Брэсцкая гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма бібліятэка-філіял №7 "юнацтва" імя У. А. Калесніка




Дата канвертавання17.04.2017
Памер43.51 Kb.
БРЭСЦКАЯ ГАРАДСКАЯ ЦЭНТРАЛІЗАВАНАЯ БІБЛІЯТЭЧНАЯ СІСТЭМА

БІБЛІЯТЭКА-ФІЛІЯЛ №7 “ЮНАЦТВА” імя У.А. КАЛЕСНІКА


Водгук-рэкамендацыя на кнігу

Баравікова, Р. А. Кава для дамавіка: апавяданні, аповесць / Раіса Баравікова. – Мінск: Маст. літ, 2013. – 303 с. – (Беларуская проза ХХІ стагоддзя).





Складальнік:

Зарэмба В. Г.,

бібліятэкар ІІ катэгорыі чытальнай залы

бібліятэкі-філіяла №7 “Юнацтва” імя У. Калесніка

Брэст, 2013



Прэзентацыя кнігі Баравіковай Р. А. Кава для дамавіка: апавяданні, аповесць
Нарадзілася Раіса Андрэеўна ў вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям'і служачага. У 1965 г. скончыла Бярозаўскую сярэднюю школу, працавала ў Быхаўскай раённай газеце "Маяк Прыдняпроўя". Пасля вучобы ў Літаратурным інстытуце імя А.М. Горкага ў Маскве (1971) была накіравана на пасаду рэдактара кінастудыі "Беларусьфільм". З 1972 да 1977 г. працавала карэспандэнтам газеты "Літаратура і мастацтва", потым - у "Чырвонай змене". У 1996 г. яна прызначана намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Алеся", а з 2000 г. - яго галоўным рэдактарам. У 2002 г. Р. Баравікова стала галоўным рэдактарам часопіса "Маладосць".

Друкавацца паэтэса пачала яшчэ ў юнацкія гады. Першы верш быў апублікаваны ў бярозаўскай раённай газеце "Маяк камунізму". З таго часу Р. Баравікова не спыняецца ў творчым самаразвіцці, працягвае рэалізоўваць прыроджаны лірычны талент у самых розных мастацкіх формах. З невялікім часавым прамежкам выходзілі яе паэтычныя зборнікі: "Рамонкавы бераг" (1974), "Слухаю сэрца" (1978), "Такое кароткае лета" (1981), "Адгукнуся голасам жалейкі" (1984), "Каханне" (1987, Літаратурная прэмія імя А. Куляшова 1988), "Пад небам першага спаткання" (1990), "Люстэрка для самотнай" (1992, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1994). У паэзіі Р. Баравіковай вядучае месца займаюць тэма кахання, складаны свет думак і пачуццяў лірычнага героя, яго прага да высокага духоўнага ідэалу, пошук сапраўдных маральна-этычных асноў.

Р. Баравікова з'яўляецца аўтарам драматычнай паэмы "Барбара Радзівіл" (1992), у якой адлюстраваны эпізоды беларускай гісторыі. У 1994 г. паэма была пастаўлена ў тэатры-студыі беларускай драматургіі "Вольная сцэна". Р. Баравіковай былі напісаны п'есы "Цётка Малання з Асаўца" (1984); "Пятля часу" (1996); поўны сцэнічны варыянт лірычнай драмы "Барбара Радзівіл" (2001). Адметнымі з'яўляюцца адрасаваныя дзецям кнігі "Галенчына "Я", альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў" (1990), "Дзве аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і казка пра жабяня Квыш-Квыш" (1996). Значнае месца літаратуразнаўцы адводзяць і аповесці "Кватарантка", якая расказвае пра маладое пакаленне, пошукі свайго месца ў жыцці.

У апошнія гады Р. Баравікова піша ў жанры прозы. Яна аўтар зборніка апавяданняў "Вячэра манекенаў", напісаных у жанры псіхалагічнай фантастыкі, аповесці "Лён-Лянок, альбо Кампакт-дыск ад зялёнага Дрэйка" і цыкла фантастычных гісторый "З казак старога астранаўта". Пісьменніца займаецца таксама перакладамі з рускай, украінскай і польскай моў.


«Кава для дамавіка».

Творы гэтай кнігі напісаны ў плыні псіхалагічнай фантастыкі. Калі чалавеку пачынае надакучаць будзённая аднастайнасць зямнога свету, ён шукае ў сваіх думках свет паралельны. Менавіта гэты, паралельны свет пісьменніца Раіса Баравікова вельмі арганічна ўпісвае ў свет творчай фантазіі. У выніку атрымліваюцца займальныя і вельмі праўдзівыя сюжэты на тэмы жыцця і смерці, кахання і расчараванняў.

Зборнік сэнсава складаецца з дзвух частак: падборкі апавяданняў і аповесці “Чорны вецер”.

Тых, каму падабаецца чытаць жаночую літаратуру, аповесць “Чорны вецер” захопіць безумоўна. Гэта класічная гісторыя няшчаснай сіраты Манечкі Праневіч. А пачынаецца гэтая гісторыя з радавой кары. Прадзед гераіні Косцік Бузяк абрабаваў заможную сям’ю. Здарылася аж у 1937 годзе, у тую ліхую пару рэпрэсій. Косцік не вытрымаў спакусы і пад час вобыску ў Каранеўскіх украў іх грошы – залатыя царскія чырвонцы. За гэта Ванда Каранеўская, жонка гаспадара ўкрадзенага, пракляла Косціка і ўвесь яго род. Сам Косцік не змог пакарыстацца набытым нахабствам і жорскасцю багаццем. Ён загінуў у гады вайны. Чырвонцы перайшлі ў спадчыну да яго адзінага сына Васіля.

Далей чытач трапляе ў 80-гады мінулага стагоддзя. Усе далейшыя падзеі аповесці разгортваюцца ў сям’і Бузяка Васіля Канстанцінавіча. Сам гаспадар зрабіў неблагую кар’еру – працуе загадчыкам аддзела ў камітэце кантролю за якасцю сельгаспрадукцыі пры міністрэрстве. А тут з’яўляецца рэальная магчымасць стаць кіраўніком гэтага камітэта. Толькі патрэбна не ўпусціць свой шанец і зрабіць добрае ўражанне на сталічнае кіраўніцтва (з самой Масквы прыязджае прадстанік іхняга ведамства, каб рашыць кадравыя пытанні). Праўда, жонка спрабавала нагрузіць яго сямейнымі праблемамі: маўляў, у дачкі нешта здарылася, птрэбна разабрацца. Але Васілю Канстанцінавічу ў такі адказны момант было не да гэтага. Моцна разлаваны на жонку, што так несвоечасова звярнулася да яго з сямейнымі праблемамі, Васіль Канстанцінавіч выйшаў на вуліцу, не адчуваючы яшчэ, што з гэтага ранаку пачынаюцца змены ў яго жыцці і жыцці яго сям’і, што той чорны вецер, які калісці адвяваў гаротную Ванду Каранеўскую, падхапіў яе праклёны і данёс да нашчадкаў Косціка Бузяка. І кожны з іх адказаў за злачынства свайго продка. Толькі яго праўнучцы Манечцы Праневіч удалося пазбыцца страшнай кары. Можа таму, што ёй прышлося зведаць цяжкі лёс круглай сіраты.

Ва ўсім апісаным ёсць жаночая простасць разумення свету: гадаваць дзяцей, быць чулай, цярплівай – гэта добра, а здраджваць, рабаваць, адмаўляцца ад дзіцёнка – кепска, і за гэта абавязкова кара будзе. Чалавечнасць жа будзе рана ці позна ўзнагароджана шчасцем.

Кнігу рэкамендуецца чытаць пасля няпростага будзённага дня, каб адключыцца ад праблем і клопатаў. Псіхатэрапеўтычны эфект на некалькі вечароў гарантаваны.

Апавяданні кнігі таксама належацьда жаночай літаратуры. Але напісаны яны зусім у другой мастацкай рэальнасці. Напрошваецца нават жаданне сказаць, што аповесь і апавяданні – гэта дзве розныя кнігі пад адной вокладкай. Менавіта пра апавяданні зборніка можна сказаць, што яны напісаны ў плыні псіхалагічный фантастыкі. Адметнасць гэтых твораў у тым, што Раіса Баравікова робіць рэальнасцю тое, пра што жанчына толькі фантазіруе, у што верыць, пра што марыць.

У выніку атрымліваюцца займальныя і вельмі праўдзівыя сюжэты на тэмы жыцця і смерці, кахання і расчаравання.

Апавяданні зборніка рэкамендаваны для тых, хто хоча ведаць, што можа быць, калі фантазіі ўвасбляюцца ў жыццё.



Чытаць мужчынам пажадана. Жанчынам – абавязкова. Для таго, каб яшчэ раз больш шчыльна дакрануцца са сваёй жаночай сутнасцю.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка