Читаем Детям Жаба-падарожніца




Дата канвертавання14.02.2017
Памер52.83 Kb.

Читаем Детям

Жаба-падарожніца
Усевалад Гаршын
Пераклаў с рускага Павел Місько

Жыла-была на свеце жаба-крумка. Сядзела яна ў балоце, лавіла камароў і мошак, увесну голасна крумкала разам са сваімі сяброўкамі. I ўвесь свой век пражыла б яна добра і шчасліва — вядома ж, у тым выпадку, калі б яе не з'еў бусел. Ды здарылася аднойчы вось што.

Сядзела неяк яна на сучку карча, які вытыркаў з вады, і песцілася пад цёплым дробненькім дожджыкам.

«Ах, якая сёння цудоўная мокрая пагода! — думала яна. — Якая гэта асалода — жыць на свеце!»

Дожджык церусіў на яе пярэсценькую лакіраваную спінку; кроплі сцякалі ёй пад жывот і за лапкі, і гэта было так добра, казытліва, так прыемна, што яна ледзь не закрумкала, але, на шчасце, успомніла, што ўжо была восень і што ўвосень жабы не крумкаюць, — для гэтага ёсць вясна, — і што калі закрумкае, то можа страціць свой гонар. Таму яна змоўчала і працягвала песціцца.

Раптам тонкі, з посвістам, перарывісты гук пачуўся ў паветры. Ёсць такая парода качак: як ляцяць, дык іх крылы, рассякаючы паветра, быццам спяваюць, ці, лепш сказаць, пасвістваюць. Фю-фю-фю-фю — чуецца ў паветры, калі ляціць высока над вамі чарада такіх качак, а іх саміх нават і не відаць: да таго высока ляцяць. На гэты раз качкі, зрабіўшы вялікі паўкруг, апусціліся і селі якраз у тое самае балота, дзе жыла жаба.

— Кра, кра! — сказала адна з іх. — Ляцець яшчэ далёка, трэба падсілкавацца.

I жаба адразу ж схавалася. Хоць яна і ведала, што качкі не будуць яе есці, вялікую і тоўстую крумку-квакушку, але ўсё-такі, на ўсякі выпадак, нырнула пад корч. Але, падумаўшы, усё ж вырашыла высунуць з вады сваю лупавокую галаву: ёй было вельмі цікава даведацца, куды ляцяць качкі.

— Кра, кра! — сказала другая качка. — Ужо холадна робіцца! Хутчэй на поўдзень! Хутчэй у вырай!

I ўсе качкі пачалі моцна кракаць, ухваляючы гэта.

— Панечкі качкі! — насмелілася сказаць жаба. — Што такое поўдзень, на які вы ляціце? Прашу прабачэння за турботы.

I качкі акружылі жабу. Спачатку ім захацелася з'есці яе, але кожная з іх падумала, што жаба занадта вялікая і не пралезе ў горла. Тады ўсе яны пачалі крычаць, пляскаючы крыламі:

— На поўдні дабрыня! Цяпер там цёпла! Там ёсць такія цудоўныя, цёплыя балоты! А якія там чарвякі! Дабрыня на поўдні!

Яны так крычалі, што амаль аглушылі жабу. Ледзьве-ледзьве яна ўгаманіла іх, а адну з іх упрасіла, яна ёй здалася самаю тоўстаю і самаю разумнаю, растлумачыць ёй, што такое поўдзень. I калі тая расказала ёй пра поўдзень, то жаба прыйшла ў захапленне, але ў рэшце рэшт спытала-такі, бо была асцярожная:

— А ці многа там мошак і камароў?

— О! Цэлыя хмары! — адказвала качка.

— Ква! — сказала крумка-квакушка і тут жа азірнулася, ці няма тут сябровак, якія маглі б пачуць яе і палаяць яе за кваканне ўвосень. Яна ўжо ніяк не магла стрымацца, каб не квакнуць хоць разок: — Вазьміце мяне з сабою!

— Ты мяне здзіўляеш! — усклікнула качка. — Як гэта мы цябе возьмем? У цябе ж няма крылаў.

— Калі вы ляціце? — спытала жаба.

— Скора ўжо, скора! — закрычалі ўсе качкі. — Кра, кра! Кра, кра! Тут холадна! На поўдзень! У вырай!

— Дазвольце мне падумаць пяць хвілін, — сказала жаба. — Я зараз вярнуся, быць не можа, каб я не прыдумала чаго добрага.

I яна боўтнула з сучка, на які зноў была ўзлезла, нырнула ў ціну, зашылася ў яе з галавою, каб пабочныя прадметы не заміналі ёй раздумваць. Пяць хвілін прайшло, качкі сабраліся ўжо адлятаць, як раптам з вады, каля сучка, на якім сядзела жаба, паказалася яе пыска, і пыска гэтая проста ззяла, нават не верылася, што такое магло быць у жабы.

— Я прыдумала! Я знайшла! — сказала яна. — Няхай дзве з вас возьмуць у свае дзюбы дубчык, а я прычаплюся за яго пасярэдзіне. Вы будзеце ляцець, а я ехаць. Трэба толькі, каб вы не кракалі, а я не квакала, і ўсё будзе выдатна.

Хоць маўчаць і валачы няхай сабе і лёгкую жабу тры тысячы вёрст не вельмі вялікі смак, але яе розум прывёў качак у такое захапленне, што яны аднадушна згадзіліся несці яе. Парашылі заменьвацца кожныя дзве гадзіны, да таго ж качак было, як у той загадцы сказана, столькі, ды яшчэ столькі, ды палавіну столькі, ды чвэрць столькі, а жаба была адна, то кожнай несці яе давялося не вельмі часта.

Знайшлі добры, моцны дубчык, дзве качкі ўзялі яго ў дзюбы, жаба ўхапілася ротам за сярэдзіну, і ўся чарада ўзнялася ў паветра. У жабы ажно дух заняло ад страшнай вышыні, на якую яе паднялі; да таго ж яшчэ і качкі ляцелі няроўна і тузалі дубчык: бедная крумка-квакушка целяпалася ў паветры, як папяровы паяц, і з усёй сілы сціскала свае сківіцы, каб не адарвацца і не пляснуцца на зямлю. Але хутка яна прывыкла да свайго становішча і пачала нават азірацца. Пад ёю хутка праносіліся палі, лугі, рэкі і горы, якія ёй, праўду кажучы, было вельмі цяжка разглядаць, бо, віснучы на дубчыку, яна глядзела назад і крыху ўгору, але сёе-тое ўсё-такі бачыла і радавалася, ганарылася.

«Во, як цудоўна я прыдумала», — нахвальвала яна сябе.

А качкі ляцелі следам за першай парай, якая яе несла, крычалі і хвалілі яе.

— Ну што за разумная галава ў нашай жабы, — казалі яны. — Нават сярод качак мала такіх знойдзецца.

Яна ледзьве стрымлівалася, каб не падзякаваць ім, але, успомніўшы, што як разявіць рот, то зваліцца са страшнай вышыні, яшчэ мацней сціскала сківіцы і вырашыла трываць. Яна целяпалася такім чынам цэлы дзень: качкі, што неслі яе, мяняліся на ляту, спрытна падхопліваючы дубчык. Гэта было вельмі страшна: не раз жаба ледзь не квакала ад страху, але трэба было мець галаву на плячах, і яна яе мела.

Вечарам уся кампанія спынілася ў нейкім балоце; на золку качкі з жабаю зноў выправіліся ў дарогу, на гэты раз падарожніца, каб лепш бачыць усё, што робіцца на шляху, прычапілася спінкаю і галавою наперад, а жывоцікам назад. Качкі ляцелі над зжатымі палямі, над жаўцізною лясоў і над вёскамі, дзе было поўна сціртаў са збожжам; адтуль даносіўся людскі гоман і стукат цапоў, якімі малацілі жыта. Людзі глядзелі на чараду качак і, заўважаючы у ёй штосьці дзіўнае, паказвалі на яе рукамі. I жабе жахліва захацелася ляцець бліжэй да зямлі, паказаць сябе і паслухаць, што пра яе гавораць. На наступным прыпынку яна сказала:

— Ці нельга ляцець не гэтак высока? У мяне ад вышыні кружыцца галава, і я баюся зваліцца, калі мне раптам зробіцца кепска.

I добрыя качкі паабяцалі ёй ляцець ніжэй. На наступны дзень яны ляцелі так нізка, што чулі галасы:

— Глядзіце, глядзіце! — крычалі дзеці ў адной вёсцы. — Качкі жабу нясуць!

Жаба пачула гэта, і ў яе заскакала сэрца.

— Глядзіце, глядзіце! — крычалі ў другой вёсцы дарослыя. — Вось дык дзіва!

«Ці ведаюць яны, што гэта я прыдумала, а не качкі?» — падумала крумка-квакушка.

— Глядзіце, глядзіце! — крычалі ў трэцяй вёсцы. — Які цуд! I хто гэта прыдумаў такую хітрую штуку?

Тут жаба ўжо не вытрымала і, забыўшы пра ўсякую асцярогу, закрычала на ўсё горла:

— Гэта я! Я!

I з гэтым крыкам яна паляцела, закулялася на зямлю. Качкі моцна закрычалі; адна з іх хацела падхапіць бедную спадарожніцу на ляту, але прамахнулася. Жаба, дрыгаючы ўсімі чатырма лапкамі, хутка падала на зямлю, але таму што качкі ляцелі вельмі хутка, то яна ўпала не проста на тое месца, над якім закрычала і дзе была цвёрдая дарога, а значна далей, і гэта было для яе вялікім шчасцем, бо яна плёхнулася ў брудную сажалку на ўскрайку вёскі.

Але хутка вынырнула з вады і адразу зноў, як з гарачкі, закрычала на ўсё горла:

— Гэта я! Гэта я прыдумала!

Але наўкол яе нікога не было. Ад нечаканага пляску ўсе мясцовыя жабы спалохана пахаваліся ў ваду. Калі яны пачалі паказвацца з яе, то са здзіўленнем глядзелі на новую.

I яна расказала ім дзівосную гісторыю пра тое, як яна думала ўсё жыццё і нарэшце вынайшла новы, незвычайны спосаб падарожжа на качках; як у яе былі свае ўласныя качкі, якія насілі яе, куды толькі пажадае; як яна пабывала на цудоўным поўдні, дзе гэтак добра, дзе такія выдатныя цёплыя балоты і так многа мошак і ўсякіх іншых спажыўных насякомых.

Я заехала да вас паглядзець, як вы жывяце, — сказала яна. — Я прабуду ў вас да вясны, пакуль не вернуцца мае качкі, якіх я адпусціла.



Але качкі ўжо не вярнуліся. Яны думалі, што крумка-квакушка разбілася аб зямлю, і вельмі шкадавалі яе.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка