Читаем Детям Гусі-лебедзі




Дата канвертавання23.02.2017
Памер31.74 Kb.

Читаем Детям

Гусі-лебедзі
Руская народная казка
ў апрацоўцы Аляксея Мікалаевіча Талстога
Пераклад Алеся Якімовіча

Жылі мужык ды баба. У іх была дачка ды сынок маленькі.

— Дачушка, — сказала маці, — мы пойдзем на работу, глядзі браціка! Не ідзі нікуды з двара, будзь разумніцай — мы купім табе хустачку.

Бацька з маткай пайшлі, а дзяўчынка забылася, што ёй гаварылі: пасадзіла браціка на траўцы пад акном, а сама пабегла на вуліцу гуляць.

Наляцелі гусі-лебедзі, падхапілі хлопчыка і панеслі на крылах.

Вярнулася дзяўчынка, глядзіць — няма браціка. Ахнула, кінулася туды-сюды — няма!

Яна яго клікала, слязьмі залівалася, бедавала, што бацька і маці не даруюць ёй гэтага, — брацік не адгукнуўся.

Выбегла яна ў чыстае поле і толькі згледзела: мільганулі далёка ў небе гусі-лебедзі і зніклі за цёмным лесам. Тут яна здагадалася, што яны схапілі яе браціка: пра гусей-лебедзяў даўно ўжо хадзіла нядобрая слава, што яны маленькіх дзяцей хапаюць.

Кінулася дзяўчынка даганяць іх. Бегла, бегла, бачыць — стаіць печ.

— Печка, печка, скажы, куды гусі-лебедзі паляцелі?

Печ ёй адказвае:

— З'еш мой жытні піражок — скажу.

— Буду я жытні пірог есці! У майго бацюхны і пшанічныя не ядуцца...

Печ ёй не сказала. Пабегла дзяўчынка далей — стаіць яблыня.

— Яблыня, яблыня, скажы, куды гусі-лебедзі паляцелі?

— З'еш мой лясны яблычак — скажу.

— У майго бацюхны і садовыя не ядуцца...

Яблыня ёй не сказала. Пабегла дзяўчынка далей. Цячэ малочная рака, кісельныя берагі.

Малочная рака, кісельныя берагі, куды гусі-лебедзі паляцелі?

— Паспытай майго простага кісяльку з малачком — скажу.

— У майго бацькі і смятанка не есца...

Доўга яна бегала па палях, па лясах, ды брата так і не знайшла. А тут і вечар надыходзіць. Рабіць няма чаго — трэба ісці дамоў. Раптам бачыць — стаіць хатка на курынай лапцы, з адным акенцам, вакол сябе паварочваецца.

У хатцы старая баба-яга кудзелю прадзе. А на лаўцы сядзіць брацік, забаўляецца сярэбранымі яблычкамі.

Дзяўчынка ўвайшла ў хатку:

— Добры дзень, бабулька!

— Добры дзень, малая! Чаго прыйшла?

— Я па імхах, па балотах хадзіла, сукенку намачыла, прыйшла пагрэцца.

— Садзіся пакуль што кудзелю прасці.

Баба яга дала ёй верацяно, а сама пайшла. Дзяўчынка прадзе — раптам з падпечка выбягае мышка і кажа ёй:

— Дзяўчынка, дзяўчынка, дай мне кашкі, я табе нешта добранькае скажу.

Дзяўчынка дала ёй кашкі, мышка ёй сказала:

— Баба яга пайшла лазню грэць. Яна цябе вымые выпарыць, у печ пасадзіць, засмажыць і з'есць, сама на тваіх касцях пакачаецца.

Дзяўчынка сядзіць ні жывая ні мёртвая, плача, а мышка ёй зноў:

— Не чакай бяды, бяры браціка ды ўцякай, а я за цябе кудзелю папраду.

Дзяўчынка ўзяла браціка і пабегла. А баба-яга падыдзе да акенца і пытаецца:

Ты прадзеш там, малая?

Мышка ёй адказвае:

— Праду, бабулька...

Баба-яга лазню нагрэла і пайшла па дзяўчынку. А ў хатцы няма нікога. Баба яга закрычала:

— Гусі лебедзі, ляціце даганяць! Сястра з братам уцякла!..

Сястра з брацікам дабегла да малочнай ракі. Бачыць — ляцяць гусі-лебедзі.

— Рэчка, матухна, схавай мяне!

— Паспытай майго простага кісяльку.

Дзяўчынка паспытала і дзякуй сказала. Рака схавала яе пад кісельным беражком.

Гусі-лебедзі не ўбачылі, праляцелі міма.

Дзяўчынка з братам зноў пабегла. А гусі-лебедзі вярнуліся, ляцяць насустрач, вось-вось убачаць. Што рабіць? Бяда! Стаіць яблыня...

— Яблыня, матухна, схавай мяне!

— З'еш мой лясны яблычак.

Дзяўчынка хуценька з'ела і дзякуй сказала. Яблыня яе засланіла сваімі галінкамі, прыкрыла лісцікамі...

Гусі-лебедзі не ўбачылі, праляцелі міма.

Дзяўчынка зноў пабегла. Бяжыць, бяжыць, ужо недалёка засталося. Тут гусі-лебедзі ўбачылі яе, загагакалі — налятаюць, крыламі б’юць, браціка з рук вырываюць.

Дабегла дзяўчынка да печы:

— Печка, матухна, схавай мяне!

— З'еш мой жытні піражок.

Дзяўчынка хутчэй — піражок у рот, а сама з братам — у печ, села і сядзіць.

Гусі-лебедзі паляталі-паляталі, пакрычалі-пакрычалі і ні з чым паляцелі да бабы-ягі.

Дзяўчынка сказала печы дзякуй і разам з брацікам прыбегла дадому.



А тут і маці з бацькам з работы прыйшлі.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка