Архіпастырам, кліру, манахам і міранам у сувязі з 1030-годдзем Хрышчэння Русі




Дата канвертавання07.09.2018
Памер60.61 Kb.
Пасланне Свяцейшага Патрыярха Кірыла

і Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы

архіпастырам, кліру, манахам і міранам

у сувязі з 1030-годдзем Хрышчэння Русі
Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, шаноўныя прасвітары і дыяканы, богалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!
Сёння ўся Паўната Царквы нашай ушаноўвае святога роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра і з удзячнасцю ўспамінае, як 1030 гадоў таму намаганнямі гэтага богаабранага і моцнага духам чалавека адбылася паваротная падзея ў гісторыі славянскіх народаў. Усядобрым дзеяннем Духа Святога князь адмовіўся ад паганскіх аблуд, паверыў у Адзінароднага Сына Божага Іісуса Хрыста і, прыняўшы разам са сваімі паплечнікамі святое Хрышчэнне, прынёс на Русь спасіцельнае святло Евангелля.

Чаму мы называем падзею Хрышчэння Русі паваротнай для гісторыі нашых народаў? Таму што яна назаўжды змяніла аблічча ўсёй славянскай цывілізацыі і прадвызначыла далейшы шлях яе развіцця. Гэта быў сапраўды рашучы паварот ад цемры да святла, ад хаджэння ў змроку памылковых ідэй і ўяўленняў да здабытку богаадкравеннай ісціны і спасення.

Чалавекалюбівы і Шчодры Гасподзь дараваў нам ні з чым не параўнальную міласць і вялікае шчасце: магчымасць належаць да Праваслаўнай Царквы, складаць Адзінае Цела Хрыстова і прылучацца да невычэрпнай Крыніцы вады, што цячэ ў жыццё вечнае (Ін. 4:14). Такім чынаммы ўжо не чужынцы і не прыхадні, а суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, усталяваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, маючы краевугольным каменем Самога Іісуса Хрыста (Эф. 2:19-20).

Мы зусім няшмат ведаем пра жыццё Русі да Хрышчэння. Гістарычныя сведчанні, якія дайшлі да нас, захавалі даволі супярэчлівы вобраз нашых продкаў як людзей, з аднаго боку, жорсткіх і каварных, з іншага — смелых і шчодрых. Выконваючы законы кроўнай помсты, славяне разам з тым адзначаліся асаблівай гасціннасцю і шырынёй душы. У часы ж паходаў мірны славянін ператвараўся ў грознага і бязлітаснага воіна: яго лютасць не ведала межаў, і дзеля багатай здабычы ён быў гатовы на ўсё.

Славянскі свет стаяў як бы на раздарожжы паміж дабром і злом, выяўляючы то высакародныя якасці душы, то страшную бездань цемры. Патрабаваўся рашучы і цвёрды крок, каб зрабіць, нарэшце, гэты лёсавызначальны выбар. І гэты выбар робіць святы роўнаапостальны князь Уладзімір. Праваслаўная вера, зацверджаная ў жыцці продкаў намаганнямі вялікага князя, перамяніла народ наш, выхавала ў ім дух самаадданасці і лагоды, ахвярнасці і цярпення.

На працягу стагоддзяў, якія надышлі за хрышчэннем у благаславёных водах Дняпра, Русь імкнулася ствараць сваё быццё на падмурку высокіх хрысціянскіх ідэалаў і вернасці Евангеллю, імкнулася ўладкоўваць сваё жыццё тым, што мысліцель Іван Ільін называў «цалаваннем Крыжа», што значыць гарачай любоўю да Госпада і глыбокім шанаваннем Яго Адкупіцельнай Ахвяры. Нягледзячы на складаныя перапетыі гісторыі, нягледзячы на ўсе памылкі, ухіленні і нават падзенні, галоўным для нашага народа нязменна заставалася служэнне Божай праўдзе і стаянне ў ісціне.

Далучэнне да праваслаўнай духоўнасці стала моцным імпульсам і для развіцця самабытнай усходнеславянскай культуры. Рэлігійны выбар князя Уладзіміра быў, акрамя таго, і выбарам вобразу мыслення, хрысціянскага ладу грамадскага жыцця і стылю культуры. Гэта быў выбар цывілізацыйнага шляху. Зараз мы ўжо не можам уявіць сабе нашу літаратуру, выяўленчае мастацтва, архітэктуру ці музыку без евангельскіх матываў ці сюжэтаў. Прасякнутыя хрысціянскімі маральнымі ідэаламі і каштоўнасцямі, гэтыя творы ўводзяць нас у багаты духоўны свет праваслаўнай веры і заклікаюць задумацца аб вечных пытаннях быцця і сэнсе чалавечага жыцця.

Але не прыналежнасць да праваслаўнай культуры толькі паводле нараджэння робіць нас хрысціянамі. Быць праваслаўным хрысціянінам — гэта не даніна традыцыі па прычыне «любові да бацькоўскіх магіл» і нацыянальнай гісторыі. Быць праваслаўным хрысціянінам — гэта ў першую чаргу свядомы выбар жыццёвага шляху, гэта няспынны пошук Хрыста і Яго праўды. Падобна да таго як роўнаапостальны князь Уладзімір, зняўшы з сябе старога чалавека з учынкамі яго і апрануўшыся ў новага (Кал. 3:9-10), назаўсёды аддаў сваё сэрца Госпаду Іісусу, так і мы, памятаючы, якога мы духа (Лк. 9:55), закліканы быць выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі (Іак. 1:22), цалкам усведамляючы, што жыццё наша схавана з Хрыстом у Богу (Кал. 3:3).

Пошук ісціны Хрыстовай і стаянне за яе — вось галоўны запавет святога князя Уладзіміра народам Святой Русі — спадчыннікам Дняпроўскай купелі. Уся наша агульная гісторыя і культура, уся шматвекавая духоўная і царкоўная традыцыя нашых народаў — звязаныя з пазнаннем гэтай ісціны. Яно складае сэрцавіну нашага быцця і самасвядомасці, яно і аб’ядноўвае ўсіх нас, дае сілы ісці шляхам гістарычнага развіцця, пераадольваючы любыя нягоды, бедствы і варожасць.

І зараз у братняй для нас Украіне, у краіне, дзе знаходзіцца свяшчэнная Дняпроўская купель хрышчэння народаў Русі, стыхіі свету гэтага паўстаюць на Царкву святога князя Уладзіміра, спрабуючы загубіць адзінства гэтай святой Царквы. Святары і вернікі церпяць несправядлівыя абвінавачанні і знявагі. Але мы верым, што ніякі знешні ўціск не зможа разарваць свяшчэнныя повязі Хрыстовай любові, якая аб’ядноўвае нас у адзінае Цела Царквы. Мы верым, што наша агульная малітва дапаможа адолець усе выпрабаванні, захаваць чысціню Праваслаўнай веры і вернасць кананічнай праўдзе.



Адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам услаўляючы Тварца за Яго невымоўную міласць да нас, будзьма вартымі гэтай шчодрай любові Божай і таго вялікага духоўнага дару, які зрабіў роўнаапостальны князь Уладзімір свайму народу.

Малітвамі гэтага дзіўнага ўгодніка Гасподняга няхай благаславіць Нябесны Ўладар краіны гістарычнай Русі мірам, няхай умацуе пастыраў і вернікаў Украіны, якія мужна захоўваюць вернасць кананічнай Царкве — і даруе Сваю бясконцую дапамогу на шляху спасення, каб мы, не прыстасоўваючыся да веку гэтага, але пераўтвараючыся абнаўленнем розуму нашага (Рым. 12:2), здзяйснялі сваё служэнне Богу і людзям, сведчылі пра нязгасную прыгажосць і стваральную сілу веры Хрыстовай.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка