Читаем Детям Жыві сабе, зайчык!




Дата канвертавання19.11.2017
Памер30.98 Kb.

Читаем Детям

Жыві сабе, зайчык!
Павел Кавалёў
Мінулым летам мы з татам ездзілі да дзеда ў вёску. Дзедава хата стаіць пры самай вуліцы. Хто ні праходзіць — нам відаць.

Неяк самымі прыцемкамі вуліцаю прайшла з пашы калгасная жывёла, а следам за ёю павольна ішоў пастух, камлюкаваты дзядзька Ігналь. Ідзе ды нешта шэранькае трымае на руцэ, да грудзей прыхінае.

Углядаемся мы з дзедам праз акно і нічога не можам разабраць.

— Ці не зайчыка пастух злавіў? — падаў думку дзед.

Тут я бягом кінуўся да Ігналя, а следам за мною Надзейка, мая меншая сястрычка. А Ігналь спыніўся так паважна сярод вуліцы, шарачка да грудзей туліць ды пяшчотна так гладзіць яго.

— Ой, які прыгожанькі… Маленькі… Глядзі, Алесь! — радасна кажа мне сястра.

Магу падарыць, — усміхаецца Ігналь.

— Дзякуй вам! — Надзейка кінулася да шэранькага, ды пастух не адразу аддаў зайчыка.

— Падару, але з адною ўмоваю, каб вы яго вылечылі. У зайчыка хворыя заднія лапкі… Нейкі злачынца падбіў яго… Летам на зайца паляваць забаронена, а той страляў, мабыць. Зайчыку цяпер асаблівы догляд патрэбен. А мне самому часу няма… Бярыце…

I дае мне ў рукі шэранькі камячок. Я асцярожна ўзяў яго, прыціснуў да грудзей, як рабіў пастух, і панёс на двор.

Зайчык утуліў галаву, палажыў на спіну доўгія вушы і толькі вусікамі паводзіць ды вочкамі міргае, а сэрца яго так калоціцца, што, здаецца, вось-вось выскачыць.

Дзед выйшаў нам насустрач, усміхаецца. Таксама, відаць, рады, што мы зайчыка нясём.

— А дзе мы яго будзем трымаць, дзядуля? — спытала Надзейка.

— Пачакайце, зараз што-нібудзь прыдумаем.

Ён пайшоў пад паветку і прынёс адтуль вялікую скрынку з дзірачкамі па баках. Туды мы і пусцілі нашага зайчыка. Потым пабеглі, нарвалі канюшыны, маркоўніку, адламалі некалькі капусных лістоў. Зайцы ж вельмі любяць капусту. Палажылі ўсе гэта у скрынку, а заяц і ўвагі не звяртае.

— Ён хворы, яму малачка трэба, — сказала Надзейка і пабегла ў хату, прынесла адтуль сподак.

Тата, які дагэтуль толькі наглядаў за намі, прынёс паўшклянкі свежага малака.

Налілі малако ў сподак, паставілі ў скрынку. Зайчык ані блізка да яды. Адварочваецца ды шчыльней у куточак туліцца, вусамі толькі паводзіць. Адыдзем мы крыху, дык ён спрабуе ўзняцца на пярэднія лапкі, а заднія толькі валакуцца.

Тады тата ўзяў шарачка за вушы ды пыскаю — у малако. Выходзіць, гэтага толькі і неставала. Зайчык аблізнуўся раз, другі, нахіліўся сам да малака і языком «клёк-клёк…».

Узрадаваліся мы:

— Калі п'е — будзе і есці…

— Ну, не трэба яго турбаваць. Няхай адпачывае, — сказаў дзед і занёс скрынку з зайчыкам у клець. — Там яму зацішней будзе.

Цяпер у нас з Надзейкай з'явіліся свае клопаты: як прачнёмся, дык адразу да зайчыка ў клець. То малака занясём, то капусных лістоў. Зайчык перастаў нас баяцца: есць папоўніцы, але чамусьці дрыжыць пры гэтым, быццам баіцца ці куды спяшаецца.

Мінула больш за тыдзень, і я заўважыў, што зайчык наш пачаў ачуньваць. Як няма нікога, стане асцярожна на заднія лапкі і барабаніць пярэднімі па сценцы. Падыдзе хто — ён зноў у камячок згорнецца і схаваецца адразу ў куточак.

…Учора вечарам мы сустрэліся з дзедам у клеці.

— Ну, папраўляецца шарачок. Што ж вы далей будзеце рабіць з ім?

Я і сам не ведаў, што рабіць. I раптам вырашыў:

— Выпушчу, як зусім паправіцца.

— Правільна зробіш, — падумаўшы, згадзіўся дзед, — няхай гуляе на волі…

Зайчыка збіраліся глядзець штодзень усе суседскія хлопчыкі і дзяўчынкі. Але вельмі блізка да яго мы з Надзейкай нікога не падпускалі.

Я да таго звыкся з шарачком, што аднойчы пачаў прасіць тату ўзяць яго з сабою ў горад. Хацеў сябрам паказаць… А Надзейка дык і слухаць не хацела, што з зайчыкам давядзецца развітацца.

I вось неяк раніцою прыйшоў я да зайчыка. 3 харчамі. Зірнуў у скрынку няма шэрага. Няма паблізу і дзеда. А калі я ўваходзіў у клець, яна была ўжо адамкнёна. Значыць, нехта тут ўжо быў. А ключы ж толькі ў дзеда. Убачыўшы яго пад паветкай, я кінуўся да дзядулі са слязьмі:

— Няўжо наш зайчык уцёк?

— Не, ён гойсае там у клеці па засеку, — адказаў дзядуля.

Потым падышоў бліжэй да мяне, ласкава крануў за плячо і спытаў:

— Можа, выпусцім?

— Давайце, пакуль Надзейка спіць, менш слёз будзе, — згадзіўся я.

I выпусцілі мы зайчыка ў агарод… 3 якой радасцю пабег ён, толькі — кульгець-кульгець...



Жыві сабе, зайчык!




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка