Читаем Детям Экзамен




Дата канвертавання03.09.2018
Памер25.57 Kb.

Читаем Детям

Экзамен
Алесь Пальчэўскі
Аднае нядзелі ўвосень Юрка ўпрасіўся з'ездзіць з татам на кірмаш. Дзесяцігадоваму хлопчыку не толькі хацелася паглядзець раённы гарадок: ён спадзяваўся прыдбаць к зіме новую шапку.

Шмат чаго купіць наказала жонка Данілу: бочку для капусты, бо ў ранейшай падгнілі клёпкі, і ацынкаваныя начоўкі, як у суседкі, і круп, і селядцоў, і цукру, і ўсякай іншай драбязы, нават духмянага перцу.

Каб не забыцца чаго, Даніла папрасіў сына запісаць усё на кавалачку паперы.

Пакуль бацька хадзіў па рынку ды бегаў па магазінах, Юрка сядзеў на возе і падлічваў, што куплена.

Паглядзі, сынок, ці ўсё мы купілі з табою, што прасіла мама, — вяртаючыся да воза з пакупкамі, спытаў Даніла.

— Усё. Засталося толькі шапку мне купіць.

— Шапку? А колькі ж мы грошай маем на гэта? — пачаў падлічваць рэшту бацька. Назбіралася каля трох рублёў. — За гэтыя грошы зімовай шапкі не купім, сынок. Прыйдзецца тваю пакупку адкласці на другі раз.

Юрка скрывіўся, унурыўся. А ён жа так спадзяваўся на абноўку! Нават сябруку свайму пахваліўся. I шкада, шкада стала Данілу сына, і ён ласкава папракнуў:

А чаму ж ты, Юрачка, не нагадаў мне, калі прыехалі? Мы чаго-небудзь не купілі б і выштукавалі б табе шапку.

Усё ж, каб парадаваць сына, Даніла пайшоў між людзей шукаць знаёмых, спадзеючыся разжыцца на грошы. Але не лёгка ў каго пазычыць на кірмашы. Чаго было ехаць за блізкі свет, каб пазычаць іншым грошы?

Так і паехаў Юрка без шапкі дахаты. Праўда, вяртаўся ён з надзеяй на бацькаву ласку. Хлапчук ведаў, што тата не кідае слоў на вецер. Сказаў — значыць, зробіць.

Едуць яны паціху, гамоняць: то бацька расказвае што-небудзь сыну, то сын — бацьку. Раптам конь натапырыў вушы, спыніўся і ўтаропіўся ў альховы куст.

Даніла здагадаўся, што там нешта ёсць. Чулы слых каня нешта ўлавіў. Даніла перадаў сыну ў рукі лейцы, а сам, асцярожна ступаючы, пайшоў да куста.

Неўзабаве ён вярнуўся, трымаючы нешта загорнутае ў ватоўку.

— Ну вось табе, сынок, і шапка знайшлася. Ды не абы-якая: бабровая. Некалі толькі вялікія паны мелі іх, а цяпер Юрась, сын калгасніка, будзе насіць, — падыходзячы да воза, гаварыў Даніла.

Ён расхінуў ватоўку і паказаў сыну галоўку маленькага чорненькага звярка з бліскучай шэрсцю і разумнымі вочкамі.

— Ой, тата, ён жа плача! — ускрыкнуў Юра, убачыўшы бабранятка.

— Кожнаму жывому стварэнню жыць хочацца… А шапка з яго, сынок, будзе хвацкая. Папросім дзядзьку Саўку пашыць хораша.

Хлапчук аж сцяўся ўвесь ад бацькавых слоў.

— Тата, вы яго заб'яце?

— Але, прыйдзецца.

— Не хачу гэтакай шапкі! Няхай жыве… — I буйныя, як у бабраняткі, слёзы пырснулі з хлопчыкавых вачэй.

— Што ж, выпусцім, — адказаў на сынаву просьбу Даніла.— А з шапкай як?

— I ў старой пахаджу зіму. Яна яшчэ цэлая.

— Тады аднясі яго ў ручай. Бабры тут недалёка, у азярку, жывуць. Гэты свавольнік адлучыўся, відаць, ад бацькоў і вылез на бераг.

Юрка ўвішна саскочыў з воза, выхапіў з рук бацькі звярка, прыціснуўшы адною рукою ватоўку да грудзей, а другою гладзячы бабранятка, памчаў да азярка.

Бацька цёплымі вачамі задуменна пазіраў сыну ўслед.

Вярнуўся Юра ўсхваляваны.

— Каб ты толькі бачыў, тата, як ён порстка запляскаў хвастом па вадзе, калі я выпусціў яго!

— Гэта ён так падзякаваў нам… Ну што ж, сынок, я рад за цябе: вытрымаў ты экзамен.

— Які экзамен? — здзівіўся Юра.

— Я хацеў праверыць, якім ты расцеш у мяне. Той, хто любіць прыроду, хто шкадуе ўсё жывое на свеце, ніколі не зробіць благога чалавеку.






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка