Асаблівасці мастацкага адлюстравання першых этапаў вялікай айчыннай вайны ў творах васіля быкaba




Дата канвертавання13.10.2018
Памер101.63 Kb.
АСАБЛІВАСЦІ МАСТАЦКАГА АДЛЮСТРАВАННЯ

ПЕРШЫХ ЭТАПАЎ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ

Ў ТВОРАХ ВАСІЛЯ БЫКABA
Г.І. Малько

Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадзмія г. Горкі

19 чэрвеня 2014 года будзе святкавацца важная дата - 90 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава, народнага пісьменніка Беларусі, імя якога стала сусветна вядомым. На жаль, пісьменнік не дажыў да такога пачэснага юбілею. Аднак тыя творы, якія ён паспеў напісаць, з'яўляюцца гарантыяй таго, што імя пісьменніка будуць ведаць не толькі цяперашнія пакаленні, але і будучыя.

«Лес збярог нам Васіля Быкава, каб ён жыў і пісаў ад імя цэлага пакалення, ад імя тых, што юнакамі спазналі вайну і ўзмужнелі духам са зброяй у руках, для якіх дзень жыцця быў роўны веку жыцця», - адзначаў выдатны кіргізскі пісьменнік Ч. Айтматаў. Васіль Быкаў хацеў расказаць у сваіх творах пра тое, якой цяжкай была вайна, як нялёгка давалася перамога: «Жорсткая, бязлітасная памяць абавязвае нас, былых салдат, быць праўдзівымі і сумленнымі да канца свайго жыцця. Яна абавязвае нас расказаць сённяшняму пакаленню ўсю праўду пра вайну, якой бы страшнай і трагічнай ні была гэтая праўда. Гэта наш грамадзянскі і пісьменніцкі абавязак перад мёртвымі і жывымі».

Ніводны з нашых пісьменнікаў не атрымаў такой вядомасці ў свеце, як Васіль Быкаў. Згодна з падлікамі бібліёграфаў, яго творы друкаваліся больш чым на 50 мовах, сярод якіх англійская і іспанская, нямецкая і італьянская, французская і турэцкая, арабская, бенгальская і японская. Кнігі В. Быкава выходзілі ў Варшаве, Берліне і Лейпцыгу, Празе і Браціславе, Бухарэсце і Будапешце, Сафіі і Плоўдзіве, Мілане, Парыжы і Лондане, Каіры і Калькуце.

Васіля Быкава вінавацілі ў скажэнні праўды вайны, якую ён паказваў у сваіх творах, бо гэтую праўду ён выпакутаваў на ўласным вопыце. Быкава папракалі ў тым, што чалавека на вайне і саму вайну ён паказвае залішне лакальна, абмежавана, без уліку шырокіх чалавечых маштабаў. Аднак мастак пісаў сваю эпапею, якая складаецца з невялікіх, але надзвычай глыбокіх аповесцяў.

Быкаву заўсёды важна, каб чытач адчуў усё, што адчуваў салдат, камандзір, партызан, - усё «надвор'е» вайны: холад, голад, боль, страх, сорам і адчай паражэнняў, перамогу над страхам смерці і над ворагам, любоў і нянавісць. Яго любімым жанрам стала невялікая аповесць з абмежаванай колькасцю герояў і сціслымі знешнімі падзеямі. Аднак у быкаўскіх аповесцях адчуваецца вялікая ўнутраная энергія. Яны праўдзіва адлюстроўваюць гераізм людзей у перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Пісьменнік абараняў думку пра мнагастайнасць гераізму і подзвігу. Ужо з першых сваіх твораў пра вайну ён праяўляў асаблівую ўвагу да гераізму радавых працаўнікоў вайны: «Мае героі - гэта звычайныя радавыя, маленькія людзі, якія не пакідаюць дакументаў». Менавіта гэтыя людзі вынеслі на сабе асноўны цяжар вайны. Але прастата герояў не робіць іх дробязнымі, нецікавымі, бо яны жывуць і паміраюць дзеля вялікай мэты, хаця вельмі рэдка гавораць пра гэта.

У 1957 годзе Васіль Быкаў напісаў першую аповесць «Апошні баец». Звярнуўшыся да падзей 1941 года, мала асветленых на той час у мастацкай прозе, пісьменнік паставіў сабе мэту - паказаць вайну, не абыходзячы складанага і цяжкага. У гэтай аповесці яшчэ заўважаецца рамантызацыя вайны, нейкая легкадумная гульня адважных смельчакоў са смерцю. У творы няма канцэпцыі, падказанай аўтару яго вопытам вайны і арганічна звязанай з сучаснасцю, таму няма і строгага адбору фактаў. Тым не менш аповесць узброіла пісьменніка вопытам працы над буйнымі творамі, у якіх вонкавая займальнасць саступае месца драматычнаму псіхалагізму.

У «Жураўліным крыку», асэнсоўваючы лакальны эпізод - бой на безыменным чыгуначным пераездзе, - аўтар імкнецца да наказу той маральнай сілы ў чалавеку, якая прымусіла буксаваць гітлераўскую ваенную машыну яшчэ ў сорак першым годзе, да адлюстравання эмацыянальнай атмасферы пачатку вайны. З першых старонак аповесць захапляе сваей праўдзівасцю, незвычайнасцю зместу і формы. Жменька нашых салдат на чале са старшынёю Карпенкам павінна суткі трымаць пераезд, каб полк змог акапацца на новым рубяжы. Шасцёра супраць узброенай да зубоў фашысцкай мотакалоны! У такіх выпадках многае залежыць ад сілы духу, мужнасці і трываласці салдата. Байцы, пакінутыя на пераездзе, разумелі, што чакае іх наперадзе.

Васіль Быкаў у творы ўзяў курс на паказ характараў. «Жураўліны крык» - своеасаблівы «групавы партрэт» салдат 1941 года, расказ пра смяротны час якіх дапаўняецца экскурсамі ў іх мінулае. Ставячы сваіх герояў тварам у твар са смерцю, пісьменнік прымушае іх у гэты трагічны час «выспаведацца» перад людзьмі і перад сваім сумленнем, па-новаму паглядзець на сваё мінулае, якога ўжо не вернеш, не перайначыш, і на будучыню, якой у іх не будзе, але будзе ў мноства іншых людзей на зямлі. Гэтыя «споведзі» - ўспаміны герояў - то ў форме сну, то ўнутранага маналога, то балючага роздуму над праблемамі, пастаўленымі вайной, - не проста характарызуюць іх як людзей і не толькі тлумачаць іх паводзіны і ўчынкі ў час вайны, але і закранаюць праблемы, арганічна звязаныя з нашым сённяшнім днём.

Глыбінны сэнс «Жураўлінага крыку» гучыць так: перад тварам нямецкага фашызму няма месца для рахункаў за перажытыя крыўды, якімі б вялікімі яны ні здаваліся, бо для чалавека няма нічога даражэйшага за Радзіму, за яе будучыню. I нельга перамагчы ворага, не адолеўшы ў сабе індывідуаліста, не адчуўшы сябе жывой, неад'емнаю часткай народа. Інакш кажучы, праз лёс і ўчынкі герояў, якія так па-рознаму выявілі сябе перад трагічнай неабходнасцю па-мерці дзеля будучай перамогі над ворагам, паслядоўна праводзіцца думка аб патрыятызме як асэнсаванай чалавекам сваёй гістарычнай адказнасці. Якраз гэта ідэя аб'ядноўвае біяграфіі такіх, здавалася б, далёкіх адзін ад аднаго персанажаў, як Карпенка і Фішар, Свіст і Пшанічны, Глечык і Аўсееў.

Такім чынам, у аповесці «Жураўліны крык» мы бачым спецыфіку ў паказе пачатку Вялікай Айчыннай вайны: аўтар малюе не маштабную панараму вайны з фашыстамі, а толькі адзін з маленькіх эпізодаў - бой на безымянным чыгуначным пераездзе, які, аднак, меў пэўнае значэнне для ходу вайны.

В. Быкаў паказвае праўду вайны: на фронце былі не толькі героі, але і людзі маральна нетрывалыя, здраднікі. Але гэтыя людзі не нарадзіліся такімі, а сталі ў выніку збегу розных жыццёвых абставін. В. Быкаў лічыць, што да такога ганебнага ўчынку гэтых людзей прывёў не толькі страх за сваё жыццё, але і тое, што яны не змаглі падняцца над сваімі ўласнымі крыўдамі і паставілі гэтыя крыўды вышэй за любоў да Радзімы, за свой салдацкі абавязак. Прычыны праяўлення маладушнасці і здрады аўтар бачыць і ў адносінах грамадства да чалавека. В. Быкаў прыводзіць чытачоў да высновы, што грамадства не павінна праяўляць абыякавасці да лёсаў людзей і змагацца за кожнага чалавека.

Аповесць «Дажыць да світання» (1972) таксама пра трывожны, цяжкі і гераічны 1941 год. Падзеі адбываюцца ў лістападзе, г.зн. у самы драматычны момант Вялікай Айчыннай вайны, калі немцы былі зусім побач з Масквой і ўсяму свету аб'явілі пра сваю перамогу.

Твор гэты зноў пра чалавека, які апынуўся ў невыносных абставінах. Лейтэнант Іваноўскі, выйшаўшы з акружэння, адпраўляецца ў варожы тыл з групай салдат, каб знішчыць нямецкую базу боепрыпасаў. Байцы загінулі, сам лейтэнант быў паранены. А да світання заставаліся лічаныя хвіліны. Базу ж у гэты час ужо перанеслі ў іншае месца. Выходзіць, страты былі дарэмныя. Гэта было так нечакана, што лейтэнант амаль разгубіўся. I тым не менш герой аповесці змагаецца да апошняга дыхання. Лейтэнант разумеў, што сіл засталося зусім мала і смерць можа насцігнуць яго раней, чым ён здзейсніць задуманае. Але ж павінна яго пакутлівая смерць, як і тысячы іншых, не меней пакутлівых смерцяў, прывесці да нейкага выніку на гэтай вайне.

І ён раптам паверыў, што ніякія з чалавечых пакутаў не пазбаўлены сэнсу на гэтым свеце, тым болыш салдацкія пакуты і кроў. Герой цаной апошніх імгненняў жыцця падарваў старога немца-абозніка. Гэты немец не ўдзельнічаў у знішчэнні мірных жыхароў, не вешаў партызан і падпольшчыкаў. Але ён прыйшоў на нашу зямлю менавіта як вораг. Толькі Іваноўскі карае немца-абозніка не за адны грахі яго суайчыннікаў. Гэты немец паспеў стрэліць, ніколькі не раздумваючы і не сумняваючыся, у распластанае, прыцярушанае снегам цела Іваноўскага. Апошняя акалічнасць не выпадковая ў аповесці. Герой падарваў не «мірнага» абозніка, ён падарваў ворага. Галоўнае для герояў аповесці - чалавечая стойкасць перад сілай абставін, гатоўнасць застацца чалавекам, нягледзячы ні на што.

Пафас чалавечнасці гучыць і ў «Круглянскім мосце» (1968) - першай аповесці з партызанскага цыкла. А. Твардоўскі назваў гэты твор «цудоўнай і высакароднай аповесцю». «Круглянскі мост» мае ў аснове рэальныя падзеі. Штуршком для твора, па словах В. Быкава, паслужыла адна гісторыя: хлопчык так прасіўся ў начальніка дазволіць яму аддаць жыццё за Радзіму, што камандзіры не змаглі адмовіць яму і, нашпігаваўшы яго падводу толам, пусцілі на мост. Мост быў узарваны. Гэта гісторыя не выклікала захаплення ў пісьменніка. I ён напісаў твор, у цэнтры якога паставіў праблему маральнага выбару, паказаў, як востра рэагавалі сапраўдныя партызаны на праявы бесчалавечнасці, якімі б меркаваннямі яны ні апраўдваліся.

Цэнтральны персанаж аповесці - партызан-падрыўнік Брытвін - лічыць, што такім рэчам, як сумленне, гонар, справядлівасць, на вайне грош цана, калі яны ўскладняюць дасягненне пастаўленай мэты, таму іх трэба адкінуць. Вайна, паводле Брытвіна, - гэта «рызыка людзьмі. Хто разумней рызыкуе, той і пабяждае». I калі яму выпала нагода ўзарваць мост з дапамогаю Міці - сына мясцовага паліцая, - ён з энтузіязмам ухапіўся за гэтую магчымасць. Яму трэба вызначыцца любой цаной, прыпісаўшы ўвесь поспех толькі сабе. Калі б Брытвін быў сумленным і сапраўды мужным чалавекам, ён бы зрабіў іншы маральна-этычны выбар, рызыкуючы не падлеткам, а самім сабой. Васіль Быкаў з бескампраміснасцю судзіць Брытвіна і яго жорсткасць, практычнасць з выгадай для сябе.

Як бачым, пісьменнік і ў гэтым творы застаўся верным праўдзе жыцця, паказаўшы, што сярод партызан былі не толькі патрыёты, героі, для якіх на першым месцы быў клопат пра Радзіму, пра кожнага чалавека. Былі і кар'ерысты, якія хацелі паказаць сябе героямі за кошт іншых, маглі ахвяраваць чужым жыццём, а не сваім. Як сапраўдны гуманіст, Васіль Быкаў лічыць, што чалавек - гэта самая галоўная каштоўнасць і што ніякія вялікія мэты не могуць апраўдаць рызыку чужымі чалавечымі жыццямі. У творы гучыць думка пра тое, што менавіта дзякуючы чалавечнасці наш народ змог перамагчы фашызм.

Верным сабе Быкаў застаецца і ў аповесці «Сцюжа», якая датуецца 1969 і 1991 гадамі. Пачата была аповесць у пачатку застойнага перыяду, але не даведзена да канца, бо ў той час не было шанцаў на яе апублікаванне. У творы Быкаў, перакрыжоўваючы два храналагічныя зрэзы нашай рэчаіснасці - даваенны і ваенны, - даследаваў прычыны цяжкасцяў першых этапаў вайны. Пісьменнік лічыў, што сталінскія рэпрэсіі 1930-х гадоў, атмасфера ўсеагульнай падазронасці, бальшавіцкага генацыду прывялі не толькі да знішчэння эліты краіны, вядомых военачальнікаў, камандзіраў Савецкай Арміі. Падрывалася вера простых людзей у справядлівасць і праўду. І калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, некаторыя людзі, пакрыўджаныя бальшавікамі, пераходзілі на службу да фашыстаў. Не ўсе змаглі падняцца над сваёй крыўдай. I ў гэтым адна з прычын цяжкасцяў пачатку вайны.

Такім чынам, у паказе першых этапаў вайны Васіль Быкаў прытрымліваецца аб'ектыўнай гістарычнай праўды: не абыходзіць сваёй увагай складанасцей гэтага перыяду, паказвае горыч адступленняў і часовых паражэнняў нашай арміі, аднак ніколі не перабольшвае няўдач савецкіх войск, паказвае веру нашага народа ў перамогу над ворагам.

В. Быкаў закранае такія канфлікты і малюе такія абставіны, пра якія раней у літаратуры мала гаварылася, паказвае шматаблічнасць гераізму: герой не толькі той, хто забіў ворага, але і той, хто ў невымерна цяжкіх умовах змог пераадолець свой страх, няўпэўненасць і думаць не толькі пра сябе, але і пра іншых людзей, пра лес сваёй Радзімы і быў гатовы ахвяраваць сваім жыццём для перамогі над ворагам.

Героі твораў В. Быкава змагаюцца да канца, забяспечваючы агульную перамогу. Праз іх лёс вельмі пераканальна паказваецца трагедыя першых ваенных месяцаў.

Крыніца:


Малько, Г. І. Асаблівасці мастацкага адлюстравання першых этапаў Вялікай Айчыннай вайны ў творах Васіля Быкава / Г. І. Малько // История, философия, политика, право : научные труды преподавателей гуманитарных дисциплин / Могилевский государственный университет продовольствия ; БИП — Институт правоведения ; под общей редакцией В. Д. Выборного, А. А. Скикевича. — Могилев, 2014. — Вып. 6. — С. 101—106.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка