Чарота Уладзімір Іванавіч




Дата канвертавання31.01.2017
Памер78.21 Kb.
Чарота Уладзімір Іванавіч

Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі, Мінск
ДА ГІСТОРЫІ РЭЦЭПЦЫІ ІТАЛЬЯНСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

Ў БЕЛАРУСІ (ХVI-XVIII СТСТ.)


У рамках дадзенага даклада мы вырашылі спыніцца толькі на самых цікавых і паказальных, на наш погляд, фактах рэцэпцыі італьянскай літаратуры ў Беларусі ў XVI–XVIII стагоддзях.

Наўрад ці можна весці гаворку пра італьянска-беларускія культурныя ўзаемасувязі гэтага перыяду як асабліва цесныя, актыўныя, сістэматычныя. Разам з тым, бясспрэчна, пэўныя кантакты былі. Перш за ўсё яны адбываліся ў рамках асветы і непасрэдна праз тых беларусаў, якія атрымлівалі адукацыю ў Італіі, падарожнічалі па гэтай краіне. Даследчыкі жыцця знакамітага дзеяча Вялікага княства Літоўскага, маршалка дворнага Міхаіла Глінскага (1470-1534) адзначаюць: “Па звычках веку ён вучыўся ў Італіі, і там прыняў каталіцтва” [11, 103]. Акрамя яго “пры двары герцагаў Ферарскіх, у Мантуі ў палацы Ганзагаў, у Падуі, у Неапалі можна было ўбачыць Радзівілаў, Хадкевічаў, Пузынаў...” [4, 148]. З беларускіх навучэнцаў італьянскіх універсітэтаў нельга не згадаць гуманіста, перакладчыка, першадрукара і філосафа Францыска Скарыну (1490–1541), які атрымаў у 1512 годзе вучоную ступень доктара лекарскіх навук у італьянскім горадзе Падуя, Міколу Гусоўскага (1480–1533), накіраванага ў складзе дыпламатычнай місіі Рэчы Паспалітай у Рым, дзе ён і напісаў “Песню пра зубра”, а таксама Сымона Буднага (1530–1583), які вучыўся ў Італіі і Швейцарыі [2, 177], прычым “добра валодаў лацінскай, грэчаскай, італьянскай <…> мовамі” [Гл.: 5, 12].

Але звернемся непасрэдна да фактаў.

Цяпер, на жаль, не ўсё можна як след высветліць, дакладна акрэсліць і цалкам асэнсаваць, але некаторыя факты гавораць самі за сябе. Вось, напрыклад, гэтае паведамленне вядомага дантазнаўцы І.Ф. Бэлзы пра фундатара Нясвіжскай бібліятэкі ў XVI стагоддзі: “Па распараджэнню прызнанага правадыра кальвіністаў Рэчы Паспалітай вялікага канцлера літоўскага Мікалая Радзівіла (Чорнага) выконваецца копія з партрэта Дантэ, замоўленага ў XV ст. будаўнікамі кафедральнага сабора Santa Maria del Fiore ў Фларэнцыі мастаку Даменіка Мікаліна, які ўбраў паэта ў пурпур рымскіх цэзараў, паводле загаду Баніфацыя VIIІ дазволенага насіць толькі кардыналам. Копія гэтая ажно да пачатку XIX стагоддзя захоўвалася ў віленскім палацы Міхала Клеафаса Агінскага, які, вандруючы па Італіі пасля паражэння паўстання Касцюшкі, наведаў Равэнну, каб пакланіцца грабніцы Дантэ” [1, 6]. Названы даследчык мяркуе, што цікавасць прадстаўніка беларускага магнацкага роду да асобы Дантэ звязана з “надзвычайна шырокім распаўсюджваннем у эпоху рэфармацыі, у тым ліку і ў славянскіх краінах” [Гл.: 1, 6] Песні ХІХ “Пекла”, дзе выразна выявіліся антыпапісцкія погляды італьянскага паэта. Згаданае знаёмства Мікалая Радзівіла Чорнага (1515–1565) з творчасцю італьянскага пісьменніка, хутчэй за ўсё, адбылося падчас вучобы за мяжой; магчыма таксама, што ў замежных падарожжах; але не выключана, што і ў Кракаве, калі ён быў на каралеўскай службе, а пры двары польскага караля знаходзіліся таксама саноўныя і адукаваныя італьянцы.

Нават каб згаданы факт быў і заставаўся адзінкавым, дык ён бы ўсё роўна пераканаўча сведчыў, што знаёмства з італьянскай літаратурай адбылося на Беларусі яшчэ ў ХVI стагоддзі. Пра гэта, з большай ці меншай факталагічнай абгрунтаванасцю, сведчаць усе даследчыкі, якія звярталіся да адпаведнай праблематыкі. Згадаем, напрыклад, меркаванне І.В. Саверчанкі: “З творчасцю заходнееўрапейскіх аўтараў эпохі Рэнесансу ды Рэфармацыі беларускія чытачы знаёміліся не толькі праз мясцовыя выданні, але й праз выданні заходніх друкарняў, якія ў вялікай колькасці распаўсюджваліся на абшарах нашай дзяржавы <…> У асяроддзі адукаваных людзей ведалі кнігі <…> Дантэ Аліг’еры, Піка дэла Мірандола, Макіявелі ды шмат якіх іншых” [8, 45–46].

Важную ролю ў збліжэнні культур адыгралі таксама італьянскага паходжання архітэктары, мастакі, музыканты і педагогі, іерархі каталіцкай царквы, дыпламаты, а таксама купцы і вандроўнікі, якія траплялі на нашыя землі. Асаблівая роля ў гэтым належыць такой вельмі ўплывовай асобе, як каралева Бона Сфорца (1494–1557), жонка вялікага князя Жыгімонта Старога. Яна, бясспрэчна, адыграла значную ролю ў развіцці італа-славянскіх, у тым ліку і беларускіх, культурных сувязей.

З вялікага шэрагу непасрэдных дзеячаў асветы і культуры згадаем прапаведніка ідэй Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім італьянца Фауста Соцына (Сацыні) (1539–1604) – у Польшчы ім быў зроблены пераклад Песні ХХІV “Раю” з “Боскай камедыі” Дантэ на латынь [Гл.: 6, 103], а паслядоўнікам яго вучэння, дарэчы, быў перакладчык “Евангелля” на беларускую мову Васіль Цяпінскі (1540–1604).

Цікава таксама, што настаўнікам Мялеція Сматрыцкага (1577–1633) быў грэк Кірыл Лукарыс (1572–1638) – доктар Падуанскага універсітэта [Гл.: 2, 219]. Найверагодней, што гэта ён пазнаёміў беларускага пісьменніка-палеміста з набыткамі італьянскай літаратуры, у прыватнасці, з творчасцю Франчэска Петраркі (1304–1374) і Батыста Мантуана (1447–1516). Гісторык беларускай літаратуры І.В. Саверчанка прыводзіць паказальны для нас факт: “… У “Трэнас” Мялет Сматрыцкі ўключыў уласны пераклад з лаціны вершаў Франчэска Пятраркі і Мантуана Баптысты, у якіх крытыкавалася папства...” [9, 44].

Аўтарытэтны гісторык беларускай літаратуры А.Ф. Коршунаў адзначаў, што ў XVI–першай палове XVII стст. “… у выдадзеных кнігах мясцовых аўтараў шырока папулярызавалася пераважна ў выглядзе цытат творчасць заходнееўрапейскіх гуманістаў (Ф. Петраркі, Дж. Бакачыо…)” [2, 193]. І.В. Саверчанка таксама звяртае ўвагу, што беларускія публіцысты гэтага перыяду “…пры выбары эфектыўных аргументаў вельмі часта звярталіся да меркаванняў заходнееўрапейскіх аўтарытэтаў эпохі Рэнесансу ды Рэфармацыі: <…> Дантэ Аліг’еры, Франчэска Пятраркі, Піка дэла Мірандола, Макіявелі” [10, 165]. Прычым, важна адзначыць, што аўтары-беларусы, цытуючы творы аўтарытэтных замежнікаў, іх “каментавалі, уводзячы ў кантэкст айчыннай культуры” [8, 46].

Вядома, што дзеяч беларускай культуры, пісьменнік і перакладчык Беняш Будны (ХVI-XVII стст.) перастварыў 9 навелу з другога дня “Дэкамерона” Джавані Бакача (“Аповесць суцяшальная пра купца Барнабаша” ці “Займальная гісторыя пра купца, які пусціўся ў заклад з іншым на цноту ўласнае жонкі”), якую выдавец Пётр Бластус Кміта ўключыў у 4-ю кнігу “Апафегматаў”(Кароткія і ясныя аповесці, якія па-грэчаску называюцца “Апафегматы” (Любча, 1614 г.)[3, 823].

І гэта не адзіны факт рэцэпцыі творчасці Джавані Бакача беларускімі пісьменнікамі. Даследчыца творчасці заснавальніцы літаратурнага і тэатральнага салонаў у Нясвіжы, паэтэсы і драматурга Францішкі Уршулі Радзівіл (1707-1753) Ж.В. Некрашэвіч-Кароткая лічыць, что сюжэты трагедыі “Золата ў агні”(1750) і камедыі “Каханне – дасканалы майстра”(1752) былі запазычаны з дзесятай навелы дзесятага дня і першай навелы пятага дня “Дэкамерона” Дж. Бакача адпаведна [3, 867-868, 872]. Княгіня дала сваю арыгінальную інтэрпрэтацыю сюжэтаў помніка італьянскай, і наогул, еўрапейскай навелістыкі.

У сваёй кнізе “Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X-XVIII стагоддзяў” гісторык Мікалай Віктаравіч Нікалаеў прыводзіць звесткі пра існаванне на Беларусі рукапіснага перакладу паэмы Тарквата Таса “Вызвалены Ерусалім”. Пра гэта сведчаць два дакументы з архіву Літоўскай праваслаўнай кансісторыі. Ва Указе ад 1 студзеня 1830 г. з Грэка-уніяцкай калегіі ў Літоўскую грэка-уніяцкую семінарыю было сказана: “Сия Коллегия находя нужным для некоторых соображений иметь в виду перевод на словянском языке Тассовой поэмы освобожденный Иерусалим, находящийся в рукописи в книгохранилище, принадлежащем ныне Литовской Греко-униатской Семинарии…”, загадвае кнігу “на время” перадаць у Грэка-уніяцкую духоўную калегію” [Цыт. па: 7, 115]. З рапарта семінарыі, пасланага ў адказ (разам з запатрабаванай кнігай), вынікае, што паэма Таса была перапісана ў рукапісным зборніку пад загалоўкам «Путь ку житію благочестиву всемъ Православнымъ христіянамъ, отъ многихъ святыхъ и богоносныхъ отецъ и учителей церкви святой православной Кахолической преданный, с трудом иноков общежительной обители Кутеинской изложенный и во типографію братства, православного Могилевского Максима Вощанки поданый року 1704». Акрамя таго, па словах М.В. Нікалаева, “…у рапарце семінарыі паведамляецца таксама, што пераклад Тасавай паэмы ў пададзеным рукапісе не поўны; змяшчае толькі дзесяць песень…” [7, 115]. Хто пераклаў гэтыя песні, калі гэтая кніга трапіла ў Жыровіцкую бібліятэку, а таксама далейшы лёс яе, на жаль, невядомы.

Падагульняючы адзначым:

Мы прывялі толькі некаторыя факты, якія могуць служыць доказамі італьянска-беларускіх літаратурных сувязей у ХVI-XVIII стст. А наогул, дадзеная праблема патрабуе далейшай шматаспектнай і шматвектарнай пошукавай працы, вынікам якой павінна стаць падрабязная фактаграфія, сістэматызацыя назапашаных фактаў і больш грунтоўнае іх асэнсаванне.



Літаратура


  1. Бэлза, И. Данте и культуры славянских народов: к 700-летию со дня рождения Данте / И. Бэлза // Советское славяноведение. – 1965. – № 4.– С. 3–16.

  2. Гісторыя беларускай літаратуры: старажыт. перыяд. – Мінск : Выш. шк., 1985. – С. 170–177.

  3. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ-ХІХ стст. Т.1. Даўняя літаратура ХІ - першая палова ХVІІІ стагоддзя. – Мінск : Бел. навука, 2006. – 910 с.

  4. Голенищев-Кутузов, И.Н. Славянские литературы: статьи и исследования / И.Н. Голенищев-Кутузов. – М. : Худ. лит., 1973. – С. 132–216.

  5. Кароткі, У.Г. З гісторыі мастацкага слова Беларусі / У.Г. Кароткі // Старажытная беларуская літаратура : зб. : для стар. шк. узросту. – Мінск : Юнацтва, 1990. – С. 5–16.

  6. Моравский, К. Данте в Польше / К. Моравский // Данте и славяне : сб. ст. – М. : Наука, 1965. – С. 95–156.

  7. Нікалаеў, М. Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X-XVIII стагоддзяў / М. Нікалаеў. – Мінск : Маст. літ, 1993. – С.115.(239с.)

  8. Саверчанка, І. Aurea mediocritas. Кніжна-пісьмовая культура Беларусі: Адраджэнне і ранняе барока / І. Саверчанка. – Мінск : Тэхналогія, 1998. – 319 с.

  9. Саверчанка, І.В. Старажытная паэзія Беларусі ХVI–першай паловы ХVIІ ст. / І.В. Саверчанка. – Мінск : Навука і тэхніка, 1992. – 252 с.

  10. Саверчанка, І.В. Публіцыстычная літаратура Беларусі другой паловы XVI–XVII ст.: праблемы паэтыкі: дыс. ... д-ра філал. навук / І.В. Саверчанка. – Мінск, 2000. – 269 с.

  11. Тарасаў, К. Памяць пра легенды: постаці беларускай мінуўшчыны / К. Тарасаў. – 2-е выд., дап. – Мінск : Полымя, 1993. – 268 с.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка