Читаем Детям Чук і Гек




Дата канвертавання25.02.2017
Памер319.51 Kb.

Читаем Детям

Чук і Гек
Аркадзь Гайдар
Пераклаў з рускага Алесь Якімовіч

Жыў чалавек у лесе каля Сініх гор. Ён шмат працаваў, а работы не меншала, і яму нельга было паехаць дадому ў адпачынак.

Нарэшце, калі настала зіма, ён зусім засумаваў, папрасіў дазволу ў начальнікаў і паслаў сваёй жонцы пісьмо, каб яна прыязджала разам з дзецьмі да яго ў госці.

Дзяцей у яго было двое — Чук і Гек.

А жылі яны з маці ў далёкім вялізным горадзе, лепшага за які і няма на свеце.

Удзень і ўночы зіхацелі над вежамі гэтага горада чырвоныя зоркі.

I, вядома, гэты горад называўся Масква.

Якраз у той час, калі паштальён з пісьмом падымаўся па лесвіцы, у Чука з Гекам быў бой. Карацей кажучы, яны проста вылі і біліся.

За што пачалася гэтая бойка, я ўжо забыўся. Але памятаецца мне, што або Чук сцягнуў у Гека пусты карабок з-пад запалак, або, наадварот, Гек сцягнуў у Чука бляшанку з-пад ваксы.

Толькі што абодва гэтыя браты, стукнуўшы па разу адзін аднаго кулакамі, збіраліся стукнуць па другому разу, як загрымеў званок, і яны з трывогай пераглянуліся. Яны падумалі, што прыйшла іх мама. А ў гэтай мамы быў дзіўны характар. Яна не сварылася за бойку, не крычала, а проста разводзіла забіякаў па розных пакоях і цэлую гадзіну, а то і дзве не дазваляла ім гуляць разам. А ў адной гадзіне — цік ды так — цэлых шэсцьдзесят хвілін. А ў дзвюх гадзінах і таго болей.

Вось чаму абодва браты адразу выцерлі слёзы і кінуліся адчыняць дзверы.

Але выявілася, што гэта была не маці, а паштальён, які прынёс пісьмо.

Тады яны закрычалі:

— Гэта пісьмо ад таты! Так, так, ад таты! I ён, напэўна, хутка прыедзе.

Тут, з радасці, яны пачалі падскокваць, бегаць і куляцца па спружыннай канапе. Таму што хоць Масква і самы выдатны горад, але калі тата вось ужо цэлы год як не быў дома, дык і ў Маскве можа зрабіцца сумна.

I так яны развесяліліся, што не заўважылі, як увайшла іх маці.

Яна вельмі здзівілася, убачыўшы, што абодва яе цудоўныя сыны, лежачы на спінах, гарланяць і грукаюць абцасамі па сцяне, ды так заўзята, што трасуцца карціны над канапай і гудзе спружына насценнага гадзінніка.

Але калі маці даведалася аб прычыне такой радасці, дык на сыноў не накрычала.

Яна толькі сагнала іх з канапы.

Сяк-так скінула яна футра і схапіла пісьмо, нават не абтросшы з валасоў сняжынак, якія цяпер расталі і зіхацелі, як іскры, над яе цёмнымі бровамі.

Усім вядома, што пісьмы бываюць вясёлыя або сумныя, і таму пакуль маці чытала, Чук і Гек уважліва сачылі за яе тварам.

Спачатку маці спахмурнела, і яны спахмурнелі таксама. Але потым яна заўсміхалася, і яны вырашылі, што гэта пісьмо вясёлае.

— Бацька не прыедзе, — адкладваючы пісьмо, сказала маці, — у яго яшчэ шмат работы, і яго ў Маскву не адпускаюць. Падманутыя Чук і Гек разгублена глянулі адзін на аднаго.

Пісьмо было самым што ні на ёсць сумным-найсумным.

Яны адразу ж надзьмуліся, засаплі і сярдзіта паглядзелі на матку, якая невядома чаму ўсміхалася.

— Ён не прыедзе, — дадала маці, — але ён кліча нас усіх да сябе ў госці.

Чук і Гек саскочылі з канапы.

— Ён дзівак чалавек, — уздыхнула маці. — Добра сказаць — у госці! Быццам бы гэта сеў на трамвай і паехаў...

— Так, так — шпарка падхапіў Чук, — калі ён кліча, дык мы сядзем і паедзем.

— Ты нічога не разумееш, — сказала маці. — Туды ехаць тысячу і яшчэ тысячу кіламетраў поездам. А потым у санях коньмі праз тайгу. А ў тайзе натрапіш на ваўка або на мядзведзя. I што гэта за дзіўная выдумка! Вы толькі падумайце самі!

— Гэй-гэй! — Чук і Гек не думалі і паўсекунды, а ў адзін голас заявілі, што яны вырашылі ехаць не толькі тысячу, а нават сто тысяч кіламетраў. Ім нічога не страшна. Яны смелыя. I гэта яны ўчора прагналі каменнямі чужога сабаку, які заскочыў на двор.

I так яны гаварылі доўга, размахваючы рукамі, прытупвалі, падскоквалі, а маці сядзела моўчкі, усё іх слухала, слухала. Нарэшце, рассмяялася, схапіла абодвух на рукі, закружыла і пакідала на канапу.

Ведайце, яна даўно ўжо чакала такога пісьма, і гэта яна знарок падражнівала Чука і Гека, таму што вясёлы быў у яе характар.


Мінуў цэлы тыдзень, перш чым маці сабрала іх у дарогу. Чук і Гек часу дарма не трацілі таксама.

Чук змайстраваў сабе кінжал з кухоннага ножыка, а Гек знайшоў сабе гладкую палку, убіў у яе цвік, і атрымалася піка, да таго моцная, што калі б чым-небудзь пракалоць шкуру мядзведзя, а потым ткнуць гэтай пікай у сэрца, дык, вядома, мядзведзь здох бы адразу.

Нарэшце ўсе справы былі скончаны. Ужо запакавалі багаж, прырабілі другі замок да дзвярэй, каб не абакралі кватэру зладзеі. Выкінулі з шафы рэшткі хлеба, мукі і круп, каб не развяліся мышы. I вось маці паехала на вакзал купляць білеты на вячэрні заўтрашні поезд.

Але тут без яе ў Чука з Гекам выйшла сварка.

Ах, калі б толькі ведалі яны, да якой бяды давядзе іх гэтая сварка, дык нізашто б у гэты дзень яны не пасварыліся!

У запаслівага Чука была плоская металічная каробачка, у якой ён хаваў срэбныя паперкі ад чаю, цукерачныя абгорткі (калі там быў намаляваны танк, самалёт або чырвонаармеец), галчыны пёры для стрэлаў, конскі волас для кітайскага фокуса і яшчэ ўсялякія вельмі патрэбныя рэчы.

У Гека такой каробачкі не было. Ды і наогул Гек быў разява, але затое ён умеў спяваць песні.

I вось якраз у той час, калі Чук ішоў даставаць з патайнога месца сваю каштоўную каробачку, а Гек у пакоі спяваў песні, увайшоў паштальён і перадаў Чуку тэлеграму.

Чук схаваў тэлеграму ў сваю каробачку і пайшоў даведацца, чаму гэта Гек ужо не спявае песні, а крычыць:
Р-р! Р-ра! Ура!

Гэй! Гэй! Турумбей!


Чук з цікавасцю прачыніў дзверы і ўбачыў такі «турумбей», што ад злосці ў яго затрэсліся рукі.

Пасярод пакоя стаяла крэсла, а на спінцы яго вісела ўся стыканая пікай, расшматаваная газета. I гэта нічога. Але пракляты Гек, уявіўшы, што перад ім мядзведзева туша, злосна тыкаў пікай у жоўтую кардонку з-пад маміных чаравікаў. А ў кардонцы ў Чука хавалася сігнальная бляшаная дудка, тры каляровыя значкі ад Кастрычніцкіх святаў і грошы — сорак шэсць капеек, якія ён не патраціў, як Гек, на розныя глупствы, а беражліва прыхаваў для далёкай дарогі.

I, убачыўшы прадзіраўленую кардонку, Чук вырваў у Гека піку, пераламаў яе аб калена і шпурнуў на падлогу.

Але, як каршун, наляцеў Гек на Чука і выхапіў у яго з рук металічную каробку. Адным махам узляцеў на падаконнік і выкінуў каробку праз адчыненую фортачку.

Моцна заенчыў пакрыўджаны Чук і з крыкам: «Тэлеграма! Тэлеграма!», у адным паліто, без галёшаў і шапкі, выскачыў за дзверы.

Адчуўшы нядобрае, услед за Чукам памчаў і Гек. Але дарэмна шукалі яны металічную каробачку, у якой ляжала яшчэ нікім не прачытаная тэлеграма.

Ці то яна трапіла ў гурбу і цяпер ляжала глыбока пад снегам, ці то яна ўпала на сцежку і яе падняў які-небудзь прахожы, але, так ці інакш, разам з усім дабром і непрачытанай тэлеграмай каробка навекі прапала.

Вярнуўшыся дадому, Чук і Гек доўга маўчалі. Яны памірыліся ўжо, бо ведалі, што пападзе ім ад маці абодвум. Але таму што Чук быў на цэлы год старэйшы за Гека, дык, баючыся, каб яму не папала больш, ён прыдумаў:

— Ведаеш, Гек, а што, калі мы маме пра тэлеграму нічога не скажам? Падумаеш — тэлеграма! Нам і без тэлеграмы весела.

— Хлусіць няможна, — уздыхнуў Гек. — Мама за хлусню заўсёды яшчэ горш злуецца.

— А мы не будзем хлусіць! — радасна ўсклікнуў Чук. — Калі яна запытаецца, дзе тэлеграма, — мы скажам. Калі ж не запытаецца, дык навошта нам наперад выскокваць? Мы не выскачкі.

— Добра, — згадзіўся Гек. — Калі хлусіць не трэба, дык так і зробім. Гэта ты добра, Чук, прыдумаў. I толькі яны з гэтым згадзіліся, як увайшла маці. Яна была задаволена, таму што дастала добрыя білеты на поезд, але ўсё ж яна адразу заўважыла, што ў яе дарагіх сыноў твары сумныя, а вочы заплаканыя.

— Адказвайце, грамадзяне, — страсаючы снег, спытала маці, — за што без мяне была бойка?

— Бойкі не было, — адмовіўся Чук.

— Не было, — пацвердзіў Гек. — Мы толькі хацелі пабіцца, ды адразу раздумалі.

— Вельмі я люблю такую раздумлівасць, — сказала маці.

Яна распранулася, села на канапу і паказала ім цвёрдыя зялёныя білеты: адзін білет вялікі, а два маленькія. Неўзабаве яны павячэралі, а потым заціх стук, патухла святло, і ўсе паснулі.

А пра тэлеграму маці нічога не ведала, таму, вядома, нічога і не запытала.


* * *
Назаўтра яны паехалі. Але таму што поезд адыходзіў вельмі позна, дык праз чорныя вокны Чук і Гек пры ад'ездзе нічога цікавага не ўбачылі.

Уночы Гек прачнуўся, каб напіцца. Лямпачка на столі была патушана, аднак усё вакол Гека было асветлена блакітным святлом: і шклянка, якая ўздрыгвала на засланым сурвэткай століку, і жоўты апельсін, які здаваўся цяпер зеленаватым, і твар мамы, якая, пакалыхваючыся, спала моцна-моцна. Праз снежнае ўзорнае акно вагона Гек убачыў месяц, ды такі вялізны, якога ў Маскве і не бывае. I тады ён вырашыў, што поезд ужо імчыцца па высокіх гарах, адкуль да месяца бліжэй.

Ён раскатурхаў маму і папрасіў напіцца. Але піць яму яна па адной прычыне не дала, а сказала адламаць і з'есці дольку апельсіна.

Гек пакрыўдзіўся, дольку адламаў, але спаць яму ўжо не захацелася. Ён паштурхаў Чука — ці не прачнецца. Чук сярдзіта фыркаў і не прачынаўся.

Тады Гек надзеў валёнкі, адчыніў дзверы і выйшаў у калідор.

Калідор вагона быў вузкі і доўгі. Каля знадворнай сцяны яго былі прыроблены складаныя лавачкі, якія самі з трэскам падымаліся, калі з іх злезеш. Сюды ж, у калідор, выходзілі яшчэ дзесяць дзвярэй. I ўсе дзверы былі блішчастыя, чырвоныя, з жоўтымі пазалочанымі ручкамі.

Гек пасядзеў на адной лаўцы, потым на другой, на трэцяй і так дабраўся траха не да канца вагона. Але тут прайшоў праваднік з ліхтаром і пасароміў Гека, што людзі спяць, а ён лаўкамі грукае.

Праваднік пайшоў, а Гек паспешліва накіраваўся ў сваё купэ. Ён ледзьве адчыніў дзверы. Асцярожна, каб не пабудзіць маму, зачыніў і кінуўся на мяккую пасцель. А таму што тоўсты Чук разлёгся ва ўсю шырыню, дык Гек бесцырымонна піхнуў яго кулаком, каб той пасунуўся.

Але тут здарылася нешта страшнае: замест белабрысага, круглагаловага Чука на Гека глянуў сярдзіты вусаты твар нейкага дзядзькі, які строга запытаўся:

— Гэта хто ж тут штурхаецца?

Тады Гек залямантаваў што было моцы. Перапалоханыя пасажыры пасаскоквалі з усіх лавак, успыхнула святло, і, убачыўшы, што ён трапіў не ў сваё купэ, а ў чужое, Гек загаласіў яшчэ мацней.

Але ўсе людзі хутка зразумелі, у чым справа, і пачалі смяяцца. Вусаты дзядзька надзеў штаны, ваенную гімнасцёрку і завёў Гека на месца.

Гек прашмыгнуў пад сваю коўдру і заціх. Вагон пагойдвала, шумеў вецер.

Незвычайна велізарны месяц зноў асвятляў блакітным святлом шклянку, што ўздрыгвала па-ранейшаму, жоўты апельсін на белай сурвэтцы і твар маткі, якая спрасонку ад нечага ўсміхалася і зусім не ведала, якая бяда здарылася з яе сынам. Нарэшце заснуў і Гек.


...I сніцца Геку дзіўны сон:

Нібы ажыў увесь вагон,

Нібыта галасы гудуць —

Ад кола кожнага ідуць...

I з паравозам на хаду

Вагоны гутарку вядуць.



Першы. Наперад, брат! Шырэй размах!

Далёкі перад намі шлях.



Другі. Ярчэй свяціце, ліхтары,

Да самай ранішняй зары!



Трэці. Гары, агонь! Гудзі, гудок!

Хутчэй на ўсход імчы, браток!



Чацвёрты. Тады мы толькі адпачым,

Калі да Сініх гор дамчым.


Калі Гек прачнуўся, колы, ужо без усялякіх размоў, мерна пастуквалі пад падлогаю вагона. Праз марозныя вокны свяціла сонца. Пасцелі былі засланы. Вымыты Чук грыз яблык. А мама і вусаты ваенны насупраць адчыненых дзвярэй рагаталі з начных прыгодаў Гека. Чук адразу ж паказаў Геку аловак з наканечнікам з жоўтага патрона, які ён атрымаў у падарунак ад ваеннага.

Але Гек да такіх рэчаў быў незайздрослівы і непрагны. Ён, вядома, быў разява і не такі дасціпны, як Чук. Мала таго, што ён уночы залез у чужое купэ — вось і зараз ён не мог успомніць, куды засунуў свае штаны. Але затое Гек умеў спяваць песні.

Памыўшыся і прывітаўшыся з мамай, ён прыціснуўся лбом да халоднага шкла і пачаў глядзець, што гэта за край, як тут жывуць і што робяць людзі.

I пакуль Чук хадзіў ад дзвярэй да дзвярэй і знаёміўся з пасажырамі, якія ахвотна дарылі яму ўсялякую непатрэбшчыну — хто гумавы корак, хто цвік, хто кавалак кручанай вяроўкі, — Гек за гэты час убачыў праз акно нямала.

Вось лясная хатка. У вялізных валёнках, у адной кашулі і з кошкай у руках выскачыў на ганак хлапчук. Трах! — кошка кулём паляцела ў пушыстую гурбу і, нязграбна карабкаючыся, заскакала па рыхлым снезе. Цікава, за што гэта ён яе кінуў? Напэўна, што-небудзь са стала сцягнула.

Але ўжо няма ні хаткі, ні хлапчука, ні кошкі — стаіць у полі завод. Поле белае, коміны чырвоныя. Дым чорны, а святло жоўтае. Цікава, што на гэтым заводзе робяць? Вось будка, і, апрануты ў кажух, стаіць вартавы. Вартавы ў кажусе, велізарны, шырокі, і вінтоўка яго здаецца тоненькая, як саломінка. Аднак паспрабуй сунься да яго!

Потым пайшоў скакаць лес. Дрэвы, што былі бліжэй, скакалі шпарка, а тыя, што былі далей, варушыліся павольна, нібы іх ціха кружыла слаўная снежная рака.

Гек паклікаў Чука, які вяртаўся ў купэ з багатай здабычай, і яны пачалі глядзець разам.

Сустракаліся на шляху станцыі вялікія, светлыя, на якіх шыпела і пыхкала адразу штук па сто паравозаў; сустракаліся станцыі і зусім малюсенькія — ну, сапраўды, не большыя за той прадуктовы ларок, што гандляваў рознай дробяззю на рагу каля іх маскоўскага дома.

Праляталі насустрач паязды з рудой, вугалем і велізарнымі, таўшчынёй з паўвагона, бярвеннямі.

Дагналі яны эшалон з быкамі і каровамі. Паравозік у гэтага эшалона быў невялікі, і гудок у яго тонкі, пісклявы, а тут адзін бык як зароў — му-у!.. Нават машыніст азірнуўся і, напэўна, падумаў, што гэта яго вялікі паравоз даганяе.

А на адным раз'ездзе бок у бок спыніліся яны побач з магутным жалезным браняпоездам.

Грозна тырчэлі з вежаў накрытыя брызентам гарматы. Чырвонаармейцы весела тупалі, смяяліся і, пляскаючы рукавіцамі, адагравалі рукі.

Але адзін чалавек у скураной куртцы стаяў каля браняпоезда маўклівы і задумлівы. I Чук з Гекам вырашылі, што гэта, вядома, камандзір, які стаіць і чакае, ці не прыйдзе загад ад Варашылава адкрыць супраць ворагаў бой.

Так, нямала ўсяго яны за дарогу пабачылі. Шкада толькі, што на дварэ бушавалі мяцеліцы і вокны вагона часта бывалі зусім залеплены снегам.

I вось нарэшце раніцай поезд падышоў да маленькай станцыі.

Толькі-толькі маці паспела ссадзіць Чука з Гекам і ўзяць ад ваеннага рэчы, як поезд памчаўся далей.

Чамаданы былі паскіданы на снег. Драўляная платформа неўзабаве апусцела, а бацька сустракаць так і не выйшаў.

Тады маці на бацьку раззлавалася і, пакінуўшы дзяцей пільнаваць рэчы, пайшла да фурманоў даведацца, якія па іх бацька прыслаў сані, таму што да таго месца, дзе ён жыў, заставалася ехаць яшчэ кіламетраў сто тайгою.

Маці хадзіла вельмі доўга, а тут яшчэ недалёка з'явіўся страшэнны казёл. Спачатку ён абгрызаў кару з прамерзлага бервяна, але потым непрыемна замэкаў і нешта вельмі пільна пачаў на Чука з Гекам паглядаць.

Тады Чук і Гек паспешліва схаваліся за чамаданы, таму што хто яго ведае, што ў гэтых краях казлам трэба.

Але вось вярнулася маці. Яна была зусім засмучана і растлумачыла, што, напэўна, бацька тэлеграмы аб іх выездзе не атрымаў, а таму коней на станцыю ён па іх не прыслаў.

Тады яны паклікалі фурмана. Фурман доўгаю пугаю перацягнуў казла па спіне, забраў рэчы і панёс іх у буфет вакзала.

Буфет быў маленькі. За перагародкай пыхкаў тоўсты, ростам з Чука, самавар. Ён дрыжаў, гудзеў, і густая пара яго, як воблака, узнімалася да столі з бярвенняў, пад якой чырыкалі вераб'і, што заляцелі сюды пагрэцца.

Пакуль Чук з Гекам пілі чай, маці таргавалася з фурманом: колькі ён возьме, каб завезці іх у лес да месца. Фурман прасіў вельмі многа — цэлых сто рублёў. Ды і то сказаць: дарога і сапраўды была няблізкая.

Нарэшце яны старгаваліся, і фурман пабег дадому па хлеб, па сена і па цёплыя кажухі.

— Бацька і не ведае, што мы прыехалі ўжо, — сказала маці. — Вось жа ён здзівіцца і зарадуецца!

— Так, ён зарадуецца, — п'ючы чай, важна сказаў Чук. — I я здзіўлюся і зарадуюся таксама.

— I я таксама, — згадзіўся Гек. — Мы пад'едзем ціхенька, і калі тата куды-небудзь выйшаў з хаты, дык мы чамаданы схаваем, а самі залезем пад ложак. Вось ён прыходзіць. Сеў. Задумаўся. А мы маўчым, маўчым, ды раптам як завыем!

— Я пад ложак не палезу, — адмовілася маці, — і выць не буду таксама. Лезьце і выйце самі... Навошта ты, Чук, цукар у кішэнь хаваеш? I так у цябе кішэні поўныя, як скрынка для смецця.

— Я коней карміць буду, — спакойна растлумачыў Чук. — Забірай, Гек, і ты кавалак ватрушкі. А то ў цябе ніколі нічога няма. Толькі і ведаеш у мяне выпрошваць!

Неўзабаве прыйшоў фурман. Паклалі ў шырокія сані багаж, падбілі сена, накрыліся коўдрамі, кажухамі.

Бывайце, вялікія гарады, заводы, станцыі, вёскі, пасёлкі! Цяпер наперадзе толькі лес, горы і зноў густы, цёмны лес.
* * *
Траха не да змяркання, вохкаючы, ахкаючы і дзівячыся на цёмную тайгу, яны праехалі непрыкметна. Але вось Чуку, якому з-за спіны фурмана дрэнна была відаць дарога, стала сумна. Ён папрасіў у маці піражка або булкі.

Але ні піражка, ні булкі маці яму, вядома, не дала. Тады ён нахмурыўся і ад няма чаго рабіць пачаў штурхаць Гека і адціскаць яго да краю.

Спачатку Гек цярпліва адпіхваўся. Потым зазлаваў і плюнуў на Чука. Чук узлаваўся і кінуўся ў бойку. Але таму што рукі іх былі сцягнуты цяжкімі кажухамі, дык яны нічога не маглі зрабіць, апрача як стукаць адзін аднаго захутанымі ў башлыкі лбамі.

Паглядзела на іх маці і засмяялася. А тут фурман ударыў пугай па конях — і рванулі коні. Выскачылі на дарогу і замітусіліся два белыя пушыстыя зайцы. Фурман закрычаў:

— Гэй, гэй! Ого-го!.. Сцеражыцеся: раздушым! Весела памчаліся ў лес шустрыя зайцы. Дзьмуў у твар свежы вецер. I, міжвольна прытуліўшыся адзін да аднаго, Чук і Гек памчаліся ў санях з гары, насустрач тайзе і насустрач месяцу, які павольна выпаўзаў з-за недалёкіх ужо сініх гор.

Але вось без усякай каманды коні сталі каля маленькай, засыпанай снегам хаткі.

— Тут начуем, — сказаў фурман, саскокваючы ў снег. — Гэта наша станцыя.

Хатка была маленькая, але моцная. Людзей у ёй не было.

Хутка закіпяціў фурман чайнік; прынеслі з саней сумку з прадуктамі.

Каўбаса да таго замерзла і зацвярдзела, што ёю можна было ўбіваць цвікі. Каўбасу апарылі кіпнем, а кавалкі хлеба паклалі на гарачую пліту.

За печкаю Чук знайшоў нейкую крывую спружыну, і фурман сказаў яму, што гэта спружына ад пасткі, якою ловяць усялякага звера.

Спружына была ржавая і валялася без патрэбы. Гэта Чук скеміў адразу.

Напіліся чаю, пад'елі і ляглі спаць. Ля сцяны стаяў шырокі драўляны ложак. Замест матраца на ім было накідана сухое лісце.

Гек не любіў спаць ні ля сцяны, ні пасярэдзіне. Ён любіў спаць з краю. I хоць яшчэ змалку ён чуў песню «Баю-баюшкі-баю, не кладзіся на краю», Гек усё роўна заўсёды спаў з краю.

Калі ж яго клалі пасярэдзіне, дык спрасонку ён скідаў з усіх коўдры, адбіваўся локцямі і штурхаў Чука ў жывот каленам.

Не распранаючыся і накрыўшыся кажухамі, яны палеглі: Чук ля сценкі, маці пасярэдзіне, а Гек з краю.

Фурман патушыў свечку і палез на печ. Адразу ж усе паснулі.

Але, вядома, як і заўсёды, уночы Геку захацелася піць, і ён прачнуўся.

У паўдрымоце ён надзеў валёнкі, дайшоў да стала, глынуў вады з чайніка і сеў перад акном на табурэтку.

Месяц быў за хмарамі, і праз маленькае акенца гурбы снегу здаваліся чорна-сінімі.

«Вось як далёка занесла нашага тату!» — здзівіўся Гек. I ён падумаў, што, напэўна, далей, чым гэтае месца, ужо і няшмат засталося месц на свеце.

Але вось Гек прыслухаўся. За акном яму здаўся стук. Гэта быў нават не стук, а скрып снегу пад нечымі цяжкімі крокамі. Так і ёсць! Вось у цемені нешта цяжка ўздыхнула, заварушылася, заварочалася, і Гек зразумеў, што гэта міма акна прайшоў мядзведзь.

— Злосны мядзведзь, што табе трэба? Мы так доўга едзем да таты, а ты хочаш нас зжэрці, каб мы яго ніколі не ўбачылі?.. Не, ідзі прэч, пакуль людзі не забілі цябе трапным стрэлам або вострай шабляй!

Так думаў і мармытаў Гек, а сам са страхам і цікаўнасцю мацней і мацней прыціскаўся лбом да абледзянелага шкла вузкага акенца.

Але вось з-за шпаркіх хмар імкліва выкаціўся месяц. Чорна-сінія гурбы зазіхацелі мяккім матавым бляскам, і Гек убачыў, што мядзведзь гэты зусім не мядзведзь, а проста гэта конь, адвязаўшыся, ходзіць вакол саней і есць сена.

Было нядобра. Гек залез на ложак пад кажух, а таму што перад гэтым ён думаў аб нядобрым, дык і сон да яго прыйшоў хмуры.


Прысніўся Геку дзіўны сон:

Як быццам страшны Турварон

Плюе гарачым кіпянём,

Жалезным грозіць кулаком.


Вакол пажар, блішчаць штыкі.

Ідуць фашысцкія палкі.

Пад барабанаў медных бой

Ідуць на нас яны вайной.


«Чакайце! — закрычаў ім Гек. — Вы не туды ідзяце! Сюды няможна!» Але ніхто не пачакаў, і яго, Гека, не слухалі.

У гневе тады выхапіў Гек бляшаную сігнальную дудку, тую, што ляжала ў Чука ў кардонцы з-пад чаравікаў, і загудзеў так моцна, што шпарка ўзняў галаву задумлівы камандзір жалезнага браняпоезда, уладарна махнуў рукой — і адразу ўдарылі залпам яго цяжкія і грозныя гарматы. «Добра! — пахваліў Гек. — Толькі стрэльніце яшчэ, а то аднаго разу ім, відаць, мала...»


* * *
Маці прачнулася ад таго, што абодва яе дарагія сыны з двух бакоў нясцерпна штурхаліся і варочаліся.

Яна павярнулася да Чука і адчула, як у бок ёй ткнула нешта цвёрдае і вострае. Яна памацала і дастала з-пад коўдры спружыну ад пасткі, якую запаслівы Чук цішком прывалок з сабой у пасцель.

Маці шпурнула спружыну пад ложак. Пры святле месяца яна глянула ў твар Геку і зразумела, што яму сніцца трывожны сон.

Сон, вядома, не спружына, і яго нельга выкінуць. Але яго можна патушыць. Маці павярнула Гека са спіны на бок і, пакалыхваючы, ціхенька падзьмула на яго цёплы лоб.

Неўзабаве Гек засоп, усміхнуўся, і гэта азначала, што дрэнны сон патух.

Тады маці ўстала і ў панчохах, без валёнак, падышла да акенца.

Яшчэ не світала, і неба было ўсё ў зорках. Іншыя зоркі гарэлі высока, а іншыя схіляліся над чорнай тайгой зусім нізка.

I — дзіўная справа! — тут жа і гэтак жа, як і маленькі Гек, яна падумала, што далей, чым гэтае месца, куды занесла яе неспакойнага мужа, напэўна, і няшмат засталося месц на свеце.

Увесь наступны дзень дарога ішла лесам і гарамі. На пад'ёмах фурман саскокваў з саней і ішоў па снезе побач. Але затое на крутых спусках сані імчаліся з такой хуткасцю, што Чуку і Геку здавалася, нібы яны разам з коньмі і санямі правальваюцца на зямлю проста з неба.

Нарэшце адвячоркам, калі і людзі і коні ўжо досыць змарыліся, фурман сказаў:

— Ну, вось і прыехалі! За гэтым мыском паварот. Тут, на паляне, і стаіць іхняя база... Гэй, но-о!.. На-ціскай!

Весела завішчаўшы, Чук і Гек усхапіліся, але сані рвануліся, і яны дружна плюхнуліся ў сена.

Вясёлая маці скінула шарсцяную хустку і засталася толькі ў пушыстай шапцы.

Вось і паварот. Сані на ляту павярнуліся і пад'ехалі да трох хатак, якія тырчэлі на невялікім, закрытым ад ветру ўзлеску.

Вельмі дзіўна! Не брахалі сабакі, не было відаць людзей. Не клубіўся дым з комінаў. Усе сцежкі былі засыпаны глыбокім снегам, а вакол стаяла цішыня, як зімой на могілках. I толькі белабокія сарокі без толку скакалі з дрэва на дрэва.

— Ты куды ж нас прывёз? — са страхам спытала ў фурмана маці. — Хіба нам сюды трэба?

— Куды дамаўляліся, туды і прывёз, — адказаў фурман. — Вось гэтыя хаты называюцца «Разведвальна-геалагічная база нумар тры». Ды вось і шыльда на слупе... Чытайце. Можа, вам патрэбна база пад назвай нумар чатыры? Дык тая кіламетраў дзвесце зусім у іншы бок.

— Не, не! — глянуўшы на шыльду, сказала маці. — Нам патрэбна гэтая самая. Але ты паглядзі: замкі на дзвярах, на ганку снег, а куды падзеліся людзі?

— Я не ведаю, куды б ім дзецца, — здзівіўся і сам фурман. — На мінулым тыдні мы сюды прадукты вазілі: муку, цыбулю, бульбу. Усе людзі тут былі: восем чалавек, начальнік дзевяты, з вартаўніком дзесяць... Вось яшчэ клопат! Не ваўкі ж іх усіх паелі... Ды вы пачакайце, я пайду пагляджу ў вартоўню.

I, скінуўшы кажух, фурман пайшоў цераз гурбы да крайняй хаткі.

Неўзабаве ён вярнуўся.

— Хата пустая, а печ цёплая. Значыцца, тут вартаўнік, ды, відаць, пайшоў на паляванне. Ну, да ночы вернецца і ўсё вам раскажа.

— Ды што ён мне раскажа! — ахнула маці. — Я і сама бачу, што людзей тут ужо даўно няма.

— Гэта я ўжо не ведаю, што ён раскажа, — адказаў фурман. — А што-небудзь расказаць павінен, на тое ён і вартаўнік.

3 цяжкасцю пад'ехалі яны да ганка вартоўні, ад якога ў лес вяла вузенькая сцежка.

Яны зайшлі ў сенцы і міма лапат, мётлаў, сякер, палак, міма прамёрзлай мядзведжай шкуры, што вісела на жалезным круку, прайшлі ў хатку. Услед за імі фурман цягнуў рэчы. У хатцы было цёмна. Фурман пайшоў даваць коням корм, а маці моўчкі распранала перапалоханых дзяцей.

— Ехалі к бацьку, ехалі — вось табе і прыехалі!

Маці села на лаўку і задумалася. Што здарылася, чаму на базе пуста і што цяпер рабіць? Ехаць назад? Але ў яе грошай заставалася толькі-толькі заплаціць фурману за дарогу. Значыць, трэба было чакаць, калі вернецца вартаўнік. Але фурман праз тры гадзіны паедзе назад, а раптам вартаўнік возьме ды не хутка вернецца? Тады як? Адсюль жа да бліжэйшай станцыі і тэлеграфа амаль сто кіламетраў!

Увайшоў фурман. Агледзеўшы хату, ён пацягнуў носам паветра, падышоў да печы і адчыніў засланку.

— Вартаўнік да ночы вернецца, — супакоіў ён. — Вунь у печы гаршчок з капустай. Каб ён пайшоў надоўга, ён бы капусту на холад вынес... А то як хочаце, — прапанаваў фурман. — Калі ўжо такая справа, дык я не цурбан. Я вас назад да станцыі без платы давязу.

— Не, — адмовілася маці. — На станцыі нам рабіць няма чаго.

Зноў паставілі чайнік, падагрэлі каўбасу, паелі, папілі, і, пакуль маці разбірала рэчы, Чук з Гекам залезлі на цёплую печ. Тут пахла бярозавымі венікамі, гарачымі аўчынамі і хваёвымі трэскамі. А таму што ад кепскага настрою маці была маўклівая, дык Чук з Гекам маўчалі таксама. Але доўга маўчаць не намаўчышся, і таму, не знайшоўшы сабе ніякага занятку, Чук і Гек хутка моцна заснулі.

Яны не чулі, як паехаў фурман і як маці, залезшы на печ, лягла з імі побач. Яны прачнуліся ўжо тады, калі ў хаце было зусім цёмна. Прачнуліся ўсе разам, таму што на ганку пачуўся тупат, потым нешта ў сенцах загрукала — відаць, упала лапата. Адчыніліся дзверы, і з ліхтаром у руках у хату ўвайшоў вартаўнік, а з ім вялікі калматы сабака.

Вартаўнік скінуў з пляча стрэльбу, кінуў на лаўку забітага зайца і, узнімаючы ліхтар, запытаўся:

— Гэта што ж за госці сюды прыехалі?

— Я жонка начальніка геалагічнай партыі Сярогіна, — сказала маці, саскокваючы з печы, — а гэта яго дзеці. Калі трэба, дык вось дакументы.

— Вось яны, дакументы: сядзяць на печы, — буркнуў вартаўнік і пасвяціў ліхтаром на ўстрывожаныя твары Чука і Гека. — Як ёсць у бацьку — копія! Асабліва вось гэты тоўсты, — і ён ткнуў на Чука пальцам.

Чук і Гек пакрыўдзіліся: Чук — таму, што яго назвалі тоўстым, а Гек — таму, што ён заўсёды лічыў сябе падобным на бацьку больш, чым Чук.

— Вы чаго, скажыце, прыехалі? — зірнуўшы на матку, спытаўся вартаўнік. — Вам жа прыязджаць было не загадана.

— Як — не загадана? Кім гэта не загадана?

— А так і не загадана. Я сам на станцыю вазіў ад Сярогіна тэлеграму, а ў тэлеграме ясна напісана: «Затрымайся выязджаць на два тыдні. Наша партыя тэрмінова выходзіць у тайгу». Калі Сярогін піша «затрымайся» — значыцца, і трэба было затрымацца, а вы самавольнічаеце.

— Якую тэлеграму? — перапытала маці. — Мы ніякай тэлеграмы не атрымлівалі. — I, нібы шукаючы падтрымкі, яна разгублена глянула на Чука і Гека.

Але пад яе позіркам Чук і Гек, спалохана вытарашчыўшы адзін на аднаго вочы, паспешліва пасунуліся глыбей на печ.

— Дзеці, — падазрона глянуўшы на сыноў, спытала маці, — вы тэлеграмы не атрымлівалі?

На печы захрусталі сухія трэскі, венікі, але адказу на пытанне не было.

— Адказвайце, мучыцелі! — сказала тады маці. — Вы, напэўна, без мяне атрымалі тэлеграму і мне яе не аддалі?

Мінула яшчэ некалькі секунд, потым з печы пачуўся роўны і дружны плач. Чук зацягнуў басавіта і аднатонна, а Гек выводзіў танчэй і з пералівамі.

— Вось дзе мая пагібель! — усклікнула маці. — Вось хто, канечне, звядзе мяне ў магілу! Ды перастаньце вы гудзець і раскажыце толкам, як гэта здарылася.

Аднак, пачуўшы, што маці збіраецца ісці ў магілу, Чук з Гекам зараўлі яшчэ мацней, і мінула нямала часу, пакуль, перапыняючы і бессаромна спіхваючы віну адзін на аднаго, яны распачалі сваё сумнае апавяданне.
* * *
Ну што з такім народам будзеш рабіць? Набіць іх палкай? Пасадзіць у турму? Закаваць у кайданы і адправіць на катаргу?

Не, нічога гэтага маці не зрабіла. Яна ўздыхнула, загадала сынам злезці з печы, выцерці насы і памыцца, а сама пачала пытацца ў вартаўніка, як жа ёй цяпер быць і што рабіць.

Вартаўнік сказаў, што разведвальная партыя па тэрміноваму загаду выйшла да цясніны Алкараш і вернецца не раней чым дзён праз дзесяць.

— Але як жа мы гэтыя дзесяць дзён жыць будзем? — спытала маці. — У нас жа з сабой няма ніякага запасу.

— А так вось і жывіце, — адказаў вартаўнік. — Хлеба я вам дам, вунь падару зайца — абдзярыце і зварыце. А я заўтра на двое сутак у тайгу пайду: мне пасткі правяраць трэба.

— Нядобра, — сказала маці. — Як жа мы застанёмся адны? Мы тут нічога не ведаем. А тут лес, звяры...

— Я другую стрэльбу пакіну, — сказаў вартаўнік. — Дровы пад паветкай, вада ў крыніцы за ўзгоркам. Вунь крупы ў мяшку, соль у слоіку. А мне — я вам проста скажу — няньчыцца з вамі таксама няма калі...

— Гэтакі злосны дзядзька! — прашаптаў Гек. — Давай, Чук, мы з табой яму што-небудзь скажам.

— Вось яшчэ! — адмовіўся Чук. — Ён тады возьме і зусім нас з хаты прагоніць. Ты пачакай, прыедзе тата, мы яму ўсё і раскажам.

— Што ж тата! Тата яшчэ доўга...

Гек падышоў да маці, сеў да яе на калені і, насупіўшы бровы, строга паглядзеў у твар недалікатнаму вартаўніку.

Вартаўнік зняў кажух і падсеў да стала, да святла.

I толькі тут Гек разгледзеў, што ад пляча да спіны кажуха вырваны вялізны, амаль да пояса, кавалак аўчыны.

— Дастань з печы капусту, — сказаў матцы вартаўнік. — Вунь на палічцы лыжкі, міскі, садзіцеся і ешце. А я кажух латаць буду.

— Ты гаспадар, — сказала маці. — Ты дастань, ты і частуй. А кажух дай: я лепш за цябе залатаю.

Вартаўнік узняў на яе вочы і сустрэў суровы позірк Гека.

— Эге! Ды вы, бачу я, упартыя, — прабурчаў ён, падаў матцы кажух і палез па посуд на палічку.

— Гэта дзе так разарвалася? — спытаў Чук, паказваючы на дзірку ў кажусе.

— 3 мядзведзем не паладзілі. Вось ён мне і драпнуў, — нехаця адказаў вартаўнік ды бухнуў на стол цяжкі гаршчок капусты.

— Чуеш, Гек? — сказаў Чук, калі вартаўнік выйшаў у сенцы. — Ён пабіўся з мядзведзем і, мусіць, ад гэтага сёння такі злосны.

Гек чуў усё сам. Але ён не любіў, каб хто-небудзь крыўдзіў яго маці, хоць бы гэта быў нават чалавек, які мог пасварыцца і пабіцца з самім мядзведзем.
* * *
Раніцай, яшчэ на досвітку, вартаўнік узяў з сабой мяшок, стрэльбу, сабаку, стаў на лыжы і пайшоў у лес. Цяпер гаспадарыць трэба было самім.

Утраіх хадзілі яны па ваду. За ўзгоркам сярод снегу была крыніца. Ад вады ішла густая пара, але калі Чук падставіў пад струмень палец, дык выявілася, што вада халадней самога марозу.

Потым яны насілі дровы. Рускую печ маці распальваць не ўмела, і таму дровы доўга не разгараліся. Але затое калі разгарэліся, дык полымя запалала так горача, што тоўсты лёд на акне ў супрацьлеглай сценцы хутка растаў. I цяпер праз шкло відаць быў і ўвесь узлесак з дрэвамі, па якіх скакалі сарокі, і скалістыя вяршыні Сініх гор.

Курэй маці патрашыць умела, але абдзіраць зайца ёй яшчэ не даводзілася, і яна з ім прамарудзіла столькі, што за гэты час можна было абадраць і разабраць быка або карову.

Геку гэтае абдзіранне зусім не спадабалася, але Чук памагаў ахвотна, і за гэта яму маці дала заечы хвост, лёгкі і пушысты, што калі яго кідаць з печы, дык ён падаў на падлогу плаўна, як парашут.

Пасля абеду яны ўсе ўтраіх выйшлі гуляць.

Чук угаворваў маці, каб яна ўзяла з сабой стрэльбу або хоць бы патроны. Але маці стрэльбы не ўзяла.

Наадварот, яна знарок павесіла стрэльбу на высокі крук, потым стала на табурэтку, засунула патроны на верхнюю палічку і папярэдзіла Чука, што калі ён паспрабуе сцягнуць хоць адзін патрон з палічкі, дык на добрае жыццё хай больш не спадзяецца.

Чук пачырванеў і паспешліва адышоўся, таму што адзін патрон ужо ляжаў у яго кішэні.

Цудоўная гэта была прагулка! Яны ішлі адзін за адным да крыніцы па вузенькай сцежцы. Над імі ззяла халоднае блакітнае неба; нібы казачныя палацы і вежы, узнімаліся ў неба вастраверхія кручы Сініх гор.

У марознай цішыні прарэзліва стракаталі цікаўныя сарокі. Паміж густых кедравых галін спрытна скакалі шэрыя шустрыя вавёркі. Пад дрэвамі на мяккім белым снезе адбіліся дзівосныя сляды незнаёмых звяроў і птушак.

Вось у тайзе штосьці застагнала, загудзела, трэснула. Відаць, ломячы сукі, упала з верхавіны дрэва гара абледзянелага снегу.

Раней, калі Гек жыў у Маскве, яму ўяўлялася, што ўся зямля складаецца з Масквы, гэта значыць, з вуліц, дамоў, трамваяў і аўтобусаў.

Цяпер жа яму здавалася, што ўся зямля складаецца з высокага густога лесу.

Ды і наогул, калі над Гекам свяціла сонца, дык ён быў упэўнены, што і над усёй зямлёй ні дажджу, ні хмар няма.

I калі яму было весела, дык ён думаў, што і ўсім на свеце людзям добра і весела таксама.


* * *
Мінула два дні, настаў трэці, а вартаўнік з лесу не вяртаўся, і трывога навісла над маленькай, засыпанай снегам хаткай.

Асабліва страшна было вечарамі і начамі. Яны моцна запіралі сенцы, дзверы і, каб не прывабіць звяроў святлом, наглуха завешвалі посцілкамі вокны, хоць трэба было рабіць зусім наадварот, бо звер — не чалавек і ён агню баіцца. Над комінам, як і належыць, гудзеў вецер, а калі завіруха хвастала вострымі снежнымі льдзінкамі па сцяне і вокнах, дык усім здавалася, што знадворку нехта варушыцца і драпаецца.

Яны залезлі спаць на печ, і там маці доўга расказвала ім розныя гісторыі і казкі. Нарэшце яна задрамала.

— Чук, — спытаў Гек, — чаму чараўнікі бываюць у розных гісторыях і казках? А што, калі б яны былі і сапраўды?

— I ведзьмы і чэрці каб былі таксама? — спытаў Чук. — Ды не! — незадаволена адмахнуўся Гек. — Чарцей не трэба. Які з іх толк? А мы б папрасілі чараўніка, ён злётаў бы да таты і сказаў яму, што мы даўно прыехалі.

— А на чым бы ён паляцеў, Гек?

— Ну, на чым... Замахаў бы рукамі або там яшчэ як. Ён ужо сам ведае.

— Цяпер рукамі махаць холадна, — сказаў Чук. — У мяне вунь якія пальчаткі ды рукавіцы, ды і то, калі я цягнуў палена, у мяне пальцы зусім змерзлі.

— Не, ты скажы, Чук, а ўсё-такі добра было б?

— Я не ведаю, — няўпэўнена адказаў Чук. — Памятаеш, на двары, у падвале, дзе жыве Мішка Крукаў, жыў нейкі кульгавы. То ён прадаваў абаранкі, то да яго прыходзілі ўсякія бабы, старыя, і ён ім гадаў, каму будзе жыццё шчаслівае і каму нешчаслівае.

— Я не ведаю. Я ведаю толькі, што потым прыйшла міліцыя, яго забралі, а з яго кватэры шмат чужога дабра выцягнулі.

— Дык ён, відаць, быў не чараўнік, а жулік. Ты як думаеш?

— Вядома, жулік, — згадзіўся Чук. — Ды, я так думаю, і ўсе чараўнікі павінны быць жулікамі. Ну, скажы, навошта яму працаваць, калі ён і так у кожную дзірку пралезці можа? Ведай толькі хапай што трэба... Ты б лепш спаў, Гек, усё роўна я з табой больш размаўляць не буду.

— Чаму?


— Таму, што ты вярзеш усякае глупства, а ўночы яно табе сасніцца, ты і пачнеш локцямі ды каленямі дрыгаць. Думаеш, добра, як ты мне ўчора кулаком у жывот бухнуў? Дай вось я табе бухну таксама...
* * *
Раніцай чацвёртага дня мацеры самой давялося калоць дровы. Заяц быў даўно з'едзены, і косці яго расхапаны сарокамі. На абед яны варылі толькі кашу з алеем і цыбуляй. Хлеба заставалася мала, але маці знайшла муку і напякла праснакоў.

Пасля такога абеду Гек быў сумны, і мацеры здалося, што ў яго павышана тэмпература.

Яна загадала яму сядзець дома, апранула Чука, узяла вёдры, санкі, і яны выйшлі, каб прывезці вады і заадно назбіраць на ўзлеску сучкоў і галля, — тады раніцай лягчэй будзе распальваць у печы.

Гек застаўся адзін. Ён чакаў доўга. Яму стала сумна, і ён пачаў штосьці прыдумваць.

А маці і Чук затрымаліся. Па дарозе назад санкі перавярнуліся, вядро перакулілася, і давялося ехаць да крыніцы зноў. Потым выявілася, што Чук на ўзлеску забыў цёплую рукавіцу, і з паўдарогі прыйшлося вяртацца. Пакуль шукалі, пакуль тое ды сёе, — змерклася.

Калі яны вярнуліся дадому, Гека ў хаце не было. Спачатку яны падумалі, што Гек схаваўся на печы за аўчынамі. Не, там яго не было.

Тады Чук хітра ўсміхнуўся і шапнуў маці, што Гек, вядома, залез пад печ.

Маці раззлавалася і загадала Геку вылазіць. Гек не адгукаўся.

Тады Чук узяў доўгія вілкі і пачаў імі пад печчу варочаць. Але і там Гека не было.

Маці ўстрывожылася, глянула на цвік ля дзвярэй. Ні кажушок Гекаў, ні шапка на цвіку не віселі.

Маці выйшла на двор, абышла вакол хаткі. Зайшла ў сенцы, запаліла ліхтар. Заглянула ў цёмную кладоўку, пад паветку з дровамі...

Яна клікала Гека, лаяла, упрошвала, але ніхто не адгукаўся. А цемень хутка клалася на гурбы.

Тады маці забегла ў хату, схапіла са сцяны стрэльбу, дастала патроны, узяла ліхтар і, крыкнуўшы Чуку, каб ён нікуды не выходзіў, выбегла на двор.

Слядоў за чатыры дні было натаптана нямала.

Дзе шукаць Гека, маці не ведала, але яна пабегла да дарогі, бо не верыла, каб Гек адзін мог асмеліцца зайсці ў лес.

На дарозе было пуста. Яна ўклала патрон у стрэльбу і стрэліла. Прыслухалася, стрэліла яшчэ і яшчэ раз.

Раптам зусім недалёка грымнуў стрэл у адказ. Нехта спяшаўся да яе на дапамогу. Яна хацела бегчы насустрач, але яе валёнкі ўвязлі ў гурбе. Ліхтар трапіў у снег, шкло трэснула, і святло патухла.

3 ганка вартоўні пачуўся страшэнны крык Чука.

Гэта, пачуўшы стрэлы, Чук вырашыў, што ваўкі, якія зжэрлі Гека, напалі на яго матулю.

Маці адкінула ліхтар і, задыхаючыся, пабегла назад. Яна ўпіхнула раздзетага Чука ў хату, шпурнула стрэльбу ў кут і, зачэрпаўшы каўшом, глынула ледзяной вады.

Ля ганка пачуўся гром і стук. Расчыніліся дзверы. У хату ўскочыў сабака, а за ім увайшоў ахутаны параю вартаўнік.

— Што за бяда? Што за страляніна? — спытаўся ён, не вітаючыся і не распранаючыся.

— Прапаў хлопчык, — сказала маці. Слёзы ручаём хлынулі з яе вачэй, і яна не магла сказаць ні слова.

— Чакай, не плач, — гаркнуў вартаўнік. — Калі прапаў? Даўно? Нядаўна?.. Назад, Смелы! — крыкнуў ён да сабакі. — Ды гаварыце ж, а то я пайду назад!

— Гадзіну таму назад, — адказала маці. — Мы хадзілі па ваду. Мы прыйшлі, а яго няма. Ён апрануўся і некуды пайшоў.

— Ну, за гадзіну ён далёка не зойдзе, а ў кажусе і ў валёнках адразу не замерзне... Да мяне, Смелы! На, нюхай.

Вартаўнік сарваў з цвіка башлык і падсунуў пад нос сабаку Гекавы галошы.

Сабака пільна абнюхаў рэчы і разумнымі вачыма паглядзеў на гаспадара.

— За мной! — расчыняючы дзверы, сказаў вартаўнік. — Ідзі шукай, Смелы!

Сабака завіляў хвастом і застаўся стаяць на месцы.

— Наперад! — строга паўтарыў вартаўнік. — Шукай, Смелы, шукай!

Сабака неспакойна круціў носам, пераступаў з нагі на нагу і не ішоў.

— Гэта яшчэ што за скокі? — раззлаваўся вартаўнік. I, зноў сунуўшы сабаку пад нос башлык і галошы Гека, ён тузануў яго за ашыйнік.

Аднак Смелы за вартаўніком не пайшоў; ён пакруціўся, павярнуўся і пайшоў у супрацьлеглы ад дзвярэй кут хаты.

Тут ён спыніўся каля вялікага дашчанага куфра, драпнуў па накрыўцы калматай лапай і, павярнуўшыся да гаспадара, тры разы гучна і неахвотна гаўкнуў.

Тады вартаўнік сунуў стрэльбу ў рукі збянтэжанай матцы, падышоў і адчыніў накрыўку куфра.

У куфры, на кучы ўсялякага рыззя, аўчын, мяшкоў, накрыўшыся сваім кажушком і падклаўшы пад галаву шапку, моцна і спакойна спаў Гек.

Калі яго выцягнулі і пабудзілі, дык, міргаючы соннымі вачыма, ён ніяк не мог зразумець, з якой гэта прычыны вакол яго такі шум і такая буйная весялосць. Маці цалавала яго і плакала. Чук тузаў яго за рукі, за ногі, падскокваў і крычаў:

— Гэй-ля! Гэй-лі-ля!..

Калматы сабака Смелы, якога Чук пацалаваў у морду, збянтэжана адвярнуўся і, таксама нічога не разумеючы, ціхенька віляў шэрым хвастом, з замілаваннем паглядаючы на акрайчык хлеба, які ляжаў на стале.

Выявілася, што калі маці і Чук хадзілі па ваду, дык Гек, якому стала сумна, надумаўся пажартаваць. Ён забраў кажушок, шапку і залез у сундук. Ён вырашыў, што калі яны вернуцца і пачнуць яго шукаць, дык ён з куфра страшна завые. Але таму што маці і Чук хадзілі вельмі доўга, дык ён ляжаў, ляжаў і непрыкметна заснуў.

Раптам вартаўнік устаў, падышоў і бразнуў на стол цяжкі ключ і пакамечаны блакітны канверт.

— Вось, — сказаў ён, — атрымлівайце. Гэта вам ключ ад пакоя і ад кладоўкі і пісьмо ад начальніка Сярогіна. Ён з людзьмі тут будзе праз чацвёра сутак, якраз к Новаму году.

Дык вось ён дзе прападаў, гэты няветлівы, хмуры стары! Сказаў, што ідзе на паляванне, а сам бегаў на лыжах да далёкай цясніны Алкараш.

Не раскрываючы пісьма, маці ўстала і з удзячнасцю паклала старому на плячо руку.

Ён нічога не адказаў і пачаў бурчаць на Гека за тое, што той рассыпаў у куфры карабок з пыжамі, а заадно і на маці — за тое, што яна разбіла шкло ў ліхтары. Ён бурчаў доўга і ўпарта, але ніхто цяпер гэтага добрага дзівака не баяўся. Увесь гэты вечар маці не адыходзіла ад Гека і, ледзь што якое, хапала яго за руку, нібы баялася, што вось-вось ён зноў куды-небудзь знікне. I гэтак уважліва яна аб ім клапацілася, што нарэшце Чук пакрыўдзіўся і сам сабе ўжо некалькі разоў пашкадаваў, што і ён не палез у сундук таксама.


* * *
Цяпер стала весела. Назаўтра раніцай вартаўнік адамкнуў пакой, дзе жыў іх бацька. Ён горача напаліў печ і перанёс сюды ўсе іх рэчы. Пакой быў вялікі, але ўсё ў ім было расстаўлена і накідана без ладу.

Маці адразу ж узялася прыбіраць пакой. Цэлы дзень яна ўсё перастаўляла, скрэбла, мыла, чысціла. I калі адвячоркам вартаўнік прынёс вязку дроў, дык, здзіўлены пераменаю і незвычайнай чысцінёю, ён спыніўся і не пайшоў далей парога.

А сабака Смелы пайшоў.

Ён пайшоў проста па свежавымытай падлозе, падышоў да Гека і ткнуў яго халодным носам. Вось, маўляў, дурніца, гэта я цябе знайшоў, і за гэта ты павінен даць мне што-небудзь паесці.

Маці раздобрылася і кінула Смеламу кавалак каўбасы. Тады вартаўнік забурчаў і сказаў, што калі ў тайзе сабак карміць каўбасой, дык гэта сарокам на смех.

Маці адрэзала і яму паўкруга. Ён сказаў «дзякуй» і пайшоў, усё нечаму дзівячыся і ківаючы галавой.


* * *
На наступны дзень вырашылі рыхтаваць да Новага года ёлку.

3 чаго-чаго толькі не выдумлялі яны майстраваць цацкі!

Яны павыдзіралі ўсе каляровыя малюнкі са старых часопісаў. 3 ласкутоў і ваты панашывалі звяркоў, лялек. Дасталі ў бацькі са скрынкі ўсю папяросную паперу і нарабілі прыгожых кветак.

Ужо на што хмуры і нелюдзімы быў вартаўнік, а і той, калі прыносіў дровы, падоўгу спыняўся ля дзвярэй і дзівіўся на іх усё новыя і новыя выдумкі. Нарэшце ён не вытрымаў. Ён прынёс ім срэбную паперу, якой быў абгорнуты чай, і вялікі кавалак воску, што застаўся ў яго ад шавецкай справы.

Гэта было цудоўна! I цацачная фабрыка адразу ператварылася ў свечачны завод. Свечкі былі нязграбныя, няроўныя. Але гарэлі яны гэтак жа ярка, як і самыя сапраўдныя, куплёныя.

Цяпер справа была за ёлкай. Маці папрасіла ў вартаўніка сякеру, але ён нічога на гэта ёй нават не адказаў, а стаў на лыжы і пайшоў у лес.

Праз паўгадзіны ён вярнуўся.

Добра! Няхай цацкі былі і не такія ўжо прыгожыя, няхай зайцы, пашытыя з ласкутоў, былі падобныя на кошак, няхай усе лялькі былі на адзін твар — прастаносыя і лупавокія — і няхай, нарэшце, яловыя шышкі, абгорнутыя срэбнай паперай, не так зіхацелі, як крохкія і тонкія шкляныя цацкі, але затое такой ёлкі ў Маскве, вядома, ні ў кога не было. Гэта была сапраўдная таежная прыгажуня — высокая, густая, прамая і з галінкамі, якія разыходзіліся на канцах, нібы зорачкі.


* * *
Чатыры дні за работай праляцелі непрыкметна. I вось настаў пярэдадзень Новага года.

Ужо з раніцы Чука і Гека нельга было загнаць дадому. 3 пасінелымі насамі яны тарчалі на марозе, чакаючы, што вось-вось з лесу выйдзе бацька і ўсе яго людзі. Але вартаўнік, які паліў у лазні, сказаў ім, каб яны не мерзлі дарэмна, таму што ўся партыя вернецца толькі ў абед.

I сапраўды. Толькі што яны селі за стол, як вартаўнік пастукаў у акенца. Сяк-так апрануўшыся, усе ўтраіх яны выйшлі на ганак.

— Цяпер глядзіце, — сказаў ім вартаўнік, — вось яны зараз пакажуцца на схіле той гары, што правей вялікай вяршыні, потым зноў знікнуць у тайзе, і тады праз паўгадзіны ўсе будуць дома.

Так яно і сталася. Спачатку з-за перавалу выскачыла сабачая запрэжка з гружанымі санямі, а за ёю следам прамчаліся быстраходныя лыжнікі.

У параўнанні з веліччу гор яны здаваліся да смешнага маленькімі, хоць адгэтуль былі выразна відаць іх рукі, ногі і галовы.

Яны прамільгнулі па голым схіле і зніклі ў лесе.

Роўна праз паўгадзіны пачуліся брэх сабак, шум, скрып, крыкі.

Адчуўшы дом, галодныя сабакі шпарка выбеглі з лесу. А за імі, не адстаючы, выскачылі на ўзлесак дзевяць лыжнікаў. I, убачыўшы на ганку маці, Чука і Гека, яны на бягу паднялі лыжныя палкі і моцна закрычалі: «Ура!»

Тады Гек не вытрымаў, саскочыў з ганка і, зачэрпваючы снег валёнкамі, памчаўся насустрач высокаму, заросламу барадой чалавеку, які бег наперадзе і крычаў «ура» мацней за ўсіх.


* * *
Удзень чысціліся, галіліся і мыліся.

А ўвечары была для ўсіх ёлка, і ўсе дружна сустракалі Новы год.

Калі быў накрыты стол, патушылі лямпу і запалілі свечкі. Але таму што апрача Чука з Гекам астатнія ўсе былі дарослыя, дык яны, канечне, не ведалі, што цяпер трэба рабіць.

Добра, што ў аднаго чалавека быў баян і ён зайграў вясёлы танец. Тады ўсе паўсхопліваліся і ўсім захацелася танцаваць. I ўсе танцавалі вельмі выдатна, асабліва калі запрашалі на танец маму.

А бацька танцаваць не ўмеў. Ён быў вельмі дужы, дабрадушны, і калі ён без усякіх танцаў проста ступаў па падлозе, дык і то ў шафе звінела ўся пасуда.

Ён пасадзіў сабе Чука з Гекам на калені, і яны гучна пляскалі ўсім у ладкі.

Потым танец скончыўся, і людзі папрасілі, каб Гек праспяваў песню. Гек не адмаўляўся. Ён і сам ведаў, што ўмее спяваць песні, і ганарыўся гэтым.

Баяніст падыгрываў, а ён ім праспяваў песню. Якую — я ўжо зараз не памятаю. Памятаю, што гэта была вельмі добрая песня, таму што ўсе людзі, слухаючы яе, змоўклі і прыціхлі. I калі Гек спыняўся, каб перадыхнуць, дык было чуваць, як патрэсквалі свечкі і гудзеў за акном вецер.

А калі Гек скончыў песню, дык усе зашумелі, закрычалі, падхапілі Гека на рукі і пачалі падкідваць. Але маці зараз жа адабрала ў іх Гека, таму што яна баялася, каб хаця знячэўку яго не стукнулі аб драўляную столь.

— Цяпер садзіцеся, — глянуўшы на гадзіннік, сказаў бацька. — Цяпер пачнецца самае галоўнае.

Ён пайшоў і ўключыў радыёпрыёмнік. Усе селі і замоўклі.

Спачатку было ціха. Але вось пачуліся шум, гул, гудкі. Потым нешта стукнула, зашыпела, і аднекуль здалёк даляцеў меладычны звон.

Вялікія і маленькія званы званілі так:
Цір-ліль-лілі-дон!

Цір-ліль-лілі-дон!


Чук з Гекам пераглянуліся. Яны ўгадалі, што гэта. Гэта ў далёкай-далёкай Маскве, пад чырвонай зоркай, на Спаскай вежы званіў залаты крамлёўскі гадзіннік.

I гэты звон — перад Новым годам — зараз слухалі людзі і ў гарадах, і ў гарах, у стэпах, у тайзе, на сінім моры.

I, вядома, задумлівы камандзір браняпоезда, той, што нястомна чакаў загаду ад Варашылава, каб адкрыць супраць ворагаў бой, чуў гэты звон таксама.

I тады ўсе людзі ўсталі, павіншавалі адзін аднаго з Новым годам і пажадалі ўсім шчасця.



Што такое шчасце — гэта кожны разумеў па-свойму. Але ўсе разам людзі ведалі і разумелі, што трэба чэсна жыць, шмат працаваць і моцна любіць і берагчы гэтую велізарную шчаслівую зямлю, якая завецца Савецкай краінай.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка