Читаем Детям Чэрвень і Сонейка




Дата канвертавання10.03.2018
Памер13.38 Kb.

Читаем Детям

Чэрвень і Сонейка
Клаўдзія Каліна
Бегае Чэрвень з са́менькага ранку і да вечара па садах, палях, лясах, і ні ўпынку, ні адпачынку яму няма. Усюды трэба паспець, усё дагле́дзець.

Не паспеў абабе́гчы ўсе сады, паглядзець, ці добрая завязь на дрэвах, як на поле пара́: на жыта зірнуць, падрасціць лён, каб даўжэйшы рос, папрасіць, каб Вецер прыгнаў хмару з дажджом ды астудзіў ад спякоты зямлю...

А тут яшчэ трэба ў лес завітаць, дагле́дзець сунічкі, павярнуць іх да Сонейка, каб сокам наліваліся. А Сонейка ўжо на схіле, хутка і вечар...

— Ох, які кароткі дзень! — ска́рдзіцца Чэрвень. — Сонейка, памажы мне, свяці даўжэй.

Сонейка слухае Чэрвеня і кожныя суткі ўсё болей прыбаўляе дня.

Чэрвень за дзень усюды пабывае: паглядзіць, як у лесе даспяваюць сунічкі, загляне ў вожыкаву схованку, паціка́віцца, як гаду́юцца малыя важаняткі, і ў гнёзды птушыныя зазірне. Так за турботамі не заўважае, як бяжыць час. I вось чутна, як звіняць на лузе косы, пачалася касавіца... Новыя клопаты ў Чэрвеня.

— Сонейка, будзь ласкава, прыбаў яшчэ дня! Людзям сена трэба высушыць, — просіць зноў Чэрвень.

Сонейка слухала Чэрвеня, прыбаўляла дня, прыбаўляла ды і перастала.

— Усё! — кажа. — Болей не магу прыбавіць ні хвілінкі... Ночка кры́ўдзіцца, зусім кароценькая стала. Не паспее згаснуць неба на захадзе, як ружавее на ўсходзе!

— I за гэта дзякуй! — кажа Чэрвень. — I так ты мне памагло. Я і садавіну пад гадава́ў, я і жыта вы́каласіў, і лён падрасціў, і ягады сокам наліў... I шмат іншай работы зрабіў. Не сорам майму брату Ліпеню будзе ў вочы глянуць.



Вось чаму ў Чэрвеня самы доўгі дзень і самая кароткая ноч. Гэта Сонейка дружыць з Чэрвенем і памагае яму.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка