Читаем Детям Чаму барсук і лісіца у норах жывуць




Дата канвертавання27.01.2018
Памер35.14 Kb.

Читаем Детям

Чаму барсук і лісіца у норах жывуць
Беларуская народная казка
ў апрацоўцы Алеся Якімовіча

Некалі, кажуць, звяры і жывёлы не мелі хвастоў. Адзін толькі звярыны цар — леў — быў з хвастом.

Дрэнна жылося звярам без хвастоў. Зімою яшчэ сяк-так, а прыйдзе лета — ратунку няма ад мух ды мошак.

Чым іх адганяць? Не аднаго за лета, бывала, насмерць заядалі авадні ды сляпні. Хоць гвалт крычы, як нападуць.

Дачуўся пра такую бяду цар і выдаў загад, каб усе звяры ішлі да яго хвасты сабе падбіраць.

Памчаліся царскія ганцы ва ўсе канцы звяроў склікаць. Ляцяць, у трубы трубяць, у барабаны б'юць, нікому спаць не даюць. Убачылі ваўка — перадалі яму загад царскі. Убачылі быка, барсука — таксама паклікалі. Лісіцы, куніцы, зайку, ласю, дзіку — усім сказалі, што трэба. Застаўся адзін мядзведзь. Доўга ганцы шукалі яго, нарэшце знайшлі соннага ў бярлозе. Пабудзілі, раскатурхалі і загадалі, каб па хвост спяшаўся.

Ды калі гэта было, каб мядзведзь куды спяшаўся. Сунецца ён сабе памаленьку, — кульгець, кульгець, усё вакол разглядае, нюхам мёду шукае. Бачыць — дупло пчалінае на ліпе. «Дарога да цара не малая, — думае, — трэба падсілкавацца».

Залез мядзведзь на дрэва, а там поўнае дупло мёду. Замармытаў ён ад радасці ды пачаў дупло выдзіраць, мёд выграбаць, за абедзве шчакі ўплятаць. Наеўся, паглядзеў на сябе, аж усё футра ў мёд ды ў парахню1 выпацкана!.. «Як жа,— думае, — у такой вопратцы на царскія вочы паказвацца?»

Пайшоў мядзведзь на рэчку, памыў футра і прылёг на ўзгорку сушыцца. А сонейка так цёпла прыпякло, што Мішка і не агледзеўся, як соладка захроп.

Тым часам пачалі збірацца да цара звяры. Першай прыбегла лісіца. Паглядзела туды-сюды, аж перад царскім палацам цэлая куча хвастоў. I доўгія, і кароткія, і голыя, і пушыстыя…

Пакланілася лісіца цару і кажа:

— Яснавяльможны цар! Я першая адгукнулася на твой загад. Дазволь мне за гэта выбраць хвост, які я пажадаю…

Ну, цару ўсё роўна, які хвост даць лісіцы.

— Добра, — кажа, — выбірай сабе хвост па густу. Растрыбушыла хітрая лісіца кучу хвастоў, выбрала самы прыгожы — доўгі, пушысты ды памчалася назад, пакуль цар не перадумаў.

За лісіцаю прыскакала вавёрка, таксама выбрала сабе прыгожы хвост, хоць і меншы, як у лісіцы. За ёю — куніца. I яна з добрым хвастом назад пабегла. Лось выбраў сабе самы доўгі хвост, з густою мяцёлкаю на канцы, каб было чым ад аваднёў ды сляпнёў бараніцца. Барсук ухапіў хвост шырокі і тоўсты. Конь узяў хвост з аднае валасні. Прычапіў, махнуў па правым боку, па левым — добра сячэ. «Цяпер мухам смерць!» — заржаў ён ад радасці ды сігануў на свой луг.

Апошні прыбег зайка.

— Дзе ж ты быў? — кажа цар. — Бачыш, у мяне толькі адзін маленькі хвосцік застаўся.

— Хопіць мне і гэтага! — зарадаваўся зайка. — Даўжэйшы хвост — цяжэйшы. А мне трэба быць лёгкаму, каб ад ваўка ды сабакі ўцячы.

Прычапіў зайка сабе, куды трэба, куртаты хвосцік, падскочыў раз-другі і весела пабег дахаты. А звярыны цар, раздаўшы ўсе хвасты, пайшоў спаць.

Толькі адвячоркам прачнуўся мядзведзь. Успомніў, што ён жа мусіў спяшацца да цара па хвост. Зірнуў, а тут і сонца за лес коціцца. Кінуўся ён з усіх ног наўгалоп. Бег, бег, аж змакрэў небарака. Прыбягае да царскага палаца, а там — ні хвастоў, ні звяроў. «Што ж цяпер рабіць? — думае мядзведзь. — Усе будуць з хвастамі, адзін я без хваста».

Завярнуўся Мішка і патэпаў злосны ў свой лес. Ідзе, аж бачыць — на пні барсук пакручваецца, удалым сваім хвастом любуецца.

Паслухай, барсук, — кажа мядзведзь, — навошта табе хвост? Аддай яго мне.

— Што ты, дзядзька мядзведзь, выдумаў! — дзівіцца барсук. — Хіба ж можна такі прыгожы хвост аддаваць?

А калі не дасі па-добраму, то я сілаю вазьму, — буркнуў мядзведзь і палажыў сваю цяжкую лапу на барсука.

— Не дам! — крыкнуў барсук і рвануўся з усяе сілы наўцёкі.

Глядзіць мядзведзь, а ў яго лапе палоса барсуковай шкуры засталася і канчур хваста. Адкінуў ён шкуру прэч, а канчур хваста прычапіў сабе ды пайшоў даядаць мёд у дупле.

Барсук жа як бегчы дык бегчы — ад страху месца сабе не знаходзіць. Дзе ні схаваецца, усё яму здаецца, што вось-вось мядзведзь прыйдзе, рэшту хваста адбярэ. Выкапаў ён тады глыбокую нару ў зямлі і стаў там жыць. Рана на спіне зажыла, але затое засталася цёмная палоса.

Бяжыць аднойчы лісіца, бачыць — нара, а ў ёй нехта храпе як пшаніцу прадаўшы. Палезла ў нару, глядзіць, аж там барсук спіць.

— Што гэта табе, суседзе, наверсе цесна, што ты пад зямлю забраўся? — дзівіцца лісіца.

— Але, лісічка, цесна, — уздыхнуў барсук. — Каб не трэба было яды шукаць, дык і ўночы не выходзіў бы адгэтуль.

I расказаў барсук лісіцы, чаму яму на зямлі жыць цесна.

«Эге, — падумала лісіца, — калі мядзведзь на барсукоў хвост паквапіўся, то мой жа ў сто разоў лепшы…» I пабегла шукаць схованкі ад мядзведзя. Прабегала ўсю ноч, нідзе схавацца не можа. Нарэшце пад раніцу выкапала нару, такую, як у барсука, залезла ў яе, накрылася сваім пушыстым хвастом і спакойна заснула.



3 таго часу барсук і лісіца жывуць у норах, а мядзведзь так і застаўся без добрага хваста.

1 Парахня — дробныя, як пясок, сухія рэшткі сапрэлага або паточанага шашалем дрэва.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка