Читаем Детям Адкуль пайшлі беларусы




Дата канвертавання24.11.2017
Памер15.1 Kb.

Читаем Детям

Адкуль пайшлі беларусы
Беларускае народнае паданне
Калісьці яшчэ свет толькі зачынаўся, дык нічога нідзе не было. Усюды стаяла мёртвая вада, а пасярод вады тырчэў нібы камень. Адзін раз пярун разыграўся і давай пыляць стрэламі ў гэты камень. Ад яго стрэлаў выскачылі тры іскаркі: белая, жоўтая і чырвоная. Упалі тыя іскаркі на ваду; з гэтага ўся вада скаламуцілася, і свет памуціўся, як хмары. Але па некаторым часе, як усё праяснілася, дык і адзначылася — дзе вада, дзе зямля. А яшчэ па некаторым часе завялося ўсякае жыццё ў вадзе і на зямлі. I лясы, і травы, і звяры, і рыбы, а пасля і чалавек завёўся: ці ён прыйшоў аднекуль, ці вырас хутка.

Гэты жыхар стаў заводзіць свае чалавечыя парадкі. Ці доўга ён так жыў, ці мала, але меў ён ужо сваю сялібу і шмат дзяцей. Было яму прозвішча Бай. А як прыйшла яго гадзіна смерці, дык ён склікаў сваіх сыноў і падзяліў сваю маёмасць. Толькі аднаго сына забыў.

Той у гэты час быў на паляванні, і з ім былі любімыя бацькавы сабакі Стаўры і Гаўры. Прозвішча гэтаму сыну было Белаполь.

Неўзабаве пасля смерці бацькі вярнуўся Белаполь з палешні. А браты яму кажуць:

— Вось бацька падзяліў нам усю сваю маёмасць, а табе ён адказаў сваіх сабак, дык яшчэ наказаў, каб ты іх пусціў па волі: аднаго — у правы бок, а другога — у левы; колькі яны зямлі аббягуць у дзень, дык гэтая ўся зямля твая будзе.

Вось пайшоў Белаполь і злавіў дзвюх птушак, прыляцеўшых адну з паўднёвага мора, другую з заходняга. Пусціў адну птушку на поўдзень, ды і кажа першаму сабаку: «Бяры!»

Пусціў другую на захад і кажа другой: «Хапай!»

Як паляцелі тыя птушкі: адна ў адзін бок, другая ў другі… Як пабеглі сабакі за птушкамі, дык ажно зямля закурылася… Як пайшлі тыя сабакі, дык і да гэтага часу не вярнуліся, а па іх слядах дзве рэчкі працягнуліся, у адзін бок прайшла Дзвіна, а ў другі бок — Дняпро.

Вось у гэтых абшарах Белаполь і пачаў сяліцца ды заводзіць свае лады…

У гэтага Белаполя ад розных жонак яго развяліся розныя пляменні пад прозвішчам БЕЛАРУСЫ.






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка