Аўторак,31 мая 2016,№41 Акт дабрыні і спагады




Дата канвертавання04.04.2017
Памер38.87 Kb.
сенно. новости сенно. голас сенненшчыны

Аўторак,31 мая 2016,№41

Акт дабрыні і спагады

Выхаванцы Сенненскай школы-інтэрната сабраліся на прыступках ганка роднай установы адукацыі ў чаканні валанцёраў з Мінску. "Едуць, едуць", — радасна крычалі меншыя дзеці ўслед кожнай праязджаючай машыне. Дарослыя таксама не хавалі свайго хвалявання ў прадчуванні прыемнай сустрэчы.

Сяброўская

сустрэча

Прадстаўнікі ПУП "БелТрансСпутник", якое спецыялізуецца на спадарожнікавай аналітыцы і лагістыцы транспарту, завіталі да дзяцей з падарункамі. Прадпрыемства выдаткавала 5 мільёнаў рублёў на рамонт інтэрнатаўскага мікрааўтобуса "Fiat Ducato". А на асабістыя грошы яго супрацоўнікі набылі спартыўны інвентар, прысмакі для дзяцей. Да акта дабрыні далучыўся ўвесь калектыў буйной кампаніі.

Гасцей у колькасці 12 чалавек на чале з кіраўніком прадпрыемства Ядвігай Тоўсцік запрасілі ў школьны музей "Беларуская хатка", створаны намаганнямі калектыву школы-інтэрната. Навучэнцы ў нацыянальным беларускім адзенні ўжо чакалі валанцёраў з "хлебам-соллю". Рыфмаванымі радкамі яны распавялі пра гісторыю рэчаў і посуду, што змяшчаюцца ў экспазіцыі. Пасля чаго шаноўным гасцям было адведзена пачэснае месца на покуце хаты. Валанцёры пазнаёміліся з побытам нашых продкаў, пачаставаліся сенненскімі прысмакамі ад школьнага кухара.

Наступным запланаваным мерапрыемствам стала невялікая канцэртная праграма "Вітаем сяброў!" пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Святланы Даўкшас і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Алы Саржыцкай. Леанід Казлоў, дырэктар школы-інтэрната, падзякаваў прадстаўнікам ПУП "БелТрансСпутник" за дапамогу, а, галоўнае, за ўважлівыя і чулыя адносіны да дзяцей. Ён нагадаў, што гэта не першая сустрэча: крыху раней, зноў-такі на грошы валанцёраў, для дзяцей была арганізавана экскурсія па Мінску з наведваннем дэльфінарыя, кафэ. У родную школу выхаванцы вярнуліся з падарункамі —мр3-плэерамі.

У сваю чаргу, кіраўнік прадпрыемства і па сумяшчальніцтве арганізатар валанцёрскай дзейнасці Ядвіга Тоўсцік з хваляваннем у голасе адзначыла, што выхаванцы — гэта частка ўласнага жыцця супрацоўнікаў кампаніі, на якую яны не шкадуюць ні часу, ні цеплыні сваёй душы.

Падчас канцэртнай праграмы гучалі песні. Аднак, не ўсе прысутныя спадзяваліся пачуць іх на розных мовах: беларускай, рускай і італьянскай. Удзельнікі танцавальнага калектыву "Асарці" падрыхтавалі нумар на ваенную тэматыку. Паказ калекцыі, экаадзення школьнага тэатра моды "Натхненне" перанёс прысутных на некалькі хвілін у казачны дзівосны свет.



Чым жывеш,

інтэрнат?

З непадробнай цікавасцю валанцёры ўспрынялі экскурсію па аб'ектах установы адукацыі. Госці пабывалі ў сталярнай і швейнай майстэрнях, дзе паназіралі за працай юных майстроў. Пасля заканчэння школы хлопчыкі атрымліваюць прафесію столяра. Дзяўчаты ідуць у дарослае жыццё таксама з пэўнымі навыкамі. Выхаванкі з задавальненнем прадэманстравалі пашытыя сваімі рукамі фартухі, кухоныя прыхваткі, сурвэткі і інш. Госці не прамінулі набыць вырабы, што прыйшліся даспадобы. У кабінеце дадатковай адукацыі малодшыя школьнікі ўразілі прыгожымі самаробнымі сувенірамі, якія яны загадзя падрыхтавалі для мінскіх сяброў.

З будынка школы-інтэрната дэлегацыя перамясцілася на вуліцу. Па дарозе зазірнулі ў цяпліцы, дзе з рыдлёўкамі ў руках старанна працавалі школьнікі. Далей маршрут пралягаў праз домікі сацыяльнай адаптацыі, дзе валанцёраў з прыязнай усмешкай сустрэлі іх насельніцы — вучаніцы 11 класа. Пазнаёміўшыся з умовамі пражывання, валанцёры прыйшлі ў захапленне ад ідэі далучэння выхаванцаў да дарослага і самастойнага жыцця. Не меншую цікавасць выклікаў у іх агляд памяшканняў, дзе праводзяць свой вольны час усе астатнія школьнікі — прасторныя ўтульныя пакоі, сцены якіх упрыгожаны асабістымі фотаздымкамі і ганаровымі граматамі.

Поўны разгром

У рамках візіту валанцёраў быў запланаваны сяброўскі матч па міні-футболе. На школьным стадыёне сышліся дзве каманды з ліку гасцей і навучэнцаў школы-інтэрната. Для прадстаўнікоў сталічнага прадпрыемства, якія большую частку свайго часу праводзяць у офісе за камп'ютарам, было складана спаборнічаць з юнакамі, што сёлета сталі пераможцамі рэспубліканскага турніру "Футбол — твой сябар назаўсёды!" для дзяцей-сірот з дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў і дзіцячых вёсак. Нягледзячы на моцную падтрымку сваіх балельшчыкаў, "БелТрансСпутник" усё ж такі не здолеў перамагчы і саступіў сваім праціўнікам.



Майстар-клас

Падсілкаваўшыся смачным абедам пасля гадзіннай гульні ў футбол, госці з выхаванцамі разышліся па кабінетах. Для дзяўчынак валанцёрка Наталля Ярмоліна арганізавала майстар-клас "Школа "Візажыст". Старшакласніцы ўважліва слухалі і сачылі за кожным рухам госці. Парады па макіяжу суправаджаліся практычнымі дзеяннямі: на абранай мадэлі жанчына дэманстравала правілы нанясення касметыкі. Прыемнай нечаканасцю для дзяўчынак стаў падарунак ад валанцёра ў выглядзе дэкаратыўнай касметыкі.

У той жа час, у спартыўнай зале яе калега Вячаслаў Расоха праводзіў квэст-гульню для хлопчыкаў. Юнакам прыйшлося праявіць сябе ў разнастайных конкурсах, паказаць сваю кемлівасць, спартыўны спрыт. Лепшыя каманды атрымалі ад валанцёра памятныя прызы.

Час развітання

Пад канец сустрэчы валанцёры разам з адміністрацыяй школы-інтэрната стварылі для ўсіх вучняў сапраўднае свята — у сталовай дзяцей чакаў салодкі стол. Валерыя Багданава ад імя школьнага самакіравання яшчэ раз падзякавала гасцям.



Хутка і непрыкметна праляцеў час, адведзены на прыемную сустрэчу, якога так не хапае ў жыцці. Вось толькі на дэфіцыт дабрыні, цеплыні і шчырасці ў той дзень не маглі паскардзіцца ні валанцёры, ні выхаванцы.

Ганна КОРСАКАВА.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка