Аналіз паэтычнай творчасці паэта-медыка карыцькі с. С. Сыты У. П., Варывоцкі С. У., Мігаль Я




Дата канвертавання24.02.2017
Памер51.58 Kb.


АНАЛІЗ ПАЭТЫЧНАЙ ТВОРЧАСЦІ ПАЭТА-МЕДЫКА КАРЫЦЬКІ С.С.
Сыты У. П., Варывоцкі С.У., Мігаль Я.

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт ім. М.Танка, г. Мінск
Да вяршыняў беларускай паэзіі Сяргей Карыцька [1,2,3,4] ўзняўся з глыбіняў народнага жыцця. Ён з гонарам піша пра гэта: “я маю гонар быць вясковым”. Стартавай пляцоўкай ягонай паэзіі сталі прырода і людзі “роднай вёскі”. Шмат якія з вершаў аўтара - аўтабіяграфічныя.

Стаміўся беганінай гарадскою,

Прывабным горад мроіцца здаля…

Мне хочацца вясковага спакою,

Дзе дабрынёй напоена зямля.
А сэрца просіць матчынага дому,

Які прыціх ля лесу у глушы…

Там нават кветкі пахнуць па-другому –

Гаючае паветра для душы.
Паслухаеш птушыную гамонку

І пошчак незабыўны салаўя…

Так радуе палесская старонка

Дзе шчасце меў, каб нарадзіцца, я.

З маладых год у сэрца Сяргей Карыцькі запала туга, звязаная з трагіным лёсам бацькі, і таму ў паэтычных радках часта з’яўляецца думка пра тое, што ён у чымсьці вінаваты перад Творцам і адказны за пакуты родных і блізкіх яму людзей.

Такі мой лёс… Як толькі нарадзіўся

Пад вогнішам тужлівых летніх зор,

Я перад Богам нечым правініўся,

І нечакана бацька мой памёр.
Можа быць гэтае абвостранае пачуццё і паўплывала на выбар прафесіі ўрача, на фарміраванне аднаго з найлепшых у Беларусі кіраўнікоў установаў аховы здароўя, Заслужанага ўрача Рэспублікі Беларусі.

Але часцей гучыць крыніца болю,



Што так спакой трывожыць уначы.

І рады я, калі хоць крышку здолеў,

Таму, хто пазваніў, дапамагчы.
Боль і нягоды, радасці і спадзяванні роднага края, захапленне навакольнымі людзьмі і прыродай – усё гэта адлілося ў Сяргея Карыцькі ў душэўныя і светлыя, сумныя і радасныя радкі:

Шумяць няспынна за акном бярозы,

Як быццам весткі мне перадаюць.

Ад іх то заблішчаць на вейках слёзы,

То струны шчасця ў сэрцы запяюць.
Вобразы лекараў выпісаныя ў шматлікіх вершах паэта з вялізнай павагай да іх прафесійнай дзейнасці і з захапленнем іх найлепшымі чалавечымі якасцямі.

Так, у прысвячэнні У. М. Мартыновічу, якога галоўны тэрапеўт Міністэрства аховы здароўя колісь называў “народным прафесарам”, Сяргей Сяргеевіч піша:



У памяці жывуць Палессе, Пінск,

Старэнькая раённая бальніца,

І ён – загадчык аддзялення, чараўнік,

Сумленнасці і роздуму крыніца.

Яго я слова кожнае лавіў,

Як Бога дыягностыкі, лячэння,

Мяне любіць ён хворых навучыў,

Ад працы атрымаць задавальненне.
Пра што б ні пісаў паэт – кандыдат медыцынскіх навук – ва ўсім праглядаецца светлы вобраз роднага края. Радзіма – гэта не геаграфічнае паняцце, не толькі поле і лес. Радзіма – гэта перад усім людзі, гэта ўрачы-працаўнікі, якія не проста лечаць, а сваімі поспехамі ўслаўляюць Беларусь, робяць важкі ўнёсак у медыцынскую навуку.

І медыкі надзейным крокам



Узнімуцца на п’едэстал

А з імі Мікалай Сарока –

Для многіх мэтр і ідэал…
І, вядома, не выпадкова сённяшнімі днямі, чым больш і больш мы ўчытваемся ў вершы Сяргея Карыцькі, чым болей і болей ягоная паэзія займае месца ў нашых сэрцах, тым бліжэй і бліжэй нам робіцца ўся беларуская медыцына з яе поспехамі, з яе праблемамі:

Настаўнікі практычнай медыцыны,

Ахоўнікі народнага здароўя,

Вас не забудзе, веру я, краіна,

Вас не забудуць людзі, безумоўна.
Лірычны накал вершаў паэта ідзе з сэрца лекара і таму Сяргей Карыцька мілосна піша пра”мелодыі кахання”. Кожны іх радок “прасякнуты светлым і чыстым пачуццём”:

Бо здольнасць шчыра, хораша кахаць –



Нам на Зямлі ад Бога падарунак.
Мелодыя кахання поўніць сэрца не толькі маладых, але хмеліць і “сівую галаву”:

Гучыць мелодыя спрадвечная,

Узносіць да нябёс мяне…

Яна ад вечара да вечара

Душы спакою не дае.
Гляджу навокал з асалодаю

І адчуваю – я жыву!

Жаданні сэрцам завалодалі,

Сівую хмеляць галаву.
Прырода ў Сяргея Карыцькі не застылы пейзажны фон: яна жыве, палка рэагуе на людскія лёсы, яна – любімы герой паэта:

Вісіць над возерам цудоўны вечар,



Ад неба не адвесці мне вачэй…

Але жыву сяброўскаю сустрэчай,

Пасля яе мне на душы лягчэй…
Паэт часта карыстаецца прыёмам ўвасаблення. Пры гэтым палоска зямлі ці прыродныя з’ява цудоўна трансфармуецца ў вобраз жывой істоты:

На дрэвах шэрань чысцінёй іскрыцца,

Дарога вабіць, кліча ўдалячынь…

Па ёй вясна святочная імчыцца –

Падстава хвалявання ўсіх мужчын.
Эпітэты, параўнанні, метафары ў лірыцы Сяргея Карыцькі існуюць не самі па сабе, дзеля красы і формы, а для таго каб паўней і глыбей выявіць стаўленне да свету:

Адкіпела чаромхай вясна,

Зябка мне ад асенніх вятроў,

Усё часцей сустракаю у снах

Тых, што вечнасць забрала, сяброў.
У паэзіі Сяргея Карыцькі нас скарае і захапляе дзіўная гармонія пачуцця і слова, думкі і вобразу, адзінства вонкавага малюнка верша з душэўнасцю:

Гляджу з надзеяй на прывабныя нябёсы,

І мары мяне цягнуць у Сусвет…

За тое я ў даўгу перад людзьмі і лёсам,

Што свайго шчасця ведаю сакрэт.
Сяргей Карыцька гаворыць: “Напісаныя вершы – гэта спроба сказаць шчырыя словы падзякі і захаплення дарагім мне людзям. Мне здаецца, што такіх слоў нам у жыцці заўсёды не хапае. Я вас люблю і ўдзячны лёсу, што вы былі і ёсць побач:

Заўсёды пажадана не забыцца,

Што за пачуцці па жыцці вялі.

Бо многае магло і не адбыцца,

Каб побач вы са мною не былі.”
Так паэтычна распавесці пра Чалавека, ягоныя зямныя радасці, з такой душэўнай цеплынёй пісаць пра сваіх калегаў-дактароў, пра сваіх землякоў, пра сваіх родных і сяброў, можа толькі чалавек адкрыты, шчыры, мужны і мудры – чалавек, які ўвасабляе у сабе найлепшае і прыўкраснае беларускага народу. Такім сёння нам бачыцца з Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка паэт-урач Сяргей Карыцька.

Літаратура:

1. Карыцька С.С. Я маю гонар быць вясковым… / Сяргей Карыцька. – Мінск: НВК “Тэхналогія”, 2006. – 117 с.

2. Карыцька С.С. Ад сэрца / Сяргей Карыцька. – Мінск: НВК “Тэхналогія”, 2007. – 157 с.

3. Карыцька С.С. Зачараваны родным краем / Сяргей Карыцька. – Мінск: НВК “Тэхналогія”, 2010. – 207 с.

4. Карыцька С.С. Мелодыя кахання / Сяргей Карыцька. – Мінск, 2011. – 72 с.






База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка