Читаем Детям Адкуль на небе зоркі




Дата канвертавання15.12.2018
Памер22.24 Kb.

Читаем Детям

Адкуль на небе зоркі
Яраслаў Пархута
Калі сядае сонца і на зямлю апускаецца ноч, з Ласінага логу выходзіць вунь такенькі Лесавічок з вунь такеннаю торбаю за плячыма. У той торбе заўсёды поўна зорак, а наверсе яшчэ і маладзік паблісквае.

Ідзе Лесавічок прасекаю, ідзе і, каб не было сумна, пачынае сам сабе загадкі загадваць. Загадае адну — і тут жа адгадае. А потым бярэцца за другую, за трэцюю.

Так было і на гэты раз. Толькі выбраўся Лесавічок на прасеку — загадаў такую загадку:
3 выгляду — сястра вавёрцы,

А жыве ў глыбокай норцы.


Загадаў ён тую загадку і пачаў думаць-гадаць, як яе адгадаць. Нарэшце даўмеўся, што да чаго, і ад радасці ажно ўскрыкнуў:

— Гэта Лісіца!

Весялей стала Лесавічку, і ён загадаў сабе яшчэ адну загадку:
Шэры ды кірпаты

I на здзіў зяркаты.

Ноччу спаць не любіць —

Крыкам птушак будзіць.


Зноў пачаў думаць-гадаць, як загадку адгадаць, ды над прасекаю з'явілася нейкае страшыдла, залапатала крыламі, зарагатала, а потым ухапіла торбу з зоркамі і паперла на асіну.

Лесавічок аслупянеў ажно:

— Хіба так жартуюць?!

А страшыдла (гэта быў Пугач, пра якога Лесавічок загадку склаў!) толькі рагоча:

— Ух-гу-гу! Ух-гу-гу!..

Сеў Лесавічок на пень і задумаўся:

— Што я лясному народу скажу? Як ён без зорак і месяца будзе?

— Абыдзецца! — закрычаў Пугач з асіны — Прывыкне! Поцемкам лепш!..

Яшчэ мацней задумаўся Лесавічок. Але на шчасце таею прасекаю вяртаўся з абходу Ляснік, даведаўся, у чым справа, абурыўся:

— Пугач, дурная галава, аддавай торбу!

Пугач і слухаць не хацеў, шухнуў з асіны на дуб і адтуль зноў зарагатаў:

— Ух-гу-гу! Ух-гу-гу!..

Узлаваўся Ляснік, падняў стрэльбу ды як бабахне! У Пугача, праўда, не пацэліў, а лямку ў торбе перабіў.

Упала торба на зямлю, і зоркі рассыпаліся па траве. Лесавічок узрадаваўся, кінуўся збіраць, а Ляснік пасабляе і заадно дакарае:

— Не будзеш другі раз позніцца і абы што балбатаць у лесе! Інакш і самога ўкрасці могуць.

Пазбіралі яны ўсе да адзінай зоркі, пайшлі на гару, што сярод лесу ўзвышалася, і пачалі іх на неба закідваць. А скончылі добрую справу, сказалі адзін аднаму:

— Да раніцы свяціцьмуць!..

I пайшлі кожны сваёю дарогаю: Лесавічок — у Ласіны лог, Ляснік — у сваю вёсачку.

…Цяпер Лесавічок ніколі не позніцца. 3 Ласінага логу выходзіць завідна. А прыйдзе на гару, развяжа торбу і пачынае закідваць зоркі на неба. Напаследак на самым краёчку і маладзік павесіць. I радуецца: усім відно будзе!

Вунь і зараз неба над лесам нібы ўсеяна зоркамі. А месячык які! Чысценькі. Пукаценькі1. Так і просіцца ў хату заместа лямпачкі.



1 Пукаценькі (пукаты) — з круглява выгнутымі, выпучанымі бакамі, паверхняй; выпуклы.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка