Андрэй Казакевіч Кірыл Гарошка Змест




Дата канвертавання08.01.2019
Памер127.8 Kb.
Рэфармаванне арганізацыі, фінансавання і кіравання навуковай дзейнасцю Беларусі

Андрэй Казакевіч

Кірыл Гарошка



Змест

Падзякі …………………………………………………………………………………………………………….3

Рэзюмэ …………………………………………………………………………………………………………….4

Уводзіны ………………………………………………………………………………………………………….5

Конкурснае і празрыстае размеркаванне фінансаў ……………………………………….6

Фінансаванне праектаў, а не службовых адзінак ……………………………………………6

Канфлікты інтарэсаў і падвоеная сістэма навука-адукацыя …………………………..7

Ацэнка вынікаў навуковае дзейнасці ………………………………………………………………8

Падсумаванне і рэкамендацыі ………………………………………………………………………..9

Падзякі

Гэта даследаванне было падтрыманае Цэнтраv Астрагорскага па вынікам конкурсу праектаў навукова-даследчых прац па рэформе беларускай вышэйшай адукацыі. Даследаванне выканана супрацоўнікамі Інстытута “Палітычная сфера” Андрэем Казакевічам і Кірылам Гарошкай. Аўтары выказваюць падзякаваць ментару Ірыне Дражынай (Вышэйшая школа эканомікі, Расія), а таксама дырэктару Цэнтра Астрагорскага Яраславу Крывому за каштоўныя парады і каментарыі па форме і змесце даследавання.



Рэзюмэ

Рэфармаванне і ўстойлівае развіццё беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі не магчыма без развіцця эфектыўнага сектара R&D (даследаванні і распрацоўкі), які, на дадзены момант, знаходзіцца не ў лепшым стане і значна адстае не толькі ад лідараў, але і многіх суседніх краін.

Беларуская дзяржава, калі мае амбіцыі будаваць сучасную сістэму вышэйшай адукацыі, не мае іншага выйсці як павялічваць выдаткі на даследаванні, але рабіць гэта трэба разам з рэфармаваннем сферы навукі. Без гэтага эфектыўнасць укладанняў не будзе высокаю.

Па-першае, сфера даследаванняў мусіць стаць празрыстай і размеркаванне фінансаў зразумелым і адкрытым для даследчай супольнасці і грамадства.

Па-другое, мусіць быць значна павялічаная роля адкрытых конкурсаў у размеркаванні сродкаў на даследаванні, за кошт зніжэння долі дзяржаўных праграм і іншых формаў адміністратыўнага размеркавання.

Па-трэцяе, прыярытэтам фінансавання мусяць быць даследчыя праекты са зразумелым і рэалістычным вынікам, а не штатныя адзінкі, адміністраванне і інфраструктура.

Асноваю для ацэнкі вынікаў навуковай дзейнасці даследчыкаў мусіць стаць публікацыі і індэксы цытавання ў міжнародных базах навуковых публікацый (перш за ўсё Scopus і Web of Science).

Стаіць вострая праблема вяртання навукі ва ўніверсітэты, без чаго не магчыма павысіць якасці адукацыі і яе канкурэнтаздольнасць. Гэта можа быць зроблена альбо праз аб’яднанне даследчых інстытутаў з універсітэтамі, альбо праз значнае павышэнне выдаткаў на універсітэцкую навуку.

У гэтым кантэксце лагічным выглядае рэарганізацыя і аб’яднанне міністэрства адукацыі і ДКНТ, а таксама перадача НАН Беларусі большай часткі функцый кіравання і размеркавання выканаўчым органам.

Рэфармаванне арганізацыі, фінансавання і кіравання навуковай дзейнасці Беларусі

Уводзіны

У Беларусі шмат кажуць пра навацыі, новыя тэхналогіі ды “новую эканоміку”. Усё гэта, аднак, не магчыма ўявіць без ўстойлівага і эфектыўнага сектара R&D (research and development – даследаванні і распрацоўкі), які, нягледзячы на перыядычныя ўзнёслыя заявы і рэкламу, знаходзіцца не ў лепшым стане і значна адстае не толькі ад лідараў, але і многіх суседніх краін.

За апошнія пяць года сярэднія выдаткі на навуку (даследаванні і распрацоўкі) склалі 0,55% і, улічваючы агульны стан эканомікі і тэмпы эканамічнага развіцця, вельмі мала верагодна, што выдаткі значна вырастуць. Найбольш верагодна ў наступныя пяць год яны складуць каля 0,5-0,7%.1 Гэты паказчык значна ніжэй за краіны лідары, дзе доля такіх выдаткаў дасягае 2,5-4% ВУП (ЗША, Фінляндыя, Японія), але гэта таксама значна ніжэй за Літву, Польшчу, Расію, дзе выдаткі на R&D перавышаюць 1% ВУП.

Табліца 1. Доля выдаткаў на R&D у ВУП (2015), %

Source: Eurostat, Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі 2

Але нельга сказаць, што праблема заключаецца толькі ў аб’ёме дзяржаўнага фінансавання. У развітых краінах доля дзяржавы ў выдатках на навуку складае толькі 15-30%, а большая частка фінансавання прыпадае на прыватны сектар. Па афіцыйным дадзеным у Беларусі на долю дзяржаўнага бюджэту прыпадае 40% выдаткаў. Яшчэ прыкладна 40% выдаткоўваюць “арганізацый”. Дакладная статыстыка адсутнічае, большасць гэтых арганізацый прадстаўляюць дзяржаўны сектар. Прыватныя сектар, не спяшаецца ўкладацца ў даследаванні і распрацоўкі і для гэтага існуюць свае прычыны.

Такім чынам, развіццё навукі значна шырэй за праблемы ўласна сектару R&D і залежыць ад структуры эканомікі, развіцця сістэмы адукацыі, агульнага бізнес клімату і фінансавай устойлівасці прыватнага сектару. Але ў межах гэтага невялікага матэрыялу мы паспрабуем сканцэнтравацца выключна на ўнутраных праблемах фінансавання і кіравання сектарам R&D.

Беларуская дзяржава, калі мае амбіцыі будаваць сучасную эканоміку, не мае іншага выйсці як павялічваць выдаткі на даследаванні, але рабіць гэта трэба разам з рэфармаваннем сферы навукі і адукацыі. Без гэтага эфектыўнасць укладанняў не будзе высокаю і нават пры павелічэнню аб’ёмаў фінансавання пазітыўны вынік не будзе дасягнуты. Бюджэтныя выдаткі мусяць быць адэкватнымі стану эканомікі і даследчай інфраструктуры, таксама трэба павышэнне эфектыўнасці іх выкарыстання.

Што трэба рабіць? Даць вычарпальны адказ у межах невялікага артыкулу не магчыма, але пастараемся пазначыць асноўныя слабыя месцы, якія патрабуюць увагі і тэрміновых змен і пры гэтым не звязаны са значным павелічэннем фінансавых выдаткаў.





Конкурснае і празрыстае размеркаванне фінансаў. Навуковыя даследаванні могуць фінансавацца праз розныя механізмы. У Беларусі дамінуюць дзяржаўныя праграмы і замовы, рашэнні пра якія прымаюцца ў адміністратыўным парадку. Пры гэтым доля сродкаў, якая выдаткоўваецца праз сістэму адкрытых конкурсаў, у прыватнасці праз Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў (БРФФД)3 і Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіям,4 не вялікая. З-за непразрыстасці сістэмы дакладна цяжка вызначыць памеры, але, па ўскосным дадзеным, можна сцвярджаць, што на конкурснай аснове размяркоўваецца не больш 10% бюджэтных сродкаў на навуковыя даследаванні і распрацоўкі, што вельмі мала.

Пабудова эфектыўнай навуковай сферы патрабуе значнага павелічэння ролі адкрытых конкурсаў – прынамсі да 30-40% ад дзяржаўных выдаткаў. У Літве,5 напрыклад, ужо зараз праз адкрытыя конкурсы размяркоўваецца 50%. Асабліва гэта тычыцца сацыяльна-палітычных і гуманітарных даследаванняў, якія не патрабуюць спецыяльнай інфраструктуры і дзе канкурэнцыя паміж даследчыкамі і калектывамі можа значна палепшыць вынікі даследчае працы.

У сваю чаргу значэнне дзяржаўных праграм і прамога бюджэтнага фінансавання мусіць зніжацца. Ад гэтага механізму нельга адмовіцца цалкам, але фармалізаванасць, непразрыстасць (якая часам мяжуе з карупцыяй) і бюракратычны характар размеркавання сродкаў праз дзяржаўныя праграмы і інфраструктурную падтрымку значна зніжае іх эфектыўнасць і звычайна не прадугледжвае канкурэнцыі паміж рознымі R&D прапановамі і ўстановамі.

Сфера беларускай навукі дастаткова закрытая як ад публікі, так і абсалютнай большасці прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці. Гэта не толькі зніжае эфектыўнасць і стварае рызыкі карупцыі, але і пагаршае агульную атмасферу ў навуковым асяроддзі.

Уся інфармацыя пра дзяржаўныя выдаткі на даследаванні мусіць быць адкрытаю, як і справаздачы пра іх выкананне. Мусяць быць публічнымі не толькі агульныя сумы, якія выдаткоўваюцца на дзяржаўныя праграмы і буйныя праекты, але і размеркаванне іх па даследчым калектывам. Толькі гэта дазволіць знізіць дублявання функцый, скараціць лішнія ланцугі кіравання, пазбегнуць сінекур і панізіць карупцыйныя рызыкі.

Тое самае мусіць тычыцца і вынікаў адкрытых конкурсаў. Напрыклад, па існуючай практыцы БРФФД публікуе толькі назву праектаў і імя кіраўніка, што не адпавядае мінімальным патрабаванням празрыстасці. Публічнымі мусяць быць поўны спіс ўсіх выканаўцаў праекту, а таксама агульная сума, вылучаная на даследаванне.



Фінансаванне праектаў, а не службовых адзінак. Пры абмеркаванні праблем развіцця беларускай навукі звычайна ўзгадавацца нізкія заробкі даследчыкаў. Яны сапраўды невысокія, але пытанне ці варта іх механічна павялічваць? Прыярытэтам фінансавання мусяць быць не штатныя адзінкі і інстытуты, але даследчыя праекты, калектывы і ідэі са зразумелым і празрыстым вынікам.

Пабудова эфектыўнага даследчага сектару патрабуе, каб аснову заробку даследчыка складалі паступленні ад грантаў атрыманых на конкурснай аснове (у Беларусі і за мяжой) ці дамоў з прыватным сектарам, а не штатны аклад, прэмія, адміністраванне і іншыя падобныя функцыі.

Нельга сказаць, што элементы такой сістэмы не прымяняюцца ў Беларусі. Сітуацыя вельмі адрознівацца ў розных арганізацыях і дысцыплінах. Тым не менш, доля фінансаў, атрыманых на конкурснай аснове ў структуры заробкаў застаецца нізкай, а часта ўвогуле адсутнічае. Больш за тое, некаторыя рашэнні апошняга часу можна лічыць рухам у адваротным кірунку. У прыватнасці, Указ №467 ад 28 снежня 2017 года6 прывязвае павышэнне аплаты працы даследчыкаў да рашэнняў кіраўніцтва і выканаўчых структур. Замест павышэння ролі ў ацэнкі peer review і адкрытыя конкурсы, узмацняецца адміністратыўны прынцып, калі вырашальная роля замацоўваецца за начальствам і бюракратыяй.

Канфлікты інтарэсаў і падвоеная сістэма навука-адукацыя. Кіраванне беларускай навукай дастаткова груваздкае і ўтрымлівае класічныя канфлікты інтарэсаў. Такая сістэма мае доўгую гісторыю і свае традыцыі, але фарміраванне эфектыўнай сістэмы навукі непазбежна патрабуе зняцця канфлікту інтарэсаў і аддзялення функцый кіравання ад даследчай дзейнасці.

На дадзены момант найбольш выразны канфлікт інтарэсаў праяўляецца ў дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якая адначасова ўдзельнічае ў кіраванні навуковай сфераю, з’яўляецца самай буйной даследчай установаю, а таксама праводзіць размеркаванне сродкаў на навуковую дзейнасць.

Рэфармаванне Акадэміі навук не новая задача, неабходная для павышэння эфектыўнасці R&D сектара. У тым ці іншых выглядзе яна абмяркоўваецца з атрыманнем Беларусі незалежнасці, пасля распаду СССР такія рэформы правялі практычна ўсе постсавецкія краіны. Разам з тым, рэфармаванне ўтрымлівае і рызыкі распаду складзеных школ і калектываў, знікненне цэлых даследчых праграм і накірункаў, аслабленне ці знікненне механізмаў прасоўвання і адстойвання інтарэсаў даследчага сектару на вышэйшым палітычных узроўні і г. д. Простых рашэнняў тут не можа быць, у любой сітуацыі будуць пэўныя страты. Не ахопліваючы ўсіх дэталяў гэтага працэсу, пазначым толькі некаторыя найбольш відавочныя праблемы: механізм пераразмеркавання фінансаў і інтэграцыя сектару навукі і адукацыі.

З’яўляючыся самай буйной даследчай установаю краіны, НАН Беларусі не павінна непасрэдна размяркоўваць і кантраляваць фінансы на даследаванні. Напрыклад, на дадзены момант БРФФД, асноўны механізм конкурснага пераразмеркавання фінансаў на акадэмічныя (фундаментальныя) даследаванні, з’яўляецца структурным падраздзяленне НАН Беларусі. Што стварае класічны канфлікт інтарэсаў – у радзе фонду з 36 чалавек 27 прадстаўляюць Акадэмію, і нават у Наглядальнай радзе такіх 5 з 12.

БРФФД, асабліва калі ставіцца задача павысіць ролю і аб’ёмы конкурснага размеркавання сродкаў, мусіць быць выведзены са структуры НАН Беларусі і падпарадкаваны профільнаму міністэрству ці Савету міністраў.

Яшчэ больш складанай і супярэчлівай праблемаю з’яўляецца арганізацыйнае, кадравае і эканамічнае адасабленне сектара навукі і адукацыі. Сістэма склалася ў савецкі час і засноўваецца на выразным падзеле функцый паміж інстытутамі, якія займаюцца даследаваннямі, і універсітэтамі, якія займаліся пераважна адукацыяй. Такая сістэма мае некалькі істотных негатыўных наступстваў для развіцця як сістэмы адукацыі, так і навукі.



Як вядома, даследаванні выступаюць важным складнікам якасці адукацыі, але многія кафедры і факультэты, а часам і цэлыя ВНУ Беларусі не маюць даследчага складніку. Дакладней, навуковая дзейнасць з’яўляецца выключна фармальнай, на якую няма часу з-за занятасці выкладаннем. Пры гэтым міжнародная практыка амаль заўсёды пацвярджае, што сапраўды высокую кваліфікацыю студэнтам могуць даваць толькі людзі, якія маюць ці даследчы ці практычны досвед у сваёй сферы.

Больш за тое, у большасць міжнародных рэйтынгаў навуковая дзейнасць з’яўляецца адным з галоўных параметраў ацэнкі універсітэтаў і тут большасць беларускіх ВНУ проста правальваюцца. Нізкія міжнародныя рэйтынгі зніжаюць прыцягальнасць беларускіх ВНУ не толькі для замежных, але і для беларускіх студэнтаў і ствараюць пагрозу фінансавай устойлівасці сістэмы адукацыі.

Пры падвойнай сістэме сотні публікацый і высокія кампетэнцыі многіх супрацоўнікаў даследчых арганізацый ніяк не спрыяюць павышэнню канкурэнтаздольнасці адукацыйнага сектару, што зніжае эфектыўнасці выдаткаў як на навуку, так і адукацыю. Акрамя гэтага, інтэграцыя даследчай і адукацыйнай дзейнасці магла б павышаць фінансавую ўстойлівасць даследчых устаноў і зніжаць адміністратыўныя выдаткі.

Так ці інакш, “вяртання” навукі ва універсітэты з’яўляецца неабходным для стварэння канкурэнтаздольнага адукацыйнага сектару. І тут можа быць толькі два механізмы – павелічэнне фінансавання ўніверсітэцкай навукі за кошт скарачэння выдаткаў на даследчыя інстытуты ці механічнае аб’яднанне даследчых і адукацыйных устаноў (так званы эстонскі варыянт).

Так ці інакш гэта будзе выклікам для існуючай сістэмы даследчых інстытутаў, асабліва падпарадкаваных Акадэміі навук і непазбежна пацягне адміністратыўную рэарганізацыю і пераразмеркаванне функцый, фінансаў і ўплыву. Інтэграцыя сферы адукацыі і навукі патрабуе і рэфармавання сістэмы кіравання. У прыватнасці, выглядае лагічным рэарганізацыя і аб’яднанне Міністэрства адукацыі і Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіям, а таксама перадача органам кіравання (большай) часткі адміністратыўных функцый Акадэміі навук.



Ацэнка вынікаў навуковае дзейнасці. Забеспячэнне якасці вынікаў даследаванняў з’яўляецца складанай праблемаю. Калі не паглыбляцца ў дэталі, то аб’ектыўная ацэнка тут не магчыма – на ацэнку вынікаў навуковай дзейнасці заўсёды уплывае палітыка, кан’юнктура, мода, густы, асабістыя стасункі і г. д. Тое, што цяпер лічыцца вялікім дасягненнем, праз месяц можа цалкам згубіць каштоўнасць і наадварот. Але гэта не зніжае важнасць ацэнкі вынікаў, асабліва калі ў сферу навукі накіроўваецца публічныя фінансы і яна сама па сабе не можа існаваць як камерцыйны праект.

За некалькі апошніх дзесяцігоддзяў на міжнародным узроўні склалася сістэма, якая ацэньвае поспех навуковай дзейнасць перш за ўсё праз “бачнасць” (visibility) тоесную “ўплывовасці” (impact). Даследаванне лічыцца паспяховым, калі яго вынікі надрукаваны ў часопісах уключаных у міжнародныя базы (перш за ўсё Scopus і Web of Science) і на адпаведныя артыкулы спасылаюцца іншыя аўтары гэтых часопісаў. Чым больш спасылак, тым больш даследаванне з’яўляецца бачным, а значыць і ўплывовым. Дадатковым крытэрам якасці таксама можа быць камерцыйная паспяховасць вынікаў даследавання, але гэты момант мы пакінем па-за ўвагаю гэтага артыкулу.

Пазначаная вышэй сістэма мае відавочныя хібы, асабліва ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук. Але ў кантэксце развіцця беларускай навукі непрыняцця міжнароднай сістэмы пазбаўлена практычнага сэнсу. Міжнародныя правілы, якія вызначаюць паспяховасць навуковае дзейнасці ад ЗША і ЕС да Кітаю, застаецца толькі прызнаць як дадзенасць і пакласці ў аснову нацыянальнай ацэнкі паспяховасці навуковае дзейнасці.

Варта прызнаць, што прыняцце міжнароднай сістэмы ацэнкі з’яўляецца непазбежным, затрымкі толькі прыводзяць да ізаляцыі, страты рэсурсаў і рэпутацыі. Дыскусія мусіць тычыцца не самой сістэмы (прымаць ці не прымаць), але яе выкарыстання і адаптацыі.

Пры гэтым не варта, як гэта часам робяць беларускія эксперты, успрымаць гэту сістэму як панацэю, якая сама па сабе забяспечыць якасць навуковае прадукцыі і павысіць яе ўзровень. У сваёй аснове ацэнка якасці праз “уплывовасць”, якая тоесная “бачнасці” мае многа хібаў, часам яна не справядлівая да асобных тэм, дысцыплін, нацыянальных моў, можа пагаршаць атмасферу ў акадэмічных асяродках і мець іншыя негатыўныя наступствы.

Высокае цытаванне могуць мець і кепскія тэксты, проста таму, што іх згадваюць як кепскія прыклады. Артыкулы могуць мець нізкае цытаванне таму, што напісаны на нацыянальнай мове, а не па-англійску (Ці значыць гэта, што трэба адмовіцца ад ужыванне, напрыклад, беларускае мовы ў публікацыяй па гісторыі ці філалогіі?). Некаторыя важныя для Беларусі тэмы могуць быць зусім не цікавыя замежнымі даследчыкамі. І наадварот, артыкул напісаны на модную міжнародную тэму не знаходзіць прымянення і аўдыторыі ў Беларусі. (Як ставіцца да такіх выпадкаў з улікам таго, што аплачвае гэтыя даследаванні беларускае грамадства?).

Гэта толькі невялікі пералік праблем, якія мае міжнародная сістэма ацэнкі вынікаў навуковай дзейнасці, таму неабходна прадумваць механізмы мінімізацыі яе негатыўных наступстваў для беларускай навукі. Гэта, аднак, зусім не адмаўляе неабходнасці прыняць міжнародную сістэму за аснову ацэнкі.

Падсумаванне і рэкамендацыі

Калі падсумаваць, то павышэнне эфектыўнасці даследчага сектару ў Беларусі патрабуе прынцыповых змен у яго арганізацыі і фінансаванні.

Па-першае, сфера мусіць стаць празрыстай і размеркаванне фінансаў зразумелым і адкрытым для даследчай супольнасці і грамадства.

Па-другое, мусіць быць значна павялічаная роля адкрытых конкурсаў у размеркаванні сродкаў на даследаванні, за кошт зніжэння долі дзяржаўных праграм і іншых формаў адміністратыўнага размеркавання фінансаў.

Па-трэцяе, прыярытэтам фінансавання мусяць быць даследчыя праекты са зразумелым і рэалістычным вынікам, а не фінансаванне штатных адзінак, адміністравання і інфраструктуры.

Таксама асноваю для ацэнкі вынікаў навуковай дзейнасці даследчыкаў мусіць стаць публікацыі і індэксы цытавання ў міжнародных базах навуковых публікацый (перш за ўсё Scopus і Web of Science). Пры гэтым, варта выпрацаваць механізмы, які б дазволілі мінімізаваць негатыўныя наступствы прыняцця міжнародных сістэм ацэнкі для асобных дысцыплін і акадэмічных супольнасцяў.

У арганізацыйным плане для навуковага сектару Беларусі найбольшым выклікам з’яўляецца існаванне выразнага адміністратыўнага і эканамічнага падзелу навукай і адукацыяй. Стаіць вострая праблема вяртання навукі ва ўніверсітэты, без чаго не магчыма павысіць якасці адукацыі і канкурэнтаздольнасць. Гэта можа быць зроблена альбо праз аб’яднанне даследчых інстытутаў з універсітэтамі, альбо праз значнае павышэнне выдаткаў на універсітэцкую навуку.

У гэтым кантэксце лагічным выглядае рэарганізацыя і аб’яднанне міністэрства адукацыі і ДКНТ, а таксама перадача НАН Беларусі большай часткі сваіх кіраўнічых функцый выканаўчым органам. Акадэмія навук, як буйная даследчая установа, таксама не мусіць займацца пераразмеркаваннем сродкаў на даследаванні. Адпаведна БРФФД мусіць быць выведзены з яе структуры і падпарадкаваны профільнаму міністэрству ці ўраду.



1 Індэкс беларускай будучыні. https://ideaby.org/index/

2 Внутренние затраты на научные исследования и разработки. Национальный статистический комитет http://www.belstat.gov.by/ofitsialnaya-statistika/solialnaya-sfera/nauka-i-innovatsii/graficheskii-material-grafiki-diagrammy_20/vnutrennie-zatraty-na-nauchnye-issledovaniya-i-razrabotki/

3 Белорусский республиканский фонд фундаментальных исследований https://fond.bas-net.by/

4 Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіям http://www.gknt.gov.by/

5 Competitive Research Funding. Lithuanian Research Counsel. https://www.lmt.lt/en/competitive-research-funding/786

6 Об оплате труда работников бюджетных научных организаций. Указ Президента Республики Беларусь от 27 декабря 2017 года http://pravo.by/upload/docs/op/P31700467_-2209168800.pdf



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка