Чарнобыльская міфатворчасць як выяўленне катастрофы свядомасці




Дата канвертавання17.01.2017
Памер90.41 Kb.
А. І. Бельскі (Мінск)
ЧАРНОБЫЛЬСКАЯ МІФАТВОРЧАСЦЬ

ЯК ВЫЯЎЛЕННЕ КАТАСТРОФЫ СВЯДОМАСЦІ

(НА МАТЭРЫЯЛЕ БЕЛАРУСКАЙ ПАЭЗІІ)
А. Адамовіч у красавіку 1990 г. зазначыў, што “стварылася новая сітуацыя ў свеце, для ўсіх новая пасля Чарнобыля” [1, с. 4]. Такой жа думкі прытрымліваецца і С. Алексіевіч: “Пасля Чарнобыля жывём у іншым свеце, ранейшага свету няма”; “...Перад намі рэальнасць, новая для ўсіх...” [2, с. 20 — 21]. Чарнобыль — знакавая падзея ХХ ст., яе паставілі ў адзін шэраг з такімі трагедыямі, як Хатынь, Асвенцім, Хірасіма і Нагасакі.

Адзін з сучасных мысляроў лічыць: “…Чарнобыль у пэўным сэнсе слова з’яўляецца вяршыняй філасофіі абсурду, прычым для ўсяго чалавецтва” і згадвае А. Камю, які, пачуўшы пра атамны выбух у Хірасіме, сказаў: “Гэта немагчыма. Тое, што там адбылося, пераўзыходзіць сілу нашага ўяўлення” [3, с. 189]. С. Законнікаў, аўтар “Чорнай былі”, прызнаўся: “Пабачыў і перажыў многае, а вось пісаць адразу не змог. Настолькі ўсё гэта было жахлівае, недарэчнае, за межамі чалавечага ўяўлення пра бяду” [4, с. 18]. Чарнобыльская катастрофа спарадзіла разбурэнне традыцыйнага укладу жыцця, хаос, перасягнула межы разумовага і ўнутранага досведу. І як рэакцыя — зварот пісьменнікаў да ўмоўна-мастацкага ўвасаблення рэчаіснасці, прыёмаў міфалагізацыі, містыфікацыі, фантасмагорыі, абсурду.

Чарнобыль — надзвычайная і незвычайная падзея: з чымсьці падобным на нашай зямлі не сутыкаліся. Ніхто не пабачыў рэальнага аблічча небяспечнага ворага. Часам здавалася, што гэта нейкая прыдумка фантазіі. Дзеялася неверагоднае, жахлівае. Людзі ў пацярпелых ад радыяцыі раёнах, пакідаючы жытло, часам не маглі да канца зразумець, хто і што ім пагражае. Зрабілася відавочна, што здарылася “катастрофа свядомасці — гэта азначае, што разумення падзеі няма, што яна пераўзыходзіць магчымасці свядомасці” [3, с. 195]. Ранейшы досвед і логіка мінулых часоў былі непрыдатнымі. І вось тады “свядомасць адступала... А падсвядомасць пачала дзейнічаць. Людзі баяліся монстраў, яны расказвалі гісторыі пра дзяцей з пяццю галовамі, пра безгаловых ці бяскрылых птушак. Такім чынам, і тут чалавек таксама спрабаваў перасягнуць свае межы” [3, с. 190 — 191]. Беларуская літаратура пачала асэнсоўваць Чарнобыль, апелюючы да традыцыйнага народнага вопыту і культурнай памяці чалавецтва, найперш да Бібліі, яе універсальных вобразаў. Яна імкнулася разгадаць і асэнсаваць феномен Чарнобыля як містычную з’яву, фантасмагорыю. Мастацкая думка імкнулася спазнаць невядомае і анамальнае, адшукаць духоўнае апірышча, вызначыць галоўныя асновы маральнай трываласці нацыі.

Беларуская літаратура пасля Чарнобыля падключылася да “сілавога поля” міфалагічнай традыцыі, якая дае спецыфічнае тлумачэнне з’яў і падзей. “Мова традыцыі — сімвалічная па сваёй сутнасці: яна не зводзіцца да аднамернасці фармальнай логікі і заўсёды ўказвае на нешта — невядомае, але нешта адчувальнае” [5, с. 97]. Разглядаючы чарнобыльскую творчасць, нас цікавіць “міф як жыццеадчуванне”, “які дапамагае чалавеку выявіць таемныя “канстанты” свайго духоўнага стану” [6, с. 31 — 32], і тое, як у паэтычнай міфасвядомасці ўзаемадзейнічаюць традыцыйнае і сучаснае і якія вобразныя асацыяцыі і мадыфікацыі ўзнікаюць у ёй у абставінах крызісных, экстрэмальных, катастрафічных.

Актуалізавалася пазнавальна-філасофская, прагнастычная функцыі і ўзрасла сэнсаватворная роля міфа, які паўплываў на мадэрнізацыю мастацкага мыслення. Традыцыйныя вобразы і матывы пэўным чынам трансфармаваліся ў сучаснай свядомасці: набылі спецыфічнае праламленне, новую семантыку ў выніку пераасэнсавання ці знайшлі арыгінальную эстэтычную адаптацыю. Зварот да народнай міфасвядомасці спарадзіў фантазійныя асацыяцыі, дапамог увасобіць свет Чарнобыля ў адметных вобразах. Выяўленне сутнасці катастрофы вымагала глыбінна-вертыкальнага зрэзу, таму літаратура скіравалася да архетыпаў, міфасімволікі, міфасэнсаў, антыномій і ў выніку выйшла на філасофскія разважанні пра лёс чалавека, праблемы дабра i зла, праўды і хлусні, жыцця i смерцi. Выкарыстанне мастацкай умоўнасці, вобразаў і матываў нацыянальнай і біблейскай міфалогіі дазволіла стварыць своеасаблівую карціну свету, паказаць падзеі ў надзвычай трагічным аспекце. Міфалагізм надае чарнобыльскай творчасці розныя зместы, глыбіню ў выяўленні сутнасных з’яў і катэгорый быцця, праявы фантастычнага, містычнага, патаемна-віртуальнага сведчаць пра драматычна-складанае пазнанне свету.

Чарнобыльскі міф адлюстроўвае разбурэнне духоўнай сувязі паміж чалавекам і прыродай. Навакольны свет выклікае ў чалавека ўнутраны страх: “...Людзі павінны // Зіхоткай хмурыны, // Зямлі і вады, // Як бяды, // Як духу злога, // Баяцца...” [7, с. 20]. Чарнобыль атруціў прыроду, разбурыў уладкаванне нацыянальнага космасу, звузіў “ландшафтнае існаванне” народа.

На беларускую зямлю бяду прывёў “дух злы”. Яна зруйнавала народнае жыццё, ладзіць хаўтуры. Бяда з’яўляецца канцэнтрацыяй негатыву і сімвалізуе сабой разлад, занядбанне: “…Статак пасвіць бяда. // А ва ўдавы // Някошаны паплавы // І пожні някошаны. // Госці запрошаны // З ласкі бяды. // На Дзяды” [7, с. 16]. У чарнобыльскай паэзіі сімволіка-трагедыйнае ўвасабленне набываюць міфаматывы бяды, гора, нядолі, ліха і смерці. Усе яны — персанажы чарнобыльскай містэрыі. Гэтыя злавесныя сілы з’ядналіся і абрынуліся на беларускі край, пагражаюць жыццю і народнай долі. Чарнобыльскае бедства набыло татальны характар: “Зноў небывалая бяда // Збірае новых далакопаў. // Нясецца лютая арда // Нябачных воку ізатопаў” [8, с. 133]. Многія рытуальныя моманты (шлюбаванне, хаўтуры, скокі смерці і інш.) раскрываюць вялікую трагедыю жыцця: “Доля з бядой заручана…”; “Легла змучаная Доля, // І не ўстала Доля больш” [8, с. 138, 141]. Чарнобыль — іншасвет, іншабыццё. У гэтым перакуленым свеце, нібы па пякельных колах, вандруе герой паэзіі М. Мятліцкага. На яго вачах ладзіцца дзея тэатра смерці. Доля, Ліха і Гора — галоўныя персанажы трагедыі. Адбываецца метамарфоза: ролі памяняліся, творыцца жахлівае. Ліха і Гора рабуюць Долю: “Адчыніла куфар Ліха… // Ладавала куфар Доля. // Адняло пажыткі Гора” [8, с. 157]. Гэтак, як і Ф. Багушэвіч, Я. Купала, Я. Колас, сучасны паэт са скрухай гаворыць пра абяздоленасць чарнобыльскага краю, яго нешчаслівы лёс. Доля — нявольніца, ахвяра, выгнанніца з зямлі продкаў.

У мастацкім уяўленні Чарнобыль найперш асацыюецца са смерцю, якая зрабіла людзей сваімі ахвярамі. Паўсюль раскашуе трава нябыту і забыцця. Смерць паўстае нібы злая чараўніца, якая набыла свае ўладанні і ўладу: “І смерць // Шаптала ў цішыні: // — Я тут адна, // Нябачна дна // Маіх магіл, // Канца дарог. // Жыццё — мана. // Яму цана — // Асот, крапіва // І быльнёг!” [9, с. 221]. Чарнобыль завастрыў праблему супрацьстаяння жыцця і смерці, і гэты міфалагічны антынамізм вызначальны ў многіх паэтычных творах: “Жыццё не вернецца назад, // Тут смерці вечнае жніво!” [9, с. 280]. М. Мятліцкі малюе касьбу смерці гіпербалізавана, паказвае містэрыйнае дзейства як фатальную згубу. Смертаносная радыяцыя ператварыла свет у абшары цемры, “чорнае пекла”. Невыпадкова тут ўсё змрочнае і жудасна-жахлівае: чорная рака з амярцвелымі водамі, пустэчы агалошваюць крумкачы, “зданямі чорнымі кружаць наўзбоч чэрці” [9, с. 161]. Часта аўтарская трактоўка свету адлюстроўвае абсурдны па сваёй сутнасці карнавал смерці са злавеснымі маскамі ліха, бяды, з пачварнымі прывідамі, ценямі, чарнобыльскімі мутантамі, дэманамі, з’яўляецца тут і “страшны Іудаў лік” [7,с. 8].

З Чарнобылем звязана дэманізацыя рэчаіснасці. У зоне з’яўляецца д’ябал, Чорны Бог, прывіды, розныя хімеры. Атамная АЭС уяўляецца паэтам як пачвара, монстр, дэманічна-злавесная сіла. Чарнобыль, радыяцыйная пошасць, паводле паэтаў, насланнё злавесных, цёмных сіл, д’ябальшчыны. Касмаганічныя і эсхаталагічныя ўяўленні так ці інакш звязаны з народнымі і біблейскімі архетыпамі, і гэтыя аналогіі відавочныя, калі гаворыцца пра дзейства “духу злога”, “д’ябла Ночы”, пра “Чорны Дух лейкеміі”, “пір Сатаны”.

Пераасэнсаванне і канцэптуальнае новае напаўненне мiфалогii — адметная з’ява сучаснай паэзii пра чарнобыльскую трагедыю. Пашырылася кола міфавобразаў, якія ў выніку антрапамарфічнага прыпадабнення або персаніфікацыі набылі аблічча рэальна дзейных істот. Іх з’яўленне абумоўлена працэсам мастацка-вобразнага пераасэнсавання каляндарных міфаў, традыцыйных народных абрадаў і свят (памірання-ўваскрашэння зерня, заручын, вяселля, хаўтураў, Дзядоў, жніва, касьбы і інш.). На нашай зямлі з’явіліся чарнобыльскі бог, палыновы бог, “ажылі” і сталі персанажамі чарнобыльскай трагедыі стронцый, плутоній, цэзій, катаклізм, катастрофа, зона: “Катаклізм, Апакаліпсіс і Катастрофа… // нахабна шыбуюць па тутэйшай зямлі і вучаць // сваёй чорнай, д’ябальскай працы сваю // нашчадніцу з такім ужо, ці чуеце, тутэйшым // імем — Бяда…” [7, с. 236].

Біблейская зорка Палын паўстала з твораў як знак апакаліпсісу, трагічнасці лёсу: “...Маўчыць, нібы камень, зямля, // Палын невядомасцю свеціць....” [7, с. 198]. У чарнобыльскай паэзіі палын-трава гэтак, як і ў фальклоры, становіцца ўвасабленнем гаркоты, горычы, смутку. Вобраз палыну робіцца ў паэзіі Чарнобыля адным з самых распаўсюджаных і сімвалізуе бяду, гора, скон жыцця. Палын-трава выклікае адмоўныя эмоцыі, бо яна — горкая праўда пра Чарнобыль, сама жуда, “пошасці буянне”. Палын — спараджэнне цемры, чорных сіл: “Абудзіўся Палын! І пайшоў, бо пачуў, // Што прывабна вядзьмаркі спявалі!”; “Гэта — Чорны Палын пахадзіў па зямлі!”; “...І нічога няма. // Чорны космас — і царства Палыну” [7, с. 161]. Чарнобыль — касмічна-глабальная катастрофа, якая перакуліла свет, дзе раскашуе палын як вынік уздзеяння чорных энергій, панавання сіл ліха і смерці.

У многіх вершах і паэмах гучаць матывы Божага пакарання, укрыжаванай Беларусі, страты зямнога раю, мёртвай зямлі, іншабыцця і нечалавечых пакут у чарнобыльскім пекле. Зямля, дарога, дом і іншыя вобразы набылі трагічнае праламленне. Вобразы мёртвай зямлі, “раскіданага гнязда” — знакі чарнобыльскай бяды. М. Танк з жалобай аплаквае “забітую Чарнобылем Зямлю”, яго паэтычны трэн — развітанне, напоўненае пачуццём сыноўняга пакаяння і просьбы аб дараванні: “Даруй нам, грэшным // І неразумным, // Маці!” [7, с. 150].

Перад пагрозай д’ябальскага наслання літаратура не магла не шукаць духоўнага заступніцтва. Яна знайшла “цэнтр апоры”, выратавальны шлях — гэта шлях да Бога. У многіх вершах і паэмах беларускіх паэтаў выяўляецца малітоўная апеляцыя з просьбай аб выратаванні і ўваскрашэнні роднага краю: “...на Чарнобльскім Крыжы мой Край... // Хрысце Божа, не пакідай...” [7, с. 80]. Ад імя чарнобыльскай ахвяры гучыць просьба да Усявышняга: “Дык маліся... // каб вярнуць табе, Божа, наш чарнобльскі крыж” [7, с. 143]. Чарнобыльская літаратура ўтрымлівае антыутапічную складовую, што выяўляецца, напрыклад, у матывах прарастання, уваскрашэння: “І ўсё ж падай, семя, на маю зняможаную зямлю! // І прарастай” [7, с. 250]. Традыцыйная народная вера, арыентаваная на духоўна-хрысціянскі ідэал, намагаецца пераадолець крызісны разлад свядомасці, выстаяць, перамагчы ў гэтым супрацьборстве цемры і жыцця.

У выразнай бінарнай апазіцыі знаходзяцца разнаполюсныя энергіі свету, кантрастныя колеры святла і цемры. Відавочная міфасімвалізацыя чорнага колеру. “Шмат на жыццi нашым // Чорных слядоў”, — папярэджвае П. Панчанка пра небяспеку паглынання змрочнымi сiламi ўсяго светлага, чалавечага. Паэт міфалагізуе вобраз “чорных дзірак”, адкуль вырвалася чарнобыльскае насланнё і якія прагнуць засмактаць дзіцячыя жыцці: “Злосна якочуць // На чорным ігрышчы: // Цяпер яны хочуць // І нас усіх знішчыць. // Прагне глынуць // І дзяцей у вантробы // Чорная дзірка — // Чарнобыль” [10, с. 19]. Матывы д’яблавай пячоры і ракі нябыту палохаюць уяўленне паэта, які ў стане жаху звяртаецца з малітоўным заклінаннем да Бога: “…А сёння ўсюды цьмяна, дымна, чорна, // Не звіняць у небе жаўрукі… // Божа, не гані мяне ў пячоры, // Божа, не гані у глыб ракі!” [7, с. 125]. Паэт, які паэтызаваў зямны сад-рай, цяпер стварае змрочную міфавыяву: “Уся Беларусь ад Чарнобыля // да сцежак і мінскіх, і брэсцкіх // Закладзена д’яблу...” [10, с. 40]. Я. Сіпакоў у паэме “Одзіум” звяртаецца да міфаколеравага жывапісу: “Чорнае слова, як чорнае сонца, бязлітасна // ўскацілася на беларускі небасхіл. // Яно, нібы чорнае зацьменне, усё пачарніла — // і зялёную траву, і празрыстую ваду, // і блакітнае неба. // Трава зелянее, але яна чорная. // Вада свіціцца аж да дна, але яна чорная. // Неба блакітнее, але і яно чорнае” [7, с. 228 — 229]. Гэты “чорны жывапіс” нагадвае “Чорны квадрат” К. Малевіча. Чарнобыль прадвызначыў у паэзіі і літаратуры гэты “чорны колер-знак” [11, с. 9]. У літаратуры мінуў час услаўлення жыццяноснай сілы сонца. Пасля атамнага калапсу з’явіўся страх перад гэтым нябесным свяцілам, якому здаўна пакланяліся нашы продкі. Беларускі апакаліпсіс сімвалізуе “чорнае сонца”, у злавеснае аблічча якога беларускія паэты працягваюць узірацца і на пачатку ХХІ стагоддзя: “І неба чарнее, нібыта згарае, // І чорнае сонца ўзыходзіць над краем...” [12, с. 9].

Такім чынам, беларуская літаратура стварыла чарнобыльскі неаміф. У паэзіі пра чарнобыльскую рэчаіснасць асабліва заўважная трансфармацыя рэальнага ў міфалагічны план светаадлюстравання, пры гэтым адбылася перакадзіроўка семантыкі ў поглядах на прыроду, інтэрпрэтацыі народнай абраднасці. Чарнобыль надаў віток дэманізацыі ў паэтычнай вобразатворчасці. Ён стаўся неверагоднай, містычнай з’явай, якая змусіла мастацкую думку актывізавацца, адшукаць найбольш адэкватныя спосабы і формы міфатворчасці, каб, паглыбляючыся ў сферу ірацыянальнага, інтуітыўна выявіць сутнасць таго, што не магло ўкласціся ў звыклыя межы чалавечай свядомасці.

_________________________

1. Адамовіч А. Апакалапсіс па графіку / А. Адамовіч. — Мн.: Беларусь, 1992.

2. Алексіевіч С. Чарнобыльская малітва / С. Алексіевіч. // Полымя. — 1998. — № 4.

3. Радыеактыўны агонь: Чаму досьвед Чарнобылю ставіць пад сумнеў нашае бачаньне сьвету // Дзеяслоў. — 2003. — № 6.

4. Законнікаў С. Беларускае сэрца: Публіцыстычны роздум, эсэ / С. Законнікаў — Мн.: Беларусь, 1993.

5. Шамякіна Т. Элементы беларускай геасофіі як аснова нацыянальнай літаратурнай класічнай традыцыі / Т. Шамякіна. // Беларуская філалогія: Зб. навук. прац вучоных філал. ф-та БДУ / Пад агульн. рэд. д-ра філал. н. І. С. Роўды. Вып. 1. — Мн.: ВТАА «Права і эканоміка», 2003.

6. Гусев В. Художественное и нравственное / В. Гусев. — М.: Худож. лит., 1988.

7. Зорка Палын: Творы беларускіх паэтаў пра чарнобыльскую трагедыю. — Мінск: Маст. літ., 1993.

8. Мятліцкі М. Хойніцкі сшытак: Вершы. — Мн.: “Беллітфонд”, 1999.

9. Мятліцкі М. Бабчын: Кн. Жыцця / М. Мятліцкі. — Мн.: Маст. літ., 1996.

10. Панчанка П. Высокі бераг: Вершы, эсэ / П. Панчанка. — Мн.: Маст. літ., 1993.



11. Вабішчэвіч В. Чорны боль: Вершы / В. Вабішчэвіч. — Мн.: Маст. літ., 2003.

12. Шніп В. Выратаванне атрутай; Рублеўская Л. Над замкавай вежай / Бібліятэчка час. “Куфэрак Віленшчыны”, № 5. / В. Шніп. — Маладэчна, 2003.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка