Цацачная крама”. Песьні для дзяцей на вершы Леаніда Дранько-Майсюка, 2001 Уступная песенька Гаспадара




Дата канвертавання18.11.2017
Памер55.81 Kb.
Цацачная крама”. Песьні для дзяцей на вершы Леаніда Дранько-Майсюка, 2001
Уступная песенька Гаспадара
Я – цацачны гандляр,

Уласьнік гэтай крамы,

І цацкі – мой тавар

Найпрыгажэйшы самы!

Я не служу казьне

І мне лягчэй прызнацца,

Што сыдземся ў цане –

Давайце таргавацца!


Прыпеў:

Цацкі ж не абы-якія;

Не гліняныя – пустыя;

Не драўляныя – глухія…

Цацкі ўсе як ёсьць – жывыя!
Безь лішняй гаманы

Забаву проста з мост

Умеюць даць яны

І дзецям, і дарослым.

У цацак, знаю я,

Ня бзік які ці бздура,

А ў кожнае свая

Адметная натура.


Хто зь кім гуляе век,

Няведама адвеку:

Ці з цацкай чалавек?

Ці цацка з чалавекам?..

Таму зьвяроў маіх

І птушак не мінайце,

А для дзяцей сваіх

І для сябе купляйце!



Песенька галоднага Ваўка
Выйшлі ўсе мае запасы

І наўме адно,

Што ні мяса, ні каўбасаў

Я ня еў даўно.


Прыпеў:

Я ня шкодны Воўк,

Я галодны Воўк…

У-у-у!
Пашкадуйце небараку –

Плачу, як ягня,

Зьеў бы я вала, сабаку,

Зьеў бы я каня.
Гола наша камора,

Апусьцеў наш хлеў…

Шліце ежу мне з-за мора,

Каб не спруцянеў!



Песенька баязьлівага Барсука
І навошта вытыркацца?!

І навошта гэты гам?!

Лепей сьціхнуць і схавацца,

Калі што якое там…


Прыпеў:

І няцяжка зразумець,

І вядома ўсім даўно,

Калі хочаш уцалець,

Каменем ідзі на дно!
Як накінуцца згрызоты,

Пра сябе спачатку дбай;

За дубовыя вароты

Лезь і духу не ўціскай!


А як вылезеш ты здуру,

Біцца зь некім паляціш,

Так і ведай, здымуць шкуру

І адпусьцяць, як стаіш.



Песенька разумнай Вароны
Я разумная Варона,

Лепшай птушкі не бывае;

Я бяз картак і талёнаў

Хлеб надзённы набываю.

Добра ведаю я – кар-р-р!..

Дзе рубель, а дзе даляр.


Я разумная, а трэба,

Калі страх які адчую,

Дзеля выгады і хлеба

Перакінуся ў дурную.

Добра ведаю я – кар-р-р!..

Дзе гандляр, а дзе махляр.


Як ня маю сьвежаніны,

Дык мярцьвячынай жыўлюся;

Сто гадоў, як дзень адзіны,

Пражыву і не стамлюся.

Добра ведаю я – кар-р-р!..

Дзе таварыш, дзе спадар.



Песенька злога Сабакі
Не сказаць, што я – дурны,

Проста злы бяз краю;

Я хапаю за штаны

Тых каго ня знаю.

Як гаворыцца людзьмі:

“Хіба кот, каб яўкаць?!

Падлу хлебам не кармі,

Толькі ай пагаўкаць…”


Прыпеў:

І на лаўцы, і пад лаўкай,

З будкі, а ці будкі ўзбоч –

Дзень і ноч люблю я гаўкаць,

Горла дзерці – дзень і ноч!
Гаўкаць трэба ведаць як!

Гаўканьне – дар божы…

Можна гаўкаць за так,

Можна і за грошы;

Можна гаўкаць, вам скажу,

Пры любой уладзе,

Хоць і горла, і душу

На ланцуг пасадзяць.


У сабак жыцьцё – турма,

Самае цяжкое.

Кожны знае: горш няма

За жыцьцё такое.

Каб не адурэць зусім, –

Дадзена мне баўка

І на сьметніку пустым

Не маўчаць, а гаўкаць.



Песенька няшчаснага Казла
Я ня быў Казлом адвеку,

Быў я сьветлы, як анёл,

Я сустрэўся чалавеку

І пачуў, што я – Казёл.


Прыпеў:

Што Казёл я не болей,

Што такі цярплю я зьдзек,

Што ў мяне такая доля –

Вінаваты чалавек!
Каб з дабром яно б нічога,

Але ўсё часьцей са злом

Ад малога да старога

Ўсе завуць мяне Казлом.


З агарода выганяць

І навязваюць на кол;

Да стала не дапускаюць

І таму скачу на стол!



Песенька задаволенага Пеўня
Я бяз клопату жыву

І грызьні сабачай

Нагінаю галаву,

Як зярнятка ўбачу.

Грэбень мой, як сьпелы мак;

На хвасьце – узоры…

Я тапчу курэй усмак

І ня знаю зморы.


Мудрасьці простая мая:

Будуць куры – буду й я!


Я гуляка-харашун,

Ці зь бядой мне знацца!

А як зьявіцца каршун –

Можна і схавацца.

У куратніку я – цар,

Чорта не баюся,

А як зойдзе гаспадар –

Да курэй тулюся.


Курак маладых стае,

І вальлё найсыта…

Толькі той, хто лынды б’е,

Першы ля карыта.

І хоць, ведама, – мазгоў

Вельмі мала маю,

А жывецца будзь здароў!

Словам ані дбаю…



Песенька Белавежскага Зубра
Дзе іду – там і дарога…

У забранай старане

Не чапаю я нікога, –

Не чапайце й вы мяне.


Не падлазьце мне пад рогі

І ня сноўдайце наўкол, –

Я ж вам не баран убогі!

Я ж вам не рахманы вол!


Я лячу – гудзе прастора;

Стану – водгульле пяе…

З капытоў ня валіць змора,

Я адужваю яе.


Не цьвяліце, не завіце

На духмяны свой папас;

Безь мяне жылі… й жывіце,

Пражыву і я без вас.



Песенька рахманага Каня
Я – рахманы і цярплівы,

Бо жыву на Беларусі;

Я аднолькавы шчасьлівы

І на ворыве, і ў лузе.


І вязу я, і ару я,

І цягну, і валаку;

Нібы чорны вол, працую,

Капытамі пыл таўку.


У санях, вазка, калёсах

Я пад пугаю заўжды;

У аглоблях і атосах

Не спыняю век хады.


Так ў хамуце і мыле

Прамінецца жытка ўся…

Даць бы сена не забылі;

Не забылі б даць аўса.



Песенька памяркоўнага Мядзьведзя
Памяркоўны я Мядзьведзь –

Разам зь Беларусьсю

Лапу (каб не спруцянець!)

Я смакчу зіму ўсю.

А як Бог дае вясну,

Гэтаксама разам

Прачынаюся ад сну

Я з усім калгасам.


Прыпеў:

Я люблю сваю выгоду –

Елкі, хвою і дубы,

Але ўсё ж за лыжку мёду

Я прадамся ў цырк любы.
Што тут надта выдурняцца, –

Як у лапы запячэ,

Гэткім зоймесься цыркацтвам,

Аб якім ня сьніў яшчэ!

Выкінеш такія штукі,

Танец вычаўпеш такі –

Ажно зьдзівяцца прыдуркі

І разумныя дзядзькі.


Цяжка мне ў жыцьцём такім

Тут, на Беларусі,

Але розумам сваім

Жыць я не бяруся.

Хто мне вушка пашкрабе

(Чэсны ці нячэсны)

Я й аддам яму … сябе

І бярлог свой цесны.



Песенька калгаснага Барана
Што дурныя бараны –

Гэта кожны знае.

Я ж Баран – зусім дурны,

Галава пустая.


Я дурнейшы (і нашмат!)

Барана за тога,

Байку напісаў Кандрат

Шчыра пра якога…


Жытка горкая мая!

Па ўсім сьвеце пройдзеш,

А дурнейшага, чым я,

Барана ня знойдзеш…


Як пракляты, працаваў

У калгасным раю,

Ды нічога не прыдбаў –

Толькі рогі маю!


Мне пакінуты падман,

А ня розум ясны,

Бо ня проста я Баран,

Я Баран – калгасны.



Заключная песенька Гаспадара
Прадаў ці не прадаў,

Затое даў рэкляму,

Каб кожны ведаў-знаў

Пра цацачную краму.

Каб вы маглі адчуць

У цацак столькі сілы,

Што ад калыскі йдуць

За намі да магілы!


Прыпеў:

Людзі, людзі дарагія,

І малыя, і старыя,

Вы нібы, як цацкі тыя

Завадныя і жывыя.
Усё нам Бог прынёс

І, як работнік хвацкі,

Каню дае авёс,

А чалавеку – цацкі.

І ўсё дае за раз –

Канца няма і меры,

Таму ўсяго ў нас

Да чорта, да халеры!


Каму багацьце мець;

Каму іграць у драме;

Каму ў турме сядзець;

Каму сядзець у краме, –

А Бог усім дае

Параду па-сваяцку;



Заўсёды ў свае

Гуляць патрэбна цацкі.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка