Антонія духавенству, манахам, набожным міранам




Дата канвертавання14.01.2018
Памер35.76 Kb.
Пасланне да Ражджаства Хрыстовага

епіскапа Слуцкага і Салігорскага АНТОНІЯ

духавенству, манахам, набожным міранам

Слуцка-Салігорскай епархіі

Беларускай Праваслаўнай Царквы
Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя прасвітары і дыяканы,

богалюбівыя інакі і інакіні,

дарагія браты і сёстры!
Сардэчна віншую вас з Ражджаством Госпада Бога і Спаса нашага Іісуса Хрыста. Здзейснілася неспасціжнае, адбылося непадуладнае розуму:

Хрыстос нарадзіўся — Бог уцялесніўся!

Святое Пісанне і Святое Паданне ў адзін голас сведчаць, што прычынай Богаўцялеснення стала бясконцая любоў Тварца да Яго стварэння. Так узлюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае (Ін. 3: 16), — сказана ў Евангеллі ад Іаана. «Любоў робіць мяне богам, а Цябе, Божа, чалавекам!» — так на аснове традыцыі святых айцоў тлумачыць слова Спасіцеля свяціцель Нікалай Сербскі.

Грэхападзенне пазбавіла сэнсу жыццё чалавека і існаванне чалавецтва. Гасподзь Іісус Хрыстос нарадзіўся, каб вярнуць сэнс нашаму быццю, каб нагадаць нам пра самае галоўнае: над зямлёй ёсць Неба, над чалавекам ёсць Бог, над хаосам нашых маленькіх адносных праўд ёсць Ісціна.

«Ты стварыў нас для Сябе, і не будзе спакойным сэрца чалавечае, пакуль не супакоіцца ў Табе», — звяртаецца да Бога блажэнны Аўгустын. Сапраўды, толькі разгубленасць, непакой і смутак будуць удзелам тых, хто абмяжоўвае сваё жыццё патрэбамі цела і пошукам матэрыяльных даброт. Цела чалавека імкнецца да зямлі, і ўсё, што ствараюць нашы рукі, рана ці позна пойдзе ў зямлю. Але душа, нібы полымя свечкі, нястрымна рвецца да Неба, і ўсе добрыя плады нашых душ — малітвы, добрыя думкі, словы любові, справы міласэрнасці — стануць нашым вечным багаццем у Нябесным Царстве.

Ражджаство Хрыстова, якое азарыла няствораным святлом поле сусветнай гісторыі, паказала, што ўсе каштоўнасці свету гэтага без Бога роўныя нулю. Свабода без Бога — гэта злачынная ўсёдазволенасць, гэта фальшывая свабода цара Ірада, раба ўласных страхаў і падазрэнняў, які ў шаленстве сваім загадаў аддаць мячу чатырнаццаць тысяч нявінных немаўлят, каб за кошт іх пагібелі здабыць упэўненасць у сабе. Дабрабыт без Бога — гэта фальшывы дабрабыт жыхароў Віфлеема, якія адмовіліся даць у зімовую ноч прытулак Святой Сям’і і тым самым выгналі са сваіх дамоў Само Жыццё. Веды без Бога — гэта фальшывыя веды вешчуноў, якія спасціглі ўсе хітраспляценні паганскіх навук, але аднойчы, убачыўшы ўзыход новай зоркі, палічылі сваю мудрасць за нішто і рушылі ў далёкія землі, каб укленчыць перад народжаным ад Дзевы Дзіцяткам — Прамудрасцю Божай у плоці.

«Я б звар’яцеў ад несправядлівасці гэтага свету, калі б не ведаў, што апошняе слова застанецца за Богам», — кажа прападобны Паісій Святагорац. У гэтым уся сутнасць Ражджаства Хрыстовага: Бог прыйшоў на зямлю, каб атрымаць перамогу над злом, якое, нібы павуцінне, аблытала паўшы свет. З гэтага часу і назаўжды няхай ніхто не адчайваецца ў барацьбе з нягодамі зямнога падарожжа, — бо з намі Бог!

З намі Бог! Ён падае нам Свае Цела і Кроў у Таінстве Еўхарыстыі, далучыцца да якога могуць усе верныя дзеці Маці-Царквы.

З намі Бог! Ён глядзіць на нас вачыма тых, хто нас любіць, і тых, каго любім мы. Ён грукае ў дзверы нашых сэрцаў, прыняўшы вобраз бліжняга, які шукае нашай падтрымкі, цяпла і спагады.

З намі Бог! Ён ведае і разумее нас лепш, чым мы самі ведаем сябе. Ён чуе нашы малітвы, лечыць нашы немачы, здзяйсняе нашы надзеі. Ён — Падацель шчодрасцей, Які сказаў: Прасіце, і дадзена будзе вам; шукайце, і знойдзеце (Мф. 7: 7).

Віншую з першым прастольным святам прыходскую абшчыну кафедральнага сабора Ражджаства Хрыстовага ў горадзе Салігорску, міласцю Божай асвячонага 26 лістапада 2017 года. Шаноўныя айцы, браты і сёстры, разам мы збудавалі велічны саборны храм, — возьмемся ж за ўзвядзенне храмаў нашых душ, каб быць сапраўды соллю Салігорскай зямлі!

Узношу асаблівыя малітвы за нашую епархіяльную сям’ю: за святароў і дыяканаў, за царкоўных працаўнікоў, за ўсе — ад наймалодшых да найсталейшых — пакаленні прыхаджан. Дзякую мужчынам за адказнасць і моц духу, жанчынам — за наследаванне Прасвятой Багародзіцы ў цярпенні і ахвярнасці, людзям старэйшага ўзросту — за стаянне ў веры, дзецям — за чысціню і непасрэднасць, моладзі — за энергію, шчырасць, гатоўнасць зрабіць усё, каб грамадства праабразілася ў Хрысце. Дзякую пастырам, якія кожны дзень, без выходных, нясуць подзвіг служэння Богу і бліжнім. Адважней, дарагія, і няхай беражэ вас Гасподзь!

Зноў і зноў віншуючы ўсіх вас з Ражджаством Хрыстовым, жадаю нам сабрацца ў гэтыя святыя дні ля Віфлеемскіх ясляў і стаць бліжэй да Бога, а зна́чыць — бліжэй адзін да аднаго.

Са святам! Добрага вам здароўя, міру і радасці ў Госпадзе ў новым 2018 годзе!

Хрыстос нарадзіўся — Бог уцялесніўся!

Амінь.
З благаславеннем


+ Антоній,

епіскап Слуцкі і Салігорскі


Ражджаство Хрыстова

2018 г.

Слуцк — Салігорск


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка