Біблейскі кампанент у пасляслоўях францыска скарыны




Дата канвертавання15.03.2017
Памер59.58 Kb.

БІБЛЕЙСКІ КАМПАНЕНТ У ПАСЛЯСЛОЎЯХ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ


Акушэвіч А.А.

Пасляслоўі займаюць важнае месца ў прадмоўна-пасляслоўным комплексе Францыска Скарыны. Расійскі вучоны Ю.А. Лабынцаў заўважае: “Далёка не адназначныя, разнастайныя, часам шматпланавыя пасляслоўі да кніг Скарыны. У гэтых пасляслоўях часам можна заўважыць і пэўную кананічнасць, і палемічнасць, уплыў то славянскай традыцыі, то заходняй, лацінскай. Бадай, неаднолькавыя і структуры пасляслоўяў, хоць часцей яны складаюцца са своеасаблівай канстатацыі аўтарства, дакладней, аўтарскага ўкладу Скарыны і выхадных звестак, што манерай і стылем набліжаюцца больш да заходняга, “калафоннага” тыпу” [9, с. 148]. Усяго вядома 62 творы названага жанру, напісаныя першадрукаром. Беларускі даследчык У.М. Конан падзяляе іх паводле структуры на “поўныя”, “скарочаныя” і “кароткія” [8, с. 292] (або “поўныя”, “скарочаныя” і “зусім кароткія” [6, с. 443; 7, с. 333]). Ва ўсіх пасляслоўях прысутнічае паведамленне аб заканчэнні кнігі. Як адзначае У.М. Конан гэта: “… не толькі тэхнічна-выдавецкая інфармацыя. Паняцце закончанасці (прынцып “finito”) было важным элементам эстэтыкі і паэтыкі рэнесансавай мастацкай культуры, бо яна арыентавалася на класічную завершанасць мастацкіх твораў” [8, с. 292]. Таксама даследчык звяртае ўвагу на наяўнасць пэўных структурных частак, якія ў рознай колькасці і ў розных камбінацыях выкарыстаны ў пасляслоўях, а менавіта: а) інфармацыя пра заканчэнне кнігі; б) звесткі пра выдаўца, перакладчыка і рэдактара, пра яго родны горад; в) “сімвал веры” пісьменніка, нярэдка са спасылкамі на хрысціянскі дагмат траістасці Бога і культ “пречистое матери Марии”; г) указанне на месца выдання; д) дакладная дата выдання; е) кароткая малітва Хрысту і Святой Тройцы; ё) каментарыі гістарычнага, семантычнага або іншага характару; ж) тлумачэнне пра мэту выдання кнігі, яе грамадска-выхаваўчае значэнне [6, с. 443; 7, с. 333-334; 8, с. 292].

У пасляслоўях Францыска Скарыны выяўлены такія біблейскія кампаненты, як біблейскі вобраз, біблейскі сюжэт і назва біблейскай кнігі. У кожнай структурнай частцы прадмовы названыя кампаненты маюць свае асаблівасці ўжывання і ў рознай ступені судакранаюцца з біблейскім тэкстам.

Паведамляючы пра заканчэнне пэўнай кнігі, першадрукар называе яе: “Скончалася Псалтыръ сия…” [4, с. 287], “Кончается книга, рекомая Премудрость…” [4, с. 507]. Назва біблейскай кнігі з’яўляецца неад’емным кампанентам біблейскага тэксту, якая называе пэўную частку Бібліі і адсылае да яе. У некаторых выпадках назва кнігі змяшчае біблейскі вобраз, а дакладней вобраз аўтара і/ці персанажа кнігі: “Скончалася книга сия святого Иова…” [3, с. 806], “Доконавается перваа часть книг Самуила-пророка, рекомая от еврей, по-рускии же зовутся Перъвыи книги Царствъ…” [3, с. 244], “Доконано естъ чудное к римляном послание светого, верховнаго в небе, навченаго учителя, Христова апостола и мученика Павла…” [1, с. 282]. Часам пры такім вобразе знаходзіцца біблейскі сюжэт, які дае пэўныя звесткі пра аўтара: “Скончалася ест книга сия, рекомая Притчи или Присловия премудраго Саломона, царя Израилева, сына Давыдова, онъ же былъ царемъ в Ерусалиме…” [4, с. 383]. Таксама адразу пасля назвы можа раскрывацца змест кнігі: “И тако доконаны суть сие четыре книги Царъств, иже пишуть о царехъ ерусалимскыхъ и о царехъ самарийскихъ…” [3, с. 598], “Доконана естъ книжка Плачу Ерамии, пророка Господьня, еже замыкаеть в собе во трехъ главахъ три азбуки еврейские, а во самой третей главе три азъбуки на знамя тайны живоначалное Троици…” [4, с. 695]. Разам з тым, Францыск Скарына часта падае назву адпаведнай кнігі на іншых мовах: “То естъ конець первыхъ книгъ Моисеовыхъ, еже от еврей называются Брешисъ, по-греческии же и по-латине именуются Енезеосъ, а по-руски Бытья” [2, с. 191]. Звернем увагу на тое, што назва кнігі на яўрэйскай мове з’яўляецца адначасова і цытатай, бо ў адпаведнай традыцыі назва давалася па першых словах кнігі. Да таго ж, біблейскія вобразы прысутнічаюць у назвах небіблейскіх кніг першадрукара: “Доконан ест канон акафісту светому Іоанну Предтечи…” [10, с. 86]. Звесткі, якія адносяцца да назвы біблейскай кнігі, згодна з даследаваннямі У.М. Конана з’яўляюцца каментарыямі гістарычнага, семантычнага або іншага характару.

Паведамляючы пра дату выдання кнігі, Францыск Скарына называе кропку адліку летазлічэння – нараджэнне Хрыста, што, у сваю чаргу, з’яўляецца новазапаветным сюжэтам: “…лета по нарожении Господа нашего Ісуса Христа, сына Божия, тысещного пятсотого и 17, месеца октяврия, дня шестаго” [4, с. 383], “…подъ леты пречистаго Божиего из девици Марии нарожения тысещнаго пятсотаго и осмнадесятаго, месеца генуаря, дня втораго” [4, с. 419], “…по летех воплощения слова Божия тысещного пятсотого девет на 10” [2, с. 191], “…лета по нарожению Господа нашего Ісуса Христа, сына Божия, из пречистыя девици, матери Божии Марии, тысещного пятсотого и седмагонадесет, месеца септеврия, дня десятого” [3, с. 806], “…лета по Божьем нарожению тысещного пятсотого и семогонадесеть, месеца августа, дъня шестаго” [4, с. 287].

Пры тлумачэнні пра мэту выдання кнігі першадрукар часта называе Бога, Хрыста, Святога Духа, усіх святых і/ці Дзевы Марыі: “…напредъ ко чти и к похвале Богу въ Троици единому и его пречистой матери, девици Марии, и всем небеснымъ чином, святымъ и святицамъ Божиимъ, и людемъ посполитымъ всемъ к пожитъку…” [4, с. 442], “…напред Богу ко чти и людем посполитым к научению…”[ 3, с. 244], “…напредъ Богу в Троици единому и его пречистой матери Марии ко чти и людемъ посполитым к научению…” [ 3, с. 351], “…Богу в Троици единому и матери его со всими святыми ко чти и людем посполитым к науце…” [3, с. 115], “…всех сотворителю Богу в Троици единому и его пренасвятейшой и пренадостойнейшой и пренаяснейшой матери, всегда девици Марии, ко чти и всемъ небесным силамъ, святымъ и святицамъ Божиим ко славе, и людемъ поспалитымъ рускаго языка к доброму научению…” [3, с. 99], “…Богу ко чти и людем посполитым к набоженству…” [10, с. 78], “…Богу во Троици единому ко чти и светым верховным апостолом Перту и Павлу и прочим вкупе к похвале…” [10, с. 86].

У асобных пасляслоўях змешчаны малітвы, якія па сваёй сутнасці знітаваныя з біблейскім тэкстам: “Ему же то буди хвала, честь и поклонение съ Отцем и Святымъ Духомъ ныне и всегда, и въ век веков. Аминь” [3, с. 806], “Буди Богу хвала вовеки веком. Аминь” [3, с. 99]. Наступны фрагмент з пасляслоўя да Другога паслання да Карынфянаў адначасова мае прыкметы і тлумачэння мэты выдання кнігі, і малітвы: “Богу во Троици единому и пречистой матери его Марии ко славе со всеми светыми вовеки веком. Аминь” [1, c. 388]. Звернем увагу і на той факт, што, як адзначае беларускі даследчык У.Г. Кароткі, у пасляслоўях паслядоўнікаў Скарыны “мог прысутнічаць і элемент малітвы” [5, с. 230].

У пасляслоўях беларускага першадрукара выяўлены ўказанні на Божую дапамогу ў працы і падзяку за яе: “…с помощию Бога, спасителя и утешителя нашего…” [4, с. 383], “…с помощию в Троици единаго Бога и его пречистое матери Марии…” [4, с. 670], “…помощию Бога в Троици единаго и матери его пречистое, девици Марии…” [4, с. 507], “…божиею ласкою и его пресвятое, преблагославеное и пречистое девици матери Марии…” [2, с. 827] “…с помощию Бога въ Троици единого и матери его пречистое девици Марии…” [ 3, с. 651], “…Божиимъ преизволениемъ…” [2, с. 451], “…з Божиею помощию и его пречистое матери девице Марии, всехъ небеских силъ святыхъ и святиць Божиих” [2, с. 599]. Дадзеную структурную частку У.М. Конан адносіць да “сімвала веры” пісьменніка, нярэдка са спасылкамі на хрысціянскі дагмат траістасці Бога і культ “пречистое матери Марии”.



Такім чынам, у сваіх пасляслоўях Францыск Скарына звяртаецца да біблейскага кампанента (назва біблейскай кнігі, біблейскі вобраз, біблейскі сюжэт), функцыянаванне якога ў кожнай структурнай частцы даследаваных твораў мае свае асаблівасці.

Литаратура

  1. Апостол. – Вильно: Изд. Ф. Скорины, 1525. – 680 с.

  2. Біблія : факсімільнае ўзнаўленне Бібліі, выдадзенай Ф. Скарынаю ў 1517-1519 гадах : у 3 т. – Мінск: БелСЭ, 1990 – 1991. – Т. 1. – 830 с.

  3. Біблія : факсімільнае ўзнаўленне Бібліі, выдадзенай Ф. Скарынаю ў 1517-1519 гадах : у 3 т.– Мінск: БелСЭ, 1990 – 1991. – Т. 2. – 807 с.

  4. Біблія : факсімільнае ўзнаўленне Бібліі, выдадзенай Ф. Скарынаю ў 1517-1519 гадах : у 3 т.– Мінск: БелСЭ, 1990 – 1991. – Т. 3. – 782 с.

  5. Кароткі, У.Г. Тыпалогія прадмоў і пасляслоўяў беларускіх паслядоўнікаў Скарыны / У.Г. Кароткі // Спадчына Скарыны: зб. матэрыялаў першых Скарынаўскіх чытанняў (1986) / уклад. А.І. Мальдзіс. – Мінск, 1989. – С. 226-232.

  6. Конан, У.М. Пасляслоўе / У.М. Конан //Францыск Скарына і яго час : энцыкл. давед / Беларус. Сав. Энцыклапедыя ; рэдкал. І.П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1988. – С. 443.

  7. Конан, У.М. Праблема літаратурнага жанру ў эстэтыцы Францыска Скарыны / У.М. Конан // Скарына і яго эпоха / В.А. Чамярыцкі, В.І. Мялешка, З.Ю. Капыскі [і інш.] ; рэд. В.А. Чамярыцкі. – Мінск, 1990. – С. 328–340.

  8. Конан, У.М. Францыск Скарына / У.М. Конан // Гісторыя беларускай літаратуры ХІ – ХІХ стагоддзяў : у 2 т / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут літаратуры імя Я. Купалы. –– Мінск: Беларуская навука, 2006-2007. – Т.1 : Даўняя літаратура : ХІ – першая палова ХVІІІ стагоддзя. – С. 283-309.

  9. Лабынцаў, Ю.А. Пачатае Скарынам : беларуская друкаваная літаратура эпохі Рэнесансу / Ю.А. Лабынцаў. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. – 333 с.

  10. Скарына, Ф. Творы : прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Ф. Скарына ; уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава ; паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. – Мінск: Навука і тэхніка, 1990. – 207 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка