Читаем Детям Крыўда




Дата канвертавання10.03.2018
Памер33.19 Kb.

Читаем Детям

Крыўда
Алесь Пальчэўскі
Прывык наш брыгадзір Ціхан Піліпавіч да свайго Мурзы: куды сам, туды і сабаку бярэ. Паехалі мы ў Сібір шукаць нафту, і Мурза з намі. Назвалі сабаку так за беленькую пляму пад вокам: нібыта замурзаны.

Усю зіму наша група геолагаў жыла ў вялікім сяле, і брыгадзір прывучыў Мурзу прыносіць з крамы пакупкі.

Спачатку Ціхан Піліпавіч разы тры схадзіў з ім у магазін сам, паказаў, дзе купляць, потым пасылаў ужо аднаго. Напіша запіску прадаўцу, што прадаць, паложыць яе разам з грашыма ў сумку і падасць Мурзу. А каб сабака ведаў, чаго ад яго хочуць, пакажа пусты пачак ад цукру. Мурза сказаць толькі не мог, а так усё разумеў: раз пусты пачак, значыць, цукар патрэбен. I ахвотна бег у краму. За гэта і яму перападаў то кавалачак цукру, то цукерка.

Імчыцца Мурза па вуліцы з сумкаю ў зубах. Убачаць сабакі, з двароў павыбягаюць і аж захліпваюцца ад брэху, снег лапамі дзяруць, а ён у той бок і не глядзіць. Не можа Мурза адбрэхвацца, калі ў яго пашчы вяровачкі ад сумкі.

Так бегаў ён усю зіму і вясну. Улетку нас перавялі на новае месца. На гэты раз мы паставілі палаткі каля раённага горада.

Надвячоркам брыгадзір пайшоў з Мурзам да новага крамніка знаёміцца. Купіў, што трэба, палажыў у сумку і даў Мурзу несці. Сам распытаў у прадаўца, калі адчынена крама1, і сказаў, што будзе прысылаць сабаку.

I Мурза штодня бегаў у краму адзін.

Аднаго разу мы агледзеліся, што мала чаю, і пасля полудня паслалі Мурзу купіць.

Даўно мінуў час вярнуцца пасланцу з пакупкамі, а яго ўсё не было.

«Ці не загінуў дзе? — занепакоіліся мы. — Трэба ісці шукаць».

I трое нас пайшлі ў гарадок пасля работы. Крама была зачынена, і даведацца пра Мурзу мы нічога не змаглі. Вярнуліся назад, леглі спаць, але сон нікога не браў: надта шкада было сабакі.

Настала раніца. Паснедалі моўчкі і, невясёлыя, пайшлі на працу. Пад полудзень Мурза прыбег да нашай вышкі з сумкаю ў зубах. Палажыў яе каля гаспадаровых ног і сам лёг на зямлю.

Развязаў Ціхан Піліпавіч сумку, а там запіска ад сельскага прадаўца: колькі за што заплочана і рэшта2 — тры капейкі.

Брыгадзір так і ахнуў:

— Значыць, ты прабег сёння восемдзесят кіламетраў?!

Мурза толькі вільнуў хвастом.

Пазней мы даведаліся пра ўсё. Гарадскі прадавец адлучыўся з крамы ў кантору. Мурза пастаяў, пастаяў каля зачыненых дзвярэй і пабег у сяло да ранейшага прадаўца. Відаць, вырашыў: не вяртацца ж назад з пустою сумкаю. Але і туды не паспеў — краму зачынілі. Там перачакаў да раніцы і вярнуўся з пакупкамі.

Мы яго не толькі цукрам, але і добрым кавалкам мяса пачаставалі за такую службу.

3 таго часу пасылалі Мурзу ў краму толькі раніцай. I вось аднаго разу Мурза вярнуўся без нічога. Засмучаны, распластаўся ў палатцы на зямлі, палажыў на выцягнутыя лапы галаву і пазірае на нас спадылба́3. Клічам снедаць — не ідзе.

— Што, страціў сумку з грашыма? — жартуем. I суцяшаем: — Не перажывай, з кожным можа стацца бяда… Пара рублёў — грошы невялікія.

I пачалі мы гадаць, што магло з ім здарыцца ў дарозе.

— Можа, з сабакамі недзе сця́ўся4, — казалі адны.

— А можа, злыя людзі адабралі сумку і грошы, — казалі другія.

Пасля снедання Ціхан Піліпавіч пайшоў сам у магазін да прадаўца. Той шчыра расказаў, як было. Узяў ён ад сабакі сумку, выняў грошы і падаў яму пустую. Хацеў паглядзець, што будзе рабіць Мурза. Сабака зірнуў у сумку і не ўзяў. Тады прадавец пачаў адпускаць іншых пакупнікоў, а Мурза цярпліва пастаяў яшчэ некалькі хвілін і, пакрыўджаны, пайшоў з крамы.

Вярнуўся брыгадзір з сумкаю і паказаў Мурзу пакупкі. Як віхор, усхапіўся сабака, завіляў хвастом ад радасці і кінуўся лашчыцца5 да гаспадара.

Назаўтра зноў паслалі Мурзу ў краму. На гэты раз ён ведаў, што рабіць. Прадавец дастаў грошы з сумкі, палажыў на прылавак, а сам пачаў чытаць запіску, што прадаваць на іх. Тут Мурза адразу палажыў на грошы абедзве лапы.

Прадавец хацеў пералічыць грошы, але Мурза завурчэў. Гэта азначала: «Кладзі ў сумку пакупкі, возьмеш плату».

I колькі разоў ні спрабаваў прадавец узяць грошы, Мурза не даваў.

Людзі, што былі ў краме, абступілі, глядзяць, чым усё гэта скончыцца.

— Ну што, калі ты такі недаверлівы, давай з рук у лапы абмяняемся, — засмяяўся прадавец і падаў сумку з пакупкамі.



Мурза спакойна ўзяў у зубы сумку, зняў лапы з грошай, і толькі яго бачылі ў магазіне.

1 Кра́ма — невялікі магазін.

2 Рэ́шта — здача.

3 Спадылба́ — з-пад нахмураных броваў.

4 Сця́цца — тут: счапіцца ў бойцы.

5 Ла́шчыцца — з ласкаю гарнуцца да каго-небудзь.




ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка