Читаем Детям Дзіўны кот




Дата канвертавання29.03.2018
Памер22.52 Kb.

Читаем Детям

Дзіўны кот
Васіль Шырко
Усе вы, канешне, ведаеце, што я, мажліва, адзіны фермер у Беларусі, які зёлкі ад немачы і скрухі вырошчвае, а не толькі збожжа і бульбу. Цуд-зелле — жэньшэнь, рамонкі, васількі, галаўню… Можа, тысячам людзей вярнулі здароўе мае травы. Адзін святаяннік ад тысячы хвароб памагае. У народзе кажуць: «Як без мукі нельга хлеб спячы, так без яго хваробу вылечыць…»

Нават звяры і хатнія жывёлы травамі лечацца. Відаць, і вы бачылі, як сабака шчаўе есць, а кот нейкія карэньчыкі жуе. Значыць, патрабуе арганізм. Я сам ніколі не лячыўся таблеткамі і ўколамі, усё настоі з траў піў, можа, і жыву таму так доўга. Яшчэ і сёння на печы не сяджу…

Не так даўно мяне на злёт выклікалі, каб распавёў, як мы травы вырошчваем.

Трэба дык трэба. Адзеўся я, гэта, чыста. Ордэны і медалі пачапіў… Іду па райцэнтры, вітрыны разглядаю… Не спяшаю: ёсць вольны час. Дай, думаю, у кніжны заскочу: можа, новае што з'явілася.

Іду, бачу, нейкі кот за мной увязаўся: сам чорны, шыя белая. Куды я — туды ён. Я прыбавіў ходу — не адстае, прысеў на лаўку ў скверыку — побач прыпыніўся. Ці не памроілася, думаю. Сто гадоў жыву, а ніколі не чуў, каб каты за чалавекам бегалі. Заплюшчыў вочы, расплюшчыў: сядзіць, аблізваецца. Трэба ратавацца, рашыў. Ці не смерць за табой, Манюкін, ходзіць. Падняўся я з лаўкі і — бягом. Людзі аглядваюцца, пальцам каля скроні круцяць: маўляў, звіхнуўся стары з розуму. А я тым часам сігануў за нейкі вугал, адтуль у вулачку забег, а там да кніжнага паджгаў. Аглянуўся: быццам адстаў мой кот. Выцер гэта я ўзмакрэлы лоб хусцінкай і ў магазін зайшоў. Купіў мемуары партызана, пагутарыў з прадаўцамі і назад пайшоў.

Толькі высунуўся за парог — кот мой тут як тут. Пазірае ў вочы і хвастом махае. Дакарае, відаць, за ўцёкі.

— I чаго ты хочаш? — пытаю. — Булкі ў мяне няма, скварку з сабой не браў — у сталовай паабедаю. Ідзі сваёй дарогай, а я сваёй.

Глянуў на гадзіннік — пара.

— Ну, будзь здароў, — кажу.

На злёце мне грамату ўручылі, каштоўны падарунак.

— Жадаем, — кажуць, — яшчэ сто гадоў жыць і маладзець.

— Рад бы, — гавару, — спадарочкі. Ды ці не смерць па пятах за мной ходзіць?

Ну, і расказаў пра таго ката. Усе ў рогат:

— Жартаўнік, дзед.

— Ага, — кажу, — жартаўнік. А вы ў акно паглядзіце. Можа, кот той і зараз сядзіць, чакае.

Усе да акна тут.

— I праўда, — кажуць, — сядзіць…

Бачу, прыціхлі, не да смеху. Тут мне аграном шклянку вады паднёс… Здзіўлена так на мяне глянуў:

— Ты не піў, дзядуля, валяр'янкі? Я, вядома, пакрыўдзіўся:

— Сэрца ў мяне, малады чалавек, як гадзіннік…

— А на ток не заходзіў, дзе корань сушыцца?

— Быў, вядома. Недагледзь — мігам корань перасушаць ці сырым упакуюць.

Усе абступілі нас, слухаюць: цікава, куды гэта аграном хіліць.

Пакажыце, дзеду, боты, — просіць. Чаму не паказаць. Глянуў ён ды як зарагоча.

— Пылок валяр'янавы прыстаў, — кажа, — добра, што за вамі адзін кот увязаўся, а не дзесяць.

Тут і палеглі ўсе ад смеху… Кот валяр'янку ўчуў, таму і хадзіў па пятах. Надта ўжо любяць яе каты. I як гэта я, стары дурань, сам не здагадаўся? Вось як, убрыкні вас качкі, бывае.






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка