Беларуская літаратура І гарадскі фальклор: стратэгіі ўзаемадзеяння




Дата канвертавання14.04.2017
Памер108.52 Kb.
А. П. Бязлепкіна

Мінск
БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА І ГАРАДСКІ ФАЛЬКЛОР: СТРАТЭГІІ ЎЗАЕМАДЗЕЯННЯ
The article examines the influence of the Belarusian modern literature on the city folklore and the new structure of the Belarusian modern literature.
Да фармулявання ідэі гэтага артыкула мяне падштурхнулі працы даследчыцы фальклора Т. Марозавай. Вывучаючы беларускі гарадскі фальклор, яго класіфікацыю, жанры і ўмовы функцыянавання, яна неаднаразова адзначала, што па-беларуску не запісана ніводнай адзінкі ні студэнцкага [15], ні фанацкага [14], ні салдацкага [13], ні якога іншага гарадскога фальклору. Маўляў, горад як рускамоўная супольнасць стварае адпаведную культуру [12]. Верагодна, можна сцвярджаць, што з пункту гледжання фалькларыстыкі ўсё выглядае менавіта так.

Але погляд на гарадскі фальклор (у прыватнасці на паасобныя яго жанры) праз прызму сучаснай беларускай літаратуры прапаноўвае калі не іншую карціну, то іншы пункцірны малюнак.

Нагадаем, што корпус тэкстаў гарадскога фальклору складаюць ананімныя творы, якія распаўсюджваюцца ў вуснай і пісьмовай форме, характарызуюцца сувяззю з масавай культурай, панаваннем стэрэатыпаў у іх паэтыцы, другаснасцю сюжэтаў, вытлумачваюць жыццёвыя з’явы і нацыянальныя рэаліі ў простай форме (што тоесна своеасаблівай праверцы на свой/чужы), але пры гэтым, у адрозненне ад традыцыйнага фальклору, вызначаюцца ідэалагічнай поліцэнтрычнасцю (выказваецца меркаванне не адной, а розных субкультурных груп), магчымасцю да дакладнага ўзнаўлення (капіявання) [12]. І калі традыцыйная вусная народная творчасць была культурным мэйнстрымам, то гарадскі фальклор функцыянальна з’яўляецца маргінальным, бо асноўныя эстэтычныя патрэбы гараджан задавальняюцца іншымі тэкстамі. Паколькі гарадскі фальклор з’яўляецца не асноўнай стравай, а прыправай да яе, вытлумачальнай становіцца яго экспрэсіўнасць (адпаведная лексіка, гумар, афарыстычнасць і г. д.). Для гарадскога фальклору характэрны спецыфічныя формы пераемнасці - эксплуатацыя паспяховых мадэляў (паўтарэнне сюжэтаў, розныя тэксты песень на базе аднаго і таго ж рытмічна-музычнага малюнка і г. д.).

У свой час даследчыкі скептычна паставіліся да прымітыўна-аднаслойнага гарадскога фальклору, народжанага ў ХІХ ст. ростам гарадоў і наплывам вясковага насельніцтва: ніякіх падвойных сэнсаў, адсутнасць міфалагічнага зашыфраванага матэрыялу, блякласць гістарычных намёкаў, аляпаватасць і знарочыстая простасць стылю, неахайнасць кампазіцыі [17]. На фоне вуснай народнай творчасці, тэкст якой выкшталтаваны, адточаны стагоддзямі, гарадскі фальклор бясспрэчна прайграваў.

З цягам часу высветліліся цікавыя асаблівасці гарадскога фальклору, абумоўленыя месцам бытавання. Такім чынам, былі сфармуляваны наступныя характарыстыкі [17]:

1. Ідэалагічная маргінальнасць (бо асноўныя, магістральныя ідэйна-эстэтычныя патрэбы гараджан задавальняюцца іншымі спосабамі, якія не маюць дачынення да ВНТ - масавая літаратура, кіно, відовішчы, СМІ, тэлебачанне, інтэрнэт).

2. Фрагментаванасць у адпаведнасці з кланавым, прафесійным, сацыяльным, узроставым і іншым расслаеннем грамадства, з яго падзелам на асобныя ячэйкі, якія не маюць агульнай светапогляднай асновы.

У дадатак выявіліся дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі ў развіцці гарадскога фальклору:

а) для культуры сучаснага горада характэрна фарміраванне непранікальных, адасобленых традыцый. Сябры розных аб’яднанняў, суполак імкнуцца да культурнай ізаляцыі, да ідэнтыфікацыі і самаідэнтыфікацыі. Для выбраных актуальныя культурныя коды і тэксты, бытаванне якіх адбываецца толькі ўнутры супольнасці (напрыклад, блатная феня), што падзяляюцца на пастаянныя (крымінальнікі, футбольныя заўзятары, турысты, аўтастопшчыкі, праграмісты) і часовыя (вайскоўцы, хворыя ў бальніцы);

б) цыркуляцыя твораў далёка за межамі свайго асяроддзя (блатныя песні), распаўсюджанню якіх спрыяюць найноўшыя сродкі запісу і прайгравання інфармацыі.

Навідавоку пэўны парадокс: духоўнае жыццё нацыі фіксуецца найперш у беларускамоўнай форме (літаратура), а побытавае - у рускамоўнай (гарадскі фальклор). Але і на побытавым узроўні можна знайсці супольнасці ідэалагічна маргінальныя, фрагментаваныя (найперш прафесійна) і далей у адпаведнасці з характарыстыкамі і асаблівасцямі гарадскога фальклору. Як жа так магло здарыцца, што не запісалі ніводнай адзінкі беларускамоўнага гарадскога фальклору?

Верагодна, не ў тых асяродках шукалі. Бо, напрыклад, радкі «Пятрусь Броўка піша лоўка, піша лоўка і даўно...» з размаітымі працягамі рознай ступені пікантнасці пасуюць да гарадскога фальклору. Існуе пэўная колькасць беларускамоўных фраз, часта літаратурнага паходжання, якія функцыянуюць у маўленні беларускіх гараджан («агульная млявасць і абыякавасць да жыцця», «цуд некранутай прыроды», «кароткатэрміновыя ападкі амаль без перапынку» [16], «а я лягу-прылягу», «хрусь - і папалам», «хто б вы думалі? - чароўны трусік!», «усе мы родам з дзяцінства» і г. д.). Мы яшчэ памятаем пра паходжанне гэтых фраз альбо можам адшукаць іх крыніцы, але ўжо відавочна, што яны паспяхова функцыянуюць у іншым кантэксце.

І тут важна адзначыць, што на памежжы літаратуры і гарадскога фальклору апошнія дзесяцігоддзі ствараецца значная колькасць тэкстаў. Ужо былі згаданы малыя жанры (афарызмы, дакладныя і перапрацаваныя цытаты, псеўдаэтымалогія: з рэкламы, з песень), нараджэнне якіх немагчыма спрагназаваць: хто ведае, які менавіта радок пойдзе ў народ. Існуюць таксама наступныя жанры гарадскога фальклору: песенны фальклор (рамансы, прыпеўкі), гарадская няказкавая проза (тапанімічныя паданні), анекдоты, гарадскія выпадкі, гарадскія плёткі, пісьмовы фальклор (графіці, дзявочыя і салдацкія альбомы, «лісты шчасця»), дзіцячы фальклор (страшылкі, «садысцкія вершыкі», анекдоты), дэманалагічныя гісторыі, фанацкі фальклор, салдацкі фальклор, армейскія «маразмы», тосты, парнаграфічныя апавяданні, турысцкі фальклор, блатны фальклор, інтэлігенцкі фальклор (грамадска-палітычнай скіраванасці анекдоты, тосты), інтэрнэт-выявы.

Некаторыя сучасныя беларускія пісьменнікі свядома працуюць у жанрах гарадскога фальклору. Людміла Рублеўская, дбаючы пра міфалогію Мінска, напаўпрыдумала-актуалізавала тапанімічныя паданні ў кнізе «Я - мінчанін» [18], такім чынам аўтар стварае гарадскую няказкавую прозу, спадзеючыся на тое, што з цягам часу гісторыі пачнуць жыць самастойным жыццём.

Дэманалагічныя гісторыі стварае Адам Глобус («Дамавікамерон» [7], «Казкі» [8]): новыя дэманы цалкам дастасаваныя да гарадскога жыцця (напрыклад, Ліфтавік). Па-беларуску пра рускамоўнае войска распавядаў Сяргей Балахонаў у «Дзёньніку ваеннаабавязанага», «Дзёньніку з нутраных войскаў» [1].

Распавядае пра гарадскія выпадкі Сяргей Балахонаў у «Сучасных сагах» [2; 3], а пэўным адпаведнікам гарадскіх плётак могуць лічыцца «сУчаснікі» [9] Адама Глобуса: тэксты, мэтазгоднасць якіх была надзвычай спрэчнай у традыцыйнай іерархіі беларускай літаратуры з прычыны банальнасці альбо дробязнасці, неверагодна ўзбуйняюцца, калі глядзець на іх скрозь прызму гарадскога фальклору.

Эротыку з вуснай народнай творчасцю паяднаў Рыгор Барадулін у эсэ «Як беларусы сэксам займаюцца» [4], тэкст Франака Вячоркі «Ліза» [6] можа трактавацца як спроба парнаграфічнага апавядання.

Блатны беларускамоўны фальклор таксама прысутнічае, хоць і ў тэрапеўтычных дозах (напрыклад, «Чувіха клёвая» ў выкананні З. Вайцюшкевіча). Графічныя выявы па-беларуску рэпрэзентаваны найперш у інтэрнэт-прасторы (маюцца на ўвазе ў першую чаргу фотакалажы («фотажабы»), дэматыватары [10]).

Такім чынам, атрымліваецца, што беларускія пісьменнікі дбаюць пра стварэнне грунту для беларускамоўнага гарадскога фальклору. Паколькі гэта адбываецца ў вялікай ступені свядома, то адразу ўзнікае пытанне пра мэты і мэтазгоднасць такіх крокаў. З аднаго боку існуе фармальная замова на стварэнне тэксту: Л. Рублеўская - для выдавецтва «Мастацкая літаратура», С. Балахонаў - для «НН», Р. Барадулін - для «РС», А. Глобус - для ўласнага блога з перадрукам у «Звяздзе». Але гэтая замова абумоўлівала толькі факт стварэння тэксту, але не ягоны змест. Псеўдафальклорнае напаўненне - самастойны выбар аўтараў.

Хацелася б прапанаваць гіпотэзу пра сувязь цікавасці да жанраў гарадскога фальклору з іміджавымі стратэгіямі аўтараў [5; 11]. Зніжэнне эстэтычнай вартасці твора ў гэтым выпадку вядзе да павелічэння колькасці мэтавай аўдыторыі амаль без страты ранейшых прыхільнікаў: побыт з’яўляецца часткай жыцця любога чалавека, а тэксты ў жанрах гарадскога фальклору задавальняюць новыя патрэбы, што кажа пра своеасаблівы «прарыў» беларускай культуры ў штодзённасць. Пытанне пра мэтазгоднасць гэтага падыходу застанецца дыскусійным: задавальняць побытавыя інтарэсы лягчэй інтэлектуальна і тэхнічна (з дапамогай блогаў). Час пакажа, ці стануць гэтыя тэксты для новарэкрутаванай аўдыторыі «эскалатарам» да вялікай літаратуры.


Літаратура:

1. Балахонаў, С. Не хвалюйся, маці, за сына («Дзёньнік ваеннаабавязанага») / С. Балахонаў [Электронны рэсурс]. - Рэжым доступу: http://www.lingvo.minsk.by/nn/2000/06/24/htm. - Дата доступу: 24.04.2010.

2. Балахонаў, С. Сучасныя сагі / С. Балахонаў // Тэзэй беларускага постмадэрнізму: Проза: апавяданні, сагі, эсэ, артыкулы [Электронны рэсурс]. - Рэжым доступу: http://balachonau.puls.by/proza/html. - Дата доступу: 24.04.2010.

3. Балахонаў, С. Dіе тоdernen Sagen-6 / С. Балахонаў // Наша Ніва. - 1999. - 29 лістапада.

4. Барадулін, Р. Як беларусы сэксам займаюцца / Р. Барадулін // Дуліна ад Барадуліна (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе) / Р. Барадулін. - Радыё Свабодная Эўропа, Радыё Свабода, 2004. - С. 178-189.

5. Бязлепкіна, А. Нацыянальная традыцыя і канструяванне іміджу пісьменніка / А. Бязлепкіна // Слова ў кантэксце часу: да 80-годдзя доктара філалагічных навук, прафесара А. І. Наркевіча: зб. навук. прац, пад агуль. рэд. В. І. Іўчанкава. - Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2009. - С.81-88.

6. Вячорка, Ф. Ліза / Ф. Вячорка //Дзеяслоў. - 2010. - № 44. - 139-149.

7. Глобус, А. Дамавікамерон / А. Глобус // Тэксты / А. Глобус. - М.: АСТ, 2000. - 1088 с.

8. Глобус, А. Казкі / А. Глобус. - Мінск: Логвінаў, 2007. - 200 с.

9. Глобус, А. сУчаснікі / А. Глобус. - Мінск: Логвінаў, 2006. - 141 с.

10. Дэматыватары па-беларуску [Электронны рэсурс]. - Рэжым доступу: http://vkontakte. ru/club7992285. - Дата доступу: 01.05.2010.

11. Калюжный, А. А. Социально-психологические основы имиджа учителя: автореф. ... докт. психол. наук. - Ярославль, 2007. - 50 с.

12. Марозава, Т. Сацыякультурныя асновы сучаснага гарадскога фальклору / Т. Марозава // Язык и социум: материалы 8-й Междунар. науч. конф. - Минск, 2008. - С. 40-42.

13. Марозава, Т. А. Сучасны салдацкі (армейскі) фальклор Беларусі: умовы функцыянавання, формы бытавання / Т. Марозава // Фальклор і сучасная культура. - Минск, 2008. - С. 51-54.

14. Марозава, Т. Сучасны фанацкі фальклор беларусаў: умовы функцыянавання, жанравы склад / Т. Марозава // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: VIII Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, 1-3 лістапада 2007 г., г. Мінск, БДУ. - Мінск, 2008. - С. 100-104.

15. Марозава, Т. Сучасны студэнцкі фальклор Беларусі: класіфікацыя, жанравая разнастайнасць // Міфалогія - фальклор - літаратура: праблемы паэтыкі. Вып. 5. - Мінск, 2007. - С. 77-82.

16. Мартысевіч, М. Натуралёвы шыявяз: каго найчасцей цытуюць беларусы? / М. Мартысевіч // Новы час. - 2010. - 22 студзеня.

17. Неклюдов, С. Устные традиции современного города: смена фольклорной парадигмы / С. Неклюдов [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: http://www.ruthenia/ru/folklore/neckludov7.htm. - Дата доступу: 13.04.2010.

18. Рублеўская, Л. Я мінчанін / Л. Рублеўская. - Мінск: Маст. літ., 2005. - 111 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка