Читаем Детям Красавік




Дата канвертавання30.04.2017
Памер16.85 Kb.

Читаем Детям

Красавік
Клаўдзія Каліна

Ці ведаеце вы, чаму ў Красавіку так хораша і столькі красак?

Ды таму, што Красавік — мастак. Быў час, калі Красавік самы першы раз прыйшоў на зямлю. I не спадабалася яму пасля зімы пажоўклая трава, шэрае неба, чорная зямля… I рашыў ён усё-ўсё перафарбаваць.

Узяў Красавік фарбы і пэндзаль і перш-наперш памаляваў неба ў сіні-сіні колер, а на ім белыя-бялюткія аблокі. Затым перамаляваў палі.

Дзе зялёнай, дзе жаўтаватай, дзе шэрай фарбай мазнуў. Лугі вымаляваў у ясна-зялёны колер, а па тых лугах-мурагах давай пырскаць то блакітнай, то жоўтай, то белай, то ружовай фарбамі…

I якіх толькі красачак не з’явілася на лузе! Аж у вачах мільгаціць.

— Ну, а цяпер падамся ў лясы, — сказаў Красавік, — гляну, што там трэба падмаляваць.

I падаўся ў лес.

— Эгэ-гэ-гэ! — загукаў ён. — Сосны, яліны! Вольхі, асіны! Дубы, ясені! Ліпы, клёны, бярозы! Усе, хто зможа, ідзіце да мяне!

I пайшлі да Красавіка дрэвы, а ён каму чырвоны камель намалюе, каму жаўтаваты, каму карычневы, шэры, чорны, срабрысты… Амаль усе фарбы вымаляваў, аж стаміўся. А тут прыбегла да яго Бярэзінка, задыхалася, ледзь стаіць з апушчаным веццем.

Глянуў Красавік, а ў яго ўсяго толькі адна белая фарба асталася.

— Будзеш белаю, — кажа Бярэзінцы.

Няхай белаю, толькі не чорнаю… Не хачу быць чорнаю!

А да гэтага Бяроза чорнаю была.

Пачаў Красавік маляваць Бярозу ў белы колер, але фарбы не хапіла, дык сям-там чорныя лапікі асталіся.

Адышоўся, глянуў на сваю работу: стаіць сярод чырвоных сосен ды шэрых ялін белая-бялюткая Бярозка, нібы тая дзяўчынка ў белай сукеначцы.

I такая яна стала прыгожая, што Красавік ажно засмяяўся. Адклаў ён убок свае фарбы і пэндзаль, выразаў з вербалозу дудку, сеў пад Бярозаю ды зайграў.

I так прыгожа, што ў Бярозы аж слёзы пакаціліся.

I цяпер, бывае, вясною сядзіць Красавік пад бярозкаю і грае на дудачцы. Пайдзіце ў вясновы лес, прыслухайцеся, можа, і сустрэнецеся з Красавіком. I на Бярэзінку паглядзіце… Стаіць яна, апусціўшы вецце, слухае песню Красавіка, і часам капне на зямлю празрыстая бярозавая слязінка.

Але бярозавыя слёзы не салёныя, а салодкія, бо плача яна не ад гора, а з радасці.






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка