Читаем Детям Хатнічок




Дата канвертавання19.05.2018
Памер42.21 Kb.

Читаем Детям

Хатнічок
Яраслаў Пархута

I
Янка ўпершыню прыехаў да бабулі ў госці. Толькі яны з мамаю пераступілі парог, як адразу апынуліся ў абдымках. Невысокая расточкам, усмешлівая, баба Агата замітусілася па хаце, ставячы на стол розныя прысмакі. Янка пазіраў на яе і не даваў сабе веры: бабуля — як бабуля! А мамка ж казала, што тая не прыязджае да іх таму, што на яе плячах ляжаць і сад з агародам, і каза з падсвінкам, і нават кот Абармот. Не адкладаючы на потым, Янка запытаўся:

— А куды, баба Агата, падзела ты сад з агародам, казу з падсвінкам і ката Абармота?

— Нікуды не падзела! — адказала баба Агата — Садок з агародам вунь, за акном, козачка з падсвінкам у хляве, а кот Абармот швэндаецца недзе.

Калі павячэралі, затапілі грубку1 і паселі перад адчыненымі дзверцамі паглядзець, як танцуе на паленні агонь, у запечку нехта бытта правёў рукою па струнах:

— Цюр-ціх, цюр-ціх, цюр-ціх!..

Янка натапырыў вушы:

— Хто там?

— Хатнічок мой! — растлумачыла баба Агата — Ён заўсёды па вечарах настройвае сваю скрыпачку.

Янка чуў пра Хатнічка. Неяк мамка расказвала, што бабулін Хатнічок — гэта маленькі дзядок, з баравічка расточкам. Надараецца, баба Агата пакідае на нейкі час хату, дык ён, Хатнічок, правіць усяею гаспадаркаю: прымушае Абармота ганяць мышэй, вымятае з запечка прусакоў, сочыць, каб у коміне сажа не загарэлася. Аднак асноўны занятак Хатнічка — граць на скрыпачцы.

Чуць то чуў пра ўсё гэта Янка, а бачыць Хатнічка не даводзілася. Цяпер яму дужа захацелася хоць адным вокам зірнуць на яго. Стаў прасіць бабу Агату, каб паказала. А тая, занятая размовай з мамкаю, толькі рукою махнула:

— Прыйдзе час — убачыш! Ён і сам з падпечка выбягае.


II
Ужо і ў грубцы дагарэла, ужо і юшка зачынена, ужо і спаць паклаліся, а Хатнічка — як не было. Змораны чаканнем тае сустрэчы Янка толькі на нейкую хвілінку прымружыў вочы, як бачыць: з запечка выходзіць дзядок! Барадаценькі. Вусаценькі. 3 баравічка расточкам. Ступае асцярожна, быццам крадучыся. I ў руках скрыпачку трымае.

— Ты хто будзеш? — шэптам, каб не разбудзіць мамку з бабуляю, запытаўся Янка. — Ці не Хатнічок?

— Хатнічок, — адказаў той таксама шэптам. — Вечарам хацеў граннем на скрыпачцы прывітаць высокага госця, гэта значыць цябе, але ты ўсё болей з бабуляю размаўляў. То я і сціх.

Янку сорамна стала, што пакрыўдзіў Хатнічка сваёю няўвагаю, і, павагаўшыся, папрасіў:

— А зараз можаш пайграць?

— Магу! — узрадаваўся Хатнічок і кінуўся да ложка, на якім ляжаў Янка, узабраўся на коўдру і толькі тады падняў скрыпачку.

Хату адразу напоўніла музыка. Яна расла, пералівалася, віравала. У ёй чуліся то сярэбраныя званочкі жаваранкаў, то ласкавае шчабятанне ластавачак, то перасвісты вясёлых драздоў. I ўсе тыя галасы жылі ў такім суладдзі, у такой згодзе, што Янка не вытрымаў, пахваліў скрыпачку:

— Чароўная!..

— Гэта смычок у мяне чароўны! — удакладніў Хатнічок і зашаптаў Янку на вуха: — Варта дакрануцца да яго леваю рукою, то ў каго захочаш ператварыцца можаш.

Янку ажно дух заняло. Ён жа не раз марыў стаць птушкай! Каб узняцца высока-высока над зямлёю, зрабіць агледзіны ўсяго нашага краю, а тады пра ўбачанае расказаць сябрам у садку.

Ён прыўзняўся з падушкі. Баба Агата спакойна пахропвала за перагародкай, мамка ціха пасопвала на суседнім ложку, а кот Абармот ляжаў на ўслончыку ля грубкі ды выводзіў сваю несканчоную курну. Янка скарыстаў магчымасць, папрасіў:

— Хатнічок! Даражэнькі! Хачу стаць птушкай!

— Птушкай дык птушкай, — пагадзіўся Хатнічок. — Бяры смычок, рабі, як я сказаў, і ляці, куды жадаеш. Толькі не доўга баўся. Да пеўняў павінен вярнуцца!

Узяў Янка чароўны смычок, дакрануўся да яго леваю рукою і адразу адчуў: ён ператварыўся ў вялікага прыгожага птаха. Праз хвіліну ўжо крыляў у нябёсах. То апускаўся ніжэй, амаль да самай зямлі, то зноў узмываў увысь. I ўважліва прыглядаўся-прыслухоўваўся да ўсяго, што траплялася на ягоным шляху.

Але не доўга давялося лунаць Янку. Нечакана да ягонага слыху даляцела скарга Зямлі:

— Што вы зрабілі са мною, людзі? Я хворая. Невылечна. Калі не прыйдзе на мае гоні сапраўдны гаспадар, то зусім перастану радзіць, у пустыню ператваруся…

Потым пачулася скарга Вады:

Мне дрэнна, — казала яна. — Раблюся атрутнай. Вашы рэкі ды азёры пакідае ўсё жывое. Ратуйце мяне, пакуль не позна!..

Праз хвіліну паскардзілася і Неба:

— Сын чалавечы ў абліччы птаха! Перадай усім, каб адумаліся, не стваралі новых Чарнобыляў. Бо і так аблокі мае смертаносныя. Упадзе з іх дажджына — і вунь колькі дзетак не ўбачаць сонца. Апусціцца сняжына — і вунь колькі немаўлят не з'явяцца на свет. Павее вятрына — і вунь колькі новай бяды прыме на сябе зямля.

Янка спалохаўся ўчутага і, не чакаючы першых пеўняў, кінуўся назад, у бабчыну хату.
III
Па-ранейшаму на ўслончыку ля грубкі выводзіў курну кот Абармот. Ціха спала на суседнім ложку мамка. За перагародкаю спакойна пахропвала баба Агата. А Хатнічок сядзеў, падпёршы кулачком бародку, і пра нешта думаў. Заўважыў Янку і стаў засыпаць яго пытаннямі:

— Ну і дзе ты быў?..

— Што бачыў!..

— Што чуў?..

Янка моўчкі вярнуў яму смычок.

— I не пытайся, Хатнічок, — праз хвіліну сказаў ён. — Лепш пайграй яшчэ трошачкі.

Хатнічок расправіў белую бародку, лацвей умасціўся на ложку і стаў іграць.

Але ў ягонай музыцы не чулася ўжо ні жаваранкавых званочкаў, ні ласкавага ластаўчынага шчабятання, ні вясёлых перасвістаў драздоў. Мелодыя, што лілася з-пад смычка, падалася Янку жалобнай. А потым ён пачуў ледзь улоўныя ўсхліпы. Хатнічок плакаў! Іграў і плакаў. I не вытрымаў Янка, закрычаў на ўсю хату:

— Не трэба, Хатнічок!

— Сціхні!

— Прашу цябе!..

3-за перагародкі прыбегла баба Агата. Паднялася з суседняга ложка мамка. Яны ўключылі святло і наперабой пачалі распытваць:

Што з табою, унучак?

— Ты чаго гэта, Янка? Прыснілася нядобрае? Супакойся!..



Янка маўчаў. Па ягоным твары скатваліся буйныя, як боб, слязіны.

1 Грубка — невялікая пакаёвая печ, звычайна для абагрэву.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка