Читаем Детям Гаічкі




Дата канвертавання22.02.2017
Памер17.18 Kb.

Читаем Детям

Гаічкі
Міхаіл Прышвін
Пераклаў з рускага Ўладзімір Анісковіч

Мне трапіла парушынка ў вока. Пакуль я яе вычышчаў, у другое вока таксама трапіла парушынка.

Тады я заўважыў, што вецер нясе на мяне пілавінне і яно кладзецца перада мной дарожкаю ў накірунку ветру.

Значыць, у тым баку, адкуль быў вецер, нехта працаваў над сухім дрэвам.

Я пайшоў на вецер па гэтай белай дарожцы пілавіння і хутка ўбачыў, што гэта дзве самыя маленькія сініцы, гаічкі, шызенькія з чорнымі палоскамі на белых пухленькіх шчочках, працавалі носікамі па сухім дрэве і здабывалі сабе насякомых у гнілой драўніне. Праца ішла гэтак заўзята, што птушачкі на маіх вачах усё глыбей і глыбей патаналі ў дрэве. Я цярпліва глядзеў на іх у бінокль, пакуль нарэшце ад адной гаічкі застаўся відаць толькі хвосцік. Тады я ціхутка падышоў з другога боку, падкраўся і тое месца, дзе тырчыць хвосцік, прыкрыў даланёй. Птушачка ў дупле не зрабіла ніякага руху і адразу як быццам памерла. Я адняў руку, пакратаў хвосцік пальцам — ляжыць, не варушыцца; пагладзіў пальцам уздоўж спінкі — ляжыць як забітая. А другая гаічка сядзела на галінцы ў двух-трох кроках і папісквала. Можна было здагадацца, што яна ўгаворвала сяброўку ляжаць як мага спакойней. «Ты, — казала яна, — ляжы і маўчы, а я буду каля яго пішчаць, ён пагоніцца за мной, я палячу, і ты тады не зявай».

Я не стаў мучыць птушачку, адышоўся ўбок і назіраў, што будзе далей. Мне давялося стаяць даволі доўга, таму што вольная гаічка бачыла мяне і папярэджвала сяброўку: «Лепей паляжы крыху яшчэ, а то ён тут непадалёк стаіць і глядзіць».

Гэтак я вельмі доўга стаяў, пакуль нарэшце вольная гаічка не прапішчала асаблівым галаском, як я здагадваюся:

— Вылазь, нічога не паробіш: стаіць! Хвосцік знік. Паказалася галоўка з чорнай паласой на шчочцы. Піскнула:

— Дзе ж ён?

Вунь стаіць, — піскнула другая, — бачыш?

— А, бачу, — піскнула палонніца.

I выпырхнула.

Яны адляцеліся ўсяго за некалькі крокаў і, напэўна, паспелі шапнуць адна адной:

Давай паглядзім, ці стаіць, можа, пойдзе? Селі на верхнюю галінку. Прыгледзеліся.

— Стаіць, — сказала адна.

Стаіць-стаіць, — сказала другая.

I паляцелі.






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка