Читаем Детям Бярозавыя ледзянцы




Дата канвертавання25.01.2018
Памер20.57 Kb.

Читаем Детям

Бярозавыя ледзянцы
Янка Галубовіч
Сакавік наступіў цёплы, па-сапраўднаму вясенні. Нагрэтае за дзень сонцам празрыстае паветра бадзёрыла пахучым водарам.

Неба было ўжо высокае і чыстае.

Зранку стаяў густы туман, усё было быццам ватай абкладзена. Пахла адсырэлай леташняй травою і лісцямі.

Снег зусім раскіс, ператварыўся ў кашу. 3 кожным днём яго заставалася ўсё менш і менш. На палянках і каля дарог з'явіліся праталіны.

Раніцаю зняў з вочапкі каля печы вядро і за вадою да студні пайшоў. Гляджу, ажно гусь лапу на падворку падціскае, сініцы ў садку пішчаць. «На сцюжу ўсё гэта», — падумалася.

Напрыканцы дня заўважыў, што куры рана на седала пачалі збірацца. «На мароз гэта», — адзначаю сабе.

Прыкметы і сапраўды спраўдзіліся. Вечарам хмары пацяжэлі, ніжэй да зямлі насунуліся. 3 іх густы снег пасыпаўся.

Ноччу памацнеў марозік, здаецца, наскрозь прашываў пранізлівы вецер. Па полі, ажно да самага небасхілу, закрываючы сабою шэрую сумную пустэчу, паўзлі пасмы снегу.

Праз дзень зноў усталявалася надвор'е. Вечарам, калі заходзіла сонца, перастаў шастаць у голым голлі дрэў, прыціх няўмольны халодны вецер. Зноў засвяцілася ўгары бледна-блакітнае з залацінкаю вясенняе неба.

Назаўтра цёплай і незвычайна цудоўнай раніцаю я пацягнуўся з саначкамі ў лес. Як ні кажы, а ў сілу ўбіралася вясна, трэба было прывезці крыху сухіх алешын і залатаць імі дзе-нідзе ў агародзе плот.

Хораша свяціла сонца. Снег, матава-шэры, не сляпіў вочы, свяціўся адзінокімі зорачкамі-крупінкамі. У лагчынах, падобныя на маленькія каламутныя азёрцы, стаялі лужыны вады.

Наблізіўся да ўзлеску. Тут ужо цінькалі сініцы. Бязладна плылі, чапляліся за макаўкі маладзенькіх бярозак клубчастыя, падобныя на кудзелю, пасмы туману.

Спыняюся і дзіўлюся. На адной бярозцы палавіна галінак абгрызена, з іх падаюць долу буйныя, з гарошыну, блакітныя кропелькі соку. Адна, другая, трэцяя...

На другім дрэўцы, у цяньку, на кончыках галінак ледзянцы вісяць. Яны, як і кропелькі, якія на снег капаюць, таксама блакітныя.

Каля бярозак у снезе віднеюцца ласіныя сляды. Значыць, што з галінак сок цячэ і ледзянцы на іх вісяць — лось у гэтым вінаваты. Гэта ён ноччу, каб голад уталіць, каля бярозак таптаўся, у госці да іх прыходзіў.

Даўно вядома, што сакавік вясною дрэвам сок пускае. Сталі сачыцца з пагрызеных галінак кропелькі бярозавіка, а ноччу, калі злёгку марозік прыціснуў, зацвярдзелі кропелькі, у ледзянцы ператварыліся.

Асцярожна дакранаюся рукою да галінкі і спрабую ледзянец на смак. Ён крыху халаднаваты і салодкі, што цукерка.

Вельмі ўжо захацелася мне пачаставаць бярозавымі ледзянцамі маленькага Міхаську, унука суседкі Просі. Але вось бяда: не данясеш іх у вёску, растануць ледзянцы. Зноў у блакітныя кропелькі бярозавіка абярнуцца.






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка