Читаем Детям Чырвоная Шапачка




Дата канвертавання06.01.2017
Памер29.2 Kb.

Читаем Детям

Чырвоная Шапачка
Шарль Пэро
Пераклад з французскага Аляксандра Ўвядзенскага,
пад рэдакцыяй Самуіла Маршака
Пераклаў з рускага Рыгор Яўсееў

Жыла-была ў адной вёсцы маленькая дзяўчынка. Такая прыгожая, што прыгажэйшай за яе і на свеце не было. Маці яе вельмі любіла, а бабуля яшчэ больш.

У дзень нараджэння ўнучкі падарыла ёй бабуля чырвоную шапачку. З таго часу дзяўчынка ўсюды хадзіла ў сваёй новай цудоўнай чырвонай шапачцы.

Суседзі так пра яе і гаварылі:

— Вунь Чырвоная Шапачка ідзе!

Аднойчы спякла мама піражок і сказала дачцэ:

— Схадзі ты, Чырвоная Шапачка, да бабулі, занясі ёй гэты піражок і гарнушак масла ды даведайся, ці здаровая яна.

Сабралася Чырвоная Шапачка і пайшла да бабулі ў суседнюю вёску. Ідзе яна лесам, а насустрач ёй шэры Воўк. Дужа захацелася яму з’есці Чырвоную Шапачку, ды толькі не асмеліўся ён: дзесьці непадалёку стукалі сякерамі дрывасекі.

Аблізнуўся Воўк і пытаецца ў дзяўчынкі:

— Куды ты ідзеш, Чырвоная Шапачка?

А Чырвоная Шапачка яшчэ не ведала, як гэта небяспечна — спыняцца ў лесе і размаўляць з ваўком. Павіталася яна з Ваўком і кажа:

— Іду да бабулі і нясу ёй вось гэты піражок і гарнушак масла.

— А ці далёка жыве твая бабуля?— пытаецца Воўк.

— Даволі далёка, — адказвае Чырвоная Шапачка. — Вунь у той вёсцы за млынам, у першай хатцы з краю.

— Добра, — кажа Воўк, — мне таксама хочацца наведаць тваю бабулю. Я па гэтай дарозе пайду, а ты ідзі па той, паглядзім, хто з нас хутчэй прыйдзе.

Сказаў гэта Воўк і пабег з усіх ног па самай кароткай дарожцы.

А Чырвоная Шапачка пайшла па самай доўгай дарозе. Ішла яна, не спяшалася, час ад часу спынялася, кветкі рвала і збірала ў букет.

Не паспела яна яшчэ і да млына дайсці, а Воўк тым часам прыбег да бабулінай хаты і стукаецца ў дзверы:

— Стук-стук!

— Хто там? — пытаецца бабуля.

— Гэта я, унучка ваша, Чырвоная Шапачка, — адказвае Воўк тоненькім голасам. — Я да вас у госці прыйшла, піражок прынесла і гарнушак масла.

А бабуля якраз хворая была і ляжала ў ложку. Яна падумала, што гэта і праўда Чырвоная Шапачка, і крыкнула:

— Шмаргані за вяровачку, дзіцятка маё, — дзверы і адчыняцца.

Воўк шмаргануў за вяровачку — дзверы і адчыніліся. Кінуўся Воўк на бабулю і зараз праглынуў яе. Ён быў дужа галодны, бо тры дні нічога не еў. Потым зачыніў дзверы, улёгся на бабулін ложак і пачаў чакаць Чырвоную Шапачку.

Неўзабаве яна прыйшла і пастукалася:

— Стук-стук!

— Хто там? — пытаецца Воўк.

А голас у яго грубы, хрыплы. Чырвоная Шапачка спалохалася спачатку, але потым падумала, што бабуля ахрыпла ад прастуды і таму ў яе такі голас.

— Гэта я, унучка ваша, — кажа Чырвоная Шапачка. — Прынесла вам піражок і гарнушак масла.

Воўк адкашляўся і сказаў тоненька:

— Шмаргані за вяровачку, дзіцятка маё, — дзверы і адчыняцца.

Чырвоная Шапачка шмарганула за вяровачку — дзверы і адчыніліся.

Зайшла дзяўчынка ў дамок, а Воўк схаваўся пад коўдру і кажа:

— Пакладзі, унучка, піражок на стол, гарнушак на паліцу пастаў, а сама прыляж побач са мной. Ты, мусіць, вельмі стамілася.

Чырвоная Шапачка легла побач з ваўком і пытаецца:

— Бабулечка, чаму ў цябе такія вялікія рукі?

— Гэта каб мацней цябе абняць, дзіцятка маё.

— Бабулечка, чаму ў цябе такія вялікія вушы?

Каб лепш чуць, дзіцятка маё.

— Бабулечка, чаму ў цябе такія вялікія вочы?

— Каб лепш бачыць, дзіцятка маё.

— Бабулечка, чаму ў цябе такія вялікія зубы?

— А гэта каб хутчэй з’есці цябе, дзіцятка маё!

Не паспела Чырвоная Шапачка і войкнуць, як люты Воўк накінуўся на яе і праглынуў разам з чаравікамі і чырвонай шапачкай.

Але, на вялікае шчасце, у гэты самы час міма хаткі праходзілі дрывасекі з сякерамі на плячах. Пачулі яны шум, убеглі ў хатку і забілі ваўка. А пасля распаролі яму жывот, і адтуль выйшла Чырвоная Шапачка, а за ёй бабуля— абедзве цэлыя, нібы нічога і не здарылася.






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка