дамінантную рысу, якая скажа нашмат больш, чым цэлыя тырады. Выкарыстоўваючы рыжы колер, аўтар акцэнтуе ўвагу чытача на эстэтычна непрыемных фізічных прыкметах персанажа і такім чынам перадае эмоцыі адмоўнага характару, выказвае сваё і Лабановіча стаўленне да некаторых асоб, напрыклад, да таго ж Саханюка, якога псавалі не толькі малавыразныя жаўтавата-карыя вочы, але і рыжаватыя вусы: "Саханюк <...> падышоў да люстэрка, паглядзеўся, падправіў рыжаватыя вусы, правёў рукой па шчоках, ці добра пабрыты, і прычапіў больш франтаваты гальштук" [1, с. 24]. А вось і партрэт Анцыпіка: "У кватэру зайшоў малады чалавек. На яго губах, прыкрытых рыжаватымі вусікамі і крыху паднятых к носу, засвяцілася ўсмешка. Гэта быў другі настаўнік Верханскай школы, ён назваў сябе Анцыпікам. Гаварыў ён трохі ў нос. Пры гутарцы язык яго як бы чапляўся за нешта ў роце і часамі прышчоўкваў... "Блізкімі сябрамі з ім не будзем", - падумалася Лабановічу з першага знаёмства з Анцыпікам" [1, с. 397].

Рыжая барада рабілася прадметам жартаў і кпінаў, калі яе ўладальнік - чалавек станоўчы і паважаны - насіў яе для "фацэціі": "Затое ж трапіўся і адзін барадач. Гэта быў Мілеўскі Адам. Ён запусціў доўгую, рыжую, пасярэдзіне выстрыжаную бараду, як насілі міністры пры цару Аляксандру другім. Барада Мілеўскага была прадметам жартаў і насмешак з боку настаўнікаў, але ён не зварачаў на гэта ўвагі, сам смяяўся і тлумачыў, што бараду ён носіць для "фацэціі" [1, с. 495].

Чорны колер пры апісанні мужчынскіх персанажаў мае дваістае значэнне: з аднаго боку, гэта паказальнік фанабэрыстасці, франтаватасці, з другога - адзнака станоўчага героя, да якога аўтар ставіцца з пэўнай доляй сімпатыі. Чарнявы - франтаватага выгляду малады пісар, якога забралі ў салдаты. Адпаведны, такім чынам, быў у яго і выгляд - як у маладога чыноўніка, што заляцаецца да гарадскіх паненак: "Прыехаў новы пісар <...> бо чарнявага Раманчыка, ранейшага пісара, забралі ў салдаты" [1, с. 331]. Чорныя вусікі і ў Сухаварава, які заляцаецца да мясцовых прыгажунь: "Сухавараў сеў, залажыў нагу на нагу і пакруціў свой чорны вусік" [1, с. 135]. З другога боку, чорныя (цёмныя вусы) мае і сам Лабановіч, іх з замілаваннем узгадвае Ядвіся, калі стаіць пад вокнамі настаўніка напярэдадні ад'езду з родных мясцін: "Шчаслівейшая ўсмешка прабягала па яе губках, бо ён нічога не ведае, сядзіць, якраз насупраць, схіліўшы галаву над кнігай, і толькі зрэдку правядзе рукой па сваіх цёмных, зуісм маладых яшчэ вусіках" [1, с. 176]. Шчырай сімпатыяй пранікся Лабановіч да селяніна Аксёна Каля: "Рысы яго твару строгія, нават халодныя. Вочы ўдумлівыя, і ўся сухарлявая і моцная постаць выкрывае ў ім чалавека выдатнага. Кароткія чорныя вусы шчыльна туляцца каля самых губ упартымі завіткамі і робяць твар яго прыгожым і энергічным <...> Аксён Каль верыць у праўду <...> Яго ведае воласць, ведае і земскі начальнік як чалавека неспакойнага і небяспечнага. А старшыня мае загад не спускаць яго з вока. Аб гэтым ведае і сам Аксён і пасміхаецца ў чорны вус: не вам, дурням, зашчаміць мяне" [1, с. 292].

Апісваючы светлавалосых і светлатварых герояў, пісьменнік выкарыстоўвае два азначэнні: бялявы і белабрысы. Бялявы - з пэўнай адзнакай прыгажосці, бо светлы колер валасоў загадзя выступае як прыкмета прывабнасці і маладосці: "Захар Лемеш - фігурны чалавек. Як для старшыні ён зусім яшчэ малады, гадоў пад трыццаць пяць. Да таго ж ён бялявы, а бялявасць мае тую ўласцівасць, што паказвае чалавека маладзейшым. Барады ў старшыні няма і вусы выйшлі слаба, але твар энергічны і досыць прыгожы" [1, с. 276].

Часам бялявасць спалучаецца з такімі азначэннямі, як высокі, хударлявы і падобнымі. Часцей гэта мае дачыненне не да дарослых мужчын, а да падлеткаў, хлопцаў: "Гэта быў бялявы, худы, высокі і тонкі хлапчук" [1, с. 406].

Калі ж пісьменнік называе каго-небудзь з герояў белабрысым, то гэта, хутчэй, звязана з сяброўскімі жартамі ці робіцца для стварэння камічнага эфекту. У сваім лісце да Янкі Тукалы Лабановіч так звяртаецца да таварыша: "Мілы Янка! Дзе ты, мілы, белабрысы? Дзе ты? Адгукніся! Як без цябе тут гарую, прыйдзі, падзівіся." - З гэтае песні пачаў ён, змяняючы яе тэкст" [1, с. 142]. З гумарам пісьменнік апісвае двух Бязручкаў - бацьку і сына - аднолькавых знешне і такіх розных па характары: "Абодва Бязручкі - людзі шчуплыя і белабрысыя. Калі стары Бязручка скупы на словы, дык сын гаворыць за сябе і за бацьку" [1, с. 322]. Як бачым, такая характарыстыка знешнасці, як белабрысы, у Коласа ні ў якім разе не мае адмоўнага значэння і адцення пагарды.

Сівізна - прыкмета мудрасці, дасведчанасці, сталасці і паважнасці. Са шчырым захапленнем, непрыхаванай павагай апісвае аўтар палескіх старажылаў: "Старыя, аздобленыя сівізною, маршчынамі і пачэснымі лысінамі дзяды, жывыя летапісы цельшынскай гісторыі на працягу многіх дзесяткаў гадоў, да душы падабаліся Лабановічу. Гэта былі тыя слупы, тыя падмуркі, на якіх трымаліся традыцыі сялянскай старажытнасці" [1, с. 104]. Сівізна - толькі знешняя прыкмета, якая ўпрыгожвае палескіх мужчын. Унутры такія людзі мелі шмат сіл і энергіі, адчувалі сябе маладзейшымі за хлопцаў і любога юнака маглі заткнуць за пояс. Адным з такіх сівых волатаў быў і дзед Мікіта: "Сівы, як голуб. Востры погляд, калючыя вочы, гатовыя пранізаць. Старасць прыгнула яго крэпкі стан і кінула на твар і на высокі лоб цэлую сетку маршчын. Але што за дока быў дзед Мікіта ў маладыя гады! І не было ў сяле роўнага яму. Такія штукі выкідваў дзед Мікіта, якіх цяпер ніхто не патрапіць, бо хіба цяпер такі народ? Ды што маладыя гады? Нават і зараз, нягледзячы на свае восемдзесят год, дзед Мікіта за пояс маладога заткне. Вось толькі няхай падгуляе, няхай ачнецца ў ім яго маладая бунтоўная кроў, - не выцерпіць, прасуне рукі ў камяні-жарнавікі і пойдзе з гэтымі камянямі, як з лёгкімі кацёлкамі, упрысядкі па хаце" [1, с. 105].

Якуб Колас стварае ў трылогіі і цэлы шэраг эпізадычных вобразаў бяскрыўдных сялян-выпівох, падкрэсліваючы ўжо як сталую прымету іх чырвоныя твары, шчокі, насы: "Туды ідуць сур'ёзныя, і нават сляды надзённага клопату адбіваюцца на іх тварах. Назад жа выходзяць пачырванеўшы, і ногі іх убезладзь ступаюць. Тут ужо і песню пачуеш, і самую шчырую гутарку, і самую ласкавую лаянку, без прымешкі нават і ценю злосці" [1, с. 287]; "гэта быў каржакаваты, крэпкі і ўвішны яшчэ старычына з <...> чырвоным носам і вострымі, пранізлівымі вачамі" [1, с. 271]; "... і вочы яго і нос <...> доўгі і чырвоны, пабіты на дзірачкі, як акораная чачоткавая бяроза..." [1, с. 373].

Для таго, каб падкрэсліць насычанасць чырвонага колеру, блізкасць яго да барвовага, пісьменнік выкарыстоўвае традыцыйнае народнае параўнанне - чырвоны, як бурак. Безумоўна, яго выкарыстанне разлічана на стварэнне камічнага эфекту. Залішняя стараннасць пры чытанні малітваў і імкненне пісара падацца яшчэ больш важным, прыводзяць да таго, што пісар Дулеба паўстае ў камічным абліччы, знаходзячыся ў царкве і чытаючы "апостала": "... робіцца чырвоным, як бурак, нос-волат больш і больш задзіраецца ўгору, і апошняя нота вырываецца жудасным завываннем, не сарваўшыся, аднак, з агульнага тону" [1, с. 336].

Нашы назіранні прыводзяць да высновы, што, ствараючы мужчынскія партрэты, Якуб Колас найперш звяртае ўвагу на колер вачэй і валасоў. Колер вачэй - разнастайны: шэры, сіні, блакітны, кары. На першы погляд, яны маюць нейтральную характарыстыку. Але выкарыстоўваючы шматлікія колеравыя адценні, пісьменнік праяўляе такім чынам здольнасць перадаваць сваё стаўленне да персанажа пры дапамозе ледзь заўважнай дадатковай колеравай характарыстыкі, якая пры гэтым ператвараецца ў асноўную.

У апісанні валасоў Колас выкарыстоўвае тры асноўныя колеры: рыжы, чорны і бялявы (светлы, белабрысы). Калі значэнне першага - строга адмоўнае, то семантыка двух другіх залежыць ад кантэксту апісання героя, ад народных ўяўленняў і той інфармацыі, што закладзена на падсвядомым узроўні. Чорны - колер прывабнасці і, адначасова, фанабэрыстасці і франтаватасці. Светлы колер валасоў здаўна ў народзе лічыўся прыкметай прыгажосці (як і блакітныя вочы). Разнавіднасць яго - белабрысы - традыцыйна нясе адценне жартаўлівасці, але ні ў якім разе не пагарды.

У дакладнасці якраз і праяўляецца дастатковасць выкарыстання пісьменнікам колераў і іх адценняў пры стварэнні своеасаблівай

v-» и tt •

партрэтнай галерэі персанажаў. У гэтым і заключаецца сапраўдны талент майстра слова: з дапамогай аднаго эпітэта, аднаго колеравага адцення перадаць ледзь улоўныя якасці жыццёвага вобраза. Выбар пэўнага колеру пры апісанні знешнасці героя дае магчымасць пісьменніку падкрэсліць нейкую якасць яго характару, засяродзіцца на стане яго душы.

ЛІТАРАТУРА:



  1. Колас, Я. Збор твораў: у 14 т. / Я. Колас. - Мінск: Маст. літ., 1972 - 1978. - Т. 9: На ростанях: Трылогія. - 1975. - 792 с.

  2. Лобань, Н. "О, колькі яшчэ не адкрыта адценняў у ёй і блакіту...": Прыметнікі са значэннем колеру ў мастацкім кантэксце / Н. Лобань // Роднае слова. - 2000. - № 10. - С. 35-38.

  3. Лясовіч, С. Колеракампазіты ў мове твораў Уладзіміра Караткевіча / С. Лясовіч // Роднае слова. - 2004. - № 11. - С. 53-56.

  4. Прыгодзіч, М. "Кождого коня в шерсть написати...": З гісторыі абазначэння колеру вачэй, валасоў чалавека і масці жывёлы / М. Прыгодзіч // Роднае слова. - 1996. - № 4. - С. 81-86.

  5. Разладава, М. Семантыка і стылістыка складаных колераабазначэнняў / М. Разладава // Роднае слова. - 2003. - № 2. - С. 36-38.

  6. Хализев, В.Е. Теория литературы. 2-е изд. / В.Е. Хализев. - М.: Высш. шк., 2000. - 398 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка