Анапрэенка Наталля Якаўлеўна бду, Мінск




Дата канвертавання14.02.2017
Памер115.76 Kb.

Анапрэенка Наталля Якаўлеўна

БДУ, Мінск

Б. ЛЕСЬМЯН І М. БАГДАНОВІЧ:

МЕТАФІЗІЧНАЕ ЎСПРЫМАННЕ ПРЫРОДЫ


На пачатку ХХ ст. літаратурныя традыцыі Польшчы і Беларусі пад уплывам мадэрнісцкага руху ўзбагачаюцца новымі ідэямі і каштоўнасцямі, адбываюцца актыўныя змены ў мастацкай свядомасці. Падабенства тагачаснай гісторыка-культурнай сітуацыі ў абедзвюх славянскіх краінах стварыла перадумовы для шматстайных літаратурных аналогій у творчасці пісьменнікаў. Прыкладам узнікнення падобных тыпалагічных сыходжанняў з'яўляецца мастацкая спадчына польскага паэта Б. Лесьмяна (1877-1937) і беларускага паэта М. Багдановіча (1891 -1917), у дзейнасці якіх назіраюцца мадэрнісцкія тэндэнцыі, што ахапілі тагачасны літаратурны працэс.

Мадэрнізм актывізаваў так званы «метафізічны смутак»: цікавасць да загадак светабудовы, імкненне выйсці за сферы пачуццёвага, быццё ў гэтым, размешчаным за межамі свядомасці, таямнічым вымярэнні. Мадэрнісцкая літаратура ўздымала пераважна ўніверсальную праблематыку, таму літаратурны твор разглядаўся пісьменнікамі-мадэрністамі «як цэласная цэнтраімклівая мадэль космасу, звернутая да фундаментальных праблем чалавечага існавання» [5, 66], а абраны імі прынцып спасціжэння патаемнага сэнсу за эмпірыкай з'яў акцэнтуе ўвагу на ўнутранай сутнасці чалавека з мэтай «пранікнуць ў патаемныя чалавечыя жаданні, наблізіўшыся да ісціны і аб прыродзе чалавека, і аб характары яго сувязей з універсумам» [6, 570].

З пазіцый сучаснай гісторыка-літаратурнай навукі творчасць самабытнага і арыгінальнага паэта Б. Лесьмяна ўспрымаецца як мастацкая з'ява досыць складаная па свайму «эстэтычнаму зместу», насычаная нечаканымі падтэкстамі, прасякнутая маральна-філасофскімі разважаннямі над першаасновамі быцця. Польскі мастак слова стварыў індывідуальны паэтычны свет, дзе знайшла адлюстраванне цэласная «лесьмянаўская» філасофія жыцця, якая ўражвае сваёй загадкавасцю, таямнічасцю дзеяння, незвычайнымі, часам незразумелымі вобразамі.

Паэзія Б. Лесьмяна – гэта ў першую чаргу паэзія дзікай, не ўтаймаванай чалавекам прыроды, дзе, па словах Е. Яскуловай, «асаблівае месца <…> займае сум па першабытнай еднасці чалавека і света» [11, 247]. Сам польскі творца неаднаразова рабіў акцэнт на тым, што «для першабытнага чалавека быў харак­тэрны перш за ўсё метафізічны спосаб мыслення. <…> Яго жыццё – гэта жыццё метафізічнае, непасрэдна звязанае з прыроднай стыхіяй» [15, 47]. Героі лесьмянаўскіх твораў імкнуцца да містычнага і пантэістычнага зліцця з навакольным светам («Leїк na wznak na і№ce…»/«Наўзніч ляжу на паляне…», «Zielona Godzina»/«Зялёная гадзіна», «Wieczorem»/«Увечары», «Zmierzchun»/«Змяркун» і інш.). Прырода – адзіны і ўсемагутны аракул – вабіць сваёй нявытлумачальнасцю і таямнічасцю:

We wsi naszej nieziemskie bywaj№ wieczory,

Gdy zorza њwiat przemienia w sen o snach nietrwaіy,

Wtedy w duszy siк rodz№ fioletowe zmory

I wspomnienie o rzeczach, ktуre nie istniaіy. [14, с. 136] (Gіuchoniema)

У нашай вёсцы незямныя бываюць вечары,

Калі зара свет ператварае ў сон пра недаўгавечныя сны,

Тады ў душы нараджаюцца фіялетавыя здані

І ўспамін пра рэчы, якія не існавалі. («Глуханямая»)

Сімвалічныя заруччыны з прыродай скразным матывам праходзяць праз усю творчасць Б. Лесьмяна, дзе не толькі ўзнімаецца праблема «як адкінуць культуру і вярнуцца да ідэальных адносін на ўлонні прыроды, але як знайсці чалавека аўтэнтычнага, <…> і як вярнуць яго ў іэрархію сіл прыроды» – такі вывад зрабіў даследчык Ц. Равіньскі [17, 43].

Б. Лесьмян пачынаў як двухмоўны паэт, пісаў на польскай і на рускай мовах, публікуючы свае вершы як у айчынных часопісах («Вандроўца», «Жыццё», «Хімера»), так і ў часопісах рускага сімвалізму («Весы», «Золотое руно»). У 1906 г. выйшаў цыкл рускіх вершаў Б. Лесьмяна «Песни Василисы Премудрой» («Золотое руно», № 11–12), а ў 1907 г. – «Лунное похмелье» («Ве­сы», № 10) і «Волны живые» («Перевал», № 11). Ужо ў гэтых ранніх творах маладога паэта зараджаюцца два галоўныя матывы, якія праходзяць праз усю яго паэзію: стыхія прыроды і загадка быцця. Лесьмянаўская метафізіка, вызна­чаючы анталагічныя і экзістэнцыяльныя вымярэнні прысутнасці чалавека ў сусвеце, вяртае да першароднай некранутасці і спрадвечнасці («Волны живые», «Новолунницы», «Древняя повесть», «Ночь», «Лунный летописец» і інш.).

Творчасць польскага майстры слова вылучаецца павышанай увагай да сферы падсвядомага, жаданнем пранікнуць ў патаемныя глыбіні светабудовы, наблізіўшыся да ісціны аб прыродзе чалавека і характары яго сувязей з універ­сумам. «Не маеш ні жыцця, ні мыслення без таямніц» – з такой пазіцыі зыхо­дзіў паэт [15, 35]. Дамінантным матывам літаратуры заўсёды была прырода, але Б. Лесьмян «практычна першы падышоў да гэтага пытання зусім не так, як яго папярэднікі. Прырода для яго гэта не ландшафтны элемент рэчаіснасці, які пазіруе паэту і становіцца для яго прадметам эстэтычнага перажывання, а свое­асаблівая магутная стыхія, якая ім авалодвае, захоплівае, уцягвае ў свае таямні­чыя глыбіні, апускае ў бездань біялагічнага існавання аж да мяжы, да вытокаў існавання», – слушна адзначыў даследчык А. Хутнікевіч [12, 140]. Містычныя перажыванні становяцца для лесьмянаўскага лірычнага героя сапраўднай рэальнасцю, якая прымае мудрагелістыя формы і дзе «ажываюць» уяўныя і дзіўныя істоты (Месяцовы летапісец, Месяцовы жабрак, Знікомак, Снітрупак, Снігробак, Срэбрань і інш.), што нібыта існуюць па-за рэальным часам. Сімвалічнае выказванне жадання зазірнуць у таямніцу быцця гучыць у многіх вершах польскага творцы, дзе знікаюць выразныя межы паміж рэальным пейзажам і пейзажам прывідным.

Б. Лесьмян часта звяртаецца да вобразаў-архетыпаў, якія сімвалізуюць сабой вышэйшую рэальнасць. Такім, напрыклад, з′яўляецца вобраз Васілісы Прамудрай. Сярод бязмежнай прыроднай стыхіі паўстае лёгкая, нібы смуга, цень – дзяўчына, якая тужыць па чымсьці неспасціжнаму і нязбытнаму. «Муд­рая царэўна» існуе на мяжы двух светаў – сапраўднага, рэальнага і нерэальнага, на мяжы явы і сну, яна адначасова і «жыццепадобная», і «тая, якой няма».

Своеасаблівая метафізіка, звышадчуванні, трансцэндэнтныя перажыванні, прага «невядомага» пазнання сустракаюцца на працягу ўсёй творчасці польскага паэта: «для ўсіх тамоў паэзіі Лесьмяна з'яўляецца агульным сціранне граняў паміж рэчаіснасцю і фантазіяй, успрыманне казачна-ўмоўнага свету як рэальна дадзенага, афарбаваная містыцызмам прага біялагічнага растварэння ў прыродзе» – слушна адзначыў даследчык В. Хораў [9, 177]. Лесьмянаўскіх герояў чакаюць метафізічна-фантастычныя прыгоды, якія спраўляюцца на мяжы розных вымярэнняў сусвету, і часам цяжка выявіць гэтыя межы, бо тут, з пункту гледжання Т. Нычака, «не існуе часу, вечнасць і хвіліна бываюць замяняльныя, сусветы ўваходзяць у панібрацкія адносіны з багамі…» [16, с. 31]. У выніку падобных метамарфоз дасягаецца з'яднанне з касмічнымі стыхіямі. Жаданне пазнаць нязведанае падштурхвае галоўнага героя твора «Ілля» («Eliasz») да незвычайнага падарожжа: «Калумб метафізікі – так яго акрэсліў Е. Квяткоўскі, – выплывае ў акіян безсвета» [13, 124]. Пус­каючыся ў завілістыя закуткі свайго ўласнага духоўнага лабірынта гэты, па словах Я. Тшнадэля, «герой філасофскага палёту» [18, ХХХVІ] пранікае ў самыя патаемныя і недаступныя глыбіні светабудовы з адзінай мэтай:

By stwierdziж jasnowidztwem ostatniego tchnienia

Moїliwoњж innej jawy, niї jawa Istnienia! [14, 315].

Каб сцвердзіць яснабачаннем апошняга ўздыху

Магчымасць іншай з'явы, ніж з'ява Існавання

У паэзіі М. Багдановіча знаходзім сэнсавы адпаведнік такога ж «метафізічнага вандроўцы» (хоць і аддалены па знешніх характарыстыках ад вобразу Іллі, але менавіта ў адсутнасці дакладнага супастаўлення тых ці іншых вобразаў якраз выяўляецца спецыфіка кожнага аўтара) – гэта галоўны герой з верша «Самнамбул»:

Месяц выплыў над змрочнай, заснуўшай зямлёй

І павёў яго ў цёмную даль за сабой… <…>

І пайшоў ён па шляху, пайшоў аж да дна:

Агарнула яго цішына, глыбіна. [1, 66]

Сінтэтычная і складаная творчасць М. Багдановіча характарызуецца цесным узаемадзеяннем і ўзаемапранікненнем рэалістычных і нерэалістычных тэндэнцый, што яшчэ раз дэманструе каштоўнасць яго паэзіі, сведчыць аб яго творчай індывідуальнасці. На касмалагічнае светаўспрыманне беларускага паэта не раз звярталі ўвагу даследчыкі яго творчасці. Тут дарэчы будзе выказванне У. Конана: «Мабыць, упершыню на мове беларускай паэзіі прагучала думка пра агульнасць чалавечага лёсу ў бязмежным космасе, пра духоўнае адзінства ўсяго чалавецтва. Беларускі пясняр быў сярод тых выбраннікаў-мастакоў, якія глыбока, да болю душы адчувалі касмічную знітаванасць і ўнікальнасць жыцця і ў гэтым сусветным полі зроку выразна бачылі бессэнсоўнасць «сварак і звадак» на зямлі» [4, 161]. Выказванне гэтае вельмі слушнае не толькі ў сілу закладзенай у яго думкі, але і ў дачыненні да праблемы, якую мы разглядаем.

М. Багдановіча прыцягвалі тыя моманты чалавечага існавання, калі агаляецца існасць, няўхільны закон быцця, што дазваляе весці размову пра ўнутраную складанасць, поліфанічнасць яго мастацкага досведу. Пясняр праводзіць аналогію душэўнага жыцця чалавека з праявамі сусвету. Тыповымі вобразамі-сімваламі ў яго паэзіі былі сонца, зоркі, месяц, паўімгла, смуга, вецер, цені і г.д., якія ужытыя ў метафарычным сэнсе, становіцца знакамі, з дапамогай якіх мастак слова спрабуе спазнаць вечныя таямніцы быцця і іншабыцця, дзе «так таінственна ўсё, так знаёма, // Ўсё так проста і так неразгадана» [1, 241]. Звяртаючы ўвагу на падобнае стаўленне да іншай рэальнасці Т. Шамякіна падкрэслівае, што «Багдановіч верыў у яе як паэт-маг-міфатворца» [10, 183]. Паэт-сузіральнік, М. Багдановіч празорваў у экзістэнцыяльныя глыбіні. «Лебедзь лунаў высока пад небам. Акроплены месячнымі праменнямі, ён дабіваўся да яркіх зорак… Ён дасягаў такой вышыні, дзе скрыдлы не вытрымліваюць» – пісаў пра яго пісьменнік З. Бядуля [3, 385]. Лірычны герой твораў М. Багдановіча ўзнімаецца над празаічным укладам зямнога існавання, паяднаўшыся з прыроднымі стыхіямі светабудовы:

Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,

Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной [1, 62]. («Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог»)

Багацце і шматстайнасць высокіх пачуццяў і перажыванняў лірычнага героя вызначаюць структуру мастацкага ўніверсума М. Багдановіча, дзе, «зорамі словаў на старонках нябёсаў занатавана запаветнае, незямное сваёй зямной панавітасцю» − такую вобразна-паэтычную характарыстыку яго творчасці даў паэт Р. Барадулін [2, 9]. Адсюль філасофская заглыбленасць вершаў беларускага песняра: менавіта там, дзе душа «нябесным агнём абагрэта» [1, 129] кожны з нас шукае сябе і свае асабістае прызначэнне. Звернем увагу, што астральная тэматыка з'яўляецца адной з дамінуючых у творчасці М. Багдановіча, які лічыцца самым «касмічным» і самым «зорным» з беларускіх паэтаў, а яго паэзія, паводле У. Конана, «гучыць песняй ірэальнага начнога жаваранка з чарадзейнай казкі» [4, 91]. Беларускі мастак слова, адчуваючы блізкасць з касмічным жыццём, паказвае яднанне чалавека са ўсім светам. Менавіта ноч, якая, па словах І. Навуменкі, «выразней, чым раніца або дзень, ставіць чалавека адзін на адзін з тайнамі Сусвету, космасу» [7, 30], у паэзіі М. Багдановіча здабывае асаблівы сэнс. Гэта  час незвычайнага апускання ў сусветныя глыбіні, растварэння душы лірычнага героя ў касмічным ззянні. Зорная ноч, маючы характар тэмпаральнай мяжы, набывае медытатыўны характар выклі­каючы роздумы пра уласнае жыццё, мінулае і будучае, разважанні пра вечнае:

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?» [1, 278] («Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…»).

Начная прастора – сведка начных роздумаў і разважанняў пра бясконцасць і тайны светабудовы – стала прысутнічае і ў паэзіі Б. Лесьмяна («Gwiazdy»/«Зоркі», «Ј№ka»/ «Луг», «Tu jestem»/«Я тут», «Zmierzch bezpowrotny»/«Незваротнае змярканне» і інш.). Зорнае неба выконвае функцыю пагранічнага маркера паміж светамі; гэта – акно, за якім пачынаецца вечнасць. Астральны пейзаж становіцца арганічным сродкам эмацыянальна-псіхалагічнага самавыяўлення, унутранага светапазнання, калі адасобленая душа паэта пагружаецца ў свет сваіх фантазій і перажыванняў:

Gwiazdy w mroku siк zaludni№

Snem, co jeszcze daleki, choж siк z bliska marzy. [14, 156] («Ј№ka»)

Зоркі ў змроку напаўняюцца

Сном, які яшчэ далёкі, хоць і паблізу мроіцца («Луг»)

Паэтычнае ўяўленне польскага мастака імкнецца пранікнуць у звышрэальны свет універсальных каштоўнасцей, спазнаць касмічныя таямніцы («Песня про себя», «Волны живые», «Tu jestem»/«Я тут», «Gwiazdy»/(«Звезды» і інш.)

Б. Лесьмяну ўласцівыя містыцызм і дваістасць бачнага і нябачнага светаў, якія знаходзяцца ў непарыўнай сувязі паміж сабой. Яго своеасаблівыя пейзажы, поўныя напружанай пачуццёвасці, змяшчаюць ў сябе смутак па нябачным свеце, вышэйшаму існаванню і вядуць да натурфіласофскіх разважанняў. Рэальны час знікае, набывае бяскрайнія прасторы, зліваецца з трансцэндэнтным, прымушае звяртацца да памяці. А памяць – гэта не толькі летуценні, але і шлях у вечнасць:

I zawczasu juї srebrnieж tym, co kiedyњ bкdzie... [14, c. 224] («Zmierzch bezpowrotny»)

І заўчасна ўжо серабрыцца тым, што ў некалі будзе… (Незваротнае змярканне)

Астральныя планы светабудовы ў творчасці Б. Лесьмяна і М. Багдановіча прыпадобнены шырокаму акіяну адлюстраванняў думак, эмоцый і памяці, іншымі словамі гэта праекцыя тутэйшага свету ў звышвымярэнне. Неба, асветленае зорным святлом, у іх вершах паўстае сфераю трансцэндэнтных асноў быцця, надзяляецца семантыкай неспазнавальнага, таямнічага. Светлавыя сімвалы нябесных свяцілаў у лірыцы абодвух творцаў уключаюць у сябе цэлы спектр розных значэнняў: вызначаючы характар прасторавых адносін (арыентацыя ніз-верх), яны выконваюць эстэтычную функцыю і выяўляюць каштоўнасную іерархію ў іх паэтычнай карціне свету.

Такім чынам, Б. Лесьмян і М. Багдановіч у сваёй паэзіі ўзнімаюць метафізічныя пытанні універсальнага характару: сэнс быцця, прызначэнне і месца чалавека ў сусвеце, ідэі сусветнай гармоніі і г.д. Прынцып усведамлення адзінства, цэласнасці светабудовы яскрава праявіўся ў паэзіі абодвух мастакоў слова. Імкненне пазнаць таемную сутнасць духоўна-экзістэнцыяльнага светаўладкавання стварае эмацыйны напал, напружанасць пачуццяў і глыбокую філасафічнасць іх твораў, што тлумачыцца ў першую чаргу гарманічнасцю і складанасцю ўнутранага свету саміх аўтараў.


Літаратура

  1. Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 1. Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды. – Мн.: Навука і тэхніка, 1992. – 752 с.

  2. Барадулін Р. Я хацеў бы спаткацца з Вамі… // Багдановіч, М.А. Інтым­ны дзённік: выбраныя творы. – Мн.: «Радыёла-плюс», 2006. – С. 6-9.

  3. Бядуля З. У гадаўшчыну смерці М.А. Багдановіча / Бядуля З Выбраныя творы. – Мн.: Белкнігазбор, 2006. – С. 385-387.

  4. Конан, У.М. Святло паэзіі і цені жыцця: лірыка Максіма Багдановіча / Уладзімір Конан. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1991. – 208 c.

  5. Літературознавча енциклопедія: У 2 т.: Т. 2 / Авт.-уклад. Ю.І. Ковалів. – К.: ВЦ «Академія», 2007. – 624 с.

  6. Литературная энциклопедия терминов и понятий / Под ред. А.Н. Николюкина – М.: НПК «Интелвак», 2001. – 1600 стб.

  7. Навуменка І. Суладдзе са светам прыроды: Адухоўленасць прыроды ў паэзіі М. Багдановіча – Роднае слова. – 1998. – № 1. – С. 26-39.

  8. Петрушкевіч, А.М. Максім Багдановіч і ягоным шляхам красы і светласці // Петрушкевіч, А.М. Некаторыя старонкі беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя. – Гродна : ГрДУ, 2010. – С. 66-119.

  9. Хорев В.А. Литература 1918-1944 годов // История польской литературы. В 2-х т.: Т. 2. – М.: Наука, 1969. – С. 171-225.

  10. Шамякіна Т.І. Філасофія міфапаэтыкі ў зборніку М. Багдановіча «Вянок» // Зборнік дакладаў: Матэр. дакл. і павед. Міжнар. навук.-практ. канф. (2003 г.) «Я не самотны, я кнігу маю…». – Мн., 2004. – С. 179-186.

  11. Jaskуіowa E. Literatura polska: Od Bogurodzicy do poezji szymborskiej. – Chicago – Warszawa: Wydawnictwo Andrzej Frukacz. – 440 s.

  12. Hutnikiewicz A. Mloda Polska / Artur Hutnikiewicz. – 8-e wyd. – Warszawa: Wydawnictwowo Naukowe PWN, 2000 – 483 s.

  13. Kwiatkowski J. Literatura Dwudziestolecia. – Warszawa: РWN, 1990 – 477 s.

  14. Leњmian B. Zwiedzam wszechњwiat: Wybor wierszy / Wybуr, wstкp i opacowanie W. Boleski – Warszawa: DNT, 2006. – 368 s.

  15. Leњmian B. Szkice literackie. Oprac. i wstepem poprz. J. Trznadel –Warszawa: PIW, 1959. – 539 s.

  16. Nyczek T. Bolesіaw Leњmian / Tadeusz Nyczek – Wroclaw: Wydawnictwo Polskiej Akademii nauk, 1976 – 38 s.

  17. Rowiсski C. Czіowiek i њwiat w poezji Leњmiana: studium filozofocznych koncepcji poety / Cezary Rowiсski. – Warszawa: PWN, 1982. – 325 s.

  18. Trznadel J. Wstкp // B. Leњmian. Poezje wybrane. – Wrocіaw: Zakіad narodowy im. Ossoliсskich, 1983– S. III–LX.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка