Читаем Детям Казачная царэўна




Дата канвертавання09.01.2018
Памер16.75 Kb.

Читаем Детям

Казачная царэўна
Міхась Вышынскі
Алік доўга стаяў ля акна. Дзве вялікія — ледзь не на ўсё неба — хмары сплывалі за раку. Дождж адразу аціх, ярка засвяціла сонейка. Алік выскачыў на вуліцу. Скрозь пеніліся, са звонам плылі ручаі і ручаінкі.

— Гэ-гой! — радасна загойкаў Алік і з падскокам пабег па самай шырокай ручаіне. На выгане1, паўз які ішла вуліца, чуліся галасы. Там ужо сабраліся ўсе яго сябры-першакласнікі. Яны цесным гуртам стаялі на сцежцы — штосьці разглядалі на зямлі, махалі дубцамі, крычалі.

«Што ў іх там такое?» — падумаў Алік і кінуўся да сяброў.

— Не чапайце яе! — зазвінеў раптам тонкі галасок. — Яна добрая... Яна зачараваная царэўна, во!

Пасярод хлапечага гурту стаяла дзяўчынка. Бялявая, у зялёнай сукенцы. Алік яе ведаў. Гэта была Алёнка. Яна ўчора прыехала да дзядзькі з горада. Каля Алёнчыных ног сядзела вялікая шэрая жаба і жаласна міргала пукатымі2 вачыма.

— Яна... зачараваная? — недаверліва пераглянуліся хлапчукі і апусцілі свае дубцы.

— Ага, — сказала Алёнка. — Я чытала.

Алік раптам успомніў казку, у якой злая чараўніца ператварыла прыгожую царэўну ў жабу.

— Яе трэба ў сад занесці, — сказала Алёнка. — Мой дзядзька казаў, што ад іх сад чысцее...

Давай я панясу, — падышоў да дзяўчынкі Алік.

Сябры пабеглі да ракі, а Алік паклаў жабу ў шапку. Жаба была халодная і мокрая.

У садзе хлопчык асцярожна паклаў шапку на зямлю. Жаба скокнула пад яблыню ў высокую траву. Пасля быццам уздыхнула і ўтаропілася на дзяцей вялікімі вачыма.

— Пайшлі, Алік, — сказала Алёнка, — хай яна адна тут гуляе.

Давай будзем дружыць, Алёнка, — сказаў Алік.

— Давай, — згадзілася Алёнка.

Праз нейкі час дзеці ўспомнілі пра сваю жабу. Агледзелі ўсю траву пад яблыняй, але там нічога не было.

— Уцякла, — уздыхнула Алёнка.

А я ведаю куды, — хітра глянуў на яе Алік.

— Ну скажы!

— У сваю казку. Зноў стала царэўнай.



1 Вы́ган — месца каля вёскі, дзе пасецца жывёла.

2 Пука́тыя (вочы) — выпучаныя.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка