Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт




Дата канвертавання14.02.2017
Памер69.62 Kb.
Белая А. І.

УА “Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт”, г. Баранавічы


ФОРМЫ МАСТАЦКАЙ ПРЭЗЕНТАЦЫІ МІФАЛАГІЧНАГА МЫСЛЕННЯ

Ў БЕЛАРУСКАЙ ПРОЗЕ ПЕРШАЙ ТРЭЦІ ХХ СТАГОДДЗЯ


Дасканалы літаратурны твор уяўляе сабой сістэму, якая характарызуецца скіраванасцю сродкаў мастацкай выразнасці на вырашэнне адзінай мастацкай задачы. Аўтар, прапануючы сваё разуменне навакольнага свету і яго працэсаў, максімальна «нагружае» дадатковымі асацыяцыямі ўсе сродкі, якія выкарыстоўваюцца для стварэння вобразаў. Дзякуючы гэтаму ўзнікае складаная сістэма адносін паміж «сэнсавым комплексам» і тым, што прынята называць «азначаючым комплексам» (знакамі, вобразамі і г. д.).

Асаблівасці кампазіцыі — парабалічнай, менамеатычнай, міфалагічнай — у празаічных творах першай трэці ХХ стагоддзя вызначаліся шэрагам абставін, сярод якіх былі і спецыфічныя, абумоўленыя канкрэтна-гістарычным кантэкстам. Так, «незавершанасць пісьменніцкіх задум таго часу, якія раскрывалі гістарычны пярэдадзень рэвалюцыі і калектывізацыі, стала вынікам неспрыяльных палітычных умоў, калі аб’ектыўна-рэалістычнае адлюстраванне падзей рэвалюцыі і калектывізацыі стала немагчымым, бо ўжо склаліся цвёрдыя стэрэатыпы асвятлення гэтых падзей, якія трохі пазней манументальна і надоўга закансервуюцца ў Гісторыі УКП (б). Пісьменнікі, адчуваючы, што любыя замахі на рэалістычны паказ пераломных момантаў у жыцці народа будуць абавязкова жорстка перакрывацца, пакідалі свае творы незавершанымі» [4, с. 396], нібы пакідаючы сваіх любімых герояў чакаць лепшых часоў, або, як Я. Колас, вярталіся да ранейшай задумы праз вялікі адрэзак часу.

Міфалагічная кампазіцыя, на першы погляд, не зусім адэкватны сродак увасаблення новай эстэтыкі. Але, з другога боку, паводле Ф. Ніцшэ, без міфа ўсякая культура пазбаўляецца здаровай і творчай прыроднай сілы: толькі запоўнены міфамі далягляд здольны надаць адзінства і закончанасці цэламу культурнаму руху. Паказчыкамі міфалагічнай кампазіцыі выступаюць выбар героем шляху ў формах фальклорнага мыслення, зварот пісьменнікаў да абрадаў (пераважна як сродку камунікацыі), выкарыстанне малых фальклорных форм — замоў, кленічаў, песень — і іх стылізацый.

Так, Л. Калюга, «імкнучыся спасцігнуць сутнасць новага грамадства… перш за ўсё звяртае ўвагу на тое, як жывецца ў ім асобнаму, нічым не выдатнаму і разам з тым адзінаму, такому непаўторнаму чалавеку. З горыччу заўважаў ён, што пачалося вялікае паляванне на яго, на ягоную самабытнасць, адметнасць. …Можа, таму такой мілай стала Калюгу мінуўшчына, дзе мелі месца самабытныя нацыянальныя характары, вялікая паэзія абрадавых свят…» [5, с. 120]. І нават у творах, напісаных у высылцы, «Калюга пільна ставіцца да гісторыі, да народных паданняў, прыкмет, павер’яў, “забабонаў”, якія нярэдка трапна выкарыстоўвае ў сюжэтна-сімвалічным плане, што сведчыць пра эпічнасць таленту празаіка» [5, с. 123].

Міфалагічнае мысленне выяўляецца ў адметным характары выказвання пра не да канца зразумелыя і асвоеныя з’явы знешняга свету. Найбольш яскрава гэта відаць у дзіцячым успрыманні свету. Я. Колас у апавяданні «На чыгунцы» паказвае, што «вайна, у думках Івася, — нешта асобнае, незалежнае ад волі людской. Гэта была страшная кабеціна, што бадзяецца па свеце, і, дзе яна ступае, там робяцца пажары і разбурэнне страшнае… Гэтую лютую бабу-вайну выпусцілі на свет немцы; за гэта нашы салдаты і ідуць на немцаў. Перш ім трэба зваяваць сваіх ворагаў, а тады ўжо злавіць страшную кабеціну і замкнуць яе ў такі глыбокі калодзеж, адкуль яна і не вылезе» [6, с. 303—304].

У падобным жа характары дыскурсу выяўляецца сялянская сутнасць дарослых герояў беларускай прозы. Чытаем у М. Гарэцкага: «усё пільней кукобяць думку асмолаўцы аб нейкім дзіве — ці то аб зямлі, ці то аб волі. Вось нехта аб’явіцца і прынясе дзіва з сабою» [3 ,с. 259]. Міфалагічнае мысленне датычыць і вобразаў гістарычных асоб. Адносна цара ўстанаўліваецца не столькі індывідуальны пункт погляду, колькі «чужы», запазычаны з фальклору ці чыіх-небудзь аповедаў. Большасць уяўленняў пра Леніна аформлены ў жанры казкі. Асобы такога сацыяльнага маштабу найчасцей уяўляюцца як фальклорныя звышгероі. Адметным спосабам сфармуляваў народнае стаўленне да ленінскага вобраза А. Платонаў: Ленін у яго камунараў — для «сардэчнага пачуцця», а Карл Маркс «глядзеў са сцен, як непрыхільны Саваоф, і яго страшныя кнігі не маглі давесці чалавека да заспакаяльнага ўяўлення камунізму» [7, с. 512]. Мы бачым увасабленне стэрэатыпу масавай свядомасці тагачаснага грамадства, дзе міфалагізаваны вобраз Леніна звязваўся з народнымі каранямі.

Адносна невядомых рэчаў і з’яў асабовы погляд герояў празаічных твораў увогуле выяўлены далёка не заўсёды. Яны карыстаюцца фальклорнай фразеалогіяй, і пэўны прадмет ці з’ява паўстаюць у якасці ідэі. Адчуваецца «пабочнасць» свету, для якога ў чалавека не выспела ўласнае слова, што вынікае са свайго ж асабістага вопыту. Вось яскравыя прыклады з апавядання З. Бядулі «Дэлегатка»: «А вакол жыццё новае біла свежай крыніцай. Постаці людзей выпрасталіся. Вочы новым бляскам гарэлі»; «Усё апранулася ў сонечны бляск новых песень, новых разважанняў і новых учынкаў. Прастор вабіў зусім іншымі казкамі — гераічнымі казкамі барацьбы за лепшы лёс для людзей» [2, с. 116].

Аднак зварот да форм міфалагічнага мыслення мае і іншыя прычыны: «непрадбачлівыя павароты ў вірлівай плыні палітычнага жыцця параджалі ў беларускіх пісьменнікаў некаторую ўнутраную разгубленасць. Узмацнялася іх трывога за лёс роднага краю… У такіх умовах асаблівы творчы акцэнт на міфалагічных вобразах выяўляў імкненне літаратуры ўмацаваць свае вытокавыя асновы, сцвердзіць такія ўнутраныя каштоўнасці, якія маюць непераходнае, пастаяннае значэнне пры ўсіх нечаканых перыпетыях і зменах грамадскай і палітычнай сітуацыі» [10, с. 302]. Якраз гэтае імкненне можа азначаць, напрыклад, такі матыў у рамане К. Чорнага «Сястра», як песня сялянкі ў псіхіятрычным аддзяленні бальніцы. Гэты матыў ёсць сведчанне таго, што менавіта для міфалагічнага мыслення характэрна ўстанаўленне шматлікіх сувязяў паміж рознымі з’явамі, часам зусім далёкімі адна ад другой.

У А. Разанава ёсць верш «Балада прыкметы», а ў ім радкі: «Прыкмета хлусіць не ўмее, прыкмета хлусіць не стане…» [8, с. 65]. Вера ў прыметы, з’яўляючыся ўніверсальна-прэцэдэнтным і яскравым нацыянальна-прэцэдэнтным феноменам, набыла і мастацкую адметнасць феномена сацыяльна-прэцэдэнтнага.

Як згадваў у аповесці «У кіпцюрах ГПУ» Ф. Аляхновіч, у бесперапынным напружанні чакання расстрэлу ў вязняў пачыналіся адзнакі псіхозу, якія выўляліся, сярод іншага, і ў фанатычнай веры ў прыкметы. «Адзін у часе “прагулкі” на падворку стараўся ўсе спатыканыя лужыны пераступаць правай нагой, веручы, што пераскок левай прынясець яму няшчасце. Іншы стараўся, ходзячы, ня класьці рук за спіну, перакананы, што гэты гэст сцягне на яго расстрэл. Іншы, кладучыся спаць, стаўляў свае боты наскамі ў кірунку дзвярэй, думаючы, што, калі паставіць абцасамі наперад, — ніколі ўжо ня выйдзе на волю. Аднойчы, загаварыўшы перад сном, кінуў свае боты як папала. Я бачыў, як уначы ён прачнуўся і кінуўся да сваіх ботаў. Пабачыўшы сваю няўвагу, хутка яе паправіў, акуратна паставіўшы бот насамі ў бок дзвярэй, — і зноў лёг на нарах, аглядаючыся, ці хто ня бачыў, ці хто ня будзе сьмяяцца.



Я бачыў, але не сьмяяўся. Я адчуваў, што й мае нэрвы ня вытрымаюць такога жыцця…

Найменшая дробязь зварачала нашую ўвагу, і мы на ёй будавалі свае здагадкі. Прайшоў шпарка праз надворак чырвонаармеец… “О! чаго ж ён спяшаецца? Тут нешта гэткае…” Загрукацела на калідоры хада, пачулася за дзвярыма нейкая прыцішаная гутарка… “О! Нешта будзе… Чаго яны там?...

Усім нам сніліся кашмарныя сны. Уначы чуваць былі стогны й крыкі праз сон» [1, с. 97].

У 1918 годзе Я. Лёсік пісаў: «Толькі мова і засталася ў народа нашага ва ўсе яго злыдні, толькі яна, моў тая дудачка ў казцы, грала і прамаўляла ўсяму свету, што жыў яшчэ наш народ, і жыць ён хоча, і жыць ён можа, і жыць ён будзе» [9, с. 64]. Магічную сілу спрадвечнага народнага слова ў «перакуленым свеце» ацаніў Ф. Аляхновіч. Ён апісвае выпадак, які яго надзвычай уразіў. Неяк у карцар пацягнулі вясковую жанчыну, якую ў сутарэнні ГПУ прывялі разам з дзецьмі. «Страшэнны быў крык на калідоры, калі адрывалі маці ад дзяцей. Доўга было чуваць нейкую барацьбу, мабыць. жанчына старалася супраціўляцца. Канец канцоў удалося няшчасную ўсадзіць у карцэр. Крык, аднак, трываў далей. Нейкі роўны, рытмічны крык-енк, для мяне ўжо знаёмы; недзе я ўжо чуў нешта падобнае. …Вы ведаеце… як, ідучы за труной, бабы галосяць… Нешта падобнае я чуў цяпер. Толькі гэта не былі завучаныя, паўтораныя шмат разоў словы, гэта была страшная імправізацыя жанчыны з народу, якая ў часіны найвялікшага напружання болю выражала сваё гора скандаванымі тырадамі.



Каля дзьвёх гадзін, не спыняючыся, трывала гэтая песьня бунту і ненавісьці, пасьля пачала сціхаць, ажно заціхла зусім. Ня ведаю, ці жанчына заснула, ці, можа, самлела. Я дрыжэў, слухаючы голас гэтай шчырай, нявыдумнай, але беспасярэдня з душы вырванай роспачы. Апісаць гэта цяжка. Трэба гэта чуць, каб зразумець, уцяміць…» [1, с. 93—94].

Такім чынам, беларуская проза першай трэці ХХ стагоддзя ажыццяўляла актыўны зварот да форм міфалагічнага мыслення, абумоўлены ўсталяваннем новай рэчаіснасці. Міфалагічнае мысленне ўвасоблена ў сюжэтна-сімвалічным плане і датычыць асваення не да канца зразумелых з’яў знешняга свету, вобразаў гістарычных асоб, выбару героямі жыццёвага шляху і інш., што стварае адчуванне «пабочнасці» свету, якое, у сваю чаргу, вынікала з адсутнасці суб’ектыўнага і аб’ектыўнага вопыту перажывання падобных сацыякультурных рэалій. У формах міфалагічнага мыслення замацоўваліся пэўныя стэрэатыпы масавай свядомасці. У цэлым жа апеляцыя да міфалагічных вобразаў выяўляла імкненне літаратуры сцвердзіць спрадвечныя нязменныя каштоўнасці ва ўмовах карэннай трансфармацыі ўсіх асноў тагачаснага грамадства.



Літаратура

  1. Аляхновіч, Ф. У капцюрох ГПУ: Аповесць / Ф. Аляхновіч // Уклад. А.У. Жынкіна, Ю. Р. Чудзіна.; Прадм. А. В. Бяляцкага; Паслясл. А. А. Дышлевіча. . — Мінск: Маст. літ., 1994. — 228 с.

  2. Бядуля, З. Апавяданні / З. Бядуля // Уст. арт.: І. Кудраўцаў. — Мінск: Нар. асвета, 1973. — 160 с.

  3. Гарэцкі, М. Прысады жыцця: Апавяданні, аповесці / М. Гарэцкі; уклад. Т. Голуб. — Мінск: Маст. літ., 2003. — 479 с.

  4. Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Т 2. 1921 – 1941 / Нац акад. навук Беларусі, Аддз-не гуманіт. навук і мастацтваў, Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. – Мн.: Бел. навука, 1999. – 903 с.

  5. Драздова, З. Творчасць А. Мрыя і Л. Калюгі: Стылявыя асаблівасці. — Мінск: Беларус. навука, 1997. — 143 с.

  6. Колас, Я. Дрыгва : Аповесць і апавяданні. / Я. Колас.— Мінск : Маст. літ., 1981. — 448 с.

  7. Платонов А.Чевенгур: [Роман] / Сост., вступ. ст.. коммент. Е. А. Яблокова. – М.: Высш. шк., 1991. – 654 с.

  8. Разанаў, А. І потым нанава пачаць: квантэмы, злёсы, вершы / Алесь Разанаў. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2011. — 102 с.

  9. Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі; прадм. А. Сідарэвіча; каментар М. Скоблы, К.Цвіркі. — Мінск: Кнігазбор, 2008. — 696 с.

  10. Шаладонаў, І. Выпрабаванне чалавечнасці: Беларускае апавяданне 20-х гадоў аб рэвалюцыі і грамадзянскай вайне / І. Шаладонаў. –– Мінск: Беларус. навука, 2008. –– 175 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка