Читаем Детям Калі растуць агуркі




Дата канвертавання21.12.2017
Памер30.29 Kb.

Читаем Детям

Калі растуць агуркі
Даір Слаўковіч
Каля хаты гарод. А ў ім чаго толькі няма! I бабуля-цыбуля, і гаспадыня-бульба, і часнок-асілак, і буракі-карміцелі — усё ёсць. Нават жоўтая бручка-таўстушка прытулілася да плота.

Алесіка больш за ўсё цікавіць градка з агуркамі. Кожныя чатыры-пяць дзён бярэ ён невялікі лазовы кошык і ідзе на градку — ураджай здымаць.

Агуркі чакаюць Алесіка, бакі выстаўляюць. Іншыя ж быццам дражняцца. Схаваюцца пад лісточкі, сядзяць: знайдзі нас!

Алесік гэтыя хітрыкі ведае. Прысядзе, агурочнік на градцы расхіліць, смяецца.

— Вось вы дзе! Вылазьце са схованкі!

У гарачыя дні хлопчык палівае градку. Вечарам. 3 леечкі.

Вы мо думаеце, што агуркі ўсе аднолькавыя? Памыляецеся.

Адны зялёныя-зялёныя. Аж цёмныя. Скурка ў іх у калючых пупышках. Пакаштуеш такі, а ён горкі-горкі.

Другія святлейшыя, гладкія. Раз укусіш — увесь з'есці захочацца. Асабліва калі разрэзаць удоўж і кожную палавінку мёдам намазаць.

Добрая градка. I агуркі на ёй добрыя. Растуць — сокам наліваюцца. Вось толькі калі?

Шмат разоў Алесік на гарод бегаў. Агурочнік рассоўваў, углядаўся ў маленькія зялёныя кадоўбчыкі. Не, не відаць, каб павялічваліся.

А праз дзень-два — вунь якімі рабіліся.

Калі ж гэта адбывалася? Раніцай? Днём? Вечарам?

— Разгадаю загадку, — рашыў Алесік. Сачыць пачаў. Падоўгу прастойваў ля градкі. Нічога не заўважыў.

— Зразумеў. На вачах вы расці не любіце. Залез Алесік у бульбянік, галаву вытыркнуў, пазірае.

Агуркі ж усё роўна не растуць.

Змяніў Алесік пазіцыю. За плот схаваўся. Прыціснуўся шчакою да сухой штыкеціны, цікуе адным вокам. А на агуркі хоць не глядзі: такія ж, як і раней. Не таўсцеюць, не выцягваюцца.

Вось дзіва! Калі ж яны растуць?

На хітрасць хлопчык пайшоў.

— Хаваецеся ад мяне? Ну і няхай. Я ў маму пераапрануся.

Нацягнуў Алесік матчыну спадніцу. Каптан стары апрануў. Хустку пад бараду завязаў. Зірнуў на сябе ў люстэрка, засмяяўся:

— Цяпер агуркі мяне нізавошта не пазнаюць!

Узяў кошык — і ў гарод. Ходзіць, нагінаецца. Быццам мама траву парасятам збірае. А сам не-не ды і кіне вокам на два маладзенькія агуркі. Што з краю на градцы.

Доўга тупаў хлопчык у гародзе. Ды так нічога не дабіўся.

На наступны дзень тыя два агуркі-малайцы яшчэ больш падраслі.

Калі ж растуць яны?

Задумаўся Алесік, разважаць пачаў:

— Не растуць днём. А раніцой ужо трошкі падраслі. Выходзіць, усё адбываецца ўначы?

Вечарам хлопчык лёг спаць зараней. Пад падушку электрычны ліхтарык паклаў.

Як толькі ўсе спаць палеглі і ў кватэры стала ціха, Алесік з-пад коўдры вылез. У пакоі цёмна. Вобмацкам штаны, кашулю апрануў. Абуўся.

Рыпнулі дзверы — ціхенька-ціхенька. Выйшаў Алесік на ганак. Цемень. Нічога не відаць.

Страшна стала малому.

— Мо лепш у хату ўцячы, пакуль хто жудасны з цемры не выскачыў? — сам сабе кажа. — Нельга. Бо як жа тады даведаешся, калі растуць агуркі?

Запаліў Алесь ліхтарык. У гарод рушыў. Вузкі прамень святла ледзьве сцежку асвятляе. 3 бакоў цемра яшчэ гусцейшая стала.

Раптам нехта халодны як цяпне Алеся за нагу.

— Ма!.. — вырвалася ў хлопчыка. Адскочыў Алесік убок, ліхтарыкам — блісь! блісь!

А гэта проста жаба. Смешна стала Алесіку.

На агуркі пасвяціў. Глядзеў, глядзеў, а яны… ні кропелькі не растуць. Ледзьве не расплакаўся Алесік.

Удзень не жадаюць, уначы — таксама. Калі ж яны растуць?..

Так ні з чым і вярнуўся хлопчык у хату. Распрануўся ціхенька, спаць лёг. Раніцой мама запыталася:

— Ты што такі заклапочаны?

— Не магу ўпільнаваць, калі растуць агуркі.

А ты нітку вазьмі, агуркі перавяжы і панаглядай.

Так і зрабіў Алесік. Ніткай перавязаў агурок: упоперак і ўдоўж.

Пад вечар прыбег на градку, зірнуў на перавязаны агурок. Нітка напялася, цясней яго абхапіла. Выходзіць, растуць агуркі днём.

Яшчэ ноч прайшла. Алесік зноў грады наведаў. Бачыць — нітка проста ўрэзалася ў зялёную скурку. Так ён падрос. Значыцца, і ўначы агуркі растуць.



— Вось і разгадаў я вашыя хітрыкі, — засмяяўся Алесік. — Расцяце вы і днём, і ўначы. Але патрошку. Таму вокам заўважыць нельга.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка