Анатоль Верабей (Мінск) фальклорныя вобразы І матывы ў паэзіі уладзіміра караткевіча




Дата канвертавання18.03.2017
Памер79.03 Kb.
Анатоль Верабей (Мінск)

ФАЛЬКЛОРНЫЯ ВОБРАЗЫ І МАТЫВЫ Ў ПАЭЗІІ УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА

Для Уладзіміра Караткевіча фальклор быў арганічнай часткай духоўнай культуры народа, яго светаўспрымання і гістарычнай памяці. Пісьменнік глыбока, шматгранна і па-мастацку дасканала выкарыстоўваў народную паэтычную творчасць. Яна заўсёды была для яго крыніцай натхнення.

Яшчэ з маленства ён быў зачараваны пачутымі ад дзеда, матчынага бацькі Васіля Юльянавіча Грынкевіча, легендамі пра Крычаўскае паўстанне 1743 – 1744 гг., пра вужыную каралеву, пра Яна Прыгожага і князя Ладымяра, пра лебядзіны скіт, пра явар і каліну – мужа і жонку, пра звон, які патануў, пра горад на дне возера і пра многае іншае. Гэтыя аповеды сталі крыніцай для многіх будучых твораў пісьменніка.

Гістарычны вопыт народа, яго чароўную і дзівосную душу У.Караткевіч увасобіў у творах пад агульнай назвай “Казкі і легенды маёй Радзімы”, якія даслаў летам 1952 г. Якубу Коласу для ацэнкі (казкі “Лебядзіны скіт”, “Вужыная каралева”, “Надзвычайная котка”, з вобразаў казак “Ноч”, “Старая казка”, вершы “Машэка”, “Казка пра сноп”, “Якуб Ваўкалака” і інш.). У лісце, прыкладзеным да гэтых твораў, адзначыў, што казак у яго “ёсць яшчэ з паўсотні, дзесятак песень і іншае”, выказваў шкадаванне, “чаму толькі не намагаюцца фалькларысты запісаць усё гэтае”, бо “яно ж перад новымі інтарэсамі адступае” [2, 587].

Пісьменнік запісваў, вывучаў і творча выкарыстоўваў фальклор, успрымаў яго як духоўны скарб народа. У дыпломнай працы даследаваў сацыяльныя казкі і легенды ва ўсходнеславянскім фальклоры. У другой палове 1950-х гг. выношваў задуму напісаць 100 тамоў, дзе павінны былі быць “Казкі і літаратура для дзяцей у стылі Х.К.Андэрсена (тт. 36 – 37) і “Запісы фальклору” (тт. 44 – 45). Некалькі старажытных кніжных легендаў, звязаных з беларускім фальклорам, пра святых Міколу і Касьяна ў яго пераказе змешчаны ў кнізе А.Назарэўскага “З гісторыі руска-ўкраінскіх літаратурных сувязяў” (Кіеў, 1963).

Схільнасць пісьменніка да казак, легендаў, паданняў уплывала на паэтыку яго твораў, дзе прысутнічалі элементы міфалагічна-фальклорнага, займальнага, незвычайнага, выключнага, таямнічага. А зварот да песень узмацняў у яго творах лірычны пачатак.

У.Караткевіч адметна выкарыстаў народную творчасць у паэзіі. У вершы “На пачатку дарог” з незвычайным захапленнем згадаў тое вялікае ўздзеянне, якое зрабілі на яго, чатырохгадовага хлопчыка, беларускія песні і казкі, сцвярджаў, што “гукі гэтых песень // Навекі застануцца жыць у сэрцы, // Як словы першых кніжак дарагіх” [1, т.1, 13]. Сапраўды, такое арганічнае спалучэнне фальклорнага і кніжнага пачаткаў стане істотным для светаўспрымання У.Караткевіча. Яно будзе непаўторна выяўляць думкі і пачуцці творцы, вызначаць паэтыку яго твораў.

У вершы “Матчына душа”, асэнсоўваючы вобраз аднайменнай кветкі, звяртаючыся да вобразаў змяінага цара, Яна Прыгожага, Бурана, Пакацілы, ствараў чароўныя паэтычныя вобразы, сцвярджаў як паэт-патрыёт, што павінен, абапіраючыся на старыя паданні і легенды, перадаць “барацьбу і пакуты народа, // Неўміручую душу яго”, марыў несці гэты “цяжкі крыж, але вельмі пачэсны”, каб “пераліць на свае аркушы // Казку мудрую, простую песню, // Кветку матчынай чыстай душы” [1, т.1, 53].

Цікавасць да гісторыі і фальклору абумовілі прыкметную ўвагу У.Караткевіча да жанру балады. Творца арыгінальна трансфармаваў баладны і легендарны матэрыял, напоўніў яго лірычна-эмацыянальным зместам у вершах «Машэка», «Балада пра паўстанца Ваўкалаку», «Шыпшына і ружа», «Паязджане», «Перакаці-поле».

Яркай вобразнасцю, рытмічнай зладжанасцю, адметнасцю мастацкага бачання свету вызначаецца верш «Машэка. Паэт звярнуўся ў ім да вобраза легендарнага асілка, які шырока бытуе ў беларускім фальклоры. Яго выкарысталі Янка Купала ў паэме “Магіла льва”, Е.Міровіч у п’есе «Машэка». У.Караткевіч таксама цікава і адметна асэнсаваў гэты вобраз. У яго Машэка выступае як народны заступнік і бунтар: “Нішчу я паноў, замкі іх палю, // Я ламаю іх векавы бізун, // Помшчу за маю бедную зямлю, // За яе жальбу, за яе слязу, // За тваю красу, за маю любоў, // Што ў пакоях іх кветкай адцвіла… “ [1, т.1, 40]. У вершы арганічна паяднаны сацыяльны, агульнанацыянальны і адначасова асабісты, індывідуальны пачаткі.

Задушэўнай і трагічнай атрымалася “Балада пра паўстанца Ваўкалаку”, дзе ў шчымліва-балючай і пранікнёна-лірычнай форме перададзены стан героя ў яго апошнія хвіліны жыцця. Смяртэльна паранены, ён ляжыць у яры каля ракі, а ягоныя думкі і пачуцці ляцяць да роднай хаты. Там “сястра сядзіць пад калінай” [1, т.1, 38], там на могілках яго маці ляжыць. Зняможаны і аслабелы, ён звяртаецца да вольнага ляснога аленя, які каля яго, як цень, праходзіць да вадапою, з просьбай: “Лісце аб’еш, алень!” Хоча, каб алень зрабіў прасвет у галінах, якія замінаюць яму пабачыць родныя абліччы і краявіды. Гэты зварот-рэфрэн узмацняе лірызм твора, падкрэслівае любоў героя да роднай зямлі. Як блізкую і дарагую істоту, адзінага сведку яго адзіноты і гора, ён просіць, каб алень зняў мяккімі губамі пярсцёнак з яго рукі і аднёс гэты пярсцёнак той, якая перастала яго кахаць. Ваўкалака выступае ў баладзе як жывы чалавек. Ён высакародны ў сваіх пачуццях, думках і ўчынках, вялікі ў сваёй любові да волі і роднай зямлі, велічны і трагічны ў сваім каханні.

Некаторыя вершы У.Караткевіча, напісаныя ў 1950-я гады (“Шыпшына і ружа”, “Я да цябе, мой каханы”, “За рэчанькай за быстраю”), маюць удакладненне – “З народнага”. Як народная легенда вызначаны паэтычны твор “Перакаці-поле”. Верш “Шыпшына і ружа” ўзнік на падставе народных уяўленняў пра шыпшыну (яго) і хатнюю ружу (яе), што “калісьці разам жылі // І разам кахаліся шчыра // На мяккай садовай зямлі” [1, т.1, 328]. Ім добра было да той пары, “пакуль не паслаў за падаткамі // Кароль гайдукоў на сяло” [1, т.1, 329]. Горды шыпшына як мог абараняў ад іх ружу і сябе. Потым, калі адчуў небяспеку, прапанаваў ружы выратавацца ўцёкамі. Але ружы стала шкада матулі-вішні, яна не магла пабегчы з ім і засталася каля сваёй хаты. Шыпшына ўцёк у пушчу. І нельга яму адтуль з’явіцца да каханай ружы, “бо могуць схапіць гайдукі // І кінуць навекі ў турму” [1, т.1, 330]. Паэт знайшоў у народнай творчасці нешта дарагое і блізкае, калі ў заключных строфах гэтага верша напісаў: «Так і жыве ён у лесе // У шапцы чырвонай як кроў, // Кінжаламі і нажамі // Узброены да зубоў. // Стаіць ён як горды мсцівец, // На вёску з узлесся глядзіць. // Хай цяжка – затое вольны, // А вольнаму добра жыць. // А там, каля старай хаты, // З сівінкаю на лістах // Сумуе хатняя ружа // У чыстых росах-слязах” [1, т.1, 330].

Адзначым, што ружа з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных міфапаэтычных вобразаў: “Ружа можа выступаць як сімвал сонца, зоркі, багіні кахання і прыгажосці (у Старажытным Рыме звязаны перш за ўсё з Венерай, па некаторых версіях яна ўзнікла ад слёз Венеры” [3, 386]. “Ружа, рожа. Як кветка-сімвал уведзена ў беларускую паэзію ў старажытнасці. Сімвалізуе прыгожую жанчыну, нешта ідэальнае. <...> Дзікая сваячка ружы – шыпшына “калюча”, якая сімвалізуе пакуты, боль, адчужанасць” [4, 444 – 445].

У.Караткевіч часта звяртаўся у сваёй творчасці да вобразаў шыпшыны і ружы. У “Легендзе аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны” народная балада пра шыпшыну і хатнюю ружу, якую праспявала Дубраўка, потым, нібы лейтматыў, гучыць у творы, прыходзіць на памяць галоўнаму герою Рогачу. У рамане “Каласы пад сярпом тваім” на жалезным бранзалеце Яраслава Раўбіча Алесь Загорскі сярод іншых выяў заўважыў і “стылізаваную шыпшыну на капцы” [1, т.4, 100]. Гервасій Выліваха, галоўны герой аповесці «Ладдзя Роспачы», адыходзячы ў пекла, захапіў з сабою кветку шыпшыны як прыкмету той зямлі, якую яму было балюча пакідаць і якая да апошніх дзён жыцця застанецца з ім. Кветка-шыпшына, родная зямля, заўсёды была з Вылівахам, ён спяваў пра яе песню, яна давала яму сілы і яе яркае святло адганяла пачварных уладароў падземнага царства. Вобразы шыпшыны і ружы з’яўляюцца змястоўнымі вобразамі-сімваламі ў эстэтычнай сістэме пісьменніка.

У.Караткевіч, звяртаючыся да вобразаў шыпшыны і ружы, плённа выкарыстаў як вопыт фальклору, так і літаратурныя традыцыі. Тут можна згадаць славутыя радкі У.Дубоўкі: “О Беларусь, мая шыпшына. // зялёны ліст, чырвоны цвет! // У ветры дзікім не загінеш, // чарнобылем не зарасцеш” [5, 113].

Меладычнасць народнай песні дасканала перадаў У.Караткевіч у вершы «За рэчанькай за быстраю». Заўважым, што гэты верш, напісаны ў сярэдзіне 1950-х гадоў і які меў пазнаку «З народнага», У.Караткевіч выкарыстаў у сярэдзіне 1960-х гадоў у рамане «Каласы пад сярпом тваім». Там перажыванням Алеся Загорскага падчас разладу з Майкай Раўбіч адпавядала пачутая ім песня «За рэчанькай за быстраю у цымбалы б’юць”, дзе прачула перададзены сардэчны боль юнака, які “кахаў ды не ўзяў” [1, т.5, 282]. Песні і вершы, прыведзеныя У.Караткевічам, напаўнялі гэтыя творы лірызмам, вызначалі іх паэтыку.

У вершы «Заяц варыць піва» У.Караткевіч, адштурхоўваючыся ад народных уяўленняў, плённа выкарыстаў умоўна-фантастычную вобразнасць, сказаў пра неабходнасць радасці ў жыцці. Гэтую радасць жыцця, а таксама невынішчальны беларускі аптымізм, што ўласціва беларускім чарадзейным казкам, сцвярджаў пісьменнік таксама ў аповесці «Ладдзя Роспачы», рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і іншых сваіх творах. Пры гэтым працягваў і літаратурныя традыцыі, абапіраўся на мастацкі вопыт М.Гарэцкага (п’еса «Жартаўлівы Пісарэвіч»), Р.Ралана (аповесць «Кала Бруньён»), разам з Я.Брылём (аповесць «Ніжнія Байдуны») узбагачаў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанрава-стылёвых адносінах.

У вершы «Энтузіясту», прысвечаным Рыгору Шырму, паказаў яго чалавекам, які «ўсё жыццё <...> збіраў дыяменты народныя”, які казаў творчай моладзі “пра фальклору адценні і фарбы”, заклікаў яе паважаць і любіць бацькоўскую спадчыну, бо “ўсё сплыве, а легенда і песня застануцца” [1, т. 1, 325 – 326].

Для У.Караткевіча каштоўнай была танічная структура народнага верша. У артыкуле “Якім шляхам ісці?” (1959) ён адзначыў важнасць для творцы традыцый беларускай народнай песні, вершаў, “якія выраслі на гэтай багатай глебе, вершаў Купалы і Багдановіча, Багушэвіча і Коласа” [1, т.8, кн.2, 348].

У паэме “Слова пра чалавечнасць” цівавы і змястоўны атрамаўся пяты раздзел (“Інтэрмедыя”), дзе ў фальклорна-міфалагічным плане пададзена размова дзвюх соў пра разбурэнні, нястачы і гора, што прынесла вайна.

Думаецца, што сімволіка і гіпербалізацыя ў вершы “Беларуская песня” таксама маглі быць абумоўлены ўплывам народнай творчасці.

Фальклорныя рысы ў вершах “Заяц варыць піва”, “Кіпарысавыя жарцікі” ўзмацнялі ў яго паэзіі народны пачатак ва ўспрыманні жыцця, паглыблялі выяўленчыя магчымасці твораў.

Натуральна паядналіся прыкметы народнай творчасці і ўласна аўтарскагага стылю ў вершах “Гусі-лебедзі ў лугах зялёных”, “Лясная казка”, “Дзіва на Нерлі”, “Балада аб нашэсцях”, што надало ім асаблівую шчырасць, пранікнёнасць і задушэўнасць.

На аснове скандынаўскіх паданняў у вершы “Рагнарадзі” творца змог дасканала ўвасобіць так важную для яго думку-мару пра ідэальнае, гарманічнае і справядлівае грамадства, паглыбіцца ў разуменне ўласнай постаці і ўвогуле быцця.

Да вяршынь гераічнага эпасу аўтар узняўся ў “Паэме пра явар і каліну”, дзе выкарыстаў фальклорны баладны сюжэт пра свякроў, якая атруціла нялюбую нявестку і пра закаханых, якіх не разлучыла нават смерць, бо дрэвы, што выраслі на іх магілах, моцна спляліся галінамі. Народны сюжэт пры гэтым пісьменнік выкарыстаў па-свойму, асэнсаваў яго не толькі ў псіхалагічна-побытавым, але і ў маральным, а таксама ў нацыянальна-гераічным плане. Гэту паэму можна суаднесці з французскім рыцарскім раманам “Трыстан і Ізольда” і яго вядомымі з XII ст. варыянтамі на некаторых заходнееўрапейскіх мовах.

У.Караткевіч шматгранна і плённа выкарыстаў фальклор, які прыкметна ўзбагаціў яго паэтычную творчасць.

1. Караткевіч, У. Збор твораў: у 8 т. / У. Караткевіч -- Мінск.: Маст літ., 1987 – 1991. Творы У.Караткевіча, за выключэннем асобна адзначаных, цытуюцца па гэтым выданні, том і старонка пры гэтым падаюцца ў дужках.

2. Караткевіч, У. Выбраныя творы / У. Караткевіч; уклад., прадм., камент. А.Вераб’я. – Мінск.: Бел. кнігазбор, 2005. – 672 с. [8] c.: іл.

3. Мифы народов мира: энцикл. в 2 т. / гл. ред. С.А.Токарев. – М.: Сов. Энцикл.: 1988. – Т.2. – 719 с. с илл.

4. Беларускі фальклор: энцыкл.: у 2 т. / рэдкал.: Г.П.Пашкоў і [інш.] – Мінск: БелЭн, 2006. – Т.2. – 832 с.: іл.



5. Дубоўка, У. О Беларусь, мая шыпшына…: выбр. / У. Дубоўка; уклад. Д.М.Давідоўскага, З.К.Пазняк. – Мінск: Маст. літ., 2002. – 318 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка